Вы тут

Пра што маўчаць у гадавальніках


Аптымальны ўзрост

Самы лепшы ўзрост пладовых для пасадкі 1-2 гады. Гэтыя саджанцы аптымальныя для пакупніка і па кошце (яны таннейшыя), і па прыжывальнасці (яна досыць высокая). Можна, вядома, арыентавацца і на 3 гады, і на больш старэйшы ўзрост, але ў гэтым выпадку пажадана, каб расліны былі з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Бо саджанцы з адкрытай каранёвай сістэмай (АКС) пасля пасадкі і перасадкі доўга хварэюць. Так што, пакуль трох-, пяцігодка з АКС будзе хварэць, аднагодка з ЗКС ужо падрасце і дасць першы ўраджай. Няма асаблівага сэнсу купляць дарослыя саджанцы.

Чысціня сорту

На жаль, існуе глабальная праблема перасорціцы ў пладаводства, што звязана з нізкай кваліфікацыяй агранамічнага персаналу. І, вядома, шмат што залежыць у гэтым пытанні ад самога садоўніка — трэба вельмі адказна падыходзіць да выбару пасадачнага матэрыялу. Лепш звяртацца менавіта да вытворцаў, а не да тых, хто займаецца перакупкай, таму што рэальную сортнасць могуць гарантаваць толькі першыя.

Як выглядае добры саджанец

Калі купляеце расліну з АКС восенню, яна павінна быць абшморгана, то-бок пазбаўлена лісця. Аперацыя абшморгвання па правілах праводзіцца яшчэ ў гадавальніку да выкапкі гэтых саджанцаў.

Калі саджаць расліну з ЗКС, то абшморгванне не патрабуецца, бо вы фактычна не перасаджваеце расліну, а перавальваеце без парушэння каранёвага кома. Вы яго акуратна дастаяце з кантэйнера (часам кантэйнер нават лепш разрэзаць) і, не парушаючы каранёвую сістэму, саджаеце ў загадзя падрыхтаваную яму.

Натуральна, на набытых раслінах не павінна мецца прыкмет пашкоджання хваробамі і шкоднікамі — саджанец павінен быць здаровы, па меншай меры знешне.

Пасадка

Калі гаворка ідзе канкрэтна пра пладовыя дрэвы, тады пры набыцці абавязкова трэба пацікавіцца ў прадаўца, на якім прышчэпе прышчэплена расліна, бо прышчэп уплывае і на зімаўстойлівасць расліны, і на яе даўгавечнасць, і на патрабаванні да фіксацыі (патрэбны ці не патрэбны кол — гэта вельмі важна). Да таго ж ад тыпу прышчэпа будзе залежаць ступень заглыблення каранёвай шыйкі. Калі расліна на насенным прышчэпе, то каранёвая шыйка не заглыбляецца. Калі расліна на клонавым прышчэпе, наадварот, заглыбляецца практычна да прышчэпкі.

Поспех першай зімоўкі

Важна дапамагчы перазімаваць маладым раслінам, якія былі толькі пасаджаныя. Трэба замульчыраваць прыствольны круг, а саму расліну абгарнуць ад грызуноў капронавым матэрыялам. А можна самастойна нарэзаць палоскі з белага нятканага матэрыялу і абматаць імі ствол, як бінтамі. Робяць гэта пасля лістапада. Абмотваць высадак трэба цалкам, да самага верху, і шчыльна. Выкарыстоўваюць для гэтага менавіта матэрыял, які дыхае. Гэта абарона ад грызуноў, плюс абарона ад зімовага ўсыхання.

Дадаткова на нятканы матэрыял можна нанесці «Крэалін». Сродак прадаецца ў ветаптэках і прызначаны для лячэння хвароб жывёл. А дзякуючы свайму моцнаму паху ён таксама адпуджвае мышэй.

Калі ёсць пагроза пашкоджання пладовых саджанцаў зайцамі, тут выратуюць толькі плот па перыметры ўчастка і сеткі вакол ствалоў. Гэта значыць дадаткова вакол кожнага дрэўца ўзвесці індывідуальную агароджу.

Таксама пажадана восенню пабяліць ствалы. Маладыя саджанцы рэкамендуецца бяліць гашанай вапнай, а не гатовай акрылавай фарбай, якая прадаецца ў крамах. Такая фарба падыходзіць толькі для дарослых раслін. Гашаная вапна нанясе менш шкоды далікатнай кары маладых саджанцаў. Бяліць трэба як мага вышэй, а яшчэ лепш пакрыць вапнай не толькі ствол, але і пачатак шкілетных галінак.

Усе размовы пра тое, што з-за пабелу расліны перастаюць дыхаць і гінуць, не маюць пад сабой ніякай падставы. Бяліць трэба для прафілактыкі сонечных апёкаў. Хоць, у прынцыпе, абмотка ствалоў і пабелка — гэта узаемазамяняльныя мерапрыемствы. Калі вы ўжо абматалі стволікі, то пабелка не спатрэбіцца. Тады вясной здымаць абмотку трэба ў пахмурнае надвор'е, каб расліны не апынуліся рэзка на сонцы.

І яшчэ некалькі важных парад

Часам расліны прадаюцца з зімовай прышчэпкай — адрозніць іх можна па плёначцы, якая засталася на месцы прышчэпкі. Рэкамендуецца здымаць гэтую плёначку позняй восенню або ранняй вясной — галоўнае не забыцца гэта зрабіць, каб пасля на ствале не ўтварылася перацяжка.

Акрамя таго, на раслінах могуць вісець біркі з назвай сорту — іх таксама садоўнікі забываюць зняць. У выніку ўсё тыя ж перацяжкі. А вось пры продажы этыкетка павінна быць на кожнай расліне — гэта важная ўмова, якая дапаможа вызначыць сорт.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.