Вы тут

Прайшоў рэспубліканскі этап 10-й Міжнароднай экалагічнай алімпіяды ВНУ краін СНД


Рэспубліканскі этап 10-й Міжнароднай экалагічнай алімпіяды ВНУ краін СНД прайшоў у Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А. Д. Сахарава БДУ. Дзевяць камандаў з устаноў вышэйшай адукацыі спаборнічалі за права прадстаўляць сваю краіну ў фінале.


У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, БелНДЦ «Экалогія», Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а таксама кіраўнікі ўсіх камандаў.

— Традыцыйна алімпіяда праводзіцца ў форме тэарэтычнага і практычнага тураў, — паведаміў намеснік дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце МДЭІ імя А. Д. Сахарава Ігар БУЧАНКОЎ. — Каб паспяхова выканаць тэарэтычныя заданні, студэнтам неабходныя глыбокія веды ў галінах экалагічнага і міжнароднага права, экалагічнай экспертызы і аўдыту, прамысловай экалогіі і экалагічнай бяспекі ў цэлым.

Тэма практычнага тура, абраная галасаваннем кіраўнікоў камандаў-удзельніц, надзвычай актуальная: «Вырашэнне праблем утылізацыі і перапрацоўкі адходаў вытворчасці».

Кожная каманда знайшла вялікую разнастайнасць падыходаў да акрэсленых праблем. Напрыклад, удзельнікі прапанавалі магчымыя кірункі выкарыстання ападкаў сцёкавых водаў і гальванічных шламаў, тэхналогіі абясшкоджвання адходаў горназдабыўной, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, энергетыкі, машынабудавання, металургіі, а таксама праект ЭКАдома, будаўнічыя матэрыялы для якога выраблены з перапрацаваных адходаў.

— Узровень экалагічных ведаў студэнтаў за апошнія гады істотна павысіўся, — канстатуе Ігар Бучанкоў. — Часта адрыў паміж лідарамі складае ўсяго дзясятыя долі бала, што сведчыць аб дасканалай падрыхтоўцы і актыўным духу спаборніцтва.

Першае месца заняла каманда факультэта хімічнай тэхналогіі і тэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (кіраўнік — Людміла Шыбека).

На другім месцы — каманда біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (кіраўнік — Аксана Несцерава).

Трэцяе месца — у каманды факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (кіраўнік — Наталля Гагіна).

Журы вылучыла таксама пяць пераможцаў у індывідуальным заліку. Юнакі і дзяўчаты расказалі аб праектах, што абаранялі на алімпіядзе, назвалі экалагічныя праблемы, якія іх найбольш непакояць, і падзяліліся прафесійнымі планамі.

Алег Сыманкоў, факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ (1-е месца):

— Наша каманда працавала над праектам збору і перапрацоўкі адходаў, якія змяшчаюць ртуць, у прыватнасці, лямпаў. Мы прапанавалі стварыць Тэлеграм-бот, у якім кожны чалавек зможа апісаць мадэль сваёй лямпы і даведацца, як правільна яе ўтылізаваць. У будучым мне хацелася б паспрабаваць сябе ў галіне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

Надзея Лазерка, біялагічны факультэт БДУ (2-е месца):

— У камандным праекце мы прыдумалі адкрыць на месцы адпрацаванага калійнага радовішча асветніцкі Экапарк. На мой погляд, адсутнасць экалагічнай адукаванасці насельніцтва — галоўная сучасная праблема, з якой вынікаюць усе астатнія. Калі яе вырашыць, будзе значна лягчэй ахоўваць прыроду. Вучуся на біёлага-біятэхнолага, абрала кірунак «фізіялогія раслін», каб паляпшаць сарты сельскагаспадарчых культур.

Арсеній Церашковіч, факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ (3-е месца):

— Я прапанаваў бы разбіраць люмінесцэнтныя лямпы, праводзіць іх дэмеркурызацыю і паўторна выкарыстоўваць ртуць. Найбольш значнымі экалагічнымі праблемамі лічу змену клімату, забруджванне навакольнага асяроддзя мікрапластыкам і змяншэнне біяразнастайнасці. Планую выкладаць прыродазнаўчыя навукі і займацца мадэляваннем наступстваў кліматычных змен.

Павел Юхнюк, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (4-е месца):

— Цікава было ўсёй камандай вырашаць, што рабіць з адходамі шматпрофільнага сельгаспрадпрыемства, якія маюць розныя класы небяспекі. Напрыклад, мы абралі біятэхналагічны метад перапрацоўкі гною з дапамогай адмысловых бактэрый. Хачу стаць навукоўцам у галіне экагеаграфіі і геаэкалогіі, каб садзейнічаць захаванню нашай планеты праз кансенсус і супрацоўніцтва краін з супрацьлеглымі палітычнымі інтарэсамі.

Ганна Кулініч, факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ (5-е месца):

— Мне здаецца, што найбольш вострыя экалагічныя праблемы — утварэнне шматлікіх адходаў і забруджванне паветра аўтамабілямі і прадпрыемствамі. Думаю пайсці ў магістратуру, а пасля працаваць у дзяржаўнай навуковай установе ў галіне экалагічнай экспертызы.


Фінал 10-й Міжнароднай экалагічнай алімпіяды адбудзецца 29 кастрычніка таксама на базе МДЭІ імя А. Д. Сахарава БДУ. Ён пройдзе ў дыстанцыйным фармаце. Да ўдзелу запрошаны каманды ўсіх базавых устаноў дзяржаў СНД у галіне экалагічнай адукацыі. Беларусь прадставіць зборная каманда, сфарміраваная з пераможцаў у індывідуальным заліку.

Святлана ІШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».