Вы тут

Антон, Антаніна і іх гаспадарка


З сям'ёй Панцялеенкаў з вёскі Урбаны Браслаўскага раёна мяне звёў яго вялікасць выпадак. Цікавасць да маляўнічых ландшафтаў аднойчы спакусіла праехацца па крутагор'ях паміж азёраў Бужа і Саванар. А за вёскай Мякяны, якая знаходзіцца якраз у гэтых мясцінах, пачынаецца незвычайны сафары-парк з аленямі і статкам зуброў, а таксама і вальер з дзікімі жывёламі — насельнікамі беларускай прыроды. Гэтая тэрыторыя належыць Нацыянальнаму парку «Браслаўскія азёры». На ўчастку з вальерамі я і сустрэў сужэнцаў, папрасіў іх папазіраваць разам. Вядома, іх аднолькавыя імёны адразу падштурхнулі ўзяцца за фотаапарат, але не толькі — Антаніна і Антон калегі і нават дынастыя, бо працуюць разам, робяць адну справу — ён начальнік гэтай вялікай турыстычна-гульнявой гаспадаркі Нацыянальнага парка, яна ўсяго толькі рабочая па доглядзе за жывёламі — яго падначаленая. Пяць гадоў яны ў шлюбе, гадуюць дачку Аляксандру. Разам «гадуюць», калі так можна сказаць, і братоў нашых меншых — жывёл і птушак, якіх трымаюць у адмысловых клетках, адказваюць за іх здароўе, самаадчуванне, настрой і выгляд. Нядаўна вальер папоўніўся новым жыхаром, і ўся ўвага супрацоўнікаў скіравана на гэтую «асобу» — маленькую казулю (яна — на фота). Гэтым здымкам пачынаецца сённяшні традыцыйны фотарэпартаж на 13-й старонцы «Звязды», ён — пра самы звычайны дзень даглядчыка і апекуна вальерных насельнікаў Нацыянальнага парка.


Антаніна Панцялеенка працуе ў дэманстрацыйных вальерах паўтара года, яна самая маладая з усіх супрацоўнікаў у гэтым сектары парка. Нягледзячы на свой непрацяглы стаж работы з дзікімі жывёламі і птушкамі, Антаніна Антонаўна не толькі асвоілася, але і набыла неблагі досвед. Са сваімі выхаванцамі яна — на «ты», ну хіба толькі з дарослым мядзведзем на «вы» (з ім працуюць толькі мужчыны). А ў Антаніны на доглядзе пара аленяў, дзік, лісы і янотападобны сабака, ваўчыная сям'я, птушкі — фазаны і вялікі арол — беркут. Асаблівы клопат пра вальерную малечу — ласяня і казульку. Гэтыя жывёліны з'явіліся зусім нядаўна, калі былі зусім маленькія, і Антаніна ставіла іх, калі можна так сказаць, на ногі. Таму, калі работніца з'яўляецца каля агароджы, цыбаценькія жэўжыкі спяшаюцца за ёю, бо ведаюць, што ў яе заўсёды ёсць для іх ласунак.

— Яны любяць кабачкі, з задавальненнем іх хрумкаюць. Але ў рацыён мы даём і бурачкі, і яблыкі з мукой, і хлеб, і агуркі. А сена і ваду — само сабою, — кажа Антаніна. — Драпежнікаў кормім мясам, варым для іх кашу.

Да дэкрэтнага водпуску Антаніна працавала тэхнолагам і поварам у сталоўцы, таму цяпер ёй ніякіх праблем — прыгатаванне сняданкаў і вячэр для сваіх гадаванцаў. І хоць Антаніна Антонаўна па сваёй пасадзе звычайная рабочая, але ад яе ўмення і старання, шмат што залежыць. А калі яшчэ дадаць сюды пяшчоту і любоў — нават самы драпежны звер стане даверлівы і ласкавы. І самы прыгожы. Калі турысты наведваюць Нацыянальны парк, яны абавязкова адзначаюць гэта.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.