Вы тут

Льготнікі хочуць, каб іх забяспечылі «метрамі» як мага хутчэй і па даступнай цане. Але як гэта зрабіць?


Тыя, хто мае льготы пры будаўніцтве жылля, чакаюць ад дзяржавы, каб іх забяспечылі «метрамі» як мага хутчэй і па даступнай цане. Але як гэта зрабіць? — такое заўсёды актуальнае пытанне абмяркоўвалася нядаўна на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.


Пастановай Савета Міністраў на бягучы год даведзена заданне па агульным уводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў, пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай, — плошчай больш за 66 тысяч «квадратаў», па забеспячэнні жыллём 748 шматдзетных сем'яў. А ўсяго запланавана пабудаваць 335 тысяч квадратных метраў. За студзень—чэрвень ключы атрымалі 483 шматдзетныя сям'і — 64,6 % ад гадавога задання. Накіравалі дакументы на будаўніцтва для 787.

На жаль, даўгабуды яшчэ не сталі часткай гісторыі. У Полацкім і Мёрскім раёнах, а таксама ў Віцебску будуюць дамы, своечасовая здача якіх знаходзіцца пад пагрозай.

Забеспячэнне жыллём усіх, хто мае ў гэтым патрэбу, — адзін з галоўных прыярытэтаў мясцовай улады. Гэтыя словы прагучалі ў час гутаркі пра кватэры і катэджы. І разам з тым жыллё павінна быць людзям па кішэні.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў даў адказныя даручэнні. У прыватнасці, запатрабаваў прааналізаваць: што можна зрабіць, каб жыллё патаннела. Напрыклад, параіў вывучыць досвед тых, хто вырабляе ў Прыдзвінні зборныя дамы на экспарт у Расію. Кошт метра ў такіх «хатках» з усімі ўмовамі ў разы ніжэйшы! У чым загадка? Разбяруцца спецыялісты і чыноўнікі.

На поўначы краіны кошт квадратнага метра жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, — 1093 рублі (даныя па выніках першага паўгоддзя). Гэта, дарэчы, больш, чым устаноўлены ўрадам паказчык. Што цікава: калі жыллё будуецца ў абласным цэнтры, гэта зусім не значыць, што яно будзе значна даражэйшае, чым у правінцыі. Напрыклад, «квадрат» у Шаркаўшчыне ў дамах буйнапанельнага будаўніцтва каштуе больш за 1410 рублёў. А ў Віцебску ад мясцовага домабудаўнічага камбіната — каля 1000 рублёў...

Кіраўнікі абласной вертыкалі выканаўчай улады патрабуюць ад заказчыкаў будаўніцтва, праектных арганізацый, тых, хто вырабляе канструкцыі буйнапанельнага домабудаўніцтва, перагледзець палітыку цэн. А для гэтага трэба прааналізаваць выдаткі і іншыя паказчыкі.

Актуальным застаецца дэфіцыт сродкаў на праектаванне і будаўніцтва аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктур. У прыватнасці, з-за праблем з фінансаваннем у гэтым кірунку (больш чым 2,5 млн рублёў) могуць быць са спазненнем здадзены пад ключ аж пяць дамоў у віцебскім мікрараёне Білева.

Акрамя таго, на працяглым кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржаўнага кантролю знаходзяцца звароты грамадзян наконт забеспячэння неабходнай мінімальнай інжынернай інфраструктурай раёнаў індывідуальнай жылой забудовы. Гэта таксама патрабуе выдзялення сродкаў. Сёлета ў цэлым не хапае 26,5 мільёна рублёў.

Што да арэнднага жылля, на Віцебшчыне, як і ў цэлым па краіне, яно будуецца пераважна за кошт мясцовых бюджэтаў. Выкарыстоўваюцца і сродкі ад здачы ў арэнду ўжо пабудаваных кватэр. І аб'ём сродкаў вельмі абмежаваны. У выніку попыт на арэнднае жыллё, мякка кажучы, не задавальняецца ў поўнай меры. Каб неяк актывізаваць вырашэнне праблемы, раённымі і гарадскімі выканкамамі прымаюцца меры для будаўніцтва арэнднага жылля шляхам прыцягнення сродкаў прадпрыемстваў. Але і гэтага недастаткова.

Вобласці даведзена заданне па будаўніцтве арэнднага жылля ў памеры 11,8 тысячы «квадратаў». У тым ліку — 9,5 тысячы — за бюджэтныя грошы і грошы ад здачы, 2,3 тысячы — укладанне прадпрыемстваў. Апошнія павінны больш актыўна будаваць «арэнду» для работнікаў, бо гэта прадугледжваецца Дырэктывай Прэзідэнта № 8 «Аб прыярытэтных кірунках развіцця будаўнічай галіны».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: estatelegal.ru

Загаловак у газеце: Пра жыллё: хутчэй і танней!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».