Вы тут

Вавёрка-палятуха, рабы суслік і звычайны хамяк у Беларусі знаходзяцца на мяжы знікнення


Вавёрка-палятуха, рабы суслік і звычайны хамяк у Беларусі знаходзяцца на мяжы знікнення, паведамілі БЕЛТА ў арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).


Арганізацыя падвяла вынікі ініцыятывы «Хамяк, суслік і вавёрка-палятуха: выратаваць супергрызуноў!» Паводле слоў спецыяліста АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямёна Левага, сабраныя даныя паказваюць, што папуляцыі ўсіх трох відаў грызуноў у Беларусі значна скараціліся. «Вавёрка-палятуха, рабы суслік і звычайны хамяк знаходзяцца на мяжы знікнення. Адна з галоўных праблем — змяненне ўмоў жыцця з-за гаспадарчай дзейнасці чалавека. Для сусліка гэта ўзворванне шматгадовых паш і прыдарожных палос, перавядзенне кароў на стойлавае ўтрыманне, прыбіранне шчэбеню з ускраін палёў. На арэал вавёркі-палятухі аказваюць вялікі ўплыў прасекі і будаўніцтва лясных дарог, на хамяка — знос нежылых хутароў з садамі каля палёў (там грызуны раней знаходзілі сабе добрыя месцы для нор)», — расказаў ён.

Што датычыцца хамяка, АПБ удалося сабраць фотадоказы, што гэты звярок яшчэ жыў у 2019 годзе ў Бярозаўскім раёне, а ў 2015-м — у Камянецкім. Ёсць верагоднасць таго, што гэты від яшчэ захаваўся ў Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах. У Добрушскім раёне людзі таксама добра ведаюць звычайнага хамяка, але апошні раз бачылі яго некалькі гадоў таму. Эксперты пакуль не знайшлі жылых нор грызуна. Пошукі прадаўжаюцца. Паведаміць аб месцы пражывання хамяка можна на электронную пошту info@ptushki.org, прыклаўшы фота нары (для разумення маштабу трэба пакласці побач з ёй мабільны тэлефон) і каардынаты. Таму, хто знойдзе жылую нару, выплацяць узнагароду Br500.

Дзякуючы ініцыятыве ўдалося знайсці калоніі суслікаў ў Нясвіжскім, Капыльскім і Баранавіцкім раёнах. Самая вялікая калонія ў Беларусі і адна з самых буйных у Еўропе знаходзіцца пад Нясвіжам. Яе плошча складае звыш 90 га, тут жыве больш за 1 тыс. суслікаў.

Аказалася, што сустрэць вавёрку-палятуху можна на большай частцы Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў. Акрамя таго, ёсць дакладная інфармацыя аб яе наяўнасці ў Лёзненскім раёне. Дзякуючы мясцовым жыхарам таксама высветлілася, што паўднёвы арэал гэтага звярка не абмяжоўваецца Заходняй Дзвіной, як лічылася раней: яго заўважылі ў Аршанскім раёне. Фотапасткі далі магчымасць зняць першае відэа з вавёркай-палятухай у Беларусі.

АПБ падрыхтавала дакументы для перадачы пад ахову амаль 100 месцаў пражывання вавёркі-палятухі і рабога сусліка.

Ініцыятыва «Хамяк, суслік і вавёрка-палятуха: выратаваць супергрызунов!» рэалізуецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем «Неруш» і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Яна з’яўляецца часткай праекта «Уключэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» («Экаманіторынг»). Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».