Вы тут

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён


У пачатку XX стагоддзя публiцыст, крытык i журналiст Леў Клейнбарт быў уплывовай асобай сярод творчай iнтэлiгенцыi Пецярбурга. Ён выдаваў аўтарытэтны ў лiтаратурных колах часопiс «Темы жизни», у яго доме збiралiся прагрэсiўныя людзi таго часу, бiяграфii i творчую спадчыну якiх сёння вывучаюць у школах i ВНУ. А маладыя паэты i пiсьменнiкi ведалi: калi Клейнбарт напiша пра цябе — «прачнешся знакамiты».


Сям'я Клей­нбар­таў.  Леў — край­нi спра­ва.

У нашы днi наўрад цi (калi ваша адукацыя не звязана з лiтаратурай) вам будзе знаёмае iмя Льва Клейнбарта. Уласна кажучы, у Капыльскiм раёне турысту ёсць што паглядзець i акрамя старога аднапавярховага дома, дзе некалi нарадзiўся публiцыст Клейнбарт. Капыль — адзiн з самых старажытных гарадоў нашай краiны, яго вулiцы i наваколлi багатыя на архiтэктурныя помнiкi i славутасцi, а мiнулае — на дзiўныя гiсторыi, пацверджаныя дакументальна, i прыгожыя легенды, у якiя хочацца верыць... Але мы сёння раскажам менавiта аб гэтым доме i людзях, звязаных з iм. Па-першае, таму, што сёлета 15 кастрычнiка споўнiлася 145 гадоў з дня нараджэння Льва Клейнбарта. А па-другое — таму, што ўклад гэтага чалавека ў развiццё i беларускай, i рускай культуры складана пераацанiць. Менавiта з яго лёгкай рукi ў 1910 годзе быў выдадзены адзiн з першых зборнiкаў маладога i тады яшчэ мала вядомага паэта Янкi Купалы: валодаючы ўнiкальным лiтаратурным «нюхам», Клейнбарт першым зразумеў, што гэтаму юнаму паэту ў далейшым наканавана стаць адным са слупоў нашай лiтаратуры. I менавiта Леў Клейнбарт разглядзеў талент у «юным жоўтавалосым хлопцы з разанскiм гаварком» i ў 1916 годзе выдаў першы зборнiк Сяргея Ясенiна «Радаўнiца».

Пуцёўка ў лiтаратуру

З Янкам Купалам вясной 1910 года Льва Клейнбарта пазнаёмiў зямляк публiцыста, Цiшка Гартны, пiсьменнiк i дзяржаўны дзеяч.

— Капыль i наваколлi — радзiма многiх вядомых лiтаратараў, — распавядае дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея Валянцiна Шуракова. — На Капыльшчыне нарадзiлiся больш за 50 вядомых пiсьменнiкаў, сярод якiх — Кузьма Чорны, Мiкола Хведаровiч, Адам Русак, класiк яўрэйскай лiтаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым. Ну, а Цiшка Гартны пачынаў сваю працоўную дзейнасць якраз у тым будынку, дзе сёння знаходзiцца наш музей. Тады ў гэтым доме размяшчалася гарбарная майстэрня, якую ён апiсвае ў сваiм «Дзённiку гарбара». З гэтага будынка ён выйшаў у вялiкую лiтаратуру. I вярнуўся на малую радзiму, вобразна кажучы, ужо толькi помнiкам. У 2000 годзе на сабраныя гараджанамi сродкi каля музея быў устаноўлены помнiк Цiшку Гартнаму — адзiны ў Беларусi.

Дык вось менавiта Цiшка Гартны, адзначае суразмоўнiца, упершыню прывёў Янку Купалу ў дом вядомага лiтаратурнага крытыка Льва Клейнбарта. I публiцыст захапiўся вершамi маладога паэта. Завязалася перапiска — крытыку хацелася больш даведацца пра талент, якi ён адкрыў.

«Я аддаў данiну часу i захапiўся, што называцца, сiмвалiстамi — Андрэевым, Салагубам i iншымi, з польскiх — Пшыбышэўскiм. З замежнай лiтаратуры: Байран, Шэкспiр, Шылер, Сервантэс («Дон Кiхот»), Гаўптман, Гамсун («Пры браме царства») i (аўтар выскачыў з памяцi) — сачыненнi яго «Бранд», «Будаўнiк Сольнес», «Жанчына з мора», — пiша Купала Клейнбарту пра свой лiтаратурны густ. Дарэчы, гэты лiст стаў першай вядомай аўтабiяграфiяй паэта.

Ся­дзi­ба Клей­нбар­таў.  Наш час.

Сустрэча паклала пачатак сяброўству i перапiсцы даўжынёю ў жыццё. Пазней Клейнбарт напiша ўспамiны пра Купалу «Сустрэчы»: работа, якая, паводле ацэнак сучасных лiтаратуразнаўцаў, зрабiла неацэнны ўнёсак у навуковае вывучэнне бiяграфii Купалы. Клейнбарт, як пiшуць даследчыкi яго творчасцi, бачыў у асобе Купалы цэнтральную фiгуру беларускага нацыянальнага-вызваленчага руху, лiчыў Купалу глыбока народным, нацыянальным паэтам. У асобе Клейнбарта Купала меў аднаго са сваiх самых значных бiёграфаў i даследчыкаў творчасцi.

Цiкавыя ўспамiны пакiнуў Клейнбарт i аб сваiх сустрэчах з Сяргеем Ясенiным. Вось якой запомнiлася крытыку першая сустрэча з будучым класiкам: «Сiнiя вочы, у якiх было больш бляску, чым цяпла, заўсмiхалiся. Ва ўсiм, што ён казаў, было нейкае невыразнае маладое пачуццё, смутная надзея на нешта, якая злiвалася з маладым паветрам лета. Чытаў ён нараспеў, не гледзячы на мяне, як чытаюць прыпеўкi. Чытаў i сам прыслухоўваўся да рытму сваiх вершаў. У маладых яго вершах была нейкая травяная свежасць». Менавiта дзякуючы Клейнбарту Сяргей Ясенiн быў прыняты ў лiтаратурныя колы Пецярбурга.

— Леў Клейнбарт лiчыў сябе выхадцам з народа, таму свой лёс бачыў у тым, каб падтрымлiваць паэтаў з народа. Ён стараўся даць iм пуцёўку ў жыццё, у лiтаратуру, — кажа Валянцiна Шуракова.

Гэ­ты ж бу­ды­нак з та­го ж ра­кур­су праз ста­год­дзе. Ды­рэк­тар Ка­пыль­ска­га края­знаў­ча­га му­зея Ва­лян­цi­на Шу­ра­ко­ва рас­каз­вае яго гiс­то­рыю.

«Маладая Беларусь»

Дарэчы, Леў Клейнбарт быў блiзка знаёмы з Ленiным. У адну з iх сустрэч правадыр сусветнага пралетарыяту зацiкавiўся роднымi месцамi публiцыста, i Клейнбарт расказаў Iльiчу аб Капылi — дзе знаходзiцца i чым жыве яго родны горад. «Убачыўшы на маiм стале канверт са штэмпелем «Капыль», Ленiн доўга распытваў мяне пра яго...», — пiсаў Клейнбарт у сваiх успамiнах.

Леў Клейнбарт лiчыў сябе выхадцам з народа, але на самай справе такiм не быў — ён быў сынам заможнага чалавека. У тыя часы, дзякуючы мяжы аседласцi, насельнiцтва Капыля на 60 % было яўрэйскiм — па сёння ў горадзе захавалася 11 будынкаў старадаўняй яўрэйскай забудовы. Бацька выдаўца, Навум Клейнбарт, атрымаў адукацыю ў Швейцарыi, быў вядомы на ўсю акругу ўрач i мецэнат. Арганiзаваў i ўзначалiў гарадское пажарнае таварыства, заснаваў ямскую пошту. У студэнцкiя гады Навум прымаў удзел у рэвалюцыйным руху, быў нарадавольцам. У бацькавай бiблiятэцы былi часопiсы «Отечественные записки», «Слово», творы Шчадрына i Някрасава. Усе дзецi ў сям'i Клейнбартаў — не толькi сыны, але i дочкi — атрымалi выдатную адукацыю. Старэйшы брат Льва Марк скончыў Кiеўскi камерцыйны iнстытут. Ну, а малодшы з'ехаў вучыцца ў Пецярбург i пасля заканчэння Пецярбургскага ўнiверсiтэта стаў лiтаратурным крытыкам, публiцыстам i журналiстам. Яго пяру належыць каля двух дзясяткаў кнiг. А таксама манументальная работа «Маладая Беларусь», выдадзеная ў 1928 годзе. Савецкi публiцыст Уладзiмiр Бонч-Бруевiч пiша пра гэтую работу: «Кнiга Клейнбарта, якая змяшчае нарысы развiцця беларускай лiтаратуры з 1905 года да нашых дзён, сабрала велiзарны матэрыял. Гэта першая кнiга, якая дае шырокiм колам рускiх пiсьменнiкаў магчымасць пазнаёмiцца з усiмi плынямi i этапамi сучаснай беларускай лiтаратуры».

Той са­мы ста­ра­жыт­ны фо­та­зды­мак.  Марк Клей­нбарт на фо­не до­ма  сва­iх баць­коў у Ка­пы­лi.

— Дарэчы, у нашай Нацыянальнай бiблiятэцы гэтай кнiгi няма — яна была згублена. А ў фондах Капыльскага краязнаўчага музея знаходзяцца два асобнiкi «Маладой Беларусi», — гаворыць дырэктар музея.

Ста­ра­жыт­ныя бу­дын­кi ХІХ ста­год­дзя «ак­тыў­на ўклю­чы­лi­ся»  ў су­час­нае жыц­цё.

Сядзiба ў цэнтры Капыля

Доўгi час стары будынак у цэнтры Капыля не прыцягваў увагi мясцовых краязнаўцаў. Лёс дома быў нiчым не адметны: тут знаходзiўся райвыканкам, аддзяленне мiлiцыi, пазней — музычная школа. Але ў 1986 годзе ў Капыльскi краязнаўчы музей увайшла незнаёмая жанчына. «Наталля Мiкалаеўна Самохiна», — прадставiлася яна. I паказала дырэктару музея дарэвалюцыйную фатаграфiю, на якой — брат Льва Клейнбарта Марк на фоне бацькоўскага дома. Госця з Масквы, траюрадная пляменнiца Марка Клейнбарта, хацела знайсцi дом, які можна было ўбачыць на гэтай фатаграфii.

— Мы хадзiлi па старажытнай частцы Капыля i шукалi гэты будынак, — кажа Валянцiна Шуракова. — I мы яго знайшлi! Пазней дэлегацыя музея адправiлася ў Кiеў, дзе нас чакала Клара Перэльман, жонка Марка Клейнбарта. Яна перадала ў музей частку сямейнага архiва. Так сядзiба Клейнбартаў у Капылi стала набываць гiсторыю, а ў лёсе яе насельнiкаў зменшылася колькасць «белых плям».

Гэтымi днямi будынак быў выстаўлены на аўкцыён, i неўзабаве, верагодна, старадаўняя сядзiба займее новых гаспадароў. У наступным годзе Капыль прыме Дзень беларускага пiсьменства. Супрацоўнiкi музея спадзяюцца, што з гэтай нагоды на сядзiбе Клейнбартаў з'явiцца мемарыяльная дошка.

Дзiяна РОНІНА

Загаловак у газеце: Дом з гiсторыяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».