Вы тут

​Чаму ўкраiнскiя шахцёры больш за тысячу гадзін правялі пад зямлёй?


43 сутак — больш за тысячу гадзiн — правялi гарнякi Крыварожскага жалезаруднага камбiната (КЖРК) пад зямлёй. Шахцёры патрабавалi ад уласнiкаў (КЖРК належыць напалову «Метiнвесту» Рыната Ахметава i афшорным структурам Iгара Каламойскага) павышэння зарплаты, якая зусiм не павялiчвалася з 2013 года, нягледзячы на тое што курс грыўнi за гэты час упаў ў некалькi разоў. Адпаведна, заробкi паменшалi ў пераразлiку на еўрапейскую валюту з тысячы да 300 еўра. Невыпадкова дэвiзам страйку стала фраза: «Павага пачынаецца з 1000 еўра». Рабочыя слушна заўважылi, што кампанiя прадае руду на знешнiх рынках па сусветных цэнах, а заробкi вызначае не зыходзячы з рэальных выдаткаў i прыбыткаў, а суадносячы iх з агульным нiзкiм узроўнем аплаты працы ва Украiне. Страйк крыварожскiх гарнякоў узняў цэлы пласт найскладанейшых праблем галiны. За што змагаюцца ўкраiнскiя шахцёры?


Неспакойны Крыўбас

Ранiцай 3 верасня работнiкi шахты «Кастрычнiцкая» ў Крывым Рогу (дарэчы, на малой радзiме прэзiдэнта Украiны Уладзiмiра Зяленскага) адмовiлiся падымацца з-пад зямлi пасля начной змены i пачалi падземны страйк. Гарнякi вылучылi свае патрабаваннi да кiраўнiцтва шахты i ўсяго жалезаруднага камбiната. Сярод патрабаванняў — павышэнне зарплаты да 1000 еўра i звальненне менеджараў камбiната, з-за якiх на прадпрыемстве тры гады не праводзiлася атэстацыя працоўных месцаў. Шахцёры Крыўбаса (Крыварожскага жалезаруднага басейна) таксама запатрабавалi ад Вярхоўнай Рады перагледзець спiс шкодных прафесiй, паведамiў ukrrudprom.com.

Пазней да падземнага страйку «Кастрычнiцкай» далучылiся работнiкi трох iншых шахтаў, якiя ўваходзяць у склад Крыварожскага жалезаруднага камбiната. Работнiкi шахтаў «Радзiма», «Цярноўская» i «Гвардзейская» падтрымалi патрабаваннi калег i адмовiлiся падымацца на паверхню, тым самым часткова спынiўшы працэс здабычы руды. У некаторыя днi пад зямлёй на чатырох шахтах страйкавалi, паводле розных даных, больш чым 400 работнiкаў. Увесь гэты час каля галоўнага будынка КЖРК праходзiлi кругласутачныя наземныя пратэсты i мiтынгi.

Праз паўтара месяца пасля пачатку пратэстаў, 15 кастрычнiка, больш за 20 работнiкаў i работнiц «Кастрычнiцкай» усё яшчэ страйкавалi пад зямлёй. А на наступны дзень дэпутат Рады i кiраўнiк незалежнага прафсаюза гарнякоў Мiхаiл Валынец паведамiў, што ўсе шахцёры пасля працяглых перагавораў з прадстаўнiкамi ўлады i кiраўнiцтвам КЖРК паднялiся наверх.

Заробкi на-гара

Цi ёсць ва ўладальнiкаў жалезаруднага камбiната неабходныя сродкi, каб задаволiць справядлiвыя патрабаваннi гарнякоў? Як расказаў informator.ua эколаг, намеснiк дырэктара Навукова-даследчага гарнаруднага iнстытута i дэпутат Крыварожскага гарадскога Савета Антон Пятрухiн, «руда, якая здабываецца на шахтах КЖРК, — гэта багатая жалезная руда. Яна не мае патрэбы ва ўзбагачэннi, як, напрыклад, кар'ерная руда, якую неабходна пасля сартавання адпраўляць на мокрую магнiтную сепарацыю. Здабыча крыварожскай руды шахтавым спосабам — гэта больш танны спосаб, а сабекошт такой здабычы атрымлiваецца адносна невысокi. Гэта выгадны бiзнес, бо за кошт спосабу здабычы i якасцi руды ўласнiк атрымлiвае звышпрыбыткi».

Згодна з фiнансавай гадавой справаздачай, у мiнулым годзе Крыварожскi жалезарудны камбiнат здабыў i прадаў 4,28 мiльёна тон жалезнай руды. Чысты прыбытак склаў 6,56 мiльярда грыўняў (каля 230 мiльёнаў долараў), заўважыў informator.ua. 60 працэнтаў — 2,56 мiльёна тон руды — летась было экспартавана ў Еўропу. Паводле даных мытнай статыстыкi, найбуйнейшымi пакупнiкамi жалезнай руды КЖРК былi такiя еўрапейскiя прадпрыемствы, як U.S. Steel Kosice (Славакiя) — 846 тыс. тон, Arcelor Mittal Ostrava (Чэхiя) — 606 тыс. тон, а таксама Arcelor Mittal (Польшча) — 562 тыс. тон. Ад экспарту КЖРК атрымаў 4,57 млрд грыўняў (160 мiльёнаў долараў) даходу. Iншыя аб'ёмы (1,7 мiльёна тон) прадпрыемства рэалiзавала ва Украiне, у асноўным — Марыупальскаму металургiчнаму камбiнату, якi ўваходзiць у групу «Метiнвест».

Паводле фiнансавай справаздачы, чысты прыбытак камбiната склаў 1,9 мiльярда грыўняў. Гэта больш чым удвая — на адзiн мiльярд грыўняў — перавышае паказчык 2018-га. Апошнiя некалькi гадоў прадпрыемства выплацiла дывiдэнды сваiм акцыянерам (100 % належыць кiпрскай кампанii Starmill Ltd, якую кантралююць Каламойскi i Ахметаў). Такiм чынам, памер неразмеркаванага прыбытку, паводле разлiкаў informator.ua, складае 5,5 мiльярда грыўняў (каля 190 мiльёнаў долараў).

Паводле даных на канец мiнулага года, на КЖРК працавала 7425 работнiкаў. Расходы на аплату працы склалi 1,435 млрд грыўняў. Такiм чынам, можам падлiчыць сярэднiя месячныя выдаткi камбiната на аплату працы аднаго работнiка, якiя складалi 16 109 грыўняў (каля 560 долараў). У гэтую суму ўваходзiць заработная плата з падаткамi.

Паўмiльярда долараў у афшорах

Гарнякоў не задавальняе змена сiстэмы аплаты. Калi раней плацiлi за час, праведзены пад зямлёй, то цяпер — за аб'ём выпрацоўкi. А выпрацоўка непасрэдна залежыць ад тэхнiчнага стану шахтаў, гэта значыць ад амартызацыйных сродкаў, якiя ў iх укладваюць (а дакладней, не ўкладаюць) уласнiкi. Састарэлая тэхнiка вельмi часта дае збой, а час, якi затрачваецца на яе рамонт, не ўлiчваецца як працоўны для шахцёраў. Паводле даследавання нямецкага Фонду Розы Люксембург, бюджэт Украiны штогод губляе каля 540 мiльёнаў долараў падаткаў толькi з-за афшорных махiнацый уласнiкаў жалезаруднай прамысловасцi ў Крывым Рогу. Гэтая сума супастаўная з крэдытамi, якiя ўрад бярэ ў МВФ i iншых мiжнародных арганiзацый.

«Iнтарэсы ўласнiкаў заўсёды выражаюцца ў павелiчэннi прыбытку i знiжэннi выдаткаў — у першую чаргу выдаткаў на рабочую сiлу. Здабыча сыравiны з'яўляецца адной з самых прыбытковых галiн у краiне, якой адведзена роля сыравiннага прыдатка ў мiжнародным падзеле працы. Каб пазбегнуць падаткаабкладання i захаваць свае прыбыткi, прыватнiкi выводзяць iх у афшорныя краiны. А каб зменшыць выдаткi на працоўную сiлу, алiгархi катэгарычна адмаўляюцца iндэксаваць зарплаты ў адпаведнасцi з дэвальвацыяй i iнфляцыяй», — растлумачыў сiтуацыю ukraina.ru вядомы ўкраiнскi праваабаронца Уладзiмiр Чамярыс.

Заробкi шахцёраў у заходнiх краiнах непараўнальныя з украiнскiмi. Амерыканскiя i англiйскiя гарнякi атрымлiваюць прыкладна аднолькава — каля 4 тысяч еўра. Нямецкiя шахцёры зарабляюць крыху менш — прыкладна 3,5 тысячы еўра ў месяц.

Пенсiя залежыць ад уласнiка

Але зарплата — не адзiная праблема. Пенсiйнае заканадаўства прадугледжвае для шэрагу асаблiва небяспечных i шкодных прафесiй раннi выхад на пенсiю i павялiчаны адпачынак. Аднак, па словах спецыялiстаў прафсаюзаў, нядаўна з гэтага пералiку выключылi некалькi пазiцый, што закранула тысячы работнiкаў.

Пенсiйная рэформа скрала ў шахцёраў iх галоўны гонар — льготны парадак налiчэння стажу. Раней падземная група сыходзiла на пенсiю пасля 15 гадоў работы пад зямлёй, жанчыны — пасля сямi з паловай. Дадзеную норму замацаваў прыняты ў 2009 годзе закон Украiны «Аб павышэннi прэстыжу шахцёрскай працы». Цяпер жа з падземшчыкаў адсеклi вялiкую групу тых, хто непасрэдна не здабывае пароду: электраслесараў, ствалавых, машынiстаў i г. д. Ільготны стаж з гэтага часу налiчваецца толькi для двух самых небяспечных для жыцця i здароўя прафесiй — горнага рабочага вычышчальнага забою i праходчыка. На пенсiю па новых правiлах шахцёр можа выйсцi ў 50 гадоў — пры падземным стажы ў 10 гадоў i ў любым узросце пасля 25 гадоў работы пад зямлёй. I тут ёсць яшчэ адна хiтрасць. Пры налiчэннi пенсii ў разлiк бярэцца не толькi рэальны стаж, але i так званы страхавы. Пенсiю на Украiне разлiчваюць зыходзячы з заробку чалавека, якi заключыў дагавор добраахвотнага сацыяльнага страхавання.

Вызначэнне парадку выплат пенсiй i зарплат шахцёрам украiнская дзяржава пакiнула на ўладальнiкаў прадпрыемстваў горнай прамысловасцi. Звычайна гарнякоў перад выхадам на пенсiю кладуць у шпiталi — на дыягностыку скалiёзу i iншых «шахцёрскiх узнагарод». Накiраванне ў бальнiцы — так званыя мэтаўкi — выпiсваюць ў медсанчастцы прадпрыемства. Шахцёры ў сацсетках i на гарняцкiх форумах скардзяцца, што ў бальнiцах у iх вымагаюць грошы за дыягностыку i эпiкрыз, а без гэтых хабараў льготнай пенсii шахцёру не назначаць. Гарнякi падазраюць, што бальнiцы i прадпрыемствы знаходзяцца ў змове. Тую ж схему гарнякi адчуваюць на сабе, калi праходзяць агляд у шпiталях на атрыманне «рэгрэсiвак». У вынiку ўкраiнская дзяржава дэ-юрэ канчаткова выйшла з працоўных адносiн шахцёраў i ўладальнiкаў шахт.

Зняць напружанне

«Патрабаваннi крыварожскiх шахцёраў справядлiвыя. Умовы працы i жыцця ў iх не еўрапейскiя, а хутчэй афрыканскiя», — заўважыў iz.ru ўкраiнскi палiтолаг Андрэй Залатароў. Адметна, што гучны страйк украiнскiя СМI фактычна абышлi маўчаннем. Пратэстоўцы ў адчаi звярнулiся па падтрымку да прэзiдэнта краiны. Гэты вiдэазварот апублiкаваў у сваiм Facebook кiраўнiк незалежнага прафсаюза гарнякоў Украiны. «Уладзiмiр Аляксандравiч, вы наш прэзiдэнт... Мы вельмi моцна спадзяёмся на вашу дапамогу. Раней «шахцёр» гучала з гонарам, а цяпер — так сабе», — сказаў адзiн са страйкоўцаў.

Пазбаўленыя надзеi шахцёры напiсалi нават у Еўрапарламент. «Нам пагражалi крымiнальнымi справамi i адказнасцю, таму што аб'ект не працуе, пакуль мы бастуем. Мы просiм абаранiць нашы сем'i i нас самiх ад фiзiчнага i маральнага прымусу», — адзначалася ў лiсце да еўрапейскiх дэпутатаў.

А што ў адказ? Як паведамiла eadaily.com, украiнскi ўрад папросту ўхiлiўся ад праблемы i паабяцаў шахцёрам замест грошай распрацаваць мемарандум аб «паляпшэннi сацыяльнага забеспячэння гарнякоў i працягу эфектыўнай работы прадпрыемства». «Паколькi шахты знаходзяцца ў прыватнай уласнасцi, дзяржава гатова дапамагчы ў медыяцыi для вырашэння напружанасцi на гэтым прадпрыемстве. Даў даручэнне старшынi Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адмiнiстрацыi Аляксандру Бандарэнку iнiцыяваць трохбаковы савет i пачаць сацыяльны дыялог з удзелам прафсаюза, працадаўцаў i кiраўнiцтва вобласцi», — заявiў прэм'ер-мiнiстр Дзянiс Шмыгаль, накiроўваючы ў Крывы Рог першага намеснiка мiнiстра развiцця эканомiкi, гандлю i сельскай гаспадаркi Украiны Юлiю Свiрыдзенку.

«Ведаеце, гэта такая ганьба i прысуд усёй вертыкалi дзяржкiравання, калi з-за спрэчкi двух гаспадарчых суб'ектаў у заложнiках аказваецца 400 сем'яў украiнцаў-гарнякоў, — адзначыла eadaily.com украiнскi палiтолаг Святлана Кушнiр. — Ды i пры гэтым разбiрацца з сiтуацыяй паўнамоцны i профiльны мiнiстр неяк не спяшаецца. Да ўсяго iншага гэта адбываецца ў знакавым горадзе: Крывы Рог — радзiма цяперашняга прэзiдэнта. Нават з павагi да яго чыноўнiкам ад энергетыкi можна было б умяшацца ў сiтуацыю, не кажучы ўжо пра тое, што рэгулятарам галiны гэта рабiць проста неабходна. Тым больш што канфлiкт узнiк з-за затрымкi заработнай платы i нежадання паляпшаць умовы бяспекi i без таго вельмi рызыкоўнай ва Украiне шахцёрскай працы. Я нагадаю, што за гады незалежнасцi ва Украiне загiнула амаль тысяча гарнякоў», — адзначыла яна.

Пратэсная хваля

Шахцёры адыгралi значную ролю ў гiсторыi Украiны. У вынiку забастовак гарнякоў сваю пасаду датэрмiнова пакiнуў першы прэзiдэнт краiны Леанiд Краўчук. У другой палове 1990-х Украiну неаднойчы скалыналi шахцёрскiя маршы — шматтысячныя шэсцi з рэгiёнаў на Кiеў. Намеснiк кiраўнiка Iнстытута краiн СНД Уладзiмiр Жарыхiн адзначыў iz.ru магчымасць развiцця пратэснага руху. «Мы ведаем, што рэйтынг прэзiдэнта Зяленскага павольна, але дакладна паўзе ўнiз. Украiнцы расчароўваюцца. Страйк шахцёраў — адна з прыкмет гэтага працэсу. Гарнякi больш не вераць палiтычнаму кiраўнiцтву краiны, не чакаюць дапамогi. Пратэсныя выступленнi пакуль носяць лакальны характар, але, верагодна, будуць пашырацца», — падкрэслiвае эксперт.

Улады i ўласнiкi прадпрыемстваў нездарма асцерагаюцца распаўсюджвання сацыяльных пратэстаў, падставы для якiх даўно выспелi па ўсёй краiне. Паводле даных Мiнiстэрства энергетыкi, запазычанасць украiнскiм шахцёрам складае больш чым 26 мiльёнаў долараў. Рэальны доўг, па меркаваннi экспертаў, можа апынуцца амаль у два разы большы. Неспакойна i ў iншых галiнах — так, у Бярдзянскiм порце праходзяць мiтынгi супраць масавых скарачэнняў, якiя закрануць амаль 60 працэнтаў работнiкаў. Гэта важны азоўскi порт, праз якi ажыццяўляецца экспарт металу i збожжавых.

Мiж тым, нягледзячы на папярэднiя дамоўленасцi, удзельнiкi пратэстаў у Крывым Рогу, якiя паднялiся на паверхню, атрымалi ўрэзаныя выплаты i... судовыя павесткi. Як распавёў старшыня незалежнага прафсаюза гарнякоў Украiны Мiхаiл Валынец, для кiраўнiцтва гэты працоўны канфлiкт — асабiстая крыўда, i цяпер яны будуць помсцiць тым, хто падняў галовы. Як стала вядома, цяпер КЖРК падае iск да ўсiх шахцёраў, якiя на працягу пратэсту далучалiся да падземнага страйку на чатырох шахтах. Разгляд справы перанесены на 6 лiстапада.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Руда з іржой

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.