Вы тут

21—22 кастрычнiка ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi працуе VII Мiжнародны кангрэс «Бiблiятэка як феномен культуры»


21—22 кастрычнiка ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi працуе VII Мiжнародны кангрэс «Бiблiятэка як феномен культуры», заснавальнiкам якога, акрамя бiблiятэкi, выступае Мiнiстэрства культуры. З просьбай расказаць, чым ён адрознiваецца ад папярэднiх праектаў такога маштабу, мы звярнулiся да намеснiка генеральнага дырэктара — дырэктара па навуковай рабоце i выдавецкай дзейнасцi НББ, кандыдата культуралогii Алеся СУШЫ.


— Першае, пра што хацелася б спытаць, цi паўплывала пандэмiчная сiтуацыя на фармат кангрэса, на яго мiжнародны статус?

— Ведаеце, мы сёлета адмысловую тэму сфармулявалi: «Краязнаўства i краiназнаўства ў захаваннi культурнага шматаблiчча». I лiтаральна ўсе секцыi ў сувязi з гэтым адпаведным чынам выбудавалi. Мяркуйце самi, iх назвы такiя: «Iнфармацыйная прастора рэгiёнаў: захаванне i папулярызацыя нацыянальнай культуры i краязнаўчых ведаў»; «Арганiзацыя i нарматыўнае рэгуляванне краязнаўчай дзейнасцi»; «Развiццё краязнаўчай дзейнасцi: этапы, людзi, супольнасцi, дакументальная спадчына».

— Атрымлiваецца, што iншым краiнам i месца не знайшлося?..

— Якраз не. Мы пабудавалi праграму такiм чынам, што вялiкае месца занялi метадалагiчныя, тэарэтычныя пытаннi, якiя аднолькава важныя ў арганiзацыi краязнаўчай работы для ўсiх краiн.

I з улiкам гэтага запрашалi бiблiятэказнаўцаў, бiблiятэкараў, вучоных розных галiн з розных краiн. Праўда, COVID-19 наклаў сваю пячатку, — i мы замежных гасцей запрасiлi да ўдзелу ў розных фарматах праз сацыяльныя сеткi, iнтэрнэт. У прыватнасцi, з грунтоўным дакладам «Краязнаўчы рэсурс як сацыяльна знакавы праект бiблiятэкi: з вопыту стварэння краязнаўчых рэсурсаў» выступiла дырэктар Смаленскай абласной унiверсальнай бiблiятэкi iмя А. Т. Твардоўскага Вольга Мальцава. На пасяджэннi першай секцыi прынялi ўдзел супрацоўнiкi Iнстытута кнiгазнаўства Нацыянальнай бiблiятэкi Украiны iмя У. Вярнадскага — Наталля Салонская, Галiна Барысовiч. Досыць цiкавым падаецца мне вiдэадаклад галоўнага бiблiёграфа Разанскай абласной унiверсальнай навуковай бiблiятэкi iмя М. Горкага Алы Сурынай аб праваслаўным краязнаўстве, пра супрацоўнiцтва бiблiятэкi з Разанскай епархiяй. У кангрэсе прымаюць удзел спецыялiсты сваёй справы яшчэ i з Францыi, Германii, а таксама з многiх асветнiцкiх цэнтраў Расii.

Мiжнародны фармат кангрэса — гэта i круглы стол пiсьменнiкаў i лiтаратуразнаўцаў свету «Мастацкая лiтаратура як шлях адзiн да аднаго». Ён пройдзе 22 кастрычнiка ў фармаце анлайн-трансляцыi. Да ўдзелу ў круглым стале абяцаюць далучыцца прадстаўнiкi Азербайджана, Грузii, Казахстана, Лiтвы, Малдовы, Расii, Сербii, Таджыкiстана, Узбекiстана, Украiны. Лiчу, што мiжнародны статус кангрэса мы вытрымалi.

— I несумненна, два днi работы ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi аб'ядноўваюць шмат беларускiх даследчыкаў?..

— Так. Поруч з бiблiятэкарамi краiны ў кангрэсе ўдзельнiчаюць архiвiсты, гiсторыкi з абласных цэнтраў Беларусi. Многiя з дакладаў, выступленняў — сапраўдныя адкрыццi. Нашы калегi звяртаюцца да 1920-х гадоў, калi асаблiва плённа развiвалася краязнаўства. Шмат тэм прысвечаны бiблiятэчнай, кнiжнай, асветнiцкай справе ў Беларусi ў XIX стагоддзi.

Гутарыў Мiкола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: «I ва ўмовах пандэмii бiблiятэка ўяўляе сабой феномен...»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.