Вы тут

Лукашэнка: У гэтым шалёным свеце ў нас сяброў няшмат


Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з дырэктарам службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным.


«Наша сустрэча створыць у гэты момант адпаведны выбух у сродках масавай інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце. Да мы і не хаваем, абстаноўка вакол нас вельмі няпростая, я маю на ўвазе Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі. Дзякуй за тую інфармацыю, якую вы рэгулярна даеце нашым спецслужбам і мне ў тым ліку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў гэтым кірунку ў краін вельмі шмат сумеснай працы.

«У гэтым шалёным свеце, асабліва ашалеўшым ад пандэміі і гэтак далей, у нас сяброў няшмат, будзем казаць шчыра. Ва ўсіх інтарэс да нас — Расіі і Беларусі. Мы павінны рэагаваць. Думаю, мы пра многае дамовімся — пра нашу сумесную працу і сумесную дзейнасць на карысць нашых народаў», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з Сяргеем Нарышкіным было актыўнае супрацоўніцтва, калі ён узначальваў Дзярждуму Федэральнага Сходу. «Вы былі найбольш яркім палітыкам на постсавецкай прасторы, а потым з-за спецыфікі сённяшняй сваёй працы пайшлі ў „цень“, як у нас кажуць чэкісты», — сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адсочвае дзейнасць Сяргея Нарышкіна па тэлебачанні, і яго калега Уладзімір Пуцін часта расказвае пра працу службы знешняй разведкі Расіі ў тых аспектах, што тычацца саюзнага будаўніцтва.

Сяргей Нарышкін, у сваю чаргу, падзякаваў за магчымасць сустрэцца, абмеркаваць пытанні саюзніцкіх адносін і перадаў прывітанне ад Прэзідэнта Расіі.

«Я дзякую нашым калегам за тое, што мы тут сустракаемся, у чарговы раз праводзім сумеснае пасяджэнне калегій дзвюх нашых спецыяльных службаў. Праводзім яго ў няпросты час. Я абсалютна згодны з ацэнкамі ступені напружанасці сітуацыі, якая існуе ў свеце ў цэлым і вакол нашых з вамі краін», — падкрэсліў Нарышкін.

Ён выказаў упэўненасць, што «спецслужбы могуць зрабіць яшчэ шмат для таго, каб забяспечыць інтарэсы дзяржаў і абараніць грамадзян ад пагроз, што ўзнікаюць».

Нарышкін: Упэўнены, для Беларусі важна стабільнасць

Пасля сустрэчы Сяргей Нарышкін расказаў журналістам, што з Прэзідэнтам ён абмеркаваў неабходнасць канцэнтрацыі намаганняў па забеспячэнню бяспекі краін, узмацненне супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, ваеннай палітыкі.

Пасяджэнне калегіі Службы знешняй разведкі Расіі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі, якое адбудзецца ў другой палове дня, Сяргей Нарышкін назваў традыцыйным інструментам узаемадзеяння спецслужбаў.

«Мы штогод на такіх пасяджэннях падводзім вынікі працы за мінулы перыяд, будуем сумесныя планы працы на будучыню», — дадаў ён.

Дырэктар Службы знешняй разведкі расказаў, што спецслужбы апошнім часам узмацнілі аналітычны складнік працы, прапаноўваюць свае прагнозы па пагрозах для дзяржаў, вядзецца абмен аператыўнай, разведвальнай інфармацыяй па супрацьдзеянню міжнароднаму тэрарызму.

«Нас цікавіць усё, што тычыцца транзіта тэрарыстаў, каналаў атрымання фінансавых рэсурсаў, планаў, задум тэрарыстычных арганізацый, асобных груповак, планы, якія яны выношваюць у дачыненні да Беларусі, Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, Служба знешняй разведкі з задавальненнем прадстаўляе беларускім калегам нашы магчымасці па абучэнню і падрыхтоўцы кадраў», — канстатаваў прадстаўнік спецслужбы.

Сяргей Нарышкін пракаментаваў і ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі, адзначыўшы, што стабільнасць — важная ўмова развіцця дзяржавы.

«Зразумела, што пратэстныя акцыі ставяць перад уладай шмат пытанняў. Уяўляецца, што прапановы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка па пачатку канстытуцыйнай рэформы — адзін з адказаў на пытанні, што грамадства ці частка грамадства ставяць перад дзеючай дзяржаўнай уладай», — сказаў ён.

Сяргей Нарышкін назваў відавочным наяўнасць знешняга ўплыву на падзеі ў Беларусі. Яго адзначаюць спецслужбы і Беларусі, і Расіі.

«Гэты ўплыў небескаштоўны. Канечне, мы бачым імкненне неканстытуцыйнымі метадамі паспрабаваць змяніць існуючы строй, палітычную ўладу. Я ўпэўнены у тым, што для дзяржавы, Беларусі важна стабільнасць», — заявіў дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».