Вы тут

Пандэмiя лiтаратурнай дружбе — не перашкода


На Мiжнародным круглым стале пiсьменнiкаў i лiтаратуразнаўцаў «Мастацкая лiтаратура як шлях адзiн да аднаго», якi праходзiў у анлайн-фармаце ў рамках VII Мiжнароднага кангрэса «Бiблiятэка як феномен культуры. Краязнаўства i краiназнаўства ў захаваннi культурнага шматаблiчча», прагучала нямала цiкавых iнiцыятыў.


Удзел у круглым стале ўзялi прадстаўнiкi 11 краiн. У асноўным — з постсавецкай прасторы. I гэта зразумела: расiянам i казахам, узбекам i лiтоўцам, прадстаўнiкам тых народаў, у якiх некалi была агульная супольнасць, ёсць што абмяркоўваць; у iх ёсць i гiстарычная, калi хочаце, генетычная памяць у дачыненнi да творчых iнiцыятыў, што некалi аб'ядноўвалi, дазвалялi разам iсцi да стварэння iдэалаў гуманiзму, да ўзвышэння прыярытэтаў маральнасцi, духоўнасцi. Час, несумненна, уносiць свае карэктывы — i з пункту гледжання сутнасных падыходаў, i ў плане геапалiтычным. Але гэта не перашкодзiла ўдзельнiкам круглага стала прапанаваць да рэалiзацыi цэлы шэраг iнiцыятыў. Пiсьменнiца з Узбекiстана Рысалат ХАЙДАРАВА падкрэслiла, што варта надаць большую ўвагу справе мастацкага перакладу. I пэўныя крокi да гэтага робяцца непасрэдна ва Узбекiстане. Сама Рысалат Хайдарава шмат часу аддае перакладу твораў беларускай лiтаратуры на ўзбекскую мову. Але пiсьменнiца заклiкала да фармiравання сiстэмных падыходаў, да пошуку тых фарматаў, якiя б дазволiлi выбiраць для перакладу найлепшае з нацыянальных лiтаратур. I гэта, несумненна, патрабуе кансалiдацыi перакладчыкаў на прасторах СНД, правядзення мiжнародных семiнараў, супольных творчых i адукацыйных намаганняў — з разлiкам на вывучэнне перакладчыкамi моў iншых народаў. «Важна перакладаць з арыгiнала, — адзначыла Рысалат Хайдарава. — У такiм выпадку пiсьменнiцкiя арганiзацыi павiнны дапамагчы ВНУ сваiх краiн, мiнiстэрствам адукацыi ўключыцца ў абмен студэнтамi дзеля гэтай справы, у стварэнне спецыяльнасцi кшталту «Творчая работа. Мастацкi пераклад». На памяцi ў многiх — падобныя захады, якiя некалi рэалiзоўваў Лiтаратурны iнстытут iмя Максiма Горкага ў Маскве».

Глеб КУДРАШОЎ з Украiны — часты госць у Беларусi. Дацэнт Палтаўскага нацыянальнага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя У. Г.  Караленкi, ён удзельнiчаў i ў Днi беларускага пiсьменства ў Слонiме, i ў нядаўняй Мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi па выдавецкай справе на факультэце журналiстыкi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Спадар Глеб нагадаў пра Днi беларускай лiтаратуры ва Украiне i Днi ўкраiнскай лiтаратуры ў Беларусi ў 1975 i 1976 гадах, калi мастацкае слова вяло рэй у Кiеве, Мiнску, iншых гарадах Украiны i Беларусi. Менавiта такiя творчыя акцыi спрыялi ўмацаванню пазiцый iнтэрнацыянальнага выхавання грамадства, дружбе i лiтаратур, i народаў. Плён такiх Дзён — устанаўленне помнiкаў, мемарыяльных дошак, пасадка паркаў дружбы, выданне перакладных кнiг i iншыя добрыя справы. Дарэчы, сам Глеб з'яўляецца аўтарам кнiгi пра мемарыялiзацыю жыцця i творчасцi Тараса Шаўчэнкi ў Беларусi. Зараз рыхтуецца выданне гэтай кнiгi ў перакладзе на беларускую мову. Палтаўскi даследчык i культуролаг прапанаваў, не чакаючы завяршэння пандэмii, не губляць часу i наладзiць правядзенне Дзён нацыянальных лiтаратур у фармаце анлайн-трансляцыi.

Прапанова ўкраiнскага ўдзельнiка круглага стала выклiкала гарачае абмеркаванне. Як гэта зрабiць? Якiя мерапрыемствы найперш правесцi? Каго далучыць да прадстаўлення нацыянальных лiтаратур у iншых краiнах?.. Гэтыя i iншыя пытаннi актывiзавалi пошук iнiцыятыў. Напрыклад, па завяршэннi круглага стала казахстанскiя калегi, а таксама лiтаратары з розных расiйскiх рэгiёнаў выслалi Нацыянальнай бiблiятэцы i Выдавецкаму дому «Звязда», якi быў сярод арганiзатараў гэтай дыскусiйнай iнтэрнэт-пляцоўкi, нямала важкiх, актуальных прапаноў. I, канешне, такiя Днi татарскай, казахскай або ўзбекскай лiтаратур у Беларусi не могуць не атрымацца. У нашых краiн ёсць агульная гiсторыя лiтаратурных узаемадачыненняў, iдзе працяг лiтратурных сувязяў, выходзяць новыя перакладныя кнiгi. Вось i зараз, напрыклад, дзякуючы сябрам беларускай лiтаратуры не застаўся незаўважаны ў розных краiнах юбiлей беларускага класiка Уладзiмiра Караткевiча. У перыядычных выданнях Азербайджана, Казахстана, розных рэгiёнаў Расii з'явiлiся пераклады яго твораў на iншыя мовы. Дзякуючы намаганням доктара фiлалагiчных навук Флоры НАДЖЫ ў Баку рыхтуецца да выдання кнiга Караткевiча на азербайджанскай мове. Днi нацыянальных лiтаратур нагадалi б i пра адрасы памяцi. У Беларусi ў розныя часiны жылi, працавалi, абаранялi гэту краiну пiсьменнiкi з Расii, Казахстана, Азербайджана, Узбекiстана, Туркменiстана... Пад Лоевам загiнуў у Вялiкую Айчынную вайну ўзбекскi паэт Султан Джура. На беларускай зямлi спачылi ўдмурцкi пiсьменнiк Пiлiп Кедраў, грузiнскi паэт Мiрза Гелаванi... На Беларусi партызанiлi пiсьменнiкi — казах Адзiй Шарыпаў, татарын Закi Нуры, калмык Мiхаiл Хонiнаў, рускi празаiк, паэт Усевалад Саблiн, якi кнiгу вершаў («Мсцiўцы») выдаў у партызанскiм лесе пад Рудзенскам...

З iдэяй наладжвання прэзентацый беларускiх кнiг у Расii на пляцоўках для студэнцкай моладзi выступiла намеснiк дэкана гiстарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, кандыдат гiстарычных навук Аксана СОЛАПАВА. I наогул пра тое, што творчая моладзь павiнна быць у эпiцэнтры лiтаратурнай дыпламатыi, гаварылi i беларускiя ўдзельнiкi круглага стала — паэты Алесь БАДАК, Мiкола МЯТЛIЦКI, перакладчык Аляксей ЧАРОТА i пiсьменнiкi, лiтаратуразнаўцы iншых краiн — Мiкалай РУСУ з Малдовы, Святлана АНАНЬЕВА з Казахстана, Закi АЛIБАЕЎ з Башкартастана...

Творчы запал, прыўнесены ў лiтаратурнае вiртуальнае жыццё, — пра гэта сказаў на круглым стале намеснiк генеральнага дырэктара Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Алесь СУША — павiнен палымнець i надалей. I бiблiятэчная пляцоўка для гэтага — цi не найлепшая прастора для аб'яднання iдэй, творчых iнiцыятыў i культур, лiтаратур розных дзяржаў i народаў.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.