Вы тут

Былы райцэнтр Шарашэва чакае грунтоўнага добраўпарадкавання


Многія былыя райцэнтры Брэстчыны апошнім часам прыкметна змянілі сваё аблічча да лепшага. Найбольш гэтаму паспрыяў сацыяльны праект пад назвай «Дажынкі». Планамерна выдзяліліся сродкі, праводзілася добраўпарадкаванне, паляпшалася інфраструктура населеных пунктаў. Толькі за апошнія тры гады на Брэстчыне істотна папрыгажэлі Высокае Камянецкага раёна, Ружаны — Пружанскага, зусім нядаўна расквітнеў Дзівін на Кобрыншчыне. Шарашэву ў гэтым сэнсе не пашанцавала, «Дажынак» тут не праводзілі. Але ёсць іншыя нагоды для паляпшэння знешняга выгляду былога мястэчка.


Цэнт­раль­ная пло­шча.

Вось такія асаблівасці

Варта сказаць, што Шарашэва знаходзіцца за дваццаць кіламетраў ад Пружан і амаль што прымыкае да лясных масіваў Белавежскай пушчы. Да суцэльнай меліярацыі населены пункт з усіх бакоў абступалі балоты — была толькі адна сухая дарога праз Шарашэва, якая злучала Пружаны з Гайнаўкай (цяпер Польшча). Магчыма, балоты часткова і сталі прычынай таго, што пасёлак асабліва не пацярпеў у час апошняй вайны. Тут і цяпер нямала даваенных пабудоў. І яшчэ адна характэрная асаблівасць старой часткі Шарашэва — такога нідзе больш не даводзілася бачыць: хаты налеплены літаральна адна пры адной. У асобных выпадках адлегласць паміж сценамі суседніх дамоў не дасягае і метра. А прарэха паміж лініямі даху вымяраецца, можа, у дэцыметрах. Каб у гэтых сценах былі вокны, з суседам можна было б павітацца за руку, знаходзячыся дома. Асобныя вуліцы настолькі вузкія, што размінуцца дзвюм машынам магчыма толькі ў выпадку, калі адна з іх з'едзе на ўзбочыну і прапусціць другую.

Праўда, за апошнія паўтара дзясятка гадоў у аграгарадку выраслі новыя шырокія вуліцы. Ды ўсё ж старажытнае Шарашэва (вядомае з 1380 года) больш падобнае на вёску, мае вясковы ўклад і адпаведны жыллёвы фонд. Апошнім і абумоўлены многія праблемы добраўпарадкавання. І пытанні гэтыя вынесены на парадак дня, бо населены пункт трапіў у абласную праграму добраўпарадкавання пасёлкаў гарадскога тыпу з улікам мясцовых асаблівасцяў па прыкладзе пасёлка Копысь Аршанскага раёна ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы.

Трубы, сеткі, асфальт...

Такім чынам, аблвыканкам прыняў прынцыповае рашэнне. Старшыня Шарашэўскага сельскага Савета Святлана АМЕЛЬЯНЕЦ расказала, што на стадыі яго падрыхтоўкі аддзелы і службы райвыканкама вызначылі самыя праблемныя месцы і падрыхтавалі свае прапановы. Праграма датычыцца паляпшэння аб'ектаў адукацыі, аховы здароўя, дарог, дваровых тэрыторый. І пачынаюць любы рамонт, як заўсёды, з інжынерных камунікацый.

— Вось тут і хаваюцца найбольшыя праблемы, — гаворыць Святлана Анатолеўна. — Наш пасёлак асаблівы, заасфальтаваных вуліц тут зусім мала: толькі цэнтральная і яшчэ дзве невялікія. Усе жыхары найперш чакаюць асфальту, гэта, як той казаў, альфа і амега любога добраўпарадкавання. Але на вуліцах, якія падлягаюць пракладцы сучаснага дарожнага пакрыцця, няма каналізацыі. Ёсць адна вуліца, на якой пракладзены газаправод, водаправод і каналізацыя. Яна будзе заасфальтаваная ў першую чаргу. Бо пракласці асфальт, а потым яго бурыць і цягнуць каналізацыйныя сеткі — ну зусім недарэчна, не па-гаспадарску. Але зрабіць каналізацыю на ўказаных вуліцах зараз не выпадае, бо пракладка сетак магчыма толькі на сто працэнтаў за кошт насельніцтва. А сумы вымалёўваюцца вельмі вялікія. Спецыфіка размяшчэння жыллёвага фонду наступная: у адным месцы хаты налеплены адна пры адной, у іншым ёсць нежылыя, а то і знесеныя дамы, а праз гэтыя «прабелы» ўсё роўна трэба цягнуць трубы і іншыя сеткі. Такім чынам, пытанне пакуль застаецца адкрытае. Разглядаюцца іншыя варыянты: напрыклад, усё ж пракласці асфальт, а калі праз нейкі час людзі выкажуць жаданне правесці каналізацыю, то ім давядзецца пракладваць камунікацыі па агародах. Адным словам, неабходна яшчэ правесці дадатковыя кансультацыі са спецыялістамі, параіцца з людзьмі на сходах і прыйсці да канчатковага рашэння, — заключыла кіраўнік мясцовай улады.

З газіфікацыяй усё намнога лепш. Але ж без газу пакуль застаюцца дзве вуліцы — Леніна і Цэнтральная. Ды пракласці там газаправод не вельмі проста. Дарогі на ўказаных вуліцах — гістарычныя. Некалі з часоў Сярэднявечча там быў каменны насціл, рэшткі якога трапляюцца, у свой час быў і драўляны насціл. Паводле слоў спецыялістаў, пракладваць газавыя трубы будзе вельмі праблематычна. Выходзіць, што калі прымяніць атрыбуты ХХІ стагоддзя да мястэчка часоў каралевы Боны, гэта абыдзецца даражэй чым звычайна. Таму рэалізацыя дадзенага праекта зноў жа, пад пытаннем. Вырашэннем праблемы можа быць устаноўка электрычных катлоў, што азначае электрыфікацыю замест газіфікацыі. І такі варыянт разглядаецца ў Шарашэве.

Драў­ля­ная зва­ні­ца.

Званіца і іншыя славутасці

Асаблівасць населенага пункта ў тым, што цэнтральныя вуліцы сталі неперспектыўныя. Там пустуе ўжо да 40 працэнтаў дамоў. Маладыя сем'і, якія маюць намер будаваць альбо набываць жыллё, разглядаюць участкі на ўскраіне, дзе іх маштабы большыя. (Пра двары на цэнтральных вуліцах гаварылася вышэй.)

З рамонтам аб'ектаў сацыяльнага прызначэння, інфраструктуры ў Шарашэве вызначыліся. Як толькі з'явіцца фінансаванне, рамонт пачнецца. Яго чакаюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, бібліятэка, цэнтр культуры і адпачынку, участковая бальніца з пастом хуткай дапамогі. Дарэчы, пост гэты гадоў восем таму хацелі скасаваць у ходзе аптымізацыі. Тады яго адстаялі прынцыповыя дэпутаты сельскага Савета. І пост сябе апраўдвае. У ваколіцах пушчы шмат вёсак. Адлегласць паміж імі часта не малая. Таму экіпажу хуткай дапамогі з горада не заўсёды ўдасца прыехаць сапраўды хутка і аказаць дапамогу своечасова. Яшчэ і дарогу трэба ведаць у гэтай лясной і балоцістай мясцовасці.

І хоць цэнтральная плошча старадаўняга мястэчка выглядае дагледжана, добраўпарадкаванне патрэбна аб'ектам, якія да яе прымыкаюць. Ну, напрыклад, драўлянай званіцы ХVІІ стагоддзя. На жаль, толькі яна і засталася ад унікальнай уніяцкай царквы, пабудаванай мясцовымі майстрамі без адзінага цвіка. Апошняй настольнай кнігай было Шарашэўскае Евангелле — беларускі рукапісны помнік ХVІ стагоддзя, які зараз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Драўляная царква перажыла ўсе войны, а ў 50-х гадах мінулага стагоддзя яе разбурылі... Засталася толькі драўляная званіца, якая лічыцца каштоўным помнікам гісторыі і культуры Беларусі.

Населены пункт, які ляжыць на старадаўнім стратэгічным, кацярынінскіх часоў, тракце, мог бы, несумненна, стаць прывабнай для турыстаў мясцінай. На мясцовых могілках даглядаецца магіла Міхаіла Баброўскага, вядомага мовазнаўца, прафесара Віленскага ўніверсітэта, святара, якога ў гэтым краі вельмі паважалі. У Шарашэва ён перавёз сваю бібліятэку ў 20 тысяч тамоў. Апошняй карысталіся адукаваныя местачкоўцы і навакольная шляхта. Дарэчы, адна з новых вуліц Шарашэва названая ў гонар Баброўскага. Мястэчка, цікавае традыцыямі, багатае людзьмі, вядома, заслужыла сучаснага добраўпарадкавання.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Спалучыць сучаснае з гістарычным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.