Вы тут

Як на Віцебшчыне рэалізуецца дзяржаўная праграма па стварэнні ўмоў для камфортнага жылля і спрыяльнага асяроддзя?


Тэму нядаўна абмяркоўвалі ў аблвыканкаме.


Праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як той казаў, з барадой: назапашваліся дзясяткі гадоў. Таму ці варта здзіўляцца, што менавіта пра іх расказваюць часцей за ўсё заяўнікі, якія тэлефануюць на прамыя лініі, пішуць лісты ў райвыканкамы, гарвыканкамы, у абласныя і рэспубліканскія органы ўлады, Камітэт дзяржкантролю і гэтак далей.

Бадай, у першую чаргу тых, хто жыве ў шматкватэрных дамах, якія пабудавалі дастаткова даўно, цікавіць пытанне рамонту.

У Віцебскай вобласці адпаведнае заданне на гэты год — 515 тысяч квадратных метраў. Прагназуецца, што нададуць «другое жыццё» жыллю плошчай 470 тысяч... Канешне, не сакрэт, што з году ў год фінансаў на рамонт не хапае. Як не аднойчы адказвалі незадаволеным грамадзянам кіраўнікі розных жыллёва-камунальных арганізацый: «Былі б грошы, даўно б усё адрамантавалі...»

У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве цяпер жыльцы павінны ўдзельнічаць у сумесным фінансаванні, у прыватнасці, гэта датычыцца ўцяплення сцен. Безумоўна, пры гэтым ніхто не збіраецца адбіраць апошні рубель. І неабходнасць таго ж «футра» для сцен дома абмяркоўваецца ўсімі жыльцамі. Ім прапануюцца і вельмі прымальныя праграмы выплат у растэрміноўку.

На капітальны рамонт сёлета накіравана толькі з мясцовых бюджэтаў 7,6 мільёна рублёў, а ўсяго 17,8 мільёна. У так званыя графікі рамонту жыллёвага фонду ўключана каля 260 аб'ектаў. У тым ліку прадугледжваўся капітальны рамонт для прыблізна 170. І ў параўнанні з мінулым годам, гэта менш на 29 %. На сёння ў 48 дамах работы ўжо завершаны, у 92 — вядуцца...

А вось праграма па замене ліфтаў фінансуецца ў поўным аб'ёме. На бяспеку, зразумела, вылучаць грошы трэба ў першую чаргу. У першым паўгоддзі неабходна было ўстанавіць 48 новых ліфтаў, а замянілі 68. На гэтыя мэты накіравалі 10,5 мільёна рублёў.

Праграма «Чыстая вада» на поўначы Беларусі рэалізуецца даволі паспяхова. На працягу пяцігодкі планавалі пабудаваць не менш за 240 станцый па ачыстцы вады. З 2016 да 2019 года на 10,4 % павялічылася забеспячэнне якаснай вадой спажыўцоў — усяго да 94,8 %.

Сёлета ў выніку выканання праграмы гэты паказчык дасягне 96,3 %. Якаснай вадой будуць карыстацца каля 12 тысяч жыхароў глыбінкі, у асноўным у аграгарадках.

Сёлета на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы прадугледжана добрае фінансаванне — 8,4 мільёна рублёў, у тым ліку са сродкаў рэспубліканскага бюджэту — 4,2 мільёна і столькі ж — з абласной казны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Жыць з камфортам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?