Ці патрэбны Саветы дэпутатаў пярвічнага звяна, якое павінна быць фінансаванне ініцыятыў на мясцовым узроўні, што трэба для таго, каб павысіць аўтарытэт дэпутата сярод насельніцтва, якія падыходы неабходна выпрацаваць у выхаванні моладзі — гэтыя і іншыя пытанні падымаліся падчас дыскусіі. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, кіраўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў. На працягу амаль трох гадзін ішло дынамічнае абмеркаванне прапаноў, якія будуць абагульнены і перададзены для разгляду на рэспубліканскі ўзровень.
— Сёння ў парламент актыўна паступаюць прапановы аб тым, што трэба змяніць у нашым заканадаўстве, у тым ліку і ад прадстаўнікоў, як я называю, канструктыўнай апазіцыі, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Шутава. — Радуе, што людзей, нягледзячы на розныя погляды і перакананні, аб'ядноўвае жаданне зрабіць жыццё як мага лепшым. Паступаюць прапановы па пераразмеркаванні паўнамоцтваў Прэзідэнта, парламента, урада, мясцовых органаў улады, наконт рэфармавання судовай сістэмы. Збор прапаноў і пытанняў працягваецца да 29 кастрычніка. Яны датычацца не толькі нашага Асноўнага закона, там ёсць пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, мясцовага самакіравання.
— Палата прадстаўнікоў павінна сістэматызаваць і паведамляць праз СМІ, якія прапановы паступаюць у парламент, — заўважыў старшыня пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Глаз. — Каб потым ніхто не сказаў, што гэтыя прапановы ўзятыя са столі.
Перад сустрэчай у Магілёве Анатоль Глаз прыняў удзел у абмеркаванні пытанняў мясцовага самакіравання ў Бабруйску.
— Там гучалі прапановы па скасаванні Саветаў пярвічнага ўзроўню, і я іх падтрымаў, — паведаміў дэпутат. — Сельсаветы ў частцы дэпутацкага корпуса трэба выключаць як непрацуючыя — гэта відавочны фармалізм. Бо Савет і выканкам на вёсцы — гэта па сутнасці адно і тое ж. Калі чалавеку трэба, ён звернецца ў выканкам. Па сутнасці, сельскі Савет дэпутатаў сёння не можа вырашыць ніводнай сур'ёзнай задачы. Па-першае, дэпутацкаму корпусу ў плане адстойвання інтарэсаў мясцовай тэрыторыі не хапае актыўнасці. Па-другое, каб нешта рабіць, трэба мець фінансы, а іх у адміністрацыі сельсавета няма. Трэба шэраг падаткаў пакідаць у раёнах, каб на месцах маглі нешта рашаць.
Пры абмеркаванні эфектыўнасці мясцовага самакіравання старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў адзначыў, што, разглядаць яго ролю без прывязкі да выканаўчай улады, без уліку меркавання рэгіянальных улад немагчыма.
— Немагчыма іх падзяліць з пункту гледжання і фінансавання, і развіцця рэгіёна. Калі мы кажам пра мясцовае самакіраванне, павінны разумець — эфектыўнасць выяўляецца найперш у росце дабрабыту грамадзян, якія жывуць на азначанай тэрыторыі. А рост без эканамічнага складніка немагчымы.
Першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Пацёмкін перакананы, што без фінансавання нічога зрабіць немагчыма. Ён закрануў тэму падаткаў.
— У кансалідаваным бюджэце няма падатку на прыбытак. Працуе прадпрыемства на тэрыторыі горада з прыбыткам або не, для Магілёва не мае ніякай розніцы, — канстатаваў ён. — На дабрабыце насельніцтва гэта ніяк не адбіваецца. Калі мы пераключымся з выканання паказчыкаў на дабрабыт людзей, калі будзе праведзена адзіная палітыка ў гэтым кірунку, тады можна будзе спытаць і з мэра, і з яго намеснікаў. А пакуль у нас то «недафінансавалі», то яшчэ што. Ёсць уся заканадаўчая база, трэба разабрацца з фінансаваннем.
— Гораду павышаць дабрабыт насельніцтва лягчэй, — адзначыў Дзмітрый Мудрагелаў. — Тут знаходзяцца валаўтваральныя прадпрыемствы і бізнес лепш развіты. Раўнамернае развіццё тэрыторыі — гэта адна з мэт на найбліжэйшую пяцігодку. Асаблівая ўвага паўднёва-ўсходняму рэгіёну, у які ўключаны сем раёнаў Магілёўскай вобласці, асобная ўвага ўдзяляецца гарадам 80+, куды ўваходзіць Бабруйск.
Святлана Смолікава, намеснік старшыні Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта па эканамічных пытаннях, адзначыла, што за пяць апошніх гадоў, дзякуючы 235-му Указу, у раён прыцягнута 26 мільёнаў рублёў інвестыцый. А гэта новыя рабочыя месцы і развіццё раёна. На яе думку, указы 235 і 177 дапамогуць затрымаць людзей у малых гарадах.
Святлана Язерская, старшыня Слаўгарадскага райсавета, падзялілася думкамі, якія былі агучаны на дыскусійнай пляцоўцы ў горадзе.
— Жыхароў нашага раёна хвалюе шырокі спектр пытанняў — ад працаўладкавання спецыялістаў на вёсцы да электрыфікацыі населеных пунктаў для ацяплення жылых дамоў. Раёны, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, у тым ліку Слаўгарадскі, у гэты спіс не ўвайшлі з улікам газіфікацыі, але ж не ва ўсіх населеных пунктаў яна праведзена.
Старшыня Магілёўскага абкама прафсаюзаў АПК Генадзь Чорны выказаўся наконт перагляду падатковай сістэмы.
— Цэлы шэраг падаткаў трэба пакідаць у раёнах і вызваліць ад іх інвестараў, якія працуюць на перыферыі, — перакананы ён. — І чым гэтыя населеныя пункты далей ад райцэнтраў, тым менш павінна быць падаткаў. Трэба вар'іраваць. А то ўсе інвестары цяпер засяроджаны або ў сталіцы, або ў абласных цэнтрах.
Падчас абмеркавання тэмы, ці хапае дэпутату паўнамоцтваў для таго каб дайсці да кожнага чалавека, і што неабходна, каб павысіць узровень дэпутацкай работы, старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Максім Гурын адзначыў:
— Для рэалізацыі паўнамоцтваў ёсць усе інструменты, не хапае толькі фінансаў. Асабліва, калі трэба вырашыць нейкія глабальныя пытанні. Калі казаць пра закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, там шмат гаворыцца пра тое, як яно створана і функцыянуе, але няма тлумачэння, як рэалізаваць паўнамоцтвы, асабліва маленькаму савету тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Магчыма, ім трэба прыдаць статус юрыдычнай асобы? Не прапісана фінансаванне. Дастаткова вялікая забюракратызаванасць выбарчага працэсу ў гэтыя органы самакіравання. Сёння Саветы дэпутатаў маюць больш стратэгічнае значэнне, яны прымаюць рэгіянальныя праграмы, мясцовы бюджэт, але вырашэнне пытанняў штодзённага працэсу жыццядзейнасці нашага насельніцтва — гэта ўжо поўная кампетэнцыя органаў выканаўчай улады.
Гучалі таксама прапановы прааналізаваць школьныя падручнікі на прадмет выхавання патрыятызму. Як адзначалі некаторыя настаўнікі, у геаметрычнай прагрэсіі памяншаецца колькасць гадзін па гісторыі Беларусі і, у прыватнасці, адведзеных на вывучэнне тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі дыскусіі выказваліся адназначна: трэба нешта мяняць, каб моладзь мела магчымасць ганарыцца сваімі продкамі і званнем народа пераможцаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.