Вы тут

Прыадкрываем таямніцы «Поля цудаў»


Капітал-шоу «Поле цудаў» адзначае 30-годдзе. І 30 кастрычніка ў эфіры тэлеканала АНТ выйдзе юбілейны выпуск праграмы, у якім памераюцца інтэлектам і пашукаюць удачу гульцы з розных краін. У першай тройцы згуляюць удзельнікі з Украіны, Казахстана і Расіі. У другой тройцы ўбачым змаганне прадстаўнікоў Грузіі, Чачэнскай Рэспублікі і Беларусі. А ў трэцяй — Малдова, Латвія і Якуція.


«У мяне самога гэтая лічба выклікае здзіўленне, — сказаў нязменны вядучы шоу Леанід Якубовіч. — Я нават падумаць не мог, што буду трыццаць гадоў на чале праграмы. Бо гэта ж трыццаць гадоў майго жыцця! Я шчаслівы, што праграма стала народнай, яна дастаўляе задавальненне і тым, хто яе глядзіць, і тым, хто ў ёй удзельнічае. А для мяне асабіста кожны выпуск — гэта маленькі канцэрт, і заканчваю я яго кожны раз словамі, у якія шчыра веру: «Дай вам Бог!»

У чарговым юбілейным выпуску Леаніда Аркадзевіча па традыцыі задарылі падарункамі. Парадаваўся ён беларускім дранікам, а таксама быў уражаны разным тронам ручной работы (падарункам, прывезеным з Малдовы)...

Калі зазірнуць у гісторыю перадачы, то яе прэм'ера адбылася ў кастрычніку 1990 года. Першым вядучым «Поля цудаў» стаў Уладзіслаў Лісцеў, а ў лістападзе 1991 года яго змяніў Леанід Якубовіч, які і да сёння вітае ўдзельнікаў і гледачоў кожную пятніцу ў эфіры праграмы. А яго фраза «Прызы і падарункі ў студыю!» ужо даўно стала крылатай. За гады існавання праекта згадаць можна многае. Так, напрыклад, у 1994 годзе Якубовіч разам з Лісцевым вырашылі разыграць тэлегледачоў і запісалі быццам бы апошні выпуск, у якім Леанід Аркадзевіч развітваўся і сыходзіў на пенсію, «вяртаючы» праграму свайму калегу. Ім тады паверылі многія. Соты выпуск запомніўся падказкай нецвярозага гледача гульцу слова «аляпка», у выніку чаго ўдзельнік страціў прыз — аўтамабіль. У канцы 2009-га выйшаў тысячны выпуск, у якім перамагла Алена Малышава, якая ўсе свае прызы, уключаючы машыну, аддала дзіцячаму дому ў Падмаскоўі.

За 30 гадоў здымак капітал-шоу ў студыі пабывала шэсць мільёнаў трыста тысяч гледачоў і больш за чатырнаццаць тысяч гульцоў. Амаль кожны, «карыстаючыся нагодай», перадаваў прывітанні родным, а таксама дарыў вядучаму сувеніры, якія з кожным годам станавіліся ўсё больш экзатычнымі. Цяпер у музей «Поля цудаў» перададзена больш за 50 тысяч падарункаў.

А вось правілы ўдзелу ў гульні за ўсю гісторыю існавання праграмы не змяняліся. Так, каб стаць удзельнікам шоу, трэба даслаць у рэдакцыю праекта арыгінальную крыжаванку. За трыццаць гадоў стваральнікі «Поля цудаў» атрымалі некалькі мільёнаў крыжаванак. І гісторыя працягваецца...

Дарэчы, для тых, хто хоча даведацца больш пра закадравае жыццё перадачы і яе вядучага, на АНТ пакажуць таксама фільм «Круціце барабан». З яго мы даведаемся, ці проста было прыдумаць «Поле цудаў» і запусціць у эфір у той час, калі паліцы ў крамах былі пустыя. Яшчэ пазнаёмімся з гісторыямі стваральнікаў і ўдзельнікаў праграмы, якая ніколі не прыпыняла свайго выхаду ў эфір. А здараліся і выйгрышы, і пройгрышы... Убачым і зусім іншага вядучага праграмы Леаніда Якубовіча, у біяграфіі якога ёсць шмат цікавых старонак і паваротаў лёсу. Пра гэтага незвычайнага чалавека будуць расказваць яго родныя, сябры і калегі. Усе ведаюць Якубовіча як шоўмена і тэлевядучага, а вось іншыя яго іпастасі ў жыцці вядомыя не многім, ды і ён вельмі сціплы, калі размова заходзіць пра асабістае. Час адкрыць для сябе ўсю шматграннасць асобы Леаніда Аркадзевіча і закуліссе любімай праграмы. Не прапусціце паказ фільма 1 лістапада на тэлеканале АНТ.

Алена ДРАПКО

Фота: скрыншот відэа на YouTube-канале «Першы канал»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.