Вы тут

Стартаваў сумесны расiйска-беларускi ваенна-патрыятычны праект «Сцяжынкай баявой славы»


У Мiнскай вобласцi.

Ён створаны з мэтай аднаўлення помнiкаў героям Вялiкай Айчыннай вайны. Першае пасяджэнне рабочай групы па рэалiзацыi праекта прайшло ў Смалявiцкiм раёне.


Яго ўдзельнiкi — прадстаўнiкi райвыканкама, Мiнаблвыканкама, праваслаўнай царквы, банкаў, навукоўцы. Гатоўнасць падтрымаць праект выказалi пасольства Расiйскай Федэрацыi ў Беларусi. Iнiцыятары абмеркавалi першы этап па рэканструкцыi мемарыяльнага комплексу «Разгром», якi знаходзiцца на тэрыторыi Смалявiцкага раёна. Мемарыял прысвечаны гераiчным старонкам найбуйнейшага партызанскага злучэння шматнацыянальнай брыгады. Гэтае фармiраванне налiчвала каля дзвюх тысяч байцоў i дзейнiчала на тэрыторыi некалькiх раёнаў Мiншчыны. Лясныя салдаты пусцiлi пад адхон трыста варожых эшалонаў i знiшчылi больш як чатырнаццаць тысяч фашыстаў.

Месцам дыслакацыi брыгады стала паляна на мяжы Чэрвеньскага i Смалявiцкага раёнаў ва ўрочышчы «Стрыева». На тыя часы гэта былi балоцiстыя мясцiны, i вада залiвала зямлянкi. Таму байцы будавалi дыхтоўныя шалашы, якiя больш нагадвалi жылыя дамы. У лагеры працавалi збройная майстэрня, друкарня, шпiталь, школа падрыхтоўкi малодшых камандзіраў. У брыгадзе ваявалi тры сыны мацi-патрыёткi Настассi Купрыянавай, помнiк якой устаноўлены ў Жодзiне.

Напачатку памяць аб героях «Разгрома» ўшанавалi ў Мiнску. Гэта была скульптура параненага партызана. Але пазней вырашылi, што помнiк павiнен стаяць на месцы дыслакацыi брыгады. У 1975 годзе ва ўрочышчы «Стрыева» ўрачыста адкрылi мемарыяльны комплекс, яго дапоўнiла кампазiцыя з шасцi скрыжаваных аўтаматаў, якая сiмвалiзуе шэсць атрадаў, што ўваходзiлi ў баявое фармiраванне. За комплексам у раёне карпатлiва даглядалi, рэгулярна добраўпарадкавалi тэрыторыю, наводзiлi парадак. Аднак падчас апошняга ўрагану, якi паласой прайшоў па Смалявiччыне, комплекс быў сур'ёзна пашкоджаны — разбураны плiты, рэшткi партызанскiх дамоў.

Удзельнiкi рабочай групы дэталёва абмеркавалi ўсе моманты, канкрэтныя дэталi па аднаўленнi мемарыялу i намецiлi план дзеянняў. Вырашана адкрыць дабрачынны рахунак для рэканструкцыi памятнай мясцiны. Паўдзельнiчаць у добрай справе могуць усе ахвотныя. Мяркуецца, што неабходныя работы правядуць да 3 лiпеня наступнага года.

Гэтыя тэрмiны ўхвалiў скульптар Аляксандр Шапо. Па яго словах, будзе падрыхтаваны эскiз, зроблена мадэль у мяккiм варыянце. Ён запрасiў удзельнiкаў рабочай групы наведацца ў майстэрню, азнаёмiцца з папярэдняй распрацоўкай.

На пасяджэннi абмеркавалi таксама, з чаго будзе выраблена кампазiцыя. Выказвалася думка, што магчыма варта захаваць ранейшы матэрыял. Але канчатковы вердыкт будзе вынесены пасля падрыхтоўкi каштарыснай дакументацыi.

Адзiнае, што параiў скульптар: не варта выкарыстоўваць бетон, паколькi яго якасць цяпер не тая, што была раней. Акрамя таго, Аляксандр Шапо прапанаваў зрабiць дыхтоўныя таблiчкi i ўстанавiць вiдэакамеры побач з мемарыялам, каб пазбегнуць выпадкаў вандалiзму.

Удзельнiкi групы паглядзелi таксама кароткаметражны фiльм «Сцяжынка баявой славы». Ён распачынае серыю стужак, прысвечаных партызанскаму руху Беларусi. Плануецца, што фiльмы размесцяць у сецiве, пакажуць на каналах беларускага i расiйскага тэлебачання.

Усяго ж на тэрыторыi Смалявiцкага раёна знаходзiцца больш як 120 памятных мясцiн. Рэалiзацыя праекта дасць магчымасць папрацаваць над паляпшэннем iнфраструктуры, стварэннем турыстычных маршрутаў, паспрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзi.

Удзельнiкi праекта лiчаць, што вопыт паспяховага аднаўлення комплексу можа быць распаўсюджаны на тэрыторыi Беларусi i Расii.

Разам з тым яны наведалi дзiцячы сад-базавую школу ў аграгарадку Кляннiк, дзе створаны музей, прысвечаны слаўным старонкам партызанскай гiсторыi. Тут для iх правялi экскурсiю «Памяць пакаленняў».

Менавiта ў гэтай вёсцы байцы «Разгрома» злучылiся з часцямi Чырвонай армii. На мясцовых могiлках за гады вайны было пахавана некалькi дзясяткаў воiнаў брыгады.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: iz.ru

Загаловак у газеце: Сцежкай баявой славы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».