05 снежня, субота

Вы тут

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка


«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу. Сёлета ўлетку і восенню яны выдавалі сябе за «Куфар». Гэты папулярны і любімы многімі сэрвіс бясплатных прыватных аб'яў прыцягнуў увагу інтэрнэт-ашуканцаў тым, што шырока вядомы і карыстаецца даверам.


Дзве чытачкі амаль адначасова расказалі «Звяздзе» пра тое, як пазбавіліся (ці ледзь не пазбавіліся) сваіх грошай, прадаючы рэчы на «Куфары».

Гісторыя Мар'яны

— Пляцоўка «Куфар» — такая бяскрыўдная, такая карысная. Так думае, напэўна, амаль кожны карыстальнік. Так падумала і я. Вырашыўшы разгрузіць кладоўку ад рэчаў, з якіх вырасла дзіця, я сфатаграфавала дзіцячую мэблю (стол і крэсла), устанавіла праграму на мабільны тэлефон, зарэгістравалася, паспяхова ўсё размясціла і стала чакаць пакупнікоў, — расказвае Мар'яна.

Аб'яву дзяўчына размясціла прыкладна ў 17.30, а ўжо ў 18.40 стала ахвярай махляроў.

— У аб'яве быў паказаны мой мабільны, да якога прывязаны «Вайбер». Праз 20 хвілін пасля размяшчэння аб'явы ў ім прыйшло два паведамленні практычна адначасова. Ад Марыі — з мілым катком на аватарцы, і ад Алены Звягінцавай. Абедзве хацелі купіць камплект мэблі.

Мець стасункі Мар'яна вырашыла з Марыяй, бо яна даслала паведамленне на некалькі секунд раней Алены. «Пакупніца» праявіла зацікаўленасць, удакладніла, з якога матэрыялу зробленая мэбля, сказала, што драпіны не важныя, бо мэбля не новая. Спытала, ці не спяшаецца Мар'яна з продажам, таму што заехаць забраць мэблю яна зможа толькі ў выхадныя.

— Я напісала, што не спяшаюся, але паралельна яшчэ адна дзяўчына зацікавілася дзіцячай мэбляй. На гэта ад Марыі прыйшло паведамленне: «Не прадавайце пакуль, калі ласка. Параюся з мужам». У гэты ж час другая «пакупніца» (Алена) удакладняе: «Ну што? Прадалі?»

Неўзабаве, тлумачыць Мар'яна, ад першай «пакупніцы», Марыі, прыходзіць паведамленне: «Мы аплацілі, каб вы не сумняваліся. Мы прыедзем».

— Я, натуральна, не разумею, каму аплацілі, куды? Задаю пытанне. Марыя дасылае спасылку. Я, усё яшчэ не разумеючы, праходжу па спасылцы... а там старонка «Куфара», амаль як сапраўдная. Амаль. Але гэта я зразумела, калі было ўжо позна...

Паралельна прыйшло СМС-паведамленне: «Ваш тавар «Дзіцячая мэбля» аплочаны, 70 BYN».

— Прызнаюся, нейкія думкі пра тое, што тут нешта не так, у мяне былі. Але я страціла пільнасць і пачала ўводзіць усё, што ад мяне патрабавалася. А трэба было ўвесці даныя карткі, як пры звычайным пераводзе праз інтэрнэт-банкінг. Запыталі CVC-код. І яго я ўвяла. Я ўводзіла яго пры куплі тавараў на «Аліэкспрэс» і ніколі не было праблем.

Перайшоўшы далей, Мар'яна ўбачыла наступнае: «Залічэнне сродкаў. Для атрымання сродкаў на ваш нумар адпраўлена SMS з кодам пацвярджэння». Прыйшоў код пацвярджэння, і дзяўчына яго ўвяла. Потым быў запыт: увядзіце рэшту на карце для пераводу грошай.

— І вось тут бы ўключыць нарэшце розум! — кажа Марыяна. — Але... рэшта была ўведзена, і праз некалькі секундаў гэтая самая рэшта — усе грошы з карткі перавандравалі на нечы рахунак. Так, я сама вінаватая. Няхай мой сумны вопыт стане для кагосьці ўрокам! Бо ў некага рэшта на карце можа быць у разы большая за маю. Як сказалі ў кол-цэнтры банка, за апошнія пару тыдняў такіх выпадкаў — велізарная колькасць. Я зразумела, што людзі не ведаюць ашуканскіх схем і памыляюцца гэтак жа, як і я. Грошы сыходзяць на замежныя рахункі. Вярнуць іх немагчыма.

Мар'яна ўпэўнена, што ў яе гісторыі быў не адзін, а два махляры (махляркі), якія дзейнічалі разам, каб стварыць ажыятаж, попыт на тавар.

— На наступны дзень «Алена» ў «Вайберы» стала проста нумарам замежнай дзяржавы. Таксама, ужо разважаючы над гэтай гісторыяй, я заўважыла, што па спасылцы, якую скінула мне «Марыя», пасля слова kufar былі літары «vc». Але ж такога не можа быць! Толькі «by»! Адрас ашуканскага сайта можа нязначна адрознівацца ад сапраўднага (напрыклад, kufar.cc або kufar.store), а дызайн будзе вельмі падобны на сапраўдны.

Гісторыя Кацярыны

Кацярына выставіла на продаж дзіцячы самакат. Сын падрос, і яму набылі новы, а ранейшы, маленькі, быў яшчэ цалкам у рабочым стане. На «Куфары» наогул значная частка прадаўцоў і пакупнікоў — гэта мамы. Тут яны прадаюць або абменьваюць дзіцячыя рэчы, а часам і проста дораць тое, з чаго вырасла іх дзіця, для жанчын з маленькімі дзеткамі — выключна карысны рэсурс. Кацярына, мама траіх дзяцей, прадавала і купляла на «Куфары» рэчы ўжо шмат разоў. Як звычайна, яна размясціла аб'яву, на гэты раз аб продажы самаката, і хвілін праз 20 атрымала паведамленне ад нейкай Анжэлы. Тая цікавілася станам самаката, і неўзабаве зносіны з сайта «Куфара» перайшлі ў «Вайбер». Гэта не насцярожыла Кацярыну.

— У мам заўсёды шмат спраў, і тое, што са мной можа перапісвацца махлярка, мне проста не прыйшло ў галаву, — кажа Кацярына. — Хоць, вядома, я чула пра інтэрнэт-махляроў і махінацыі з банкаўскімі карткамі. Але чамусьці заўсёды здавалася, што мяне гэта не закране.

Аб продажы дамовіліся хутка, Анжэла напісала, што кошт яе задавальняе, але сама яна з Брэста і прыехаць за таварам не можа. Прапанавала скарыстацца службай дастаўкі.

— Я адказала, што раней дастаўкай не карысталася, і «пакупніца» ахвотна растлумачыла мне: яна аплачвае тавар, пасля чаго адпраўляе мне спасылку. Я аўтарызуюся, атрымліваю грошы і пасля гэтага адпраўляю ёй тавар праз кур'ера, — расказала чытачка. — Усё быццам бы ясна, але я вырашыла стэлефанавацца з пакупніцай. Раней мы з мамамі, якія прадавалі мне ці куплялі ў мяне рэчы, заўсёды размаўлялі па «Вайберы», а не толькі перапісваліся. Але «Анжэла» не адказала на званок у «Вайберы». Не тое каб гэта мяне насцярожыла, але здалося дзіўным, бо мы толькі што з ёй перапісваліся.

Чытачка перайшла па спасылцы. Назву сайта яна не запомніла, але яго дызайн быў такі ж, як дызайн «Куфара». Запоўніла ўсё, што патрабавалася, — прозвішча, імя і імя па бацьку, адрас і даныя банкаўскай карткі, у тым ліку CVC-код (які пры пераводзе грошай на картку наогул не патрабуецца!).

— Але я ўнесла даныя карткі з мінулага месца работы (яе тэрмін прыдатнасці яшчэ не скончыўся), на якой у мяне амаль не было сродкаў — заставалася капеек 20. Не ведаю, чаму я не ўпісала даныя сваёй зарплатнай карткі. У апошні момант перадумала — і, як я цяпер разумею, гэта было вельмі правільным рашэннем.

Пасля гэтага «Анжэла» знікла і на паведамленні больш не адказвала.

У чым сутнасць махлярства?

Відавочна, што мэта, да якой імкнуцца ашуканцы, — прымусіць уладальніка банкаўскай карткі перадаць ім даныя аб ёй. Схема, абкатаная жулікамі даўно — на многіх рэсурсах, дзе нешта прадаюць і купляюць. «Пакупнік» выходзіць на сувязь у адным з месенджараў, распытвае аб тавары і заваёўвае давер будучай ахвяры. Як правіла, прадстаўляецца махляр жаночым імем — вядома, што ім давяраюць больш. «Пакупнік» выказвае жаданне купіць ваш тавар па перадаплаце і высылае спасылку на фэйкавую старонку, дзе прадавец павінен увесці даныя сваёй банкаўскай карты — нібыта каб атрымаць грошы. Як толькі даныя ўведзены, махляр атрымлівае доступ да рахунку прадаўца.

Яшчэ адзін варыянт таго ж «разводу»: калі ўсе дэталі куплі-продажу агавораны і дамоўленасць аб продажы дасягнута, высвятляецца, што ўяўная «пакупніца» жыве далёка ад вас. Тут і згадваецца «служба дастаўкі». Вам прапануецца перайсці на падроблены сайт, дызайн якога маскіруецца пад сайт, на якім вы размясцілі аб'яву аб продажы. У URL падстаўнога сайта ёсць назва гэтага рэсурсу плюс некалькі «лішніх» знакаў і літар. Перайшоўшы па спасылцы, вы запаўняеце «таблічку»: прозвішча, імя, даныя банкаўскай карты — «А іначай як жа вам перавядуць на яе грошы?» І тым самым даяце ашуканцу ключ да вашых грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на картцы.

Сутыкнуцца з падобным падманам можна не толькі на «Куфары» — глебай для махлярства могуць стаць інтэрнэт-пляцоўкі любых вядомых брэндаў, якім давяраюць спажыўцы і якія ахвотна наведваюць карыстальнікі.

Распрацоўшчыкі платформы «Куфар» выявілі і іншыя ашуканскія схемы, мэта якіх — перавесці грошы з картак даверлівага пакупніка на ўласныя рахункі.

Напрыклад, злачынец «выстаўляе на продаж» тавар па вельмі нізкай цане. Калі пакупнік піша яму, ён пераносіць стасункі ў месенджар. І ўгаворвае на перадаплату або дастаўку. Каб развеяць сумневы, кажа аб новай паслузе халдзіравання сродкаў, якая з'явілася на «Куфары»: калі дастаўкі не будзе, «Куфар» аўтаматычна верне сродкі на карту. І высылае спасылку на падробленую старонку, як дзве кроплі вады падобную на старонку «Куфар Дастаўкі». Далей усё адбываецца па вядомым сцэнарыі: карыстальнік уводзіць даныя сваёй карткі, і з яе спісваюцца ўсе сродкі.

Уласна кажучы, аб ашуканскіх схемах з банкаўскімі карткамі і пра тое, як ад іх засцерагчыся, СМІ ў апошні час пісалі досыць часта. Але такая ўжо чалавечая псіхалогія: мы не звяртаем увагі на падобную інфармацыю, пакуль гэта не закране нас асабіста. А спісаннем сродкаў з карткі матэрыяльныя страты (і проста нязручнасці) ахвяры махлярства не абмяжоўваюцца.

— Мне давялося ў той жа вечар блакіраваць карту, — кажа Мар'яна. — На наступны дзень заказваць новую (а гэта таксама, дарэчы, не бясплатна), запамінаць паролі і мяняць усё ў сваіх звыклых сістэмах анлайн-аплаты...

Як засцерагчы сябе?

Служба падтрымкі рэсурсу «Куфар» размясціла на сайце вычарпальную інфармацыю аб махлярствах з карткамі — з ёй варта азнаёміцца ўсім, хто падае аб'явы. Рэкамендацыі па бяспецы даюць і іншыя рэсурсы. Падагульнім тое, што пішуць спецыялісты з нагоды стварэння бяспекі ад махлярстваў з банкаўскімі карткамі ў сеціве.

  • Перапіску аб тавары вядзіце выключна ў чатах таго рэсурсу, дзе вы прадаяце альбо купляеце. Не сыходзьце ў месенджары або сацсеткі падчас стасункаў з патэнцыйным пакупніком ці прадаўцом. Сістэма бяспекі сур'ёзных рэсурсаў блакіруе спасылкі на фэйкавыя сайты (калі гаварыць пра «Куфар», адрасы «падробак» могуць быць такімі: Kufar.cc, Kufar.store, Kufarpay.sіte). А вось у месенджарах (Vіber, Тelegram, WhatsApp) або сацсетках вы самі адказваеце за бяспеку сваіх грашовых сродкаў. Калі «пакупнік» або «прадавец» з усіх сіл імкнецца перавесці стасункі з вамі з чата рэсурсу ў месенджар, гэта павінна стаць нагодай для сумненняў.
  • Не сканіруйце QR-коды і не пераходзьце па спасылках, калі «пакупнік» або «прадавец» даслаў іх вам у Vіber, Telegram, WhatsApp, сацыяльных сетках. Яны могуць выглядаць як спасылкі на «Куфар», «Белпошту», інтэрнэт-банкінг таго банка, паслугамі якога вы карыстаецеся. Увайдзіце на гэтыя рэсурсы праз афіцыйныя сайты, упісаўшы адрас сайта ў пошукавы радок уручную.
  • Пры размяшчэнні аб'явы аб продажы свой нумар тэлефона лепш схаваць.
  • Абавязкова пераканайцеся, што вы знаходзіцеся менавіта на патрэбным вам рэсурсе, а не на падробленым сайце. Бяспечней за ўсё заходзіць непасрэдна на рэсурс. У прыватнасці, на «Куфар» заходзьце па адрасе https://www.kufar.by або праз дадатак для Androіd і іOS. Заставайцеся на «Куфары» не толькі перапісваючыся з прадаўцом або пакупнікамі, але і заказваючы дастаўку тавару ці пераводзячы грошы на картку.
  • Службы падтрымкі сур'ёзных рэсурсаў, дзе ажыццяўляецца купля і продаж тавараў або паслуг, не адпраўляюць паведамленні на Vіber, Тelegram, WhatsApp. На «Куфары» служба падтрымкі напіша вам на адрас электроннай пошты, якую вы ўказалі пры звароце. І ад службы падтрымкі ні ў якім выпадку не можа паступіць просьба паведаміць баланс карты або назваць поўныя даныя банкаўскай карткі.
  • Заказ тавару з дастаўкай на «Куфары» зрабіць проста — дастаткова проста націснуць на кнопку «Купіць з дастаўкай» пад патрэбнай вам аб'явай. Аплачвайце тавар і дастаўку пры атрыманні пакупкі — кур'еру або ў аддзяленні пошты.
  • Не пералічвайце перадаплату за тавар з падазрона нізкай цаной.

І самае галоўнае!

Нікому не паведамляйце:

  • свае пашпартныя даныя;
  • коды з СМС-паведамленняў банка ці рэсурсу, дзе вы ажыццяўляеце продаж або куплю;
  • CVC/CV2-код — трохзначны код на адваротным баку банкаўскай карткі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.