Вы тут

Бюджэт без сакрэтаў. На што трацяць дапамогу сем'і з дзецьмі


Штогод дзяржава фарміруе закон аб рэспубліканскім бюджэце на год, у якім адлюстравана структура даходаў і выдаткаў краіны. Асноўная частка даходаў — падаткі — больш за 80 %. Выдаткоўваюцца рэсурсы ў тым ліку на сацыяльную палітыку — выплаты пенсій, стыпендый, дапамог па цяжарнасці і родах і гэтак далей.


Напрыклад, у 2020 годзе на сацыяльную палітыку з рэспубліканскага бюджэту плануецца выдзеліць больш за 2,02 млрд. рублёў.

Але ўсё ж за вялікімі сумамі не бачна людзей. Наталля Сацук (прозвішча зменена) адзінокая шматдзетная маці, якая мае дзіця з асаблівасцямі ў развіцці. Яна згадзілася расказаць, якімі сумамі дзяржава дапамагае расціць дзяцей, і на што яе сям'я іх звычайна расходуе.

Дапамога для сямей з дзецьмі

У Беларусі, як і ў многіх краінах, жанчыны, якія чакаюць папаўнення ў сямействе, могуць разлічваць на дапамогу па цяжарнасці і родах. Акрамя таго, прадугледжана аднаразовая выплата дапамогі жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (складае 1 БПМ (бюджэт пражытачнага мінімуму) — 256,1 руб.).

Для сем'яў з дзецьмі прадугледжаны больш за дзесяць відаў дзяржаўных дапамог. Напрыклад, у сувязі з нараджэннем дзіцяці выплачваецца аднаразовая дапамога. За нараджэнне першага дзіцяці сёння сям'я можа адначасова атрымаць 10 БПМ — 2561 руб. За нараджэнне другога дзіцяці і наступных — 14 БПМ (3585,4 руб.) Да наступлення трохгадовага ўзросту дзіцяці выплачваецца дапамога па доглядзе — з 1 жніўня 2020 года гэтая сума складае 427,84 рубля. Дапамога па доглядзе за другім (трэцім, чацвёртым і г. д.) дзіцем, якая таксама выплачваецца да дасягнення ім узросту трох гадоў, складае 488,96 руб.

У некаторых выпадках сем'і могуць прэтэндаваць на падтрымку ў выглядзе бясплатнага харчавання для дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў: напрыклад, калі ў сям'і з'явіліся двайняты або трайняты.

Дапамога для дзяцей

Наталля мае чатырох дзяцей і ўсе выплаты пры іх нараджэнні яна атрымлівала ў пэўны тэрмін.

«Я дакладна ведала, у які дзень і колькі атрымаю, таму прыкладна магла прыкінуць, што наша сям'я можа сабе дазволіць», — прызналася Наталля. Яна, як і многія шматдзеныя, ужо пабудавала кватэру і лічыць гэта значнай падтрымкай з боку дзяржавы.

Немалая эканомія сямейнаму бюджэту — бясплатнае харчаванне дваіх дзяцей у школе на працягу года і дапамога дзяржавы на школьныя рэчы, якая складала прыкладна 80 рублеў на кожнага школьніка. Яна выплачваецца адзін раз перад пачаткам навучальнага года. Яшчэ адно дзіцяці ў Наталлі наведвае садок. Аплата за яго наведванне атрымліваецца прыкладна на 50 працэнтаў меншая, чым у іншых бацькоў.

«Я выдаткоўваю на дзіцячы садок каля 40 рублёў штомесяц. Ведаю, што іншыя бацькі плацяць па 80 рублёў. Дзіця знаходзіца цэлы дзень пад наглядам дарослых, атрымлівае гарачае харчаванне. На самай справе гэта вельмі добрыя ўмовы», — лічыць шматдзетная маці.

Прыемныя і невялікія бонусы для шматдзетных у крамах, а таксама салодкія навагоднія падарункі пад Новы год ад мясцовага выканкама.

Калі ёсць інваліднасць

Дапамога на дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 3 гадоў зараз складае 550,08 руб.; ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў — 256,1 руб. або 307,32 руб. (залежыць ад групы інваліднасці). Бацькі дзіцяці-інваліда таксама маюць права на атрыманне сацыяльнай адраснай дапамогі на набыццё школьных рэчаў, лекаў, адзення і іншага.

Дапамога па доглядзе за інвалідам І групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, пры ажыццяўленні догляду за адной асобай складае 256,10 руб., за дзвюма і больш — 307,32 руб.

Наталлін дзесяцігадовы сын мае чацвёртую ступень страты здароўя, таму жанчына дадаткова атрымлівае яшчэ і дапамогу на яго асобна, на сябе і дапамогу на астатніх дзяцей, якая аказваецца сем'ям, што выхоўваюць дзіця з інваліднасцю (каля 130 рублеў на здаровых і 170 на дзіця з асаблівасцямі ў развіцці). У выніку Наталля атрымлівае «на рукі» каля 1250 рублёў штомесяц на сям'ю з пяці чалавек (бацькі няма). Праз месяц яна выдаткоўвае з сямейнага бюджэту каля 100 долараў на масаж дома сыну з інваліднасцю.

«Увогуле раз на паўгода нам прызначана бясплатная рэабілітацыя з масажам, але, на жаль, у нас не атрымліваецца прайсці рэабілітацыю курсам, — расказвае Наталля. — Я пачынаю вазіць сына на працэдуры, і ён праз тры–чатыры дні падхоплівае інфекцыю. Прыходзіцца заставацца дома і лячыцца. У мяне сын не ходзіць, таму яму неабходны масаж, і я знайшла такое выйсце. Тады ў сына ёсць шанц да канца курса масажу не захварэць».

Інвалідную каляску і спецыяльны абутак для сына Наталля атрымлівае бясплатна.

За кватэру яна плаціць штомесяц прыкладна 80 рублёў, з ацяпленнем трохі больш, на інтэрнэт ідзе каля 40 рублей, за электраэнергію — 40 рублёў, мабільная сувязь яшчэ каля 40 на ўсіх членаў сям'і; старэйшая дачка рыхтуецца да паступлення, і таму сям'і яе падрыхтоўка сёлета абыходзіцца прыкладна ў 180 рублёў штомесяц. Дзеці наведваюць розныя секцыі і гурткі: падрыхтоўчая група музыкальнай школы — 40 рублёў, каратэ — 30, шахматы — 33 рублі. Яшчэ Наталля выдзяляе старшай дачцэ прыкладна раз на год каля 150 рублёў на адзенне, бо яна ўжо амаль дарослая і ёй хочацца самой нешта выбіраць сабе ў крамах.

«У гэтым годзе я і сабе набыла летні абутак, які каштаваў трыццаць рублёў. Але ўсё ж гэта было залішняе. З адзеннем мне дапамагае Асацыяцыя шматдзетных сем'яў; бывае, што знаёмыя аддаюць добрыя рэчы. Чалавек я запаслівы і вельмі акуратны, таму адзенне ўжо амаль некалькі гадоў не набываю».

Усё, што застаецца пасля таго, як набудуць мыйныя сродкі, сям'я траціць на прадукты.

«Ну, наша сям'я — «малаежкі», — смяецца Наталля. — Асноўны рацыён — гэта крупы, гародніна, супы. Не кожны дзень, але ўсё ж і мяса ядзім, у асноўным набываю курынае. Але гэта не з прычыны эканоміі, а з-за таго, што мае дзеці не любяць іншае. Раней хадзілі час ад часу ў аквапарк — малыя яго вельмі любяць, і там ёсць зніжкі для шматдзетных. Але з-за каранавіруса мы пакуль адкладваем такія паходы. А ўвогуле я ўсім задаволена! Разумею, што мы не можам сабе дазволіць паездкі на мора, памяняць мабільнікі на больш сучасныя і якасныя і іншае, але ўсё роўна не лічу сябе беднай. Збольшага мая сям'я мае ўсё неабходнае для жыцця».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».