Вы тут

Другая сусветная хваля. Як разгортваецца пандэмiя?


Пандэмiя каранавiруса ў той цi iншай ступенi мела дачыненне фактычна да усiх краiн свету i закранула ўсе населеныя кантыненты. Колькасць хворых на COVID-19 iмклiва павялiчваецца — спраўджваюцца прагнозы аналiтыкаў аб нарастаннi ўвосень пагрозлiвай другой сусветнай хвалi смяротна небяспечнага захворвання. Калi месяц таму я згадваў 30-мiльённую мяжу захварэлых, то цяпер гэтая сумная лiчба наблiзiлася да 42 мiльёнаў i працягвае расцi ў сярэднiм на 400 тысяч у суткi, паводле даных Унiверсiтэта Джонса Хопкiнса. Памерла больш чым 1,1 мiльёна, амаль 75 тысяч чалавек знаходзiцца ў цяжкiм i крытычным стане. Пяцёрка найбольш пацярпелых краiн — ЗША, Iндыя, Бразiлiя, Расiя i Аргенцiна. Колькасць захварэлых перавышае 1 мiльён i ў Iспанii, да якой па гэтым паказчыку наблiжаюцца Калумбiя i Францыя. Як разгортваецца другая сусветная хваля COVID-19, чаго чакаць далей?


Рызыкi Старога Свету

Сярод кантынентаў па колькасцi новых выпадкаў заражэння каранавiрусам лiдзiруе Еўропа. Тут на гэтым тыднi адпаведная лiчба наблiзiлася да 200 тысяч чалавек у суткi — абсалютны антырэкорд з пачатку пандэмii. Але ёсць i iншыя ацэнкi. Колькасць ахвяр каранавiруса ў Еўропе перавысiла 250 тысяч, падлiчыў нямецкi iнфармацыйны тэлеканал n-tv на аснове даных Еўрапейскага цэнтра прафiлактыкi i кантролю захворвання (ECDC). Афiцыйна зарэгiстраваная колькасць смяротных выпадкаў ад пнеўманii COVID-19 у еўрапейскiх краiнах, уключаючы Расiю i Турцыю, склаў 250 039, паведамiла выданне. Пры гэтым найбольшая колькасць памерлых ад наступстваў каранавiруснай iнфекцыi — у Вялiкабрытанii (43,7 тысячы), за ёй iдуць Iталiя, Iспанiя i Францыя, у кожнай з якiх зафiксавана больш за 30 тысяч смяротных зыходаў.

Генеральны дырэктар Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус б'е трывогу. «Па меры наблiжэння ў Паўночным паўшар'i зiмовага перыяду адбываецца рэзкi рост колькасцi выяўленых выпадкаў захворванняў на COVID-19. Асаблiва гэта датычыцца Расii i Еўропы. Тут у некаторых краiнах колькасць iнфiцыраваных перавысiла пiкавыя паказчыкi сакавiка амаль у тры разы». Тэдрас Гебрэесус таксама адзначыў, што хутка расце колькасць шпiталiзаваных. У некаторых краiнах магчымы крызiс з недахопам месцаў для пацыентаў у шпiталях. Генеральны дырэктар СААЗ звярнуў увагу на магчымыя эпiдэмii грыпу, звязаныя з халодным перыядам, i адзначыў неабходнасць прафiлактычнай вакцынацыi пажылых людзей i медыцынскiх работнiкаў.

Небяспечны лакдаўн

Зноў прыйшоў час глабальных каранцiнаў. Iрландыя стала першай у Еўропе краiнай, якая адважылася пайсцi на другi нацыянальны лакдаўн. Апоўначы ў чацвер у краiне ўступiлi ў сiлу жорсткiя абмежаваннi, якiя будуць доўжыцца шэсць тыдняў. Большасць прадуктовых крам зачынiлася. Людзям загадана заставацца дома, выходзiць можна на працу, у выпадку крайняй неабходнасцi або для фiзiчных практыкаванняў, прычым у радыусе не больш за пяць кiламетраў ад дома. Прымаць гасцей забаронена, пад забаронай большасць масавых мерапрыемстваў — акрамя вяселляў i пахаванняў пры захаваннi мер бяспекi. Улады Iрландыi чакаюць, што мноства людзей страцяць работу. Яны павялiчылi дапамогу па беспрацоўi да 350 еўра ў тыдзень для тых, чыя зарплата перавышала 400 еўра за такi ж тэрмiн.

Нацыянальны лакдаўн абвясцiў i ўрад Чэхii. З крам працуюць толькi прадуктовыя. Людзi змогуць выходзiць толькi на працу i па крайняй неабходнасцi. Прэм'ер-мiнiстр Андрэй Бабiш заявiў, што гэтае рашэнне даецца яму нялёгка, але без нацыянальнага каранцiну сiстэма аховы здароўя ў краiне не вытрымае нагрузкi ўжо праз тры тыднi. У сераду аб станоўчым аналiзе на каранавiрус паведамiў намеснiк прэм'ер-мiнiстра краiны i мiнiстр унутраных спраў Ян Гамачак. 41-гадовы Гамачак — кiраўнiк Сацыял-дэмакратычнай партыi, якая ўваходзiць ва ўрадавую каалiцыю. Адметна, што ён таксама ўзначальвае Цэнтральны крызiсны штаб па пандэмii каранавiруса. Мiнiстр замежных спраў Бельгii 45-гадовая Сафi Вiльмес, у якой у мiнулую суботу быў знойдзены каранавiрус, пераведзена ў рэанiмацыю.

Узмоцнены каранцiнныя меры ў шэрагу iтальянскiх рэгiёнаў. Як заявiў прэм'ер-мiнiстр Францыi Жан Кастэкс, з пятнiцы каменданцкая гадзiна ўведзена яшчэ ў 38 дэпартаментах з-за хуткага распаўсюджвання iнфекцыi. «Другая хваля прыйшла, i сiтуацыя цяжкая», — сказаў Кастэкс на прэс-канферэнцыi, абвяшчаючы аб мерах, якiя наўпрост закрануць распарадак 46 мiльёнаў чалавек (дзве трацiны насельнiцтва Францыi), частка з якiх пражывае на заморскiх тэрыторыях. Кастэкс заявiў, што сiтуацыя будзе перагледжана на будучым тыднi i, калi спатрэбiцца, меры будуць больш жорсткiя. Пакуль абвешчана, што каменданцкая гадзiна будзе дзейнiчаць на працягу шасцi тыдняў.

Каменданцкiя гадзiны ўведзены i ў шэрагу iншых еўрапейскiх краiн. Складаная сiтуацыя ў Германii. Кiраўнiк Iнстытута Роберта Коха Лотар Вiлер назваў сiтуацыю надзвычай сур'ёзнай i заклiкаў суграмадзян строга выконваць меры бяспекi. Вiлер усклаў адказнасць за рэзкi рост захворванняў на моладзь, якая працягвае хадзiць адно да аднаго ў госцi i наладжваць вечарынкi ў памяшканнях.

Разам з тым лакдаўны — даволi сумнiўная мера, адзначаюць эксперты. Сусветная арганiзацыя аховы здароўя (СААЗ) папярэдзiла, што поўнае закрыццё цэлых рэгiёнаў i краiн не спынiць распаўсюджванне каранавiруса. Гэта ўсяго толькi спосаб адтэрмiнаваць распаўсюджванне iнфекцыi, якi прывядзе да далейшага збяднення самых малазабяспечаных слаёў насельнiцтва. Камiсар СААЗ па COVID-19 Дэвiд Набара ў сувязi з гэтым заклiкае сусветных лiдараў не выкарыстоўваць яго як ключавы iнструмент у барацьбе з пандэмiяй.

«Лакдаўн мае толькi адно наступства, пра якое мы нiколi не павiнны забываць, а менавiта тое, што ён робiць бедных яшчэ больш беднымi. Давайце не будзем яго выкарыстоўваць у якасцi асноўнага iнструмента для барацьбы з эпiдэмiяй», — заўважыў Набара. Сусветная арганiзацыя аховы здароўя папярэджвае, што замарожванне эканомiкi i ўсёй сацыяльнай дзейнасцi толькi захавае эпiдэмiю, i як толькi меры будуць адмененыя, вiрус зноў пачне распаўсюджвацца. Так што праблема проста адкладзецца на потым.

«У Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя мы не лiчым лакдаўн галоўным iнструментам барацьбы з вiрусам. Лiчым яго апраўданым толькi ў тым выпадку, калi ён будзе выкарыстаны для рэарганiзацыi — перагрупоўкi сiл i абароны знясiленага медыцынскага персаналу. Але ў цэлым мы аддалi б перавагу таму, каб гэтага не рабiць», — адзначыў Набара. Эксперт заўважыў, што ўрады павiнны знайсцi разумны баланс памiж уздзеяннем на грамадскае здароўе i эканомiку.

Тэсты i вакцыны

Час на правядзенне даследаванняў на «ковiд» максiмальна скароцiцца. Навукоўцы з Сiнгапура прадставiлi новы тэст, якi дазволiць вызначыць наяўнасць у чалавека каранавiруса па яго дыханнi. Пра гэта паведамiла кампанiя-распрацоўнiк Breathonix. Па словах аднаго з кiраўнiкоў праекта, прадстаўнiка Нацыянальнага ўнiверсiтэта Сiнгапура Цзя Чжунаня, «выкарыстанне падобных тэстэраў не патрабуе спецыяльна навучанага персаналу, дыягностыка можа праводзiцца ў найбольш ажыўленых месцах, напрыклад аэрапортах». Вынiкi тэста можна будзе атрымаць на працягу некалькiх хвiлiн.

Вiрусолаг з Бонскага ўнiверсiтэта Хендрык Штрэк абвясцiў аб правядзеннi новага даследавання ў акрузе Хайнсберг, якая ў лютым стала ачагом распаўсюджвання каранавiруса ў Германii. У ходзе даследавання мяркуецца, у прыватнасцi, вывучыць верагоднасць паўторнага iнфiцыравання COVID-19, заявiў ён у вiдэазвароце да жыхароў акругi ў Facebook. Па словах навукоўца, гэтыя даныя важныя для фармiравання мер супраць распаўсюджвання захворвання на той выпадак, калi ў найблiжэйшыя месяцы не з'явiцца надзейная вакцына.

Мяркуючы па вынiках даследавання, праведзенага ў 19 краiнах свету, большасць грамадзян гатовыя прышчапiцца ад каранавiруса. 71,5 працэнта апытаных заявiлi, што «з высокай доляй верагоднасцi» цi «верагодна» прымуць удзел у вакцынацыi ад COVID-19, пасля таго як будзе даступны адпаведны прэпарат. Пры гэтым 61,4 працэнта рэспандэнтаў адзначылi, што ўлiчаць рэкамендацыю свайго працадаўцы ў сувязi з гэтым. У праведзеным у чэрвенi апытаннi праекта Vaccine Confidence, прафiнансаваным Еўрапейскай камiсiяй i фармаканцэрнамi, удзельнiчала каля 13 тысяч чалавек па ўсiм свеце.

Аднак пры гэтым варта быць надзвычай абачлiвымi. Старшыня Сусветнай медыцынскай асацыяцыi Франк Ульрых Мантгомеры перасцярог ад паспешлiвых рашэнняў аб тым, каму варта раней за ўсiх рабiць прышчэпку ад COVID-19 пры з'яўленнi вакцыны. «Важна наогул мець вакцыну ў наяўнасцi», — прыводзяць яго словы выданнi медыягрупы Funke. Па словах Мантгомеры, рашэнне аб першачарговасцi прышчэпак залежыць i ад характарыстык вакцын. Яны грунтуюцца на розных фармакалагiчных прынцыпах, таму некаторыя могуць апынуцца неэфектыўныя для пажылых людзей, патлумачыў эксперт.

Памiж успышкамi

У Польшчы зацвердзiлi падзел на «чырвоную» i «жоўтую» зоны. У «чырвоных» рэгiёнах забароненыя сходы больш за дзесяць чалавек, а таксама ўсе ўрачыстыя мерапрыемствы. Прэм'ер-мiнiстр Польшчы Матэуш Маравецкi заявiў пра пагрозу трэцяй хвалi каранавiруснай iнфекцыi, нягледзячы на тое што ў краiне цяпер «маюць справу» з другой хваляй пандэмii. «Мы сутыкнулiся сёння з вельмi небяспечнай з'явай — другой хваляй, i тут трэба сказаць таксама, што, магчыма, нам пагражае трэцяя хваля, таму што мы залежым ад таго, цi будуць вынайдзены лекi або вакцына ад COVID-19», — заявiў Маравецкi падчас выступлення ў парламенце.

Пры гэтым Ганконг, як паведамляе South China Morning Post, рыхтуецца ўжо нават не да трэцяй, а да чацвёртай хвалi. Улады адмысловага адмiнiстрацыйнага раёна Кiтая змякчылi меры сацыяльнага дыстанцыявання, а таксама абмежаваннi на ўезд у рэгiён. Такiя паслабленнi могуць прывесцi да росту нявыяўленых iнфiцыраваных, а таксама да таго, што турысты будуць прыязджаць з небяспечным багажом. Вынiкам, на думку спецыялiстаў, стане наступленне ўжо чацвёртай хвалi каранавiруса. Яны заклiкаюць як мiнiмум правесцi максiмальна шырокую кампанiю па вакцынацыi ад грыпу i вучыцца на атрыманым вопыце. Пра тое, што Ганконг перажыў ужо трэцюю хвалю эпiдэмii, яшчэ 25 верасня заявiла кiраўнiк рэгiёна Кэры Лам. Паводле яе слоў, гэта быў двухмесячны перыяд, якi пачаўся яшчэ ў лiпенi.

Тым часам медыкi нарвежскага горада Тронхейм сцвярджаюць, што сутыкнулiся з новым тыпам каранавiруса. Спецыялiсты выставілi такую здагадку пасля ўсплёску заражэнняў. Першасны аналiз паказаў, што з такiм варыянтам вiруса медыкi раней не сутыкалiся, прыводзiць выданне Dagbladet словы галоўнага ўрача горада Тувэ Ростада. Узоры вiруса з мясцовай бальнiцы былi адпраўленыя на даследаванне ў Iнстытут грамадскага здароўя Нарвегii. Дакладныя ўласцiвасцi новага тыпу вiруса пакуль невядомыя. Эксперты дапускаюць, што заразiцца iм лягчэй, але не сцвярджаюць, што захворванне будзе працякаць у больш цяжкай форме. Пандэмiя працягваецца.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.