Вы тут

Каб правесцi вясельную цырымонiю ў адпаведнасцi са старадаўнiмi абрадамi, у Капыльскi краязнаўчы музей прыязджаюць пары з розных куткоў Беларусi


Яшчэ гадоў 30 таму маладыя i iх госцi былi непатрабавальныя i не разбэшчаныя. Абмен пярсцёнкамi, пацалунак, лебедзi на капоце, немудрагелiстыя конкурсы для гасцей, разразанне торта —  вось, напэўна, i ўвесь няхiтры набор вясельных рытуалаў «па-савецку». Сёння адзiн з найважнейшых дзён у жыццi кожнай пары жанiх i нявеста хочуць зрабiць сапраўды незабыўным. «Творчыя вяселлi» i «эка-вяселлi», у «вясковым стылi» i ў стылi культавых серыялаў, вяселлi ў старадаўнiх сядзiбах, у лесе, на беразе мора... Галоўнае, каб хапiла грошай, а фантазiя ў wedding-агенцтваў не заканчваецца.


Адзiн з галоўных вясельных трэндаў апошнiх гадоў — аўтэнтычныя вяселлi ў народным стылi, са старадаўнiмi касцюмамi i абрадамi. I гэта, дарэчы, не патрабуе значных матэрыяльных укладанняў. Напрыклад, маладыя пары, якiя цiкавяцца вяселлямi з беларускiм нацыянальным каларытам, прыязджаюць у Капыльскi краязнаўчы музей.

Памiж мiнулым i будучым

Тут вясельныя цырымонii пачалi праводзiцца яшчэ ў 2008 годзе — нават раней, чым такую магчымасць прапанавалi жанiхам i нявестам музеi ў Мiнску i абласных цэнтрах. Дарэчы, калектыў капыльскага музея — наватар не толькi ў гэтым. Ён стаў адным з першых, дзе большасць экспанатаў можна патрымаць у руках.

— Гэта робiць музей жывым, цiкавым для наведвальнiкаў, — кажа яго дырэктар Валянцiна Шуракова. — Патрымаць у руках гiсторыю — хiба гэта не цiкава!

Экспазiцыя Капыльскага краязнаўчага музея ўнiкальная — тут усе рэчы сапраўдныя, старадаўнiя. Нiякiх муляжоў. А як наконт традыцыйнага «галаўнога болю» музейшчыкаў — захаванасцi экспанатаў?

— Гэта, вядома, вельмi важна, — тлумачыць суразмоўца. — I мы робiм для гэтага ўсё. Але не менш важна, каб людзi маглi ў прамым i пераносным сэнсе дакрануцца да гiсторыi сваёй зямлi i адчуць сувязь з яе мiнулым i будучыняй.

За 12 гадоў, якiя ў Капыльскiм краязнаўчым музеi праводзяцца аўтэнтычныя вясельныя цырымонii, сюды прыязджалi самыя розныя пары. Часцей, вядома, нявесты — у пышных вясельных сукенках з дэкальтэ, а жанiхi — у сучасных касцюмах, але бывае, што ўборы маладых i iх гасцей вытрыманы ў строгай адпаведнасцi з канцэпцыяй народнага вяселля.

— Мне запомнiлася пара з Мiнска — i жанiх, i нявеста, i госцi былi апранутыя ў старадаўнiя строi. Малады — у кашулю з лёну, такiя ж штаны, белыя валёнкi. Маладая — таксама ў валёначках, у доўгай белай даматканай кашулi i ў маленькай безрукаўцы. Гасцей было няшмат, толькi моладзь — i ўсе яны ў беларускiх строях. Гэта было проста выдатна!

Пахадзiць па музейных залах i «пагуляць у даўнiну» i маладым, i iх гасцям бывае значна цiкавей, чым увесь вечар прасядзець за сталамi, заўважае дырэктар музея.

— Ну а мы, праводзячы вясельную цырымонiю, прыцягваем у нашы залы шмат людзей, якiя ў iншай сiтуацыi ў музей, хутчэй за ўсё, не прыйшлi б. I некаторыя з гасцей тых вяселляў вяртаюцца ў музейныя залы ўжо самi, каб пазнаёмiцца з гiсторыяй сваёй зямлi ў больш спакойнай абстаноўцы.

Адчуй сябе князем

Адразу з ЗАГСа маладыя адпраўляюцца ў музей, дзе iх чакаюць выпрабаваннi i старадаўнiя абрады. Каля ўваходу ў будынак маладых сустракаюць супрацоўнiкi музея, апранутыя ў нацыянальнае адзенне — капыльска-клецкi строй. Маладая пара праходзiць праз арку са стужкамi i сустракае на сваiм шляху першую перашкоду. Проста на парозе ляжыць чырвоная стужка.

— Даўней такую стужку клалi на парог дома, куды малады павiнен весцi сваю жонку, — расказвае суразмоўца.

I гэтую перашкоду трэба пераадолець правiльна. Нi ў якiм разе не павiнен малады муж пераступаць стужку самастойна, пакiнуўшы жонку за спiнай — гэта дрэнная прыкмета. Ён мусiць узяць каханую на рукi i пераступiць праз перашкоду разам з ёй.

— Калi малады не можа сцямiць, што рабiць, мы прапануем яму папрасiць падказку ў старэйшага пакалення гасцей, — кажа Валянцiна Леанiдаўна.

Лагiчна, што капыльскi музей стаў своеасаблiвым цэнтрам вясельнай абраднасцi. Бо сама назва гэтага старадаўняга горада нiбыта складзена з iмёнаў двух закаханых. Паводле падання, там, дзе цяпер стаiць Капыль, у даўнiя часы ўзвышаўся грозны замак багатага князя. Недалёка ад замка цякла рэчка, якая разлiвалася возерам каля княжацкiх муроў. У князя была адзiная дачка-прыгажуня. Як водзiцца, палюбiла князёўна звычайнага пастуха. У адну навальнiчную ноч закаханыя вырашылi ўцячы, каб ажанiцца i пазбавiцца ад саслоўных абмежаванняў. Князь адправiў за дачкой пагоню. Але возера схавала закаханых, накрыўшы iх велiзарнай хваляй. Даведаўшыся, што любiмая дачка патанула, князь пракляў возера i раку, i ў той жа момант яны сышлi ў зямлю. А на iх месцы з часам з'явiўся горад, назва якога спалучыла iмёны князёўны i яе каханага — Ко-поль (закаханых звалi Коля i Поля), а пазней — Капыль. Гэтая легенда распавядаецца маладой пары. Пад апладысменты гасцей iм уручаецца «княжацкая грамата», якая сведчыць аб тым, што яны заключылi шлюб.

На старадаўнiм гербе Капыля — ражок: гэта старажытны край паляўнiчых. I наваяўленаму мужу прапануецца даказаць, што ён — добры здабытчык. Лук, стрэлы i мiшэнь — далёка не кожны сучасны мужчына здольны справiцца з задачай!

— Гэтая частка цырымонii праходзiць заўсёды вельмi азартна, — усмiхаецца Валянцiна Шуракова. — Госцi з абодвух бакоў актыўна «хварэюць» за маладога, падбадзёрваюць яго i даюць парады. Калi ў мужа не вельмi атрымлiваецца, на дапамогу прыходзiць «дружына маладога князя» — сябры жанiха. А бывае, маладая адбiрае ў мужа лук i трапна пускае стралу ў цэль!

Магiя кахання i згоды

Дарогу перад маладой парай у наступную залу вядучыя густа пасыпаюць старадаўнiмi манетамi — такiя дэталi вясельнай абраднасцi ўзыходзяць да дахрысцiянскай магii ўрадлiвасцi i багацця.

— У арыгiнале маладых трэба абсыпаць манетамi, — тлумачыць суразмоўнiца. — Але ж усе гэтыя манеты нам неабходна потым сабраць. А з сукенак сучасных нявест павытрасаць iх нялёгка! Так што ў нас маладыя танчаць на «золаце». Сутнасць абраду захоўваецца: чым больш манет прылiпне да iх падэшваў, тым багацейшае будзе жыццё.

Зрэшты, як расказалi ў музеi, на дарожцы з манет скачуць i госцi — усiм жа хочацца быць багатымi!

Выпрабаваннi падчас вясельнай цырымонii чакаюць не толькi «князя», але i «княгiню». Напрыклад, дзяўчыне прапануецца папрасаваць ручнiк з дапамогай старадаўняга драўлянага праса. Як гэта зрабiць, яна павiнна зразумець сама. Зрэшты, падказваць гасцям не забараняецца. За парадай варта звярнуцца да найбольш старэйшых з прысутных. Калi ж i яны занадта маладыя для таго, каб ведаць, як карыстацца прыладай, застаецца мазгавы штурм з удзелам галоўнага дарадцы дзяўчыны з гэтага часу i на ўсё жыццё — яе выбраннiкам.

Менавiта тут фатаграфii атрымлiваюцца асаблiва цiкавыя — часам вясёлыя, часам кранальныя i сiмвалiчныя, адзначаюць супрацоўнiкi музея.

— Напрыклад, прыгожая рука нявесты i побач — натруджаная рука яе прабабулi. I дзве жанчыны разам з дапамогай старадаўняга прыстасавання прасуюць нацыянальны ручнiк, на якiм традыцыйная старадаўняя вышыўка.

Падчас вандроўкi па экспазiцыi музея пару чакае яшчэ мноства «прыпынкаў». Маладых водзяць вакол стала з караваем — сакральнага цэнтра жыцця сям'i. Гэты хлеб, спечаны паводле ўсiх старадаўнiх тонкасцяў, яны павязуць дадому: яго нельга рэзаць да канца вясельных святочных дзён. Маладую саджаюць на накрыты кажухом куфар з пасагам (чым большы быў куфар, тым больш працавiтай i ўмелай лiчылася жонка). Пары ўручаюцца скураныя куфэркi ручной работы для пярсцёнкаў — свайго роду абярэгi любовi i вернасцi. Куфэркi гэтыя дораць маладым людзi сталага ўзросту. Прадстаўнiкоў горада i найстарэйшых яго жыхароў супрацоўнiкi музея абавязкова запрашаюць на правядзенне вясельных цырымонiй. Пераемнасць пакаленняў, паняцце «род» у даўнiну складалi аснову вясельных абрадаў.

— Акрамя таго, — тлумачыць дырэктар музея, — пажылыя людзi, якiя выйшлi на пенсiю, часта адчуваюць, што выпалi з жыцця: iм падаецца, што яны сталi непатрэбныя, нiбыта перажылi свой час. Мы ж паказваем iм, наколькi iх жыццёвы вопыт важны. Даказваем, што яны запатрабаваныя ў сучасным жыццi. Для iх гэта — стымул жыць далей.

Сваццям або сведкам падчас цырымонii ўпотай ад маладых уручаецца абрадавая лялька-кувадка — магутны славянскi абярэг, якi варта падарыць маладым у фiнале святочнага вечара. Уласна, такiх лялек дзве, яны сiмвалiзуюць мужа i жонку, але рука ў iх усяго адна на дваiх: яна ўвасабляе непарыўную сувязь памiж людзьмi, што кахаюць адно аднаго. Гэтую руку трэба берагчы — пакуль яна не надламаная, нябачная нiтка кахання трывае i нiшто не ў сiлах яе разарваць.

Дзiяна РОНIНА

Загаловак у газеце: Шлюбная гiсторыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.