Вы тут

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў


У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. Сярод герояў бiтвы на беларускай зямлi ў чэрвенi 1941 года — генерал Якаў Рыгоравiч Крэйзер. 4 лiстапада 2020 года спаўняецца 115 гадоў з дня яго нараджэння.


Маршал Савецкага Саюза Георгiй Жукаў у мемуарах «Успамiны i разважаннi» адзначаў: «На рацэ Бярэзiна нашы войскi асаблiва ўпарта бiлiся ў раёне горада Барысава, дзе змагалася Барысаўскае танкавае вучылiшча, якiм кiраваў дывiзiённы камiсар I. З. Сусайкоў. Да гэтага часу туды падышла 1-я Маскоўская мотастралковая дывiзiя пад камандаваннем генерал-маёра Я. Р. Крэйзера. Генералу Крэйзеру, якi падпарадкаваў сабе Барысаўскае танкавае вучылiшча, удалося затрымаць узмоцненую 18-ю танкавую дывiзiю працiўнiка больш чым на двое сутак. Гэта тады мела важнае значэнне. У гэтых бiтвах генерал Я. Р. Крэйзер блiскуча паказаў сябе».

Якаў Крэйзер нарадзiўся ў Варонежы ў небагатай сям'i дробнага гандляра. Адукацыю атрымаў у класiчнай гiмназii. У гады Грамадзянскай вайны 17-гадовы юнак паступiў добраахвотнiкам у Чырвоную Армiю, у 1923 годзе скончыў 22-ю Варонежскую пяхотную школу, у 1931 годзе — Вышэйшую тактычна-стралковую школу каманднага саставу рабоча-сялянскай Чырвонай Армii — курсы «Стрэл». З 1927 года, з моманту фармiравання ў сталiчным гарнiзоне дывiзii, якая атрымала назву Маскоўскай Пралетарскай стралковай, i да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны Якаў Крэйзер служыў у гэтым злучэннi. 1-ю Маскоўскую мотастралковую дывiзiю даваенных гадоў можна без перабольшання называць своеасаблiвай палявой акадэмiяй РСЧА. З 1930 года дывiзiя была пераведзена на кадравую аснову, цалкам укамплектаваная асабовым складам i займалася iнтэнсiўнай баявой падрыхтоўкай. Яна ўдзельнiчала ў мностве эксперыментальных вучэнняў, адной з першых асвойвала новую па тых часах тэхнiку — галоўным чынам на вучэбных палях у раёне Алабiна. Там i мужнеў, набiраўся вопыту Якаў Крэйзер.

16 жнiўня 1936 года ў газетах была апублiкавана Пастанова ЦВК СССР аб узнагароджаннi ордэнамi шэрагу выдатнiкаў баявой i палiтычнай падрыхтоўкi РСЧА. Камандзiр вучэбнага батальёна маёр Якаў Крэйзер быў прадстаўлены да найвышэйшай узнагароды — ордэна Ленiна. У 1941 годзе ён скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага начальнiцкага саставу пры Ваеннай акадэмii iмя М. В. Фрунзэ.

У сакавiку — жнiўнi 1941 года Якаў Крэйзер камандаваў 1-й Маскоўскай мотастралковай дывiзiяй 20-й армii. Да пачатку вайны дывiзiя ўяўляла сабой добра падрыхтаванае i забяспечанае ў баявым плане злучэнне. Колькасны склад дывiзii — да 12 тысяч чалавек.

«Ваенна-гiстарычны часопiс» у № 6 за 1966 год апублiкаваў фундаментальны артыкул генерала Якава Крэйзера «У баях памiж Бярэзiнай i Дняпром». Вось як апiсвае камдзiў вестку пра пачатак Вялiкай Айчыннай вайны. «Па-баявому, коратка i ўсхвалявана гучалi на палкавых мiтынгах выступленнi камандзiраў, палiтработнiкаў, байцоў. Настрой ва ўсiх адзiн — упэўненасць у перамозе над ворагам, хутчэй на фронт, хутчэй бiць фашыстаў! 22 i 23 чэрвеня 1-я Маскоўская мотастралковая дывiзiя, якая папоўнiлася да штату ваеннага часу асабовым складам i баявой тэхнiкай, атрымала першы баявы загад. Дывiзii ставiлася задача: здзейснiць марш па маршруце Масква — Вязьма — Смаленск — Барысаў, а затым заняць абарону на рубяжы ракi Бярэзiна i не дапусцiць прарыву нямецка-фашысцкiх войскаў у напрамку Барысаў, Орша».

У тыя днi многiя злучэннi Заходняга фронту, прабiваючыся з акружэння, адыходзiлi за Бярэзiну; утрыманне горада i асаблiва перапраў на рацэ набывала важнае аператыўнае значэнне. Выкананне гэтых задач дазваляла захаваць жывую сiлу i выйграць час для разгортвання на Дняпры рэзерваў, якiя рухалiся з глыбiнi краiны. У баях Якаў Крэйзер забяспечыў вядзенне паспяховых баявых дзеянняў на галоўным напрамку армii. Масавы гераiзм, незвычайную стойкасць i жалезную вытрымку праявiлi воiны ў гэтыя цяжкiя днi. У кнiзе «Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга» прыводзiцца такi прыклад. Камандзiр узвода малодшы лейтэнант Ягор Мiнiн, атрымаўшы дазвол на адыход з пазiцыi, працягваў абараняць мост праз раку Бярэзiна, пакуль не загiнуў. Тут, у баях у раёне Барысава, мужна змагаўся лейтэнант Рубэн Iбаруры, сын вядомай iспанскай iнтэрнацыяналiсткi Далорэс Iбаруры. Ён быў камандзiрам кулямётнага ўзвода 175-га мотастралковага палка. Адбiваючы атаку працiўнiка, яго кулямётчыкi нанеслi вялiкi ўрон фашыстам. А калi гiтлераўцы знiшчылi апошнi кулямёт, Рубэн з групай кулямётчыкаў, што засталiся ў жывых, узброiўшыся гранатамi, кiнуўся на фашысцкiя танкi. У гэтай сутычцы Рубэн быў цяжка паранены. За адвагу i гераiзм у баях на Бярэзiне ў лiпенi 1941 года ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Нягледзячы на гераiчныя намаганнi нашых воiнаў, вытрымлiваць нацiск фашысцкiх танкаў i амаль бесперапынныя налёты авiяцыi працiўнiка, якая панавала ў паветры, станавiлася ўсё цяжэй. Да канца дня 3 лiпеня 1941 года гiтлераўцам удалося пашырыць плацдарм у раёне Стара-Барысава i развiць поспех уздоўж аўтамагiстралi Масква—Мiнск. Каб затрымаць далейшае прасоўванне ворага, палкоўнiк Якаў Крэйзер вырашыў сiламi танкавага i мотастралковага палкоў контратакаваць групу працiўнiка, якая прарвалася ўздоўж аўтамагiстралi.

Падчас гэтага разгарэўся буйны танкавы бой, з абодвух бакоў у iм удзельнiчала звыш 300 танкаў. У вынiку контратакi ўдалося затрымаць наступленне ворага да вечара 4 лiпеня.

Для барацьбы з танкамi, якiя прарвалiся на ўчастку 175-га мотастралковага палка, шырока выкарыстоўвалiся бутэлькi з гаручай сумессю. Так, увесь батальён старшага лейтэнанта А. С. Шчаглова быў перакiнуты з Чарняўскай пераправы да аўтастрады. Гэтаму батальёну, якi ўпершыню ў дывiзii выкарыстаў бутэлькi з гаручай сумессю, удалося падпалiць да пятнаццацi танкаў i затрымаць iх прасоўванне. За праяўлены ў баi гераiзм старшы лейтэнант Шчаглоў быў узнагароджаны ордэнам Ленiна.

Па ўспамiнах Якава Крэйзера, у вынiку баёў у раёне Барысава ворагу быў нанесены немалы ўрон у жывой сiле i ў тэхнiцы (за тры днi працiўнiк страцiў да 60-70 танкаў i да 2-3 тысяч салдат i афiцэраў). Контратака дапамагла прыпынiць наступленне ворага на цэлыя суткi. Адыходзячы затым у напрамку Оршы, 1-я Маскоўская мотастралковая дывiзiя, група I. З. Сусайкова i частка сiл 13-й армii Заходняга фронту ўпартай абаронай i контратакамi вымотвалi наступаючыя нямецкiя злучэннi.

Указам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лiпеня 1941 года палкоўнiку Крэйзеру Якаву Рыгоравiчу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Ленiна i медаля «Залатая Зорка». Ва ўказе адзначалася, што ў цяжкiх бiтвах палкоўнiк Крэйзер «умела i рашуча кiраваў баявымi аперацыямi дывiзii. Забяспечваў паспяховыя баi на галоўным кiрунку армii. Сваiм асабiстым удзелам, бясстрашнасцю i геройствам уцягваў у бой падраздзяленнi дывiзii». Яму першаму з камандзiраў дывiзiй Чырвонай Армii было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Газета «Красная звезда» ў перадавым артыкуле ад 23 лiпеня 1941 года пiсала, што «Крэйзер Я. Р. — першы з мужных камандзiраў пяхоты — удастоены высокай узнагароды за адвагу i геройства, праяўленыя на фронце барацьбы з фашызмам, умела кiраваў боем злучэння, натхняў асабiстым прыкладам сваiх падначаленых, быў паранены, але не сышоў з поля бою».

У гэты першы, самы цяжкi перыяд вайны, iмя Крэйзера ў колах радавых чырвонаармейцаў i малодшых камандзiраў стала сапраўдным сiмвалам першых перамог над акупантамi.

У лiпенi 1941 года Якаў Крэйзер вывеў сваю дывiзiю з акружэння i прыняў удзел у Смаленскай абарончай бiтве. 7 жнiўня ён атрымаў воiнскае званне генерал-маёра, у жнiўнi—снежнi 1941-га — стаў камандаваць 3-й армiяй Бранскага, затым Паўднёва-Заходняга франтоў, на чале якой удзельнiчаў у Смаленскай бiтве i ў Маскоўскай абарончай аперацыi, а таксама ў пачатку контрнаступлення савецкiх войскаў пад Масквой. Ваяваў на Заходнiм, Бранскiм, Паўднёва-Заходнiм, Сталiнградскiм, Паўднёвым, 4-м Украiнскiм, Ленiнградскiм, 1-м i 2-м Прыбалтыйскiх франтах. Удзельнiк многiх паспяховых наступальных аперацый, баёў за вызваленне Данбаса, на Перакопскiм перашыйку, за авалоданне гарадамi Новачаркаск, Мелiтопаль, Сiмферопаль, Севастопаль, Шаўляй, Елгава.

У лiпенi 1944-га пад камандаваннем генерала Крэйзера войскi 51-й армii ўдзельнiчалi ў баявых дзеяннях у раёне Полацка Вiцебскай вобласцi ў Беларускай стратэгiчнай наступальнай аперацыi «Баграцiён».

Камандуючы 1-га Прыбалтыйскага фронту Iван Баграмян у мемуарах «Так iшлi мы да перамогi» пiсаў: «Крэйзер з першых дзён вайны знаходзiўся ў баях, камандуючы рознымi агульнавайсковымi аб'яднаннямi. 51-ю армiю, якая перадавалася нам з рэзерву Стаўкi, Крэйзер узначальваў ужо амаль год i заслужана лiчыўся адным з самых вопытных i правераных у баях камандармаў. Мне ён вельмi падабаўся сваёй настойлiвасцю ў дасягненнi мэты, аптымiзмам i ўменнем хутка арыентавацца ў складанай абстаноўцы».

Пасля заканчэння Вялiкай Айчыннай вайны Якаў Крэйзер камандаваў 45-й i 7-й гвардзейскiмi армiямi Закаўказскай ваеннай акругi. У красавiку 1949 года скончыў Вышэйшыя акадэмiчныя курсы пры Ваеннай акадэмii iмя К. Я. Варашылава. Паслядоўна камандаваў войскамi Паўднёва-Уральскага, Забайкальскага, Уральскага, Далёкаўсходняга ваенных акругоў.

У красавiку 1962 года яму прысвоена званне генерала армii. З лiстапада 1963-га да мая 1969 года ўзначальваў Цэнтральныя афiцэрскiя курсы «Стрэл». З мая 1969 года — ваенны iнспектар-дарадца Групы генеральных iнспектараў Мiнiстэрства абароны СССР.

Якаў Крэйзер памёр 29 лiстапада 1969 года. Пахаваны на Новадзявочых могiлках у Маскве.

Мiкалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: «Мужны камандзiр пяхоты»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.