Вы тут

«Лiстапад-2020»: любоў да кiно яднае насуперак абставiнам


Ужо зусiм хутка, з 6 да 13 лiстапада 2020 года, ХХVII ММКФ «Лiстапад» зноў збярэ разам спецыялiстаў i аматараў кiно. Сёлетнi кiнафорум пройдзе пад слоганам «Магiя вобраза», якi чарговы раз падкрэслiвае ўнiкальную прыроду кiно — яно здольнае ва ўсёй паўнаце раскрыць свет вакол нас. Да ўдзелу заяўлена каля 120 карцiн з 50 краiн свету. Расказваем, па якiх правiлах пройдзе свята i што змогуць выбраць для прагляду аматары кiнамастацтва.


Сiмвал фестывалю — герой казачнай прытчы Уладзiмiра Бычкова «Горад майстроў» (гэтай знакавай кiнастужцы сёлета спаўняецца 55 гадоў). Яна ўсхваляла свабоду i патрыятызм, гераiзм i волю, што дазволiла казку ператварыць у кiно на ўсе часы. На фестывальнай афiшы герой «Горада майстроў» — падмятальшчык Караколь — яркiм акцэнтам упiсаны ў прастору Мiнска, горада, дзе i праходзiць традыцыйны кiнафорум.

Цырымонiя адкрыцця i закрыцця фестывалю адбудзецца ў кiнатэатры «Масква», а паказы пройдуць у кiнатэатрах «Цэнтральны», «Беларусь», «Пiянер», Falcon Club Буцiк Кiно i Silver Screen у Galileo. Фiльмамi адкрыцця i закрыцця сталi «Урокi фарсi» Вадзiма Перэльмана i «Iкар» Мацея Пепшыцы.

Праграма асноўнага конкурсу iгравога кiно сёлета сабрала карцiны буйных мiжнародных кiнафестываляў, што былi зняты ў постсацыялiстычных краiнах. Тут пакажуць дзевяць кiнафiльмаў, сярод якiх «Прыцемкам» Шарунаса Бартаса, «Вецер у галаве» Шуцзюнь Вэй, «Канферэнцыя» Iвана I. Цвярдоўскага, «Эдэм» Агнес Кочыш, «Сапернiк» Маркуса Ленца i iншыя. У кожнай з прадстаўленых работ падымаюцца вечныя i важныя тэмы.

Падчас прэс-канферэнцыi каардынатар фестывалю Мiкалай Лаўранюк, якi анансаваў праграму Нацыянальнага конкурсу, заўважыў, што «Лiстапад» па-ранейшаму застаецца мостам у свет для айчыннай кiнаiндустрыi:

— Беларускае кiно пакуль яшчэ знаходзiцца ў няпростай сiтуацыi, аднак гэтая пляцоўка дыялогу вельмi важная для прафесiяналаў i гледачоў.

Як вядома, сёлета змянiўся фармат уручэння прызоў: арганiзатары адмовiлiся ад размяжоўвання ўзнагарод па секцыях iгравога, анiмацыйнага i дакументальнага кiно. Цяпер журы будзе абiраць адзiны Гран-пры за найлепшы фiльм, а таксама адзначаць дыпломамi i прызамi асобныя кiнастужкi. На ўдзел у Нацыянальным конкурсе было пададзена каля 60 заявак, з iх больш чым дзясятак кiнастужак трапiлi ў праграму. Так, зможам убачыць «Эпiтафiю» Вiктара Аслюка (аповед пра сакральнасць могiлак), «Код продкаў» Уладзiмiра Луцкага (работа, прысвечаная даследаванню беларускага i ўкраiнскага фальклору, сувязям i гiсторыi двух народаў), дэбютны поўны метр «Забароненая зона» Мiтрыя Сямёнава-Алейнiкава (трылер, дзея якога адбываецца ў чарнобыльскай зоне), «Мне трэба поцiскаў...» Андрэя Куцiлы (гiсторыя ўзаемаадносiн мацi i дачкi-iнвалiда) i iншыя цiкавыя кiнакарцiны.

На конкурс нацыянальных кiнашкол, на якi адбiраюцца найлепшыя работы маладых дакументалiстаў з розных краiн, прыйшло каля 200 заявак, а ў вынiковую праграму трапiла 19 з кiнашкол Расii, Харватыi, Нарвегii, Польшчы, Венгрыi, Германii, Швейцарыi, Iталii, Славакii, ЗША, Боснii i Герцагавiны. Напрыклад фiльм «Чыстае палатно. Мастацтва сям'i» кiтайскi рэжысёр Маамаа Чжаа прысвяцiла свайму бацьку, якi пасля iнсульту на дзесяць гадоў кiнуў маляваць. Кiнаработа «Пустэча ўнутры» падымае пытанне, якую цану чалавек згодны працiць за сваю мару i цi варты вынiк таго? I кожная кiнастужка — гэта гiсторыя, якая не пакiне гледача абыякавым, а дасць падставу разважаць i абмяркоўваць убачанае на экране. Як паведамлялi раней, сёлета на конкурсе змянiлiся правiлы: акрамя Мiжнароднага журы кiнематаграфiстаў кiнастужкi будзе ацэньваць таксама Мiжнароднае студэнцкае журы, у складзе якога будуць самi ўдзельнiкi конкурсу. То-бок, з'явiцца пляцоўка для абмеркавання работ i магчымасць будаваць мiжнародную суполку маладых рэжысёраў.

Фiльмы з Расii, Германii, Сербii, Харватыi, Катара, Латвii, Нарвегii, Швецыi, Аўстрыi i iншых краiн зможам убачыць на асноўным конкурсе дакументальнага кiно, якi будзе дэманстраваць 12 карцiн рознай тэматыкi. Напрыклад, трылер «Толькi д'ябал жыве без надзеi» Магнуса Эртэна заснаваны на рэальных падзеях i распавядае гiсторыю кахання i здрады, шпiянажу i палiтычных забойстваў. «Мая любiмая вайна» — гэта асабiстая гiсторыя рэжысёра Iлзэ Буркоўска-Якабсэн, якая падчас «халоднай вайны» жыла ў Латвii. Стужка аб сталеннi чалавека, пошуках сябе i спробах пазбегчы iдэалагiчнага прэсiнгу пры аўтарытарным рэжыме. Кiнастужка «Epicentro» Хуберта Заўпера дэманструе яркi i метафарычны партрэт посткаланiяльнай «утапiчнай» Кубы i з'яўляецца фiльмам-роздумам аб часе, iмперыялiзме i кiнематографе.

Што да конкурсу фiльмаў для дзiцячай i юнацкай аўдыторыi, то тут адабраны i заяўлены ў праграме такiя карцiны, як «Клуб брыдкiх дзяцей» (Нiдэрланды), «Летнiя гарэзы» (Германiя, Славакiя), «Райскi лагер» (Фiнляндыя), «Сёстры» (Нарвегiя), «Зграя» (Чэхiя, Славакiя, Латвiя), «Джэкi i Оп'ен» (Нiдэрланды). I ўсе яны — пра жыццё «тут i зараз», пра эвалюцыю сталення, спробу падлеткаў самастойна вырашаць свае праблемы i прымаць рашэннi.

Яшчэ адзiн конкурс фестывалю пад назвай «Маладосць на маршы» ў праграме сабраў 11 кiнастужак, дзе будуць прадстаўлены як дэбюты, так i работы маладых рэжысёраў, якiя ўжо паспелi заявiць пра сябе ў творчасцi.

Сёлета «Лiстапад» ладзiцца ў няпростых для ўсёй кiнаiндустрыi ўмовах, але ўсё ж такi чакае сустрэчы са сваёй публiкай i гасцямi. Так, для замежных членаў журы i прадстаўнiкоў медыя дырэкцыя форуму рыхтуецца правесцi яго ў анлайн-фармаце. Паказы для гледачоў пройдуць у кiнатэатрах з забеспячэннем сацыяльнага дыстанцыявання i ўсiх мер бяспекi.

Алена ДРАПКО

Фота: listapad.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».