05 снежня, субота

Вы тут

У Беларускiм дзяржаўным музеі гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны выстаўлены арыгіналы карыкатур ваеннага часу


Беларускi дзяржаўны музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны запрашае пазнаёмiцца з савецкай графiкай i карыкатурай ваеннага часу. У наведвальнiкаў ёсць унiкальная магчымасць пабачыць арыгiналы, створаныя ў перыяд з 1939 па верасень 1945 года. Такiя дакументы не часта выстаўляюцца на паказ. Справа ў тым, што тэрмiн захоўвання паперы — сем дзесяцiгоддзяў, а размешчаным на часовай экспазiцыi работам ужо каля 80 гадоў, i для таго каб гэтая спадчына была даступная i наступным пакаленням, музейшчыкi ствараюць для яе захоўвання спецыяльныя ўмовы. Дарэчы, выстаўка «Зброяй мастацтва» будзе працаваць толькi да 27 лiстапада.


Агiтацыйныя бомбы

За­ха­валь­нi­ца ка­лек­цыi пла­ка­таў Га­лi­на Паў­лоў­ская  зна­ё­мiць з ра­бо­та­мi, якiя пры­све­ча­ны па­дзе­ям у Бе­ла­ру­сi.

Сёння калекцыя музея савецкага палiтычнага плаката перыяду Вялiкай Айчыннай вайны налiчвае каля 500 арыгiналаў па 400 найменнях. Над яе стварэннем працавала не адно пакаленне работнiкаў установы, таму невыпадкова выстаўка прымеркавана да 76-годдзя самога музея.

Першыя плакаты ўстанова атрымала адразу пасля яе стварэння ад Беларускага штаба партызанскага руху. Асобныя экзэмпляры перадавалi калегi з iншых гарадоў. Многiя работы, якiя вызначаюцца мастацкай i гiстарычнай каштоўнасцю, работнiкi прывозiлi з камандзiровак, закуплялi ў калекцыянераў, атрымлiвалi ў падарунак ад самiх творцаў цi iх сваякоў. Напрыклад, пяць гадоў таму ўстанову наведала ўдава ленiнградскага мастака Мiхаiла Гардона, якi ў гады вайны працаваў у блакадным горадзе, i перадала музею арыгiнальны плакат часоў вайны.

У ваенныя гады сродкi масавай iнфармацыi i агiтацыi выйшлi на перадавую. Плакат быў адным з самых распаўсюджаных iнструментаў новай iнфармацыйнай вайны. Нездарма ў той час яго называлi «агiтацыйнай бомбай». Мастацтва падтрымлiвала i ўмацоўвала баявы дух чырвонаармейцаў, партызан i працаўнiкоў тылу, садзейнiчала мабiлiзацыi, надавала надзею i веру ў Перамогу. Вялiкую ролю ў той час набыла сатыра. Менавiта такiя плакаты зараз прадстаўлены на экспазiцыi ў Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны.

Натуральна, немагчыма за адзiн раз азнаёмiць з усёй калекцыяй плакатаў, што захоўваецца ў музеi, часовая экспазiцыя дэманструе найбольш вядомыя ў тыя часы плакатныя лiсты ў героiка-сатырычным i сатырычным жанрах, адабрана ўсяго 36 работ, якiя знаёмяць з творчасцю выдатных майстроў-карыкатурыстаў.

Для сучаснiкаў гэта ўжо не проста iлюстрацыi, але i гiстарычныя дакументы. У 40-я гады мастакi ў сваiх работах асвятлялi ўсё, што адбывалася на фронце i ў тыле, распавядалi пра розныя перыяды вайны.


Аловак замест вiнтоўкi

Ад­крыц­цё вы­стаў­кi «Збро­яй мас­тац­тва».

У калекцыi музея захоўваецца самы першы плакат часоў Вялiкай Айчыннай, якi з'явiўся на вулiцах Масквы ўжо на трэцi дзень вайны. Ён створаны Кукрынiксамi — гэта псеўданiм, «сабраны» з частак прозвiшчаў трох мастакоў, Мiхаiла Купрыянава, Парфiрыя Крылова i Мiкалая Сакалова. Да Вялiкай Айчыннай вайны яны займалiся лiтаратурным шаржам, рабiлi графiку для часопiсаў i газет. Iх творчасць ухваляў Максiм Горкi. Незвычайным было тое, што свае работы яны стваралi разам. Бралi лiст i паступова развiвалi пэўную iдэю, кожны нешта дадаваў. Яшчэ да вайны iмi быў распрацаваны вобраз Гiтлера — да падпiсання дагавора аб межах i сяброўстве памiж СССР i Германiяй у газетах дазвалялася крытыка фашысцкага рэжыму. Ужо ўвечары 22 чэрвеня гэты творчы калектыў стварыў эскiз плаката «Бязлiтасна разграмiм i знiшчым ворага», на якiм карыкатурны Гiтлер разрывае дагавор аб ненападзеннi. Першае мастацкае рашэнне было такiм, што штык пранiзвае руку фюрэра. Але на наступны дзень, калi стала зразумела, што вайна ўжо не нагадвае лакальны канфлiкт, і маштабы яе могуць быць сур'ёзныя, Кукрынiксы змянiлi творчае рашэнне: на плакаце штык пранiзвае ўжо галаву Гiтлера. Першыя работы выконвалiся толькi ў двух колерах — усё для таго, каб iх як мага хутчэй можна было запусцiць у друк.

У 1970 годзе самi Кукрынiксы перадалi ў дар мiнскаму музею плакаты на беларускую тэматыку, якiя адлюстроўваюць партызанскi рух, «рэйкавую вайну» i акружэнне 105-тысячнай фашысцкай групоўкi пад Мiнскам (вядомае як Мiнскi «кацёл»).

Та­кой у 1942 го­дзе Ба­рыс Яфi­маў  па­ка­заў па­ра­жэн­не ня­мец­кiх вой­скаў  пад Маск­вой.

Размешчана на часовай экспазiцыi i работа, выкананая ў пачатку вайны Аляксеям Какарыкiным «Бi фашысцкага гада». Можна заўважыць, што спачатку мастакi пiсалi работы ў стылi, якi актыўна выкарыстоўваўся ў часы Грамадзянскай вайны, калi вораг паказваецца метафарычна, у выглядзе скарпiёна, цi нейкай жахлiвай iстоты, птушкi або звера.

Куратар выстаўкi i загадчык аддзела пiсьмовых i мастацкiх крынiц, захавальнiца калекцыi плакатаў Галiна Паўлоўская, якая знаёмiць мяне з выстаўкай, звяртае ўвагу на тое, што вобразныя малюнкi дапаўняюць кароткiя, сцiслыя, ёмiстыя тэксты. У гады вайны мастакi актыўна супрацоўнiчалi з Самуiлам Маршаком — дзiцячы пiсьменнiк дапамагаў пiсаць рыфмаваныя тэксты, якiя дапаўнялi плакат, узмацнялi яго эмацыянальнае ўздзеянне.

Мы спыняемся каля плаката, прысвечанага разгрому гiтлераўцаў пад Масквой, якi ў 1942 годзе напiсаў наш зямляк Барыс Яфiмаў. Ён нарадзiўся ў 1900 годзе ў Смiлавiчах. Перад пачаткам вайны сатырык, карыкатурыст актыўна супрацоўнiчаў з рознымi выданнямi — друкаваўся ў «Звяздзе», «Известиях», часопiсах «Огонёк» i «Крокодил». Нягледзячы на тое што яго родны брат, публiцыст, вядомы нам пад псеўданiмам Мiхаiл Кальцоў, перад вайной быў рэпрэсаваны i расстраляны, мастак не пераставаў змагацца на сатырычным полi. У 1943 годзе нават выпусцiў цэлую кнiгу ў выдавецтве «Мастацтва» з сатырай на Гiтлера i ягоную зграю. Барысу Яфiмаву ўдалося пабываць на Нюрбергскiм працэсе i на свае вочы ўбачыць на лаве падсудных тых, каго ён маляваў. Пражыў мастак 108 гадоў, у 107-гадовым узросце быў прызначаны галоўным мастацкiм рэдактарам газеты «Известия», актыўна працаваў, пiсаў мемуары, сустракаўся з маладзёжнай аўдыторыяй.

На выстаўцы паказаны i работы плакатыстаў Ленiнграда. Ленiнградскiя мастакi, якiя падчас савецка-фiнляндскай вайны выпускалi сценгазету «Карандаш», арганiзавалi выпуск серыi плакатаў «Боевой карандаш». У блакадным горадзе выйшла 102 нумары.

У гады вайны маскоўскiя i ленiнградскiя мастакi працавалi таксама над серыяй «ОКНА ТАСС». У арыгiнале работы стваралiся ўручную пры дапамозе праразных трафарэтаў звычайнымi фарбамi. У вышыню яны маглi быць да трох метраў. Плакаты вывешвалiся ў вiтрынах магазiнаў, на сценах i агароджах побач са сводкамi
Саўiнфармбюро.

У экспазiцыi можна пабачыць i «комiксы» — так, гiсторыi ў малюнках былi прыдуманы савецкiмi мастакамi яшчэ ў часы Грамадзянскай вайны.

Са­мы пер­шы пла­кат, якi з'я­вiў­ся на ву­лi­цах ужо на трэ­цi дзень вай­ны.

Не маглi супрацоўнiкi музея не паказаць плакаты аднаго з самых вядомых плакатыстаў Вiктара Дэнi. У музеi захоўваецца 11 яго работ, асаблiва каштоўныя — з дароўнымi надпiсамi аўтара. За гады вайны ён стварыў галерэю партрэтаў Гiтлера, змяняючы яго фiзiяномiю з кожным месяцам. Вялiкае значэнне мастак надаваў колерам i напiсанню лiтар, нават подпiсы на яго плакатах падаюцца вострымi, як джала. Спачатку мастак супрацоўнiчаў з паэтам Дзям'янам Бедным, а пасля рыфмаваныя надпiсы прыдумваў сам. У гады вайны ён быў у паважаным узросце, але, нягледзячы на хваробы, працягваў працаваць. Яго не стала ў 1946 годзе.

Бясспрэчна, сатыра адыграла вялiкую ролю ў справе Перамогi. Калi да вайны было ўсяго каля дзясятка прафесiйных плакатыстаў, то для стварэння «iнфармацыйных бомб» мастакоў адклiкалi з франтоў, дзясяткi майстроў станковага жывапiсу, графiкi i скульптуры сталi працаваць над плакатамi. Iх работы выходзiлi тыражамi ад 2 да 200 тысяч, а некаторыя патрыятычныя плакаты — такiя як «Радзiма-мацi клiча!» — наогул вытрымалi мiльённыя тыражы, выходзiлi на розных мовах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Калi плакаты станавiлiся зброяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.