Вы тут

ВОЖЫКУ ПІШУЦЬ...


Здароў, браце Вожык!

Калі чую выраз «І вожыку зразумела», тлумачу гэта так: звярок дакладна разабраўся ў канкрэтнай справе і мае пэўнае разуменне наконт сітуацыі. Ну, а з’яўляючыся тваім сябрам, часам і сам спрабую ўнікнуць у тыя ці іншыя акалічнасці, што сустракаюцца ў жыцці. Але без тваёй, дружа, дапамогі не заўсёды атрымліваецца.

Можа, удваіх мы зможам дапяць, чаму пры рэканструкцыі трасы М3 Мінск—Віцебск побач з гарадскім пасёлкам Плешчаніцы не быў прадугледжаны ўезд у яго пры руху з боку Мінска? Цяпер, кааб заехаць у Плешчаніцы, трэба дабрацца да развязкі паміж трасамі М3 Мінск—Віцебск і Р63 Барысаў—Ашмяны. Ці такім чынам меркавалі абмежаваць інтэнсіўнасць руху транзітнага вялікагрузнага транспарту праз жылую зону гарадскога пасёлка? Але ж трафік «фураў» па трасе Р63 наўрад ці значна меншы, чым транзіт праз Плешчаніцы па трасе М3. Тым больш, што большасць «дальнабояў» рухаецца ў аб’езд населенага пункта. А вось пасажырскаму транспарту (аўтобусам ды «маршруткам»), легкавым аўтамабілям цяпер даводзіцца даваць добры крук — з дадатковымі расходам паліва, амартызацыяй і адмоўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе…

Сяргей ЛАПЦЁНАК, г. Мінск.

 

Прывітанне, калючы сябар!

У народзе кажуць: «Мілыя сварацца — толькі цешацца». А некаторыя, на жаль, усё ж і разводзяцца. Нядаўна даведалася, што сёлета ў нашым горадзе скасавалі шлюб 129 пар. Гэта сем’і без непаўналетніх дзяцей і спрэчак наконт маёмасці. Прычым мінімальная працягласць шлюбу — да года, а вось максімальная!.. Муж і жонка разышліся праз 56 гадоў 4 месяцы 8 дзён сумеснага жыцця.

А яшчэ сцвярджаюць, што кааб зразумець іншага, трэба з’есці з ім пуд солі. У некага ж і праз паўвека не атрымалася знайсці тое разуменне… Таму не дзіўна, што моладзь усё пазней стварае сем’і: хоча пільна прыгледзецца адно да аднаго, каб потым жыць ды цешыцца.

Кацярына АСТАШОНАК, г. Баранавічы.

 

Добры дзень, колкі дружа!

«Па газонах не хадзіць!» Памятаеш такую шыльду? Мы, як людзі выхаваныя, і не ходзім. Але ж часам вымушаны.

Калісьці я дасылаў табе фота дарогі, якая нікуды не вядзе... Сёння ж атрымлівай іншы факт: побач са скверам Жукава ды транспартнай развязкай з аднайменным праспектам знаходзіцца «правакацыйны» пераход на вуліцы Чыгуначнай, дзе пешаходы вымушаны хадзіць па газонах: іншага шляху няма. Там яшчэ побач быў гандлёвы цэнтр «Аутлет», а цяпер ужо «MILE».

Так хутка ўсё мяняецца! Але, на жаль, хібы застаюцца…

Антон ТУЗ, г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.