Вы тут

Маленькія беларускія супрэматысты са Смілавіч здзіўляюць свет


Супрэматызм для дзяцей — наколькі гэта даступна? Тут і дарослы не кожны зразумее прынцып «вызвалення фарбаў» і ўспрымання сусвету ў простых формах. Часам цяжка нават дасведчанага чалавека пераканаць, што «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча, заснавальніка супрэматызму, не проста неахайна зафарбаванае палатно, а маніфест, які змяніў усё мастацтва.


З другога боку, менавіта дзеці найбольш пазбаўленыя стэрэатыпаў і здольныя да крэатыву. Прынамсі, у арт-цэнтры «Вулей», які дзейнічае ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Хаіма Суціна ў гарадскім пасёлку Смілавічы, гэтаму крэатыву ёсць дзе развіцца. У год, калі ўвесь свет адзначае 100-годдзе суполкі «Сцвярджальнікі новага мастацтва» («Утвердители нового искусства» («УНОВИС»), створанай Казімірам Малевічам у Віцебску, дзеці падрыхтавалі ўражальны праект «На100ящий УНОВИС». Першая спроба на Беларусі засваення супрэматызму юнымі мастакамі. Гэта і выстаўка малюнкаў, і макеты архітэктурных формаў, і распісаны сервіз для гарбаты... А галоўнае — калекцыя фантазійнага адзення ў супрэматычным стылі, да якой пастаўлены танцавальны нумар, зняты відэаролік... Нядаўна гэты праект перамог на міжнародным конкурсе «Скрыжаванні. Мінск». З гэтай нагоды ў Смілавічах адбылася імпрэза — павіншаваць юных пераможцаў прыехалі прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, літаратурнага музея Максіма Багдановіча, творчай і грамадскай супольнасці. Вядома, самым цікавым было паглядзець дэманстрацыю касцюмаў — сапраўдны спектакль. Персанажаў усяго сем: дзеці ўявілі, як выглядаюць супрэматычныя мастак, кампазітар, мадэльер, танцоўшчыца, цырульнік, дызайнер... Фантазія лунала. Адсылкі да японскага тэатра Кабукі і гатычнага касцюма Чумнага доктара, торбачка ў выглядзе швейнай машынкі і матэрыялізаваныя ноты на дроціках... Асаблівае замілаванне выклікаў касцюм горадабудаўніка — у выглядзе чорнага квадрата, які танцаваў і ствараў неверагодную атмасферу. Касцюмы былі зробленыя самімі дзецьмі, вядома, з дапамогай педагогаў. Давялося засвоіць ручны роспіс і шыццё, аплікацыю і пэчварк... Матэрыялы таксама разнастайныя: кардон і атлас, натуральная скура і поліэтыленавая плёнка... Што ж, асноўны прынцып «УНОВИСа» — калектыўная творчасць пры захаванні абсалютна індывідуальных пошукаў і праектаў. Таму віншавалі не толькі дзяцей, але і педагогаў, а сёння ў цэнтры шмат маладых настаўнікаў.

— Чатыры гады існуе арт-цэнтр «Вулей», створаны на базе мастацкай школы, — адзначыў грамадскі дзеяч, дыпламат, пісьменнік Уладзімір Шчасны. — Галоўнае — што тут вучаць не толькі маляваць, але і ўяўляць сябе ў мастацтве, знаёмяць з яго рознымі плынямі, каб сярод іх кожны мог знайсці сваю.

— Сама ідэя была крыху дзіўная — супрэматызм і дзеці, — разважала вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, якая падтрымлівала незвычайны праект. — Супрэматызм адчуваюць не ўсе дарослыя мастакі, расцэньваючы як нейкае дзівацтва. А тут — дзеці... Як да іх данесці, што такое гэты стыль? Але дзякуючы маладым педагогам арт-цэнтра і дзякуючы энтузіязму дзяцей, мы ўбачылі нешта вельмі стыльнае і дзёрзкае. Зрэшты, аднойчы я сказала, што супрэматычныя выстаўкі мусяць быць хуліганскія. І на сённяшняй выстаўцы творчая хуліганскасць, дзёрзкасць адчуваецца. Гэта адзіная выстаўка дзіцячага супрэматызму ў Беларусі. Смілавіцкі арт-цэнтр «Вулей» зрабіўся брэндам, і я ўпэўнена, што з гэтым праектам удзельнікі яшчэ будуць шмат падарожнічаць і заваёўваць узнагароды.

Нацыянальны мастацкі музей адмыслова для таго, каб мог здзейсніцца праект, арганізаваў для навучэнцаў арт-цэнтра наведванне экспазіцыі аднаго з мастакоў суполкі «УНОВИС» Лазара Хейдэкеля, майстар-клас па роспісе парцалянавага посуду ад супрацоўніка НММ Алы Васілеўскай, а архітэктар Андрэй Бяляеў правёў лекцыю па супрэматычнай архітэктуры і даў для выстаўкі ў Смілавічах створаны ім супрэматычны стол. У згаданай мэблі неверагодная форма, шмат шуфлядак і паверхняў, а таксама колераў. Менавіта на ім расстаўлены распісаны дзецьмі чайны сервіз. Таму архітэктар Галіна Левіна прывезла на імпрэзу адмыслова падрыхтаваны ёй «supremateе» — набор гарбаты. Вядома, такую гарбату варта піць толькі з адмысловага кубка! А паколькі Андрэй Бяляеў паабяцаў да свайго стала зрабіць яшчэ і супрэматычныя зэдлікі, на навагоднія святы ў музеі, магчыма, пройдзе «супрэматычнае чаяванне».

Цікава, як хто ўспрымае малюнкі дзіцячага супрэматызму? Зразумела, меркаванні будуць неадназначныя, і той-сёй абурыцца — навошта? Ці не лепей, каб дзеці пераймалі толькі ўзоры класічнага рэалістычнага мастацтва? Але найлепей на закіды адказвае цытата Казіміра Малевіча, якую выкарысталі юныя мастакі ў адной з работ: «У кропцы няма чаго пабачыць, акрамя кропкі. Таму з'яўляецца ў супрэматызме кропка ў выглядзе квадрата ці круга, якая выклікае наймоцнае абурэнне ўсяго грамадства. Але ўрэшце прыйдуць да кропкі — да сябе».

Падчас імпрэзы прагучала яшчэ адна прыемная навіна: навучэнцы арт-цэнтра «Вулей» сталі пераможцамі яшчэ аднаго творчага міжнароднага конкурсу «Усходнія казкі вачыма дзяцей», гэтым разам у Эстоніі. Атрымалі дзевяць дыпломаў першай, другой і трэцяй ступеняў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Танец Чорнага квадрата

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.