Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


АД БРАТА

Брат Уладзіміра Сяргей жыве ў Маскве. Хоць як у Маскве? Кватэру ён мае ў Арле, аднак адарвацца ад Белакаменнай не можа, хоць яму і пад семдзесят. Пара б, здавалася. Напрацаваўся. Не раз пра гэта думаў і сам «масквіч». Але ўсё ж не рашаецца пакінуць добра аплачваемую працу, тым больш што ў калектыве яго цэняць. Можна сказаць нават і так: не адпускаюць. На пытанне Уладзіміра, чаму не рашаецца вярнуцца, нарэшце, у сваё законнае жытло ў Арле, дзе мае ажно трохпакаёвую кватэру на дваіх з жонкай, адказвае — звычайна па «Вайберы: «А што я там буду рабіць? Наўрад ці знайду ў абласным цэнтры такую работу. Сядзець склаўшы рукі не змагу. Дачу завесці ўжо таксама пазнавата. А тут, у Маскве, я хоць і здымаю аднапакаёвую кватэру, а гэта каштуе, брат, дарагавата, аднак жа ў мяне застаюцца яшчэ грошы, каб нават іншы раз з сябрамі і ў рэстаране пасядзець, і дачцэ дапамагчы. Ды, калі шчыра, і работу сваю люблю».

Фота: shkolazhizni.ru

Уладзімір з ранейшых аповедаў старэйшага брата добра ведаў, што дачка апошняга жыве ў Арле. Туды яна прыехала з Ашхабада, каб паступіць у мясцовы ўніверсітэт. Скончыла яго, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок. Пазней бацька і маці перабраліся ў Маскву — сябры дапамаглі ўладкавацца, бо ведалі Сяргея як добрага чалавека, а яшчэ інжынера высокай кваліфікацыі па эксплуатацыі прамысловых кандыцыянераў. Пасля магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума ён скончыў вячэрняе аддзяленне політэхнічнага інстытута ў сталіцы сонечнага Туркменістана. Кватэру ж у Ашхабадзе прадалі, грошай якраз хапіла на трохпакаёўку ў Арле. Паколькі дачцэ раней дапамаглі набыць такую ж кватэру, то сваю здавалі. Праўда, нядоўга: не ацаніў старэйшы Уладзіміраў брат, як ставяцца кватаранты да чужой маёмасці. Сказаў коратка і ясна: «Сабе даражэй».

Ад брата з Масквы ў Мінск Уладзімір атрымлівае часам самыя розныя весткі. Неяк брат пахваліўся, што ён абслугоўвае і той элітны дом, у якім мае шыкоўную кватэру галоўны трэнер футбольнага клуба «Зеніт» Санкт-Пецярбурга Сяргей Сямак. Побач і апартаменты вядомай у недалёкім мінулым тэнісісткі Алены Дзяменцьевай. Сказаў, што людзі добрыя, нос не задзіраюць: меў магчымасць у гэтым пераканацца. Неаднаразова заходзіў у кватэру дачкі былога прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. І падкрэсліваў: «Што ўяўляе сабой яе жылле — перадаць табе не магу. Гэта трэба самому паглядзець. Шык звыш меры. Кажуць, яна сама ў гэтых апартаментах была, мо, два разы самае большае... Я заходжу туды, каб праверыць, як працуюць кандыцыянеры... Сам я ніколі гаспадыню не бачыў — толькі па тэліку...»

А зусім нядаўна ад брата Сяргея Уладзімір даведаўся, што ў адной маскоўскай арганізацыі атрымалі зверху загад перавесці на аддалены метад працы трыццаць працэнтаў супрацоўнікаў — у сувязі з каранавірусам. Такім чынам, аддалена пачалі працаваць сантэхнікі, муляры, электрыкі... Так вырашыла маладая дырэктарка.

Пасмяяліся.

Уладзімір чакае, аб чым брат раскажа яму заўтра...

СІТУАЦЫЯ

На лаўцы перад ганкам сядзіць мой даўні знаёмы Іван Пацяруха. Украінец па нацыянальнасці, пабраўся некалі шлюбам з беларускай, з якой пазнаёміўся, калі прыязджаў з Чарнігава ў госці да сваякоў. Тут і пусціў карані. Доўгі час рабіў на «Гомсельмашы» зваршчыкам, помню пра яго пісалі ў газетах, хвалілі. Аднаго разу нават змясцілі партрэт. Мужны, сур'ёзны твар пазіраў з газетнай старонкі.

Іван Пацяруха скрыжаваў рукі на кульбе, аб нечым думае. Падыходжу. Вітаемся.

— Сядай, калі не спяшаешся, — ківае Пацяруха на вольнае месца.

— Ды не спяшаюся, — адказваю. — Выйшаў свежым паветрам падыхаць.

— А я да жонкі вырашыў з'ездзіць, — працягвае размову Пацяруха. — Даўно не быў. Засумавала, відаць...

На лаве побач з ім заўважаю букецік блакітных рамонкаў. Далей мне ўсё зразумела без слоў. Гадоў колькі таму Іван Пацяруха аўдавеў, а пасля сваёй Валянціны, як прызнаўся некалі мне, побач з сабой іншую жанчыну не ўяўляе. Так і жыве адзін.

— Таксі чакаю. — Пацяруха паглядзеў на гадзіннік. — Зараз пад'едзе легкавік. Сказалі: чакайце. Выязджаем.

Памаўчалі. Кожны з нас сядзеў і думаў пра сваё.

— У сына машына ёсць, — парушыў маўчанне субяседнік. — Мог папрасіць — не адмовіў бы, звазіў. Але навошта? Хай сваімі справамі займаецца. Цяпер таксі хапае. І нядорага бяруць. Сын у тыя ж грошы абышоўся б. На таксі я пяць рублёў плачу да могілак, столькі ж — калі дадому еду, а сыну — сама мала — на паліва трэба ж таксама дзясятку даваць. Хоць на пяць літраў. А як жа. Яму ж з неба грошы не падаюць. Двое дзетак карміць, апранаць трэба. А так і мне добра, і яму: хай сваімі справамі займаецца. Не адрываю. Ды і таксістам трэба зарабляць. Суседзі, магчыма, і кпяць: сыну машыну дапамог купіць, а сам на таксі раз'язджае. Нічога, перажыву, хай гавораць. Такая вось, брат, сітуацыя. Яно адно да аднаго і выходзіць. А сын, грэх слова сказаць, да маці іншы раз сам заязджае. Бачу ж, свежыя кветкі ляжаць. Хто ж, акрамя яго, прынясе? Свае кветкі я пазнаю. Яны прывянуць, а тыя — свежыя. Таксама па маці сумуе... Вельмі... Яна ў нас жанчына добрая была... А добрых людзей не забываюць...

Вытрымаўшы паўзу, Іван прызнаўся:

— Калі шчыра, то пры сыне з Валяй і не пагаворыш як мае быць... А так мы адзін на адзін... Не скажаш жа яму: ідзі, пачакай у машыне... А паспавядацца іншы траз трэба...

Падкаціла таксі. Іван Пацяруха ўзяў кветкі, кіўнуў мне на развітанне. Я ж пакрочыў па сваіх справах. І яшчэ пэўны час думаў пра гэтага чалавека, у руках якога блакітныя рамонкі былі асабліва прыгожыя...

ІДЫЛІЯ

Ніна Ягораўна выйшла на пенсію. Апошнія некалькі гадоў яна працавала загадчыцай склада на мясцовай фабрыцы па вырабе тавараў народнага спажывання. Кіроўца Пятро Герасімавіч неаднаразова наведваўся на склад, каб атрымаць там гатовую прадукцыю і развезці яе па гандлёвых пунктах. Звычайна заставаў Ніну Ягораўну за невялічкім столікам, на якім ляжаў журнал для запісу адпускаемых тавараў. Побач стаяў электрычны чайнік. Каля яго прытуліўся фарфоравы кубачак, упрыгожаны букецікам валошак. У кубачку — лыжачка. Маленькі куфэрак з цукрам побач. Печыва альбо вафлі праглядваліся праз цэлафанавы пакецік. Во, забыўся сказаць: на сцяне быў прымацаваны партрэт спевака Якава Навуменкі, узяты, вядома ж, з нейкага часопіса. Прыгожы артыст на ім. Відаць, яе любімы...

Гэта ўсё, што Пятро Герасімавіч запомніў.

Нядаўна ён зноў наведаўся да Ніны Ягораўны. Паколькі жыве непадалёк, папрасілі з былой работы аднесці ёй падарунак да свята. Сама не змагла наведаць фабрыку: прыхварэла. Ніна Ягораўна з удзячнасцю прыняла падарунак і запрасіла Пятра Герасімавіча на кубачак гарбаты — калі нікуды не спяшаецца. Той не адмовіўся. Прайшлі на веранду. Госць быў прыемна здзіўлены. Яму падалося, што ён зноў трапіў у кабінет Ніны Ягораўны, толькі той быў крыху меншых памераў. Але ж... На невялічкім століку ляжаў журнал. Побач стаяў электрычны чайнік. Каля яго прытуліўся фарфоравы кубачак, упрыгожаны букецікам валошак. У кубачку — лыжачка. Маленькі куфэрак з цукрам побач. Праз цэлафанавы пакецік праглядвалася печыва. На сцяне быў прымацаваны той жа партрэт спевака Якава Навуменкі.

— Сумуе, канешне, па сваёй рабоце жанчына, — здагадаўся Пятро Герасімавіч. — Адразу відаць. Але ж малайчына: стварыла і дома такую ідылію, як некалі на працы... Чыста. Утульна. Той жа антураж. Цікава толькі, што яна запісвае ў журнал? Трэба папытаць.

Аднак не пацікавіўся. Не хапіла рашучасці. Ды і хіба гэта важна! Важна іншае — Пятру Герасімавічу падалося, што ён зноў пабываў на складзе, якім загадвала Ніна Ягораўна. На яе любімым рабочым месцы. Толькі, праўда, там яна не прапаноўвала яму гарбату. Бо ўсе былі ў аднолькавых умовах. Там — працавалі. А тут ён — госць.

У нас гасцей, пагадзіцеся, заўсёды стараюцца прывеціць. Чаркай, скваркай альбо гарбатай. У залежнасці ад сітуацыі. З гэтым не паспрачаешся.

ПЛІТА

Мой сусед Пятровіч шмат дзе працаваў і кім толькі не быў. Гэта зразумела, калі яго паслухаць. Магчыма, нечым крыху змахвае ён крыху на барона Мюнгхаўзена, аднак жа не настолькі, каб хапіла ў яго фантазіі выцягнуць сябе за валасы з балота. Ды і чаму нельга паслухаць ягоныя аповеды? Няхай расказвае. Казкі ж мы чытаем, не цураемся. Кіно глядзім. Таму і Пятровіча я кожны раз слухаю ахвотна. Бывае, і сам папрашу: раскажы што, суседзе, нешта сумна стала. Пятровіч звычайна адразу пагаджаецца. Чалавек на пенсіі, спяшацца няма куды. Падкруціць свой доўгі вус, паглядзіць, на што б прысесці, і скажа:

— Жыццё таму назад я падрадзіўся санаторый будаваць у Крыме. Набралася нас з Гомеля чалавек дзесяць. Усе хлопцы, як кажуць, прайшлі агонь, ваду і медныя трубы. З некаторымі з іх я нават на Зею ездзіў. Фасады фарбавалі. Ведаеш, дзе Зея? Ведаеш. Хвалю. Адсюль
не відаць, адным словам. Далёка. Вельмі. Забайкалле. Шырка і Нерчынск. Я б там не жыў. Не-а. І трэба ж куды занесла! Там, здаецца, і дрэвы ніжэй, і трава радзей. Цяпер прыплаці — нізашто не паехаў бы. Ну, адкінь ад маіх сямідзесяці пяці гадоў сорак. Што скажаш? Крыху за трыццаць — хіба ж узрост? Мы, калі фасадчыкамі рабілі, шмат дзе пабывалі. Дзе тая Туркменія, здавалася б, а мы яе прайшлі ўдоўж і ўпоперак. Узбекістан таксама не абмінулі. Адно што на вярблюдах не каталіся. Недагляд. Больш было б чаго ўспомніць.

Будуем, значыць, санаторый, а тут чуем — землятрус у Арменіі. Спітак цалкам разбураны. Трэба ж людзей ратаваць, нядобра іх у бядзе пакідаць адных. Едзем, санаторый пачакае — не да яго. Уключаемся ў расчыстку горада ад друзу, без раскачкі, адразу ў бой. Працуем на поўным энтузіязме — справу ж добрую робім. Гонар бярэ нават, што нам даверылі. Ахвотнікаў нямала мелася, як мы пазней даведаліся, многіх адхілілі, а нам — шырокую дарогу: беларусы не падвядуць! Яны і ў Ташкенце адны з першых былі, толк ведаюць. На іх можна палажыцца. Я сам бачыў дом у Ташкенце, на якім напісана: ад беларусаў...

А неяк наш экскаватаршчык падняў пліту, а пад ёй — глядзь! — крама, забітая гарэлкай і віном. Бутэлек — безліч. І тут наш брыгадзір, ён з армян быў, адразу змікіціў, што да чаго. Паглядзеў па баках, і мне загадвае: лезь, Пятровіч — мяне і тады Пятровічам звалі-велічалі, — набяры сумку гарэлкі і бляшанак кансервавых... ну там і яшчэ чаго прыхапі на свой густ (ужо і не памятаю ўсіх дэталяў, чаго нагроб, даўно  было ж), а мы цябе чакаем. Я заданне выканаў хуценька. Брыгадзір усё ж загадаў! Яго трэба слухацца. А экскаватаршчыку ён загадаў паставіць пліту на ранейшае месца. Так некалькі дзён мы і рабілі: падымем пліту — паставім, падымем — паставім. Усю гарэлку не выпілі, канешне, яе потым некуды адвезлі, але нам і таго хапіла. Во ўжо дзе папіравалі! Хоць, даруй Божа, і ў час чумы. Але ж не прападаць дабру! З гэтым мы добра справіліся. Не далі прапасці яму — што было ў нашых сілах і магчымасцях.

Пятровіч устаў з крэсла, паглядзеў на мяне, ціха прамовіў:

— Наглядзеўся ўсяго. Жыццё таму назад было, а помніцца. Да драбніц. Балюча было глядзець на людскую бяду... Ой, балюча... Да такога не прывыкнеш... Не прызвычаішся... Нешта з убачанага хочацца і забыць, а вось не атрымліваецца... Прыліпла, як хвароба... Вочы б мае больш не бачылі такога!..

Васіль Ткачоў.

18.10.20

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.

Грамадства

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Наш даўні сябар — жыхар Вялікай Бераставіцы — Міхаіл Маскальчук даслаў нам чарговы цікавы аповед, які быў запісаны са слоў бацькі Міхаіла, Васіля Маскальчука.

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.