Вы тут

Спецыялісты расказалі пра патрабаванні да прыгажосці ландшафту, вертыкальнае азеляненне


Велапаркоўкі, ландшафтныя кампазіцыі, расліны для выхавання і рэлаксу

Забарона сечкі дрэў у жылых кварталах, распрацоўка схем азелянення тэрыторый агульнага карыстання для гарадоў і сёл, стварэнне веласіпеднай інфраструктуры — па такіх кірункам мусяць уладкоўвацца беларускія мястэчкі, каб жыць у іх было камфортна. Пра патрабаванні да прыгажосці ландшафту, вертыкальнае азеляненне і асаблівасці кветкавага жыцця ў вялікім горадзе расказалі спецыялісты.


Высечы нельга пакінуць

Пытанням азелянення тэрыторый пры развіцці і мадэрнізацыі гарадоў і сёл краіны ўдзяляецца каласальная ўвага. Для кожнага раёна і квартала пералічваецца працэнт азелянення, распрацоўваюцца схемы азялененых тэрыторый агульнага карыстання, якія закліканы не дапушчаць вольнага абыходжання з зялёнымі насаджэннямі, на іх таксама абазначаны межы такой тэрыторыі для абмежавання забудовы. Такія падыходы павінны распаўсюджвацца і на іншыя ўзроўні праектавання і будаўніцтва, дзе гаворка вядзецца пра канкрэтныя будынкі і збудаванні, адзначыла Вольга ВЕРАМЕЙ, начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Мінбудархітэктуры:

— Генплан населенага пункта — не адзіны дакумент, які вызначае перспектывы развіцця. Ён задае параметры і, магчыма, тое, чым будуць прадстаўлены функцыянальнае заніраванне і транспартныя калідоры. Каласальная ўвага надаецца пытанням заніравання, кропкаваму планаванню тэрыторый.

Асновай для планамернага развіцця і добраўпарадкавання населеных пунктаў краіны і стварэння камфортнага асяроддзя з'яўляецца ўдасканаленне нарматыўна-тэхнічнай базы і ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у існуючыя ТНПА ў галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі архітэктурнай, горадабудаўнічай, будаўнічай дзейнасці, заўважыла прадстаўніца Мінбудархітэктуры:

— Напрыклад, унесеныя змяненні ў ТКП 69 па добраўпарадкаванні тэрыторый і азеляненні і змяненні ў ТКП 295, якімі прадугледжана ўвядзенне ва ўжытак тэрміну «ландшафтная кампазіцыя». Замацаваны таксама палажэнні адносна працэнтных суадносін буйнапамерных і сярэдніх памераў дрэў, якія высаджваюць у жылых кварталах падчас кампенсацыйных пасадак, а таксама ў межах будаўніцтва.

Гэтыя нормы забараняюць высечку існуючых дрэў, якія ў будучым змогуць захаваць і палепшыць экалагічны фон жылога асяроддзя і эстэтычнае ўспрыманне наваколля.

Зялёныя сценкі і кветкавыя кашпо

Звыш двух мільёнаў кветак, каля 16,5 тысячы дрэў і 89 тысяч кустоў упрыгожылі сёлета сталічныя вуліцы. Штогод у Мінску выкарыстоўваюць для гэтага самыя разнастайныя расліны, аднак праз высокую антрапагенную нагрузку і загазаванасць НАН Беларусі даволі жорстка рэгламентуе гэты асартымент, расказала Алена АКУЛІЧ, начальнік аддзела ўтрымання і добраўпарадкавання аб'ектаў зялёнай гаспадаркі Мінскзелянбуда:

— Навукоўцы рэкамендуюць высаджваць ясені і клёны, а бліжэй да дарог — кусты барбарысаў, спірэі. У скверах асартымент больш шырокі.

Адна з найбольш цікавых для вока формаў расліннага аздаблення сталіцы — вертыкальнае азеляненне. Сёлета яно было прадстаўлена рознымі вертыкальнымі формамі і раслінамі. На вуліцах з'явілася больш за 16,5 тысячы кашпо, якія павесілі на густоўна аформленыя металічныя стойкі. Дзесьці гэта былі адзіночныя штатывы на вытанчаных ножках, а дзесьці — сабраныя ў кампазіцыі ў выглядзе дрэў, арэляў, карэтак, дуг, ровараў. Прымацоўваліся кашпо і да ажурных прылад на слупах ліхтароў.

— Мы апрабавалі і такі варыянт вертыкальнага азелянення, як зялёная сценка — канструкцыя, у якую ўстаўляюць шмат ёмістасцяў з рознымі дывановымі ці гаршковымі раслінамі з маляўнічым лісцем. З дапамогай такой сцяны можна падзяліць прастору на пэўныя зоны альбо, скажам, адасобіць лаўку.

Яшчэ адзін прыгожы варыянт вертыкальных канструкцый для азелянення — комплексныя кашпо-лаўкі. Сёлета яны былі ў раёне Палаца спорту, у Сэндайскім скверы, каля Нацыянальнай бібліятэкі, і іх колькасць у будучым плануюць павялічыць.

— Каб выгадаваць пэўную расаду для кветкавага афармлення кашпо, арганізацыі, якія могуць прапанаваць свае паслугі ў гэтым кірунку, удзельнічаюць у тэндары, — падкрэсліла прадстаўніца Мінскзелянбуда. — Пераможца запраўляе кашпо спецыяльным саставам зямлі, бо асаблівасць падвесных раслін — хуткае перасыханне. Кветкавае напаўненне таксама вызначаем мы. Сёлета гэта былі ў асноўным ампельныя петуніі, гаршковыя расліны з прыгожай лістотай, такія як бакопа, гіліхрызум, іпамея, плектрантус.

Шматгадовыя кветкі і тапіярныя стрыжкі

У дадатак да кветкавага афармлення ў кожным раёне сталіцы штогод з'яўляецца не менш за 10 % новых шматгадовых раслін.

— Гэта найперш мэтазгодна эканамічна, бо яны высаджваюцца адзін раз, і налета іх ужо не трэба мяняць. Адзіны мінус шматгадовікаў — яны нядоўга квітнеюць, таму пры стварэнні кампазіцый з іх мы падбіраем расліны так, каб стварыць неперарыўнасць цвіцення: з мая да самай восені, — патлумачыла Анжаліка ПУЗАНКОВА, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі Мінскзелянбуда. — Затым гэтыя кампазіцыі дапаўняюцца восеньскімі кветкамі, накшталт хрызантэм. Сёлета мы дадаткова высадзілі асеннюю віёлу, якая не баіцца замаразкаў і будзе красаваць літаральна да самага снегу.

Шматгадовікі ў горадзе выконваюць не толькі эстэтычную, а і выхаваўчую ролю. З іх дапамогай, напрыклад, накіроўваюць рух людзей.

— Каб прадухіліць выхад пешаходаў на праезную частку, высаджваем шматгадовікі, падымаем аб'ёмы, ствараючы альпійскія горкі. Тым самым не толькі ўпрыгожваецца аб'ект, але і перанакіроўваецца рух людзей. Такім жа чынам можна змагацца і з «народнымі сцежкамі», памяншаючы іх колькасць і павялічваючы хараство гарадскога асяроддзя, — удакладніла Анжаліка Пузанкова.

У складзе шматгадовых кампазіцый высаджваюцца таксама і вастраводарныя расліны, накшталт мяты, алісуму, якія дадаюць у «функцыянал» кветак яшчэ і момант рэлаксу.

Для кампазіцыі горада важна ствараць зялёныя архітэктурныя элементы ў адпаведнасці з асяроддзем. Падобная цэласнасць дасягаецца праз тапіярныя стрыжкі дрэў і кустоў. Галоўнае — рабіць гэта кропкава, каб прыгажосць заставалася фішкай, а не растваралася ў звычайным асяроддзі, раяць спецыялісты.

— На вуліцах з'яўляюцца расліны, выстрыжаныя ў выглядзе цыліндраў, конусаў, шароў. Гэтак жа выстрыгаюцца і жывыя агароджы. Яны таксама накіроўваюць рух людзей або падкрэсліваюць архітэктуру месца, дзе растуць. Напрыклад, у выглядзе купалаў каля храма на плошчы 8 Сакавіка, — дадала кіраўнік службы Мінскзелянбуда.

«Стрыжкі» дрэвам і кустам робяць некалькі разоў на год па меры адрастання лісця, каб падтрымліваць задуманую для раслін форму і вытрымліваць рост у розных узроўнях. На вуліцах Аранскага і Гашкевіча ёсць дрэвы трохвугольнай формы, а на Машэрава — прамавугольнікі, прывяла прыклады Алена Акуліч:

— Існуе такі спосаб азелянення, калі расліны расцягваюць у адну плоскасць. Дрэву з дапамогай спецыяльных фіксатараў прыдаюць напрамак росту ў дзвюх плоскасцях, а не ў чатырох, дазваляючы яму прымаць задуманую азеляніцелямі форму. Для дрэва гэта бясшкодна. Прыклады такога азелянення ёсць насупраць парка Чалюскінцаў, а на праспекце Незалежнасці кусты пастрыжаны ў двух узроўнях. У парку Горкага туі выстрыжаны спіраллю. Такую незвычайную прыгажосць робяць спецыялісты станцыі аховы раслін.

Стаянкі, паркоўкі... для ровараў

У межах устойлівага развіцця стараюцца прыцягваць да гарадскога тэрытарыяльнага планіравання грамадскасць, асабліва на ранніх стадыях распрацоўкі праектаў.

— Беларусь — адна з найбольш урбанізаваных краін СНД, таму апошнія гады мы назіраем узрастанне цікаўнасці да тэматыкі гарадскога развіцця з боку грамадзян і неабходнасць адэкватнага рэагавання на гэты запыт, то-бок партысіпатыўнае планаванне. Магчыма, у далейшым мы будзем распрацоўваць нарматыўныя дакументы, якія забяспечаць аднолькавы падыход да гэтага метаду сярод розных праектных арганізацый. У 2018 годзе ў Мінбудархітэктуры зацверджаны метадычныя рэкамендацыі па правілах азелянення тэрыторыі, якія ўключаюць правілы праектавання сістэмы азелянення тэрыторыі, асобных відаў аб'ектаў азелянення на розных этапах горадабудаўнічага развіцця тэрыторый, — нагадала Вольга Верамей.

Каб стварыць да 2021-га веласіпедны асяродак, распрацоўваюцца новыя патрабаванні, якія закліканы ўрэгуляваць пытанні па ліквідацыі бар'ераў для развіцця велатранспарту і павелічэння бяспекі транспартнага руху. Мяркуецца вызначыць патрабаванні да месцаў захоўвання двухколавых сродкаў — «веласіпеднай стаянкі», а таксама вызначыць паняцце «велапаркоўка». У рэдакцыю будаўнічых нормаў «Планіроўка і забудова населеных пунктаў» ужо ўнесены новы адасоблены раздзел 11.4 «Веласіпедная інфраструктура», дзе вызначаны асноўныя патрабаванні да месцаў часовага і пастаяннага захоўвання ровараў.

А вось сёлета тэма бяспечнага руху ў Мінску ўпершыню была абазначана з'яўленнем на раздзяляльных лініях уздоўж дарог жывых зялёных агароджаў з ліставых кустоў і дзёрну.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Жыццё гарадоў: зялёнае і камфортнае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.