Вы тут

Кампазітар Алег Молчан вярнуўся у дом дзяцінства


Вядомаму беларускаму кампазітару Алегу Молчану адкрылі мемарыяльную дошку ў дзень гадавіны яго смерці.


«Часцей за ўсё мемарыяльныя дошкі з'яўляюцца на доме, у якім чалавек правёў апошнія гады свайго жыцця. Алег вельмі любіў нашу кватэру ў Пакроўскім квартале, дзе абсталяваў сучасную студыю, — кажа ўдава кампазітара спявачка Ірына Відава. — Але я падумала, што лепшым месцам для мемарыяльнай дошкі будзе дом, у якім ён нарадзіўся. Менавіта тут быў закладзены падмурак яго характару. Вялікая роля ў выхаванні Алега належыць яго прабабулі па лініі мамы. Яна чытала праўнуку казкі, вадзіла ў царкву. Прабабуля жыла ў камунальнай кватэры, якую атрымала як работнік пошты, размешчанай у гэтым жа доме».

Ірына распавяла пра вельмі цікавы факт. Сябар прабабулі, калі тая гуляла з праўнукам, заўсёды называў Алега, які з трох гадоў займаўся музыкай, «маленькі Глінка». Міхал Глінка мелодыю, якая пэўны час была гімнам Расіі, напісаў, калі яму было 29 гадоў. Алег Молчан у тым жа ўзросце напісаў «Малітву» на верш Янкі Купалы, якая ўжо чвэрць стагоддзя з’яўляецца духоўным гімнам Беларусі.

Удава кампазітара спявачка Ірына Відава.

І падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі «Малітву» выканаў Мітрапаліцкі хор Мінскага кафедральнага сабора Св. Духа пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага. Менавіта ў гэты сабор прабабуля Марыя Зінкевіч вадзіла малога Алега.

Ракаўская вуліца, Няміга, плошча Свабоды — тут прайшло дзяцінства Алега Молчана. Сёння гэта папулярныя турыстычныя месцы горада. І зараз экскурсаводы, распавядаючы пра знакаміты дом з мезузай на Ракаўскай, 20, будуць казаць і пра тое, што тут нарадзіўся адзін з самых яркіх і адметных сучасных беларускіх кампазітараў. «Хачу, каб Молчан стаў для Мінска такім жа сімвалам, як Шапэн для Варшавы», — сказала Ірына Відава.

Вельмі няпростая справа — выбраць скульптараў для ўвасаблення сваёй ідэі. Ірыне вельмі спадабаліся работы Вольгі Нячай і Сяргея Аганава. Менавіта яны стварылі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах, помнік Вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе, мемарыяльную дошку Янку Купалу ў Вільнюсе. А як вядома, паміж Купалам і Молчанам існавала моцная духоўная сувязь. І менавіта на вершы класіка напісаны шэдэўры кампазітара Алега Молчана: «Родныя песні», «Дзве таполі», «Песня мая».

Вольга Нячай адзначыла, што ёй было вельмі цікава і прыемна працаваць, бо на яе вачах працягвалася неверагодная гісторыя кахання Ірыны і Алега. Сяргей Аганаў распавёў, што ў пэўным сэнсе было лёгка працаваць: «Молчан — вельмі прыгожы чалавек, гэта я кажу як мастак. Таму не трэба было прыдумляць антураж, каб схаваць нейкія хібы. Алег Молчан — вялікі музыкант і шчасліўчык па жыцці, бо ён сустрэў жанчыну, якая зараз так шчыра дбае пра захаванне памяці мужа пасля яго сыходу з зямнога жыцця».

Работа Вольгі Нячай і Сяргея Аганава атрымалася вельмі прыгожай, яна цудоўна «прыжылася» на гістарычным будынку.

Мемарыяльная дошка памяці Алега Молчана створана пры ўдзеле Нацыянальнага фонду падтрымкі праваўладальнікаў (Расія) і арганізацыйным садзейнічанні Беларускага саюза музычных дзеячаў. Усе неабходныя дакументы для яе размяшчэння з Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам былі ўзгодненыя досыць хутка.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева падчас урачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі сказала, што ведала Алега Молчана не толькі як выбітнага кампазітара, але і як грамадскага дзеяча, які абараняў аўтарскія правы. Але ёсць у яе і асабістая гісторыя: калі вучылася ў Маскве, то вельмі сумавала па Беларусі. І кожны дзень па дарозе на вучобу ў навушніках яе плэера гучала «Малітва» Молчана–Купалы.

На адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар выбітнага музыканта прыйшлі старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза музычных дзеячаў Наталля Вітчанка, намеснік начальніка ўпраўлення Мінкультуры Таццяна Пархімовіч, галоўны спецыяліст аддзела мастацтваў Мінгарвыканкама Людміла Альховікава, музыказнаўца Вольга Брылон, скульптар Аляксандр Каструкоў, паэты Сяргей Шэлест і Ірына Аўсяп’ян, Аляксандр Пазняк, з якім Алег Молчан у свой час працаваў у Дзяржкамітэце па справах моладзі, прадстаўнікі КУП «Мінская спадчына», гурт «Бай сіці» і прыхільнікі таленту Маэстра.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.