Вы тут

Лукашэнка: Пры канцы майго прэзідэнцкага жыцця я гарантую, што будзе толькі так, як вырашыць народ


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу. Прысутнічалі старшыні палат парламенту Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, дзяржаўны сакратар Саўбеза Валерый Вакульчык, кіраўнік справамі Прэзідэнта Віктар Шэйман, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, мэр сталіцы Уладзімір Кухараў і прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант.

На разгляд кіраўніка дзяржавы быў унесены нарматыўны прававы акт аб падрыхтоўцы мерапрыемства і стварэнні арганізацыйнага камітэта па яго правядзенню.


Прапісаць Усебеларускі народны сход у Канстытуцыі

Перш чым падпісаць дакумент, Прэзідэнт адзначыў, што «Усебеларускі народны сход — асобая форма народаўладдзя ў нашай краіне». «І думаю, што гэтую форму грамадскай творчасці трэба зрабіць канстытуцыйнай. Не пад нейкія асобы, я бачу, што некаторыя там ужо папісваюць. Справа не ў асобах», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён заўважыў, што прапановы прапісаць Усебеларускі сход у Канстытуцыю паступалі падчас дыялогавых пляцовак, і ён іх падтрымлівае.

Таксама на форуме народ павінен вызначыць, як будзе жыць у бягучай пяцігодцы.

«Кітайцы да гэтага часу так працуюць. У іх Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў — збіраюцца, вырашаюць пытанні і нармальна жывуць, імперыяй сталі. Таму пяцігодка наперадзе. Трэба вызначыцца, як мы будзем жыць. Жыццё ідзе, краіна працуе і развіваецца», — заўважыў Лукашэнка.

«Людзі хочуць так, як было да выбараў. Так і будзе»

Ён зноў нагадаў, што ў гэтым годзе сабралі добры ўраджай. Толькі па зерню амаль 10,5 мільёнаў тон. Нягледзячы на ўльтыматумы, у спакойным рытме працуюць прадпрыемствы, транспарт, гандаль, але даецца гэта няпроста, заўважыў Прэзідэнт.

«Людзі працуюць, жывуць і патрабуюць бяспечнага жыцця. Урэшце, асабліва ў Мінску, ацанілі, што яны могуць страціць. Кажуць: «Мы хочам так, як было да выбараў». Так і будзе. Мы абавязаны гэта патрабаванне народу забяспечыць. Усімі магчымымі і даступнымі па законе сродкамі», — дадаў ён.

Кіраўнік краіны падкрэсліў, што пры прыняцці лёсавызначальных для краіны рашэнняў улады заўсёды раіліся з людзьмі.

«Казаў неаднаразова і яшчэ раз паўтару: усё будзе так, як вырашыць толькі беларускі народ. Гэта не пустыя словы, гэта мая клятва. Пры канцы майго прэзідэнцкага жыцця я гарантую, што будзе толькі так, як вырашыць народ. Мы не будзем мышкаваннем займацца і ствараць нешта пад сябе», — заявіў Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў: мэта дыялогавых пляцовак, што праходзяць па ўсёй рэспубліцы, —  пачуць меркаванні ўсіх колаў насельніцтва.

«Такім чынам мы прыцягваем да абмеркавання актуальных пытанняў большую частку нашага грамадства. І, слава богу, я баюся тут адзнакі нейкія даваць, але па ўсёй краіне яны ідуць, і людзі размаўляюць», — канстатаваў ён.

Усе прапановы павінны быць абагульнены і накіраваны ў арганізацыйны камітэт Усебеларускага народнага сходу.

«Ключавая задача — выпрацоўка сучасных механізмаў па вырашэнні праблем, якія стрымліваюць эканамічны рост»

На сходзе таксама будуць падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошнія 5 гадоў. «Важна знайсці і выявіць прычыны, чаму не ўсё, што мы планавалі, дасягнута. Таму ключавой задачай, якую нам варта паставіць перад удзельнікамі сходу, з’яўляецца выпрацоўка сучасных, эфектыўных і рэальна дзейсных механізмаў, якія дапамогуць нам вырашыць праблемы, якія стрымліваюць эканамічны рост», — дадаў Прэзідэнт.

Па яго словах, кіраўнікам мясцовых органаў улады трэба вельмі ўважліва падысці да абрання дэлегатаў сходу.

«Тут павінны быць прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, якія хочуць нешта сказаць, якія хочуць быць пачутымі і ўмеюць слухаць, усіх сацыяльных і прафесійных груп, грамадскіх арганізацый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Не толькі кіраўнікі, але і людзі ад станка, ад зямлі, якія непасрэдна ведаюць і адчуваюць усе праблемы чалавека», — падкрэсліў Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што не страшна, калі будуць розныя меркаванні — «у выпадку, калі на сходзе яны не прагучаць, можна лічыць яго праваленым». «Гэта павінен быць рэальны дыялог па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Няхай людзі гавораць, адкрыта абмяркоўваюць — прымем рашэнні і будзем па іх жыць»,  — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Галоўчанка: Сход павінен быць яркім і насычаным

Як расказаў журналістам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, шосты Усебеларускі сход адбудзецца ў пачатку 2021 года — у студзені ці лютым. Ён удакладніў, што з улікам эпідэмічнай абстаноўкі аргкамітэт можа скарэктаваць тэрміны і фармат сходу.

У бліжэйшыя дні сфарміруюць яго арганізацыйны камітэт, праінфармаваў Галоўчанка. Форум будзе значна адрознівацца ад мінулых тым, што на ім будуць абмяркоўвацца не толькі пытанні сацыяльна-эканамічнага, але і грамадска-палітычнага развіцця.

Паводле яго слоў, у ліку абавязковых патрабаванняў кіраўніцтва краіны да фармату сходу — наяўнасць розных пунктаў гледжання, дыскусія па актуальных пытаннях. «Сход павінен быць яркім і насычаным. Плюралізм меркаванняў, прадстаўніцтва розных сацыяльных груп на Усебеларускім народным сходзе — гэта аснова, каб ён быў паспяховым і выніковым, Гэта будзе на карысць краіне», — лічыць Раман Галоўчанка.


Лукашэнка: Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі

Адзначым, што нарада пачалася з затрымкай. Прэзідэнт патлумачыў, што графік прыйшлося зламіць з-за абмеркавання рэагавання органаў улады на сітуацыю ў краіне.

«Пратэстуны гэтыя блукаюць на вуліцах. У асноўным у Кухарава (мэр Мінска — „Зв.“) у Мінску. Але тым не менш мы канстатавалі факт, што маса, якая засталася, радыкалізавалася. Мы дакладна бачым арганізатараў і тых, хто ўвасабляе гэтыя ідэі», — сказаў Лукашэнка.

Па яго словах, ён раней даў загад — працаваць акуратна, пакуль пратэстоўцы не перайшлі чырвоную рысу. Але апошнія некалькі дзён, дадаў Прэзідэнт, сведчаць, што па многіх кірунках гэтая лінія пяройдзена.

«Як можна ацэньваць, што яны выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакаваць аўтаматыку, як спецыялісты кажуць, замыканне рэльсаў ажыццяўляць. Гэта можа прывесці да сур’ёзных аварый на чыгунцы, да катастроф і гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груповак з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі», — заявіў Прэзідэнт.

У сувязі «з заклікамі з Польшчы і Літвы пра ўльтыматумы і страйкі», ён учора прэм’ер-міністру даручыў нікога не ўгаворваць — ні рабочых, ні студэнтаў, ні медыкаў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужачых. «Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца. Не толькі ён, але і яго дзеці. Не хочуць працоўныя працаваць, не трэба. Але адзінкі не хочуць. Вызвальце іншую частку, якія хочуць працаваць, ад гэтай», — звярнуўся да прысутных Лукашэнка.

Такі падыход павінен быць, на яго думку, і да студэнтаў. «Хто хоча вучыцца, хай вучыцца. Хто выйшаў у парушэнне закона на несанкцыянаваныя акцыі, ён пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, каго на вуліцы. Хай ходзяць па вуліцах. Але яны павінны быць адлічаны з ВНУ. Тое сама і выкладчыкі, якіх адзінкі, што брыдка сябе вядуць у ВНУ», — выказаўся кіраўнік краіны.

Арганізатары пратэстаў у Беларусі па метадычцы каляровых рэвалюцый ужо прайшлі 7-8 этапаў, адзначыў Прэзідэнт.

«Засталося зусім няшмат. Наступны этап — радыкалізацыя. Яна адбываецца. Супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных кірунках. Мы гэта павінны спыніць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Галоўчанка: Любое спыненне вытворчасці на руку нашым канкурэнтам

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка запэўніў, што абстаноўка на прадпрыемствах спакойная і працоўная.

«Не павялічваючы пагрозу, хачу звярнуцца ў тым ліку да тых, хто заклікаў беларускія прадпрыемствы да стачак і забастовак. Гэта прамыя заклікі да шкоды сваёй краіне і людзям, што жывуць у ёй. Заклік спыніць прадпрыемства ні што іншае, як расчыстка месца для канкурэнтаў. У Беларусі эканоміка адкрытая, мы знаходзімся ўвесь час у канкурэнтнай барацьбе, будзь то нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, машынабудаванне, прадукты харчавання. Любое спыненне вытворчасці на руку нашым канкурэнтам. Спыніўшы, дапусцім, вытворчасць нафтапрадуктаў (гэта спотавыя здзелкі), губляем канкрэтныя грошы, увесь персанал прадпрыемства губляе выплаты і даплаты за вынікі сваёй працы. Потым вярнуцца на гэты рынак будзе значна даражэй», — канстатаваў Раман Галоўчанка.

Такія наступствы ўжо выпрабаваў на сабе «Беларуськалій», калі літаральна на адну ноч у жніўні спыніліся некалькі рудаўпраўленняў, гэтаму факту былі вельмі рады канкурэнты «Беларуськалія» за мяжой.

Асабліва кіраўнік урада адзначыў недапушчальнасць нагнятання абстаноўкі на прадпрыемствах, дзе пазапланавае спыненне можа прывесці да небяспечных наступстваў для жыцця і здароўя людзей. «Любое ўмяшальніцтва ў тэхналагічны працэс — пагроза тэхнагеннай катастрофы. Будзь то “Гродна Азот”, “Магілёўхімвалакно”, у нас дастаткова такіх вытворчасцей. Да чаго вы заклікаеце? Хочаце, каб абласны горад накрыла катастрофа, якая можа здарыцца з-за шальных думак у асабліва заўзятых галовах? — абурыўся ён. — Вядома, калі такога роду рэчы будуць адбывацца на прадпрыемствах, якія звязаны з небяспечнай вытворчасцю, з пагрозай для бяспекі, экалогіі, то яны будуць жорстка спыняцца ў адпаведнасці з законам».

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны.