Вы тут

Вены пад ударам. Чым небяспечны варыкоз, i што будзе, калi хваробу запусцiць


Варыкознае расшырэнне вен — не знешнi дэфект, а сур'ёзная хвароба, якая пагражае цяжкiмi ўскладненнямi, такiмi як трамбоз, што можа скончыцца летальна. Чаму яе нельга вылечыць таблеткамi, мазямi цi адварамi траў? Па якiх прычынах гэта больш жаночая праблема? Як вызначыцца, цi рабiць аперацыю, i што бывае, калi не лячыць хваробу? На гэтыя i iншыя пытаннi адказаў навуковы супрацоўнiк аддзялення пухлiн галаўнога мозга РНПЦ анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогii i нейрахiрургii БелМАПА Гурбанiджад Гумен Гушанг.


— Доктар Гумен, вы нейрахiрург. Чаму ў коле вашых навуковых iнтарэсаў з'явiлася варыкознае расшырэнне вен?

— Калi чытаю лекцыi на кафедры неўралогii i нейрахiрургii, заўсёды тлумачу ўрачам, што арганiзм варта разглядаць цалкам, а не часткамi, бо ўсе органы ўзаемазвязаны. Калi лячыць адзiн орган, не звяртаючы ўвагi на астатнiя, можна атрымаць цяжкiя ўскладненнi, нягледзячы на тое, што лячэнне для гэтага асобна ўзятага органа было падабрана правiльна. Нейрахiрургiчная аперацыя, як, зрэшты, i любая iншая, павялiчвае рызыку ўтварэння тромба. Наш арганiзм не ўмее адрознiваць, гэта аперацыя цi крывацёк. Ён не разумее, што аперыруе хiрург, побач анестэзiёлаг i ўсё пад кантролем, а ўспрымае гэта як крывацёк, якi варта спынiць. А паколькi аперацыя цягнецца доўга, арганiзм пачынае згушчаць кроў усё мацней i мацней. I актывiзуе спыненне крывацёку да такой ступенi, што кроў пачынае згусаць. I калi тромб адрываецца, чалавек атрымлiвае ўскладненне — тромбаэмбалiю лёгачнай артэрыi, што можа скончыцца летальна. Атрымлiваецца, што аперацыя на галаўным мозгу прайшла выдатна, але ўзнiкла тромбаэмбалiя лёгачнай артэрыi, i чалавек загiнуў.

Таму варыкознае расшырэнне вен (а менавiта на нiжнiх канечнасцях вялiкая рызыка ўтварэння тромбаў) — праблема для любога хiрурга. У нейрахiрургii даводзiцца дасканальна вывучаць варыкознае расшырэнне вен. Гэта мая навуковая тэма, над якой я дагэтуль працую i дасягнуў пэўных вынiкаў.

— Варыкознае расшырэнне вен — агульная праблема цi больш жаночая?

— Пераважна жаночая. Калi прыбраць спадчынную прычыну, якая выклiкае захворванне i ў мужчын, i ў жанчын, то яшчэ адным важным фактарам з'яўляюцца гарманальныя змены падчас цяжарнасцi. Хоць такія змены могуць з'яўляцца нават у дзяўчынак пасля палавога саспявання, калi пачынаюцца месячныя — i вены на нагах могуць мяняцца, хоць родаў яшчэ не было. Натуральна, з другой паловы цяжарнасцi гэта праблема ў многiх абвастраецца. Калi жанчына прымае супрацьзачаткавыя сродкi, яна таксама правакуе ўтварэнне варыкознага расшырэння вен. Жаночы арганiзм — гармоназалежны. I гэта моцна ўплывае на развiццё захворвання.

У маладым узросце для любой жанчыны самая галоўная зброя — яе прыгажосць. Хочацца насiць кароткiя спаднiцы, добра выглядаць на пляжы, i важна, каб былi прыгожыя ногi. Натуральна, дзяўчатам не падабаецца, калi з'яўляецца сасудзiстая сетачка. Хоць гэта яшчэ i не варыкознае расшырэнне, а так званая нулявая стадыя, або рэтыкулярная форма варыкознага расшырэння вен. Для славянак гэта больш актуальна, бо сетачка прыкметная на светлай скуры. I плюс жаночая псiхалогiя — хочацца, каб усё было iдэальна на малекулярным узроўнi. Хоць мужчына можа i не заўважаць гэтага — мы крыху па-iншаму ўспрымаем жанчын.

На этапе, калi бачная сетачка, гэта больш эстэтычная праблема, i кровазварот на нiжнiх канечнасцях калi i парушаны, то не крытычна. У гэты час жанчыны набываюць мазi, венатанiзавальныя таблеткi, спрабуюць выкарыстоўваць народныя сродкi, крыятэрапiю. Але не з'явiлася ў свеце нi адной таблеткi цi мазi, каб сасудзiстая сетка знiкла. Мазi i таблеткi нават не спыняюць, а толькi замаруджваюць развiццё хваробы. Гэта жанчын не задавальняе. Тады ў ход iдуць механiчныя метады: або ўводзiцца прэпарат, якi склеразiруе вены, або вены прыпякаюцца лазерам. Тактыку тут выбiрае доктар.

— Цi гарантуе гэта вынiк на ўсё жыццё?

— Не. Гэта хранiчнае захворванне, i праз нейкi час з'явяцца iншыя вены. Таму можна лiчыць, што гэта вайна на ўсё жыццё.

— Як вызначыцца, цi трэба рабiць аперацыю? Напрыклад, вены выступаюць, але болi няма?

— Тут трэба вызначыцца, ад чаго адштурхоўвацца. Калi не хочацца мець нi сетачкi на нагах, нi бачных сасудаў, то зразумела, без аперацыi не абысцiся. Калi ж глядзець па-iншаму — здаровая нага цi не, — то калi ёсць варыкознае расшырэнне вен, яно ў вынiку прывядзе да хранiчнай венознай недастатковасцi. Пры варыкозе вылучаюць чатыры стадыi. I чым яна вышэй, тым больш сiмптомаў. На пачатковай стадыi, калi няма яўнай дэкампенсацыi, то, магчыма, варта пачакаць. Калi бачна яўнае парушэнне кровазвароту на нiжнiх канечнасцях, вены павылазiлi, то аперацыя робiцца ўжо не дзеля прыгажосцi. Тут парушаны сценкi вен, на iх можа ўтварыцца тромб, прычым у любым месцы, — i мы атрымаем вялiкiя праблемы.

— Для мужчын пытанне прыгажосцi не стаiць так востра, таму яны часта не звяртаюць увагi на гэта захворванне. Што можа здарыцца, калi запусцiць хваробу?

— Сапраўды, на першай стадыi мужчын мала цiкавiць, што там на нагах, яны могуць i не звяртаць на гэта ўвагу. Праблемы пачынаюцца, калi з'яўляюцца болi ў iкраножнай мышцы, асаблiва гэта актуальна для людзей са стаячай работай:  прадаўцоў, цырульнiкаў, ды i самiх хiрургаў, якiм даводзiцца стаяць падчас аперацыi па некалькi гадзiн. Калi i на гэтай стадыi не лячыць i запусцiць хваробу, то потым мы бачым, што пад скурай з'яўляюцца карычневыя плямы. Гэта характэрна для больш пажылога ўзросту. Такая гiперпiгментацыя сведчыць аб тым, што эрытрацыты выходзяць за межы сасуда, распадаюцца i ствараюць такую карцiну. Мы маем ногi з рэдкiм валасяным пакрыццём, нават у мужчын, бо валасяныя фалiкулы гiнуць з-за недахопу кровазвароту — яны не атрымлiваюць кiслароду i пажыўныя рэчывы. Скура становiцца сухая, лушчыцца, i з'яўляецца такая плямка. На наступным этапе наступаюць яўныя дыстрафiчныя змены. На месцах карычневых плям i ў iншых утвараюцца трафiчныя язвы. Яны доўга i складана лечацца, бо ўзрост дадае праблем, i патрабуюць пастаяннага догляду — перавязачных матэрыялаў, мазяў, таблетак. Пацыенты нават часам не разумеюць, з-за чаго гэта язва ўтварылася, шукаюць мазi, каб рана зажыла. Справа не ў мазi, а ў тым, што тканка ў тым месцы не атрымлiвае кiсларод, бо парушаны кровазварот. I трэба аднаўляць яго ў гэтых месцах i прызначаць раназажыўляльныя мазi.

— А на такой стадыi можна рабiць аперацыю?

— Так. Але чым больш запушчана хвароба, тым большая рызыка пасляаперацыйных ускладненняў. Язва ўтвараецца не за два днi, i нават не за два гады, а за два дзесяцiгоддзi цi больш. Да яе трэба не проста доўга iсцi, а доўга ўцякаць з палiклiнiкi i ад урачоў. Гэта сведчыць пра тое, што чалавек амаль не лячыўся i не займаўся прафiлактыкай. Таму калi ёсць праблема, варта вырашыць яе на пачатковым этапе.

— Калi падчас аперацыi «закрылi» пашкоджаныя вены i кроў размяркоўваецца па iншых, то рызыка ўтварэння тромбаў знiкае?

— Ёсць найбольш спрыяльныя месцы для ўтварэння тромбу, i тыя, дзе яны вельмi рэдка ўтвараюцца. Як хiрург, якi непасрэдна робiць падобныя аперацыi, скажу, што тэарэтычна тромб можа ўтварыцца ў любой вене, нават не абавязкова на нiжняй канечнасцi. Але калi мы прыбiраем паверхневыя вены на нiжнiх канечнасцях, дзе больш высокая iмавернасць тромбаўтварэння, мы пазбягаем гэтай рызыкi. Вянозны кровазварот не такi важны, як артэрыяльны, бо там знаходзiцца кроў, якая выканала сваю функцыю. I калi мы прыбiраем паверхневыя вены, то глыбокiя спраўляюцца з iх функцыяй. Паверхневыя вены патрэбны, калi яны добра працуюць. У адваротным выпадку яны i самi не працуюць, i iншым не даюць — утвараюць застой крывi на нiжнiх канечнасцях. Тады i глыбокiя вены працуюць непаўнацэнна. Таму тут трэба ахвяраваць паверхневымi венамi.

— Аперацыйнае лячэнне не гарантуе, што хвароба не праявiцца зноў, так?

— Так. Ёсць пацыенткi, якiя аперыруюцца i па два-тры разы. Трэба ўсведамляць, што гэта хранiчная хвароба, якая прагрэсуе цягам жыцця.

— Пры вянознай хваробе прызначаюцца прэпараты для ўмацавання венознай сценкi. Iх важна прымаць?

— Безумоўна. Нашы сасуды складаюцца з трох слаёў, адзiн з iх мышачны. На вулiцы ў нас ад холаду сiнее нос. Насамрэч яго колер не змянiўся, гэта звузiлiся сасуды i менш паступае кроў. Функцыя мышачнага слоя — пашыраць цi звужаць сасуд. I венатонiкi працуюць на тонус сасудаў. Такiм чынам мы робiм вены больш сабраныя. Нават калi варыкознае расшырэнне ёсць, прыём венатонiкаў паляпшае кровазварот на нiжнiх канечнасцях.

— Калi вялiкую ролю адыгрывае спадчыннасць, а хвароба была ў мацi, бабулi, цi ёсць шанцы ва ўнучкi яе пазбегнуць?

— Калi ёсць спадчыннасць, шанцы мiнiмальныя. У такiм выпадку першыя прыкметы могуць з'явiцца пасля палавога саспявання. Але любое лячэнне пачынаецца з добрай прафiлактыкi. Калi прыходзiце дадому, асаблiва пасля доўгага стаяння, трэба проста паляжаць на канапе, крыху прыўзняўшы ногi — хвiлiн 20, каб разгрузiць вены на нiжнiх канечнасцях. Можна выкарыстоўваць мазi для прафiлактыкi варыкознага расшырэння вен, наносiць iх варта знiзу ўверх. Гэта самае простае. Ёсць розныя хатнiя электрамiястымулятары — маленькiя прысоскi, якiя выклiкаюць спазм мышц, паляпшаючы адток крывi. Ёсць дамашнiя лiмфаматы, якiя робяць масаж ног. Але калi мы хочам выкарыстоўваць электрамiя-стымулятары, лiмфаматы, мы павiнны быць упэўнены, што на нагах не паспелi ўтварыцца тромбы, асаблiва гэта датычыцца пажылых людзей, бо такiя апараты садзейнiчаюць iх адрыву. Калi чалавек пажылы, асаблiва ляжачы, таксама важна, каб хтосьцi рабiў масаж ног, прычым знiзу ўверх.

Можна прымаць кантрасны душ: гэта таксама павышае тонус сасудаў, трэнiруе iх. Для прафiлактыкi карысна рабiць настой з каштанаў, яго прымаюць i ўнутр, i прымяняюць вонкава. Калi чалавек працуе ў офiсе i доўга сядзiць за сталом, дастаткова проста паварушыць пальцамi ног, i мышачная помпа пачынае працаваць. Крыху пахадзiць, пастаяць дастаткова, каб мышцы запрацавалi. Варта пазбягаць гiпадынамii, але i гiпердынамiя шкодная, тут важна ведаць меру.

— Што рабiць у сталым узросце, калi хвароба запушчана i вены «вiсяць гронкамi»?

— Калi хвароба запушчана, з ёй складаней справiцца, але лячыцца нiколi не позна. Таму варта звярнуцца да доктара, вызначыць, на якой стадыi захворванне i што можна зрабiць. I тут трэба памятаць пра рызыку ўтварэння тромбаў. Таму можна рэкамендаваць усё, што звязана з разрэджваннем крывi i паляпшэннем кровазвароту на нiжнiх канечнасцях. I пазбягаць усяго, што загушчае кроў. Ёсць прадукты, напрыклад, iмбiр, якiя добра разрэджваюць кроў. Вельмi негатыўную ролю адыгрывае курэнне: для таго каб сапсаваць лёгкiя i страўнiк, трэба шмат курыць, а каб сапсаваць сасуды, а яны ў нас вельмi ломкiя, i невялiкай колькасцi цыгарэт дастаткова.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны.