Вы тут

«Лепш мы рванём у горы...». Мой сябар Чэбаганаў Анатоль Васiлевiч


Усе ведаюць Анатоля Васiлевiча як даследчыка свайго роду i родаў беларускай шляхты, пiсьменнiка, прадпрымальнiка, мецэната, заслужанага дзеяча культуры Рэспублiкi Беларусь. Для мяне ж ён у першую чаргу чалавек, з якiм я сябраваў усё жыццё. Таму мне хочацца расказаць пра крыху iншы бок яго жыцця.


У дзяцiнстве мы, як i ўсе хлопчыкi, гулялi ў футбол, шахматы, абмяркоўвалi тое, што змаглi прачытаць апошнiм часам. Ён вельмi шмат чытаў. Заўсёды быў у цэнтры ўвагi, штосьцi выдумляў, арганiзоўваў розныя мерапрыемствы, заўсёды збiраў вакол сябе натоўп вясковай дзятвы. Уражвалі яго цiкаўнасць, iмкненне ўсё высветлiць i ва ўсiм разабрацца. Невыпадкова вучоба ў школе давалася яму лёгка i закончылася атрыманнем залатога медаля. Супраць яго было складана гуляць, таму што ён заўсёды трымаўся да апошняга, нават у самых безнадзейных сiтуацыях. Гэтаксама ён дзейнiчаў i ў звычайных жыццёвых сiтуацыях.

Пасля заканчэння школы мы дамовiлiся пакарыць культурную сталiцу краiны i таму паехалi паступаць у Ленiнград. Праўда, апынулiся ў розных iнстытутах — я ў Ленiнградскiм полiтэхнiчным, а Анатоль — у Ленiнградскiм iнстытуце дакладнай механiкi i оптыкi. Жылi мы ў розных iнтэрнатах, але выхадныя i святочныя днi часта праводзiлi разам. Студэнцкiя гады пакiнулi незабыўнае ўражанне. Па-першае, у нашых iнстытутах i iнтэрнатах было вельмi шмат студэнтаў з iншых краiн — Венгрыi, Польшчы, ГДР, краiн Афрыкi, а таксама з Узбекiстана, Украiны, Малдовы. I мы непасрэдна даведвалiся, як жывуць iншыя народы i што ў iх добрага цi дрэннага ў параўнаннi з беларусамi. Анатоль жыў у пакоi з двума студэнтамi з Узбекiстана. Яны былi з адукаваных сем'яў, вельмi добра вучылiся i былi сапраўдныя таварышы. Ад iх мы пачулi пра землятрус у Ташкенце 1964 года, калi загiнула шмат людзей, але афiцыйна пра гэта нiдзе не паведамлялася. У iх Анатоль навучыўся гатаваць плоў па-ўзбекску, заварваць класiчны чай.

Час, якi мы бавiлi сумесна ў выхадныя днi, праходзiў у пастаянных спаборнiцтвах: мiнi-футбол на высадку, шахматны блiц, прэферанс i спрэчкi на любыя фiласофскiя тэмы. У прэферанс мы гулялi на iнтарэс — тыя, хто прайграў, павiнны былi смажыць бульбу, а пераможцы — гучна чыталi вершы з сусветнай класiкi цi абмяркоўвалi чарговую хвалюючую праблему. Я да гэтай пары памятаю кароценькi верш Васiля Фёдарава, якi Анатоль любiў паўтараць:

Не изменяй! Ты говоришь, любя.

О, не волнуйся, я не изменяю.

Но, дорогая...

Как же я узнаю,

что в мире нет прекраснее тебя?

Дарэчы, пастаянным партнёрам у футбольных баталiях быў Тадэвуш Кандрусевiч, з якiм мы часта кантактавалi, як землякi, i якi вучыўся на адным факультэце са мной i ў далейшым стаў кiраўнiком каталiцкай царквы ў Рэспублiцы Беларусь. Памятаю, што ў канцы 60-х гадоў у адной са спрэчак Анатоль сцвярджаў, што Ленiнград усё ж верне сваю першапачатковую назву. На той час гэта здавалася неверагодным, i з iм тады пагадзiлiся не ўсе.

Нашымi кумiрамi былi барды Высоцкi, Акуджава, Галiч, Клячкiн. Мы ведалi вельмi шмат iх песняў. У 1968 годзе ў газеце «Советская Россия» быў апублiкаваны iдэалагiчны артыкул «Аб чым спявае Уладзiмiр Высоцкi», дзе наш любiмы паэт быў аб'яўлены ворагам народа. Мы моцна абуралiся, а Анатоль вырашыў захаваць у сябе гэтую газету для гiсторыi.

Захапляючыся чытаннем, Анатоль пачаў пацiху збiраць каштоўную лiтаратуру. У той час у букiнiстычных магазiнах Ленiнграда можна было набыць унiкальныя кнiгi, выдадзеныя ў XXVIII-XIX стагоддзях. I калi дазвалялi сродкi, ён набываў. А яго мама ў Любанi афармляла падпiскi на лiтаратурныя серыi кнiг. Паступова ён усё больш пачаў захапляцца паэзiяй. Ведаў на памяць вельмi шмат вершаў i актыўна збiраў паэзiю для сваёй будучай бiблiятэкi.

Безумоўна, набыццё кнiг — гэта затраты. Дзе браць грошы, калi жыць даводзiлася практычна на адну стыпендыю — мама не магла асаблiва дапамагчы. Даводзiлася зарабляць на студэнцкiх будоўлях. Усе летнiя канiкулы прысвячалiся толькi гэтаму — у Сiбiры, Узбекiстане, Кiргiзii. Гэта была яшчэ адна школа жыцця. Прыйшлося прайсцi праз усё: арганiзацыю работ, кiраванне калектывам, асваенне будаўнiчых прафесiй i — цяжкую працу ва ўмовах спёкi або машкары. Я памятаю, як у 1970 годзе ў зводным атрадзе ленiнградскiх ВНУ мы будавалi каля возера Iсык-Куль (Кiргiзiя) шчытавыя домiкi пасля разбуральнага землятрусу. Як мы пазнаёмiлiся з мясцовымi жыхарамi i як яны нам дзякавалi i запрашалi на ўваходзiны. Мы ўбачылi, якiя гэта гасцiнныя i цудоўныя людзi. Адзiн з гаспадароў новага дома нават удзельнiчаў у вызваленнi Мiнска ў 1944 годзе i вельмi абрадаваўся, што мы з тых краёў, i добра адзываўся аб беларусах.

Тады ж мы ўпершыню ажыццявiлi паход у горы, якi добра памятаю да гэтай пары. У адну з нядзель нас прывезлi да падножжа гор Цянь-Шань, у вельмi прыгожае месца, дзе знаходзiлiся радонавыя крынiцы. Але Анатоль, як заўсёды, прапанаваў свой варыянт адпачынку. Ён сказаў, што лепш мы рванём у горы i дойдзем да снягоў, бо вiдаць, што гэта зусiм недалёка. Мы, самыя блiзкiя сябры, чалавек восем, згадзiлiся i пайшлi ўверх. Спачатку мы лёгка паднiмалiся праз дзiўна прыгожыя лясныя, лугавыя мясцiны. Потым пайшлi крутыя пад'ёмы, калi даводзiлася чапляцца за кусты, камянi. Было вельмi небяспечна — можна сарвацца. Але снягi заставалiся на ранейшай адлегласцi. Час iшоў, а дасягненне мэты аказалася пад пытаннем. Некаторыя пачалi наракаць, бо ўжо наблiжаўся вечар, мы маглi не паспець у прызначаны час вярнуцца да аўтобуса. Але Анатоль параiў слабакам вяртацца, а моцным iсцi наверх. Нiхто не стаў вяртацца. I да снегу ўсё ж дайшлi. Але самае жахлiвае было яшчэ наперадзе. Пачало хутка цямнець. Спускацца ў крутых месцах аказалася значна цяжэй, чым паднiмацца. З вялiкай цяжкасцю, падтрымлiваючы адзiн аднаго i з вялiкiм спазненнем, у поўнай цемры, у поўнай знямозе мы дабралiся да месца збору, дзе нас чакалi. Добра, што аўтобус стаяў з уключанымi фарамi, iнакш мы дакладна не знайшлi б месца збору. Там нам далi такi наганяй, аб якiм да гэтага часу ўспамiнаць не хочацца.

Пасля заканчэння адукацыi ў iнстытутах мы, як i дамаўлялiся, атабарылiся ў Мiнску. Анатоль стаў наладчыкам электронных вылiчальных машын ва Усесаюзным навукова-вытворчым аб'яднаннi «Каскад». У той час гэта была вельмi крутая прафесiя. Па-першае, гэта суцэльныя камандзiроўкi, а па-другое, электронныя вылiчальныя машыны ўяўлялi сабой у той час штосьцi накшталт монстраў — гэта некалькi вялiкiх шаф, нашпiгаваных электронiкай. I запусцiць iх у работу — вельмi складаная задача, якая патрабавала ведаў, лагiчнага мыслення i досведу. Анатоль надзiва хутка здолеў асвоiць гэту прафесiю i ў кароткi тэрмiн стаў найлепшым брыгадзiрам «Каскада», яму пачалi даручаць самыя складаныя i адказныя аб'екты. Пра такiх людзей у той час складалi легенды. Я гэта вельмi добра ведаю i памятаю, бо сам працаваў у «Каскадзе» праграмiстам.

Пасля УНВА «Каскад» мы з 1974 года працавалi ў ПКТI АСК «Нiва» Дзяржкамсельгастэхнiкi БССР: Анатоль — галоўным iнжынерам, а я — начальнiкам аддзела. Вынiк дзейнасцi гэтай арганiзацыi вядомы — наша рэспублiка была лiдарам па аўтаматызацыi работ у СССР у гэтай галiне, i з усёй краiны прыязджалi дэлегацыi для вывучэння нашага вопыту i ўкаранення нашых распрацовак у сябе. Варта адзначыць, што былыя супрацоўнiкi ПКТI АСК «Нiва» да гэтай пары ўспамiнаюць Анатоля Васiлевiча як вельмi дасведчанага спецыялiста, справядлiвага i чулага кiраўнiка.

Уладзiмiр РАДКЕВIЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?