Вы тут

Бульба i яблыкi добра захоўваюцца ў нас да канца мая


Амаль кожны гарадскi жыхар у чарговыя выхадныя ў гэтыя кастрычнiцкiя днi наведвае сельскагаспадарчыя кiрмашы, дзе закупляе бульбу, моркву, яблыкi для сямейнага харчавання. А потым на працягу доўгай зiмы мы радуем сябе водарам i смакам айчынных садавiны i агароднiны. Вялiкi горад таксама робiць сабе запасы, яны называюцца стабiлiзацыйныя фонды на мiжсезонны перыяд. У нашай сталiцы сёлета такiя фонды было вырашана арганiзаваць на базе гандлёва-закупачнага, аптова-рознiчнага камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства «Партызанскае». Акрамя таго, мы даведалiся, як рыхтуюцца да новага «зялёнага» сезона на Мiнскай агароднiннай фабрыцы.


Сёлета значна менш, але толькi самае лепшае

Пастановай Савета Мiнiстраў такiя фонды фармiруюцца штогод. Усё зроблена для таго, каб не пакiнуць людзей зiмой без ежы i вiтамiнаў.

Як адзначыла начальнiк аддзела сельскай гаспадаркi i харчавання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мiнгарвыканкама Ала Сяргеева, на мiжсезонны перыяд 2020—2021 гадоў у сталiцы вызначаны такiя аб'ёмы закладкi: 1 500 тон бульбы, 800 тон капусты, па 500 тон морквы, цыбулi i яблыкаў, а таксама 250 тон буракоў. Захоўвацца агароднiна i садавiна будуць на пляцоўцы УП «Партызанскае» ў прамысловай зоне Калядзiчы.

Шмат гэта цi дастаткова? Пытанне не самае простае. Летась, напрыклад, зрабiлi запас бульбы на 10 тысяч тон, яблыкаў i морквы — на 5 тысяч тон. Сёлета, як бачым, будзе назапашана ў разы менш, а па некаторых пазiцыях — у дзясяткi разоў менш. Як гэта разумець?

«Так, сапраўды, у мiнулыя гады аб'ёмы закладкi былi значна большыя, — адзначае прадстаўнiк гарвыканкама. — Але сельская гаспадарка развiваецца. Цяпер, што радуе, — i дзяржпрадпрыемствы, i фермерскiя гаспадаркi здольныя самi якасна захоўваць прадукцыю. Намецiлася тэндэнцыя паставак сельгаставараў у гандлёвыя арганiзацыi наўпрост ад вытворцаў, таму няма патрэбы закладваць велiзарныя аб'ёмы». Нярэдка так атрымлiвалася, калi на працягу ўсёй зiмы прадукцыя стабiлiзацыйных фондаў была незапатрабаваная. Крыўдна потым, прадукты досыць добрай якасцi адпраўляць на перапрацоўку.

Таму аб'ёмы закладкi цяпер арыентаваныя на ўзровень сярэднямесячнай рэалiзацыi ў гандлi. Такiм чынам, у Мiнску зроблены так званы стратэгiчны запас неабходных прадуктаў. Ён патрэбны для экстраннага выпадку, калi, дапусцiм, асноўныя вытворцы цыбулi некарэктна падлiчылi свае запасы, цi ў iх раптам яна сапсавалася. Стратэгiчны запас робiцца для таго, каб цалкам выключыць няхватку асноўных прадуктаў харчавання.

Па словах гендырэктара УП «Партызанскае» Таццяны Кузаўлёвай, у Мiнск для фармiравання стабфондаў бульба пастаўляецца пераважна з гаспадарак Мiнскай вобласцi, цыбулi — з Магiлёўскай вобласцi, яблыкаў — ад сельгасвытворцаў Брэсцкай вобласцi. Мiнск, як самы вялiкi i дарагi горад, дазваляе сабе выбiраць усё самае лепшае.

Сёння на прадпрыемстве нарыхтавана 800 тон бульбы, або 52 % да плана, 300 тон яблыкаў, або 58 %, 60 тон цыбулi (13 %) i 20 тон морквы.

Папярэдняя падрыхтоўка i аналiз — абавязкова

Для прадуктаў «жыццё» тут замiрае на працягу 7–8 месяцаў. I ў гэтым выпадку звычайнага памяшкання недастаткова — захоўванне прадугледжвае пэўныя ўмовы, каб папярэдзiць хваробы i пашкоджанне.

Перад тым як трапiць у халоднае сховiшча, агароднiна i садавiна праходзяць сур'ёзную праверку ў фiзiка-хiмiчнай цэнтральнай таваразнаўчай лабараторыi. Гэта вывучэнне дакументаў, якiя пацвярджаюць якасць i бяспеку прадукцыi, а таксама своеасаблiвы павярхоўны кантроль па арганалептычных паказчыках. Дадаткова — аналiз на ўтрыманне нiтратаў, радыенуклiдаў i iншых непатрэбных i нават шкодных хiмiчных злучэнняў.

«Бяром невялiкую колькасць прадукцыi з партыi i спачатку правяраем вонкавы выгляд: цi ёсць прыкметы загнiвання або захворвання, шкоднiкi, пасля праводзiм тэсты. На аснове атрыманых вынiкаў вызначаем, цi можна захоўваць прадукцыю. Калi так, то колькi яна зможа праляжаць. Вырашаем, якую партыю неабходна рэалiзаваць першай, а якая можа знаходзiцца ў сховiшчы больш доўгi час», — расказвае аб праверцы загадчыца лабараторыi УП «Партызанскае» Наталля Булыга.

Фота БелТА

Пасля некалькiх стадый праверкi на якасць, партыя, якая прайшла адбор, iдзе на адгрузку, а затым змяшчаецца ў халадзiльнае абсталяванне. Але i тут ёсць нюансы: калi яблыкi можна загружаць у камеры i ставiць фiксаваную тэмпературу адразу, то бульба павiнна перажыць лячэбны перыяд у некалькi дзён, каб зажылi механiчныя пашкоджаннi на клубнi.

У залежнасцi ад вiду агароднiны i садавiны вызначаюцца тэмпературныя нормы i вiльготнасць у сховiшчы. Напрыклад, капуста, морква i буракi патрабуюць ад 0 да 2 градусаў, яблыкi — ад 0 да плюс 4 градусаў, а бульба — 3—6 цяпла. За паказчыкамi на гiгрометры тут сочаць двойчы на дзень, таму прадукты заўсёды знаходзяцца пад кантролем. Але сiтуацыi бываюць розныя. Калi таваразнаўцы заўважаюць, што прадукцыя пачынае псавацца, такi тавар тэрмiнова лiквiдуюць.

Таваразнаўца Людмiла Краўчанка прыводзiць у прыклад умовы захоўвання яблыкаў:

— Яблыкi захоўваюцца пры аптымальнай тэмпературы ад 0 да 2 градусаў, а часам — да плюс 4, у залежнасцi ад сорту. Вiльготнасць паветра пры захоўваннi — 90—95 %. Садавiна пры правiльным захоўваннi спакойна даляжыць да сакавiка, можа быць, нават да мая. Выкарыстоўваюцца толькi самыя лёжкiя i буйныя сарты.

Закладваюць агароднiну i садавiну да 15 лiстапада, а рэалiзоўваюць да 31 мая. Гэта доўгi мiжсезонны перыяд, але варта адзначыць, што леташняя прадукцыя доўгi час захоўвалася i заставалася якаснай. Былi рэшткi, таму рэалiзацыя працягвалася нават летам. Усё астатняе пайшло на перапрацоўку. Гэта сведчыць аб тым, што матэрыяльна-тэхнiчная база прадпрыемства адпавядае патрабаванням захоўвання, што прад'яўляюцца для кожнага вiду прадукцыi.

Сёння на прадпрыемства паступiла новая партыя морквы. Яна прайшла ўсе этапы i рыхтуецца да змяшчэння ў сховiшча. Паралельна ў невялiкiх кантэйнерах сартуецца бульба. Калi клубнi шустра мчаць па стужцы канвеера, тры жанчыны спрытна паспяваюць праверыць iх на дэфекты i вызначыць якасныя, якiя затым фасуюцца ў мяшкi-сеткi. Так iдзе перадпродажная падрыхтоўка.

Прадукцыя стабiлiзацыйнага фонду традыцыйна будзе накiроўвацца ў арганiзацыi гандлю, грамадскага харчавання, дзiцячыя дашкольныя ўстановы i камбiнат школьнага харчавання Мiнска.

Навука нам дапамагае

«Больш за дзве трацiны валавога збору агароднiны ў краiне ажыцяўляецца ў асабiстых дапаможных гаспадарках. Тут правiльную работу праводзiць Белкаапсаюз, якi скупляе прадукцыю ў насельнiцтва i ўцягвае ў абарот. Гэта добрая дапамога для харчовай бяспекi нашай краiны. Яшчэ адна трацiна агароднiны вырабляецца на прамысловай аснове — у сельскагаспадарчых арганiзацыях i фермерскiх гаспадарках. Яна мае высокую таварнасць, выкарыстоўваецца на ўнутраным рынку i пастаўляецца за мяжу», — сказаў гэтымi днямi дырэктар Iнстытута агароднiцтва Нацыянальнай акадэмii навук Андрэй Чайкоўскi падчас круглага стала ў прэс-цэнтры БелТА.

Селекцыянеры Iнстытута агароднiцтва НАН вядуць бесперапынную работу па стварэннi новых сартоў агароднiнных, бахчавых i вострапахучых культур. Пры стварэннi сартоў i гiбрыдаў вялiкая ўвага аддаецца смакавым уласцiвасцям, устойлiвасцi да ўзбуджальнiкаў i хвароб.

Намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Iнстытута пладаводства НАН Беларусi Анатоль Крыварот адзначыў, што навукоўцы працуюць таксама над пашырэннем асартыменту пладова-ягаднай прадукцыi для беларускага спажыўца. У iнстытуце выведзены новыя сарты глогу, актынiдыi i бружмелю. Нядаўна адбылося пасяджэнне вучонага савета, дзе рэкамендавалi да праходжання выпрабаванняў i ўключэння ў рэестр новага сорту персiка. У нашай краiне таксама створаны айчынныя сарты фундуку «лал» i «яшма».

Хопiць сабе i на продаж

Калi казаць у цэлым па краiне, то «другога хлеба» ў нас будзе дастаткова. Сёлета ў гаспадарках усiх катэгорый чакаецца вытворчасць бульбы на ўзроўнi 6,1 млн тон, пладоў i ягад — 601 тысяча тон, агароднiны — 1,8 млн тон. У тым лiку ў сельгасарганiзацыях i фермерскiх гаспадарках плануюць атрымаць 1,1 млн тон бульбы, 170 тысяч тон пладоў i ягад, а таксама 625,5 тысячы тон агароднiны.

Дарэчы, ужо зараз у сельгасарганiзацыях сабрана больш за 700 тысяч тон бульбы (ураджайнасць — 284 ц/га). Агароднiна з адкрытага грунту ўбрана з 79 % запланаваных плошчаў, дзе сабрана 110 тысяч тон. Што датычыцца пладоў i ягад, у сельгасарганiзацыях сабрана каля 66 тысяч тон з крытага i абароненага грунту.

З чаканых 1,1 млн тон бульбы 185 тысяч тон пойдзе на насенне, каля 200 тысяч тон адправяць на прамперапрацоўку, 171 тысячу тон — на патрэбы гандлю i грамадскага харчавання (у тым лiку для закладкi ў стабiлiзацыйныя фонды), астатняе — для iншай рэалiзацыi, уключаючы экспарт.

Каб яблыкi не сталi «залатыя»

Самазабеспячэнне яблыкамi ў нашай краiне складае амаль 50 %, адзначыла намеснiк начальнiка ўпраўлення арганiзацыi гандлю i грамадскага харчавання — начальнiк аддзела спажывецкага рынку Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю Наталля Мельнiкава.

З практычна 3 тысяч сялянскiх гаспадарак толькi 40 % займаюцца вытворчасцю яблыкаў. Пакуль мы яшчэ не ў поўным аб'ёме забяспечваем насельнiцтва яблыкамi. Таму штогод закладваюцца новыя сады. За 2016—2019 гады пасаджана 3,3 тысячы га, сёлета — ужо 315 га, i работа яшчэ працягваецца. За апошнiя 10 гадоў зрабiлi значны рывок у гэтым кiрунку. У параўнаннi з 2010 годам вытворчасць пладова-ягаднай прадукцыi ў грамадскiм сектары павялiчылася ў 4,2 раза. Вялiкiя аб'ёмы вытворчасцi сканцэнтраваныя ў фермерскiх гаспадарках, дзе адзначаны рост плошчаў больш чым у 13 разоў.

Па словах спецыялiста, яблыкi адносяцца да сацыяльна значных тавараў. «У мэтах гарантаванага забеспячэння насельнiцтва iмi ў нас устаноўлена дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне да 31 снежня 2020 года. На яблыкi вызначана гандлёвая надбаўка (з улiкам аптовай) не больш за 30 працэнтаў. Гэта павiнны выконваць усе арганiзацыi гандлю.

Што датычыцца бульбы i iншай агароднiны, iх вытворчасць у Беларусi значна перавышае патрэбу. «Па разлiковых даных, патрэба ўнутранага рынку ў бульбе ў 6–7 разоў меншая за вырашчаныя аб'ёмы, у iншай агароднiне — у два разы. Доля продажу арганiзацыямi гандлю ад агульнага аб'ёму вытворчасцi бульбы складае толькi 0,1 %, iншай агароднiны — ад 20 да 60 працэнтаў», — адзначыла Наталля Мельнiкава.

З холаду ў летняе цяпло

«Партызанскае» трымае руку на пульсе стратэгiчнага запасу нашага мегагорада. Там тэмпература блiзкая да нуля. Але ёсць таксама сталiчнае сховiшча для агароднiны, дзе пануе iншая абстаноўка. На тэрыторыi аб'екта «прапiсалiся» не складскiя памяшканнi, а цяплiчныя. Нядзiўна, бо тут цэлы год вырошчваюць агароднiну, зелянiну i травы на абароненым i адкрытым грунце.

На палях тут вырошчваюць бульбу, буракi, капусту, цыбулю рэпчатую, а на закрытых плошчах — таматы, агуркi, перац, баклажаны, розную зелянiну накшталт салаты, пятрушкi, базiлiку, а таксама разнастайныя духмяныя травы.

Галоўны тэхнолаг Мiнскай агароднiннай фабрыкi Уладзiмiр Уладзiмiраў адзначае, што працаваць па ўсiх кiрунках раслiнаводства нялёгка. Ураджай мала сабраць, яго трэба i рэалiзаваць. На дапамогу прыходзiць маркетынгавы аддзел, якi вывучае запыты, аналiзуе i прапануе iдэi менавiта таго, што неабходна спажыўцам.

Хутка спiс прадукцыi агароднiннай фабрыкi папоўнiцца — тут плануецца высаджваць кактэйльныя памiдоры i Чэры-таматы, бела-зялёныя агуркi, салату з антацыянавай афарбоўкай i вострапахучыя культуры — мангольд, шпiнат i кiнзу. Працуюць на фабрыцы напрамую са сталiчнымi рэстаранамi i кафэ, якiм пачалi прадаваць амаль «ювелiрныя» сарты карнiшончыкаў.

«У кастрычнiку мы пачынаем вырошчваць агуркi, ужываючы тэхналогiю святлакультуры. Гэта значыць, што зiмой будзе ўраджай i жыхары сталiцы змогуць купiць гэтую агароднiну беларускай вытворчасцi да навагодняга стала. Роўна як i свежая салата i рэзка-араматычныя культуры — кроп, пятрушка i базiлiк, якiя фасуюцца ў фiрмовыя пакеты i адправяцца на прылавак», — расказала вядучы аграном па харчаваннi фабрыкi Людмiла Яцкевiч.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Запас бяды не чынiць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.