Вы тут

Не шкодзіць вучыцца і ў Ажэшкі


Анатоль Іванавіч Бутэвіч — асоба, якая шмат зрабіла для беларускай культуры. Так, ён стварыў ужо некалькі дзясяткаў уласных кніг, дзе можна знайсці як дзіцячыя казкі, так і аповесці, апавяданні, раман, сур’ёзныя краязнаўчыя працы, прысвечаныя даследаванню розных аспектаў беларускай гісторыі. Але не менш актыўную дзейнасць Анатоль Іванавіч вядзе і як перакладчык. Дзякуючы яго намаганням сёння сярод іншага можна прачытаць па-беларуску знакаміты «Салярыс» Станіслава Лема або не менш вядомы раман амерыканскага пісьменніка Эрнэста Хэмінгуэя «Бывай, зброя!».


Апошняй на дадзены момант вялікай працай Анатоля Бутэвіча з’яўляецца якраз пераклад. У серыі «Беларускі кнігазбор» (выдавецтва «Беларуская навука») толькі што выйшла кніга перакладаў на беларускую мову, якая ўключае раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» і цыкл навел «Gloria Victis» (з лацінскай перакладаецца як «Слава пераможаным», што адразу выклікае пэўную цікавасць, бо звычайна перможаныя — зусім не тыя, каго ўхваляюць). Гэта важная з’ява для беларускай літаратуры, бо, па словах Анатоля Бутэвіча, нават рускія чытачы (а на рускую мову, як вядома, перакладаецца значна больш літаратуры, чым на беларускую) не ведаюць увесь корпус тэкстаў пісьменніцы. Тым больш што гэтыя творы прысвечаны адной з ключавых падзей для нашай зямлі — паўстанню 1863 года.

Перакладчык адзначае, што праца над раманам і навеламі была вельмі цікавая, хоць і складаная, але гэтая складанасць толькі павялічвала натхненне, з якім Анатоль Бутэвіч працаваў над кнігай. Для яго ў гэтым была і асабістая цікавасць, бо сам ён ужо даўно мае непасрэднае дачыненне да культурных сувязей паміж Польшчай і Беларуссю: акрамя таго, што факультатыўна вывучаў польскую мову ва ўніверсітэце, два гады працаваў Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску, зараз узначальвае таварыства дружбы «Беларусь— Польшча». Таксама і паходжанне абязвае: Нясвіжчына, дзе нарадзіўся пісьменнік, доўгі час была ў складзе Польшчы, таму польскія традыцыі і польская мова дагэтуль не чужыя.

Нягледзячы на тое, што творы свае Эліза Ажэшка стварала на польскай мове, Анатоль Бутэвіч лічыць, што яе нельга выключаць з кантэксту беларускай літаратуры: «Ёсць пісьменнікі — і Міцкевіч, і Ажэшка, і іншыя, — якія пісалі па-польску, але гэта не азначае, што яны не былі сутворцамі беларускай гісторыі і культуры. Найперш яны пісалі пра падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі, напрыклад, замак Гарэшкаў у паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — гэта наш Мірскі замак. Але тут можна задаць пытанне: ці будзе нейкі пісьменнік з Чэхіі, Славакіі або нават Амерыкі беларускім пісьменнікам, калі напіша пра беларускія падзеі? Напэўна, не, бо гэта яшчэ звязана і з фактам нараджэння. Куды б ты ні з’ехаў, пупавіна заўсёды застанецца закапанай у роднай зямлі. Гэтыя пісьменнікі, якія пісалі пра Беларусь не па-беларуску, таксама стваралі нашу гісторыю і культуру — ад гэтага нельга адмаўляцца».

 І з думкай Анатоля Бутэвіча, сапраўды, немагчыма не згадзіцца, бо творы Элізы Ажэшкі, што прадстаўлены ў новай кнізе, — гэта погляд ад першай асобы на падзеі, пасля якіх, умоўна кажучы, беларуская гісторыя падзя­ лілася на «да» і «пасля». Так, гэта погляд чалавека (Ажэш­ кі) нібыта крыху збоку, які быццам бы не меў дачынення да тых падзей. Але ўсё не зусім так. Талент і майстэрства пісьменніцы робяць і раман, і цыкл навел яшчэ больш цікавымі для тых, хто хоча не толькі прачытаць якас­ ныя літаратурныя творы, але і даведацца нешта новае пра паўстанне. Гэтыя творы — сведкі з першых рук, бо Эліза Ажэшка не толькі мела зносіны з непасрэднымі ўдзельнікамі паўстання, але і, па вялікім рахунку, сама была ўдзельніцай падзей. Таму ў навелах дзейнічаюць як непасрэдныя ўдзельнікі паўстання на полі бітвы, так і простыя людзі, у тым ліку жанчыны, якія як маглі спры­ ялі і дапамагалі паўстанцам, а пасля захоўвалі памяць і пра людзей, і пра падзеі, і пра абставіны і не хавалі гэта­ га ад іншых. Нездарма Ажэшка прызнавалася, што калі б не яе «Слава пераможаным», то мо пазнейшыя пакаленні і не ведалі б усёй праўды, не шанавалі б таго, што здзейс­ нілі іх папярэднікі для ўмацавання роднай зямлі.

Анатоль Іванавіч падкрэслівае, што стыль Элізы Ажэшкі — гэта максімальная ўвага да бытавых, паўсядзёных дэталей у выкшталцонай мастацкай апрацоўцы. Менавіта таму праца над перакладам вялася скрупулёзна, удумліва, каб зразумець усе нюансы створанага Ажэшкай і адэкватна пераўвасобіць іх па-беларуску. І  Анатолю Бутэвічу, як прыхільніку дакладнага перакладу, а не перастварэння «па матывах», давялося не раз звяртацца да дасведчаных людзей, слоўнікаў і да­ следчых прац, каб суаднесці ўласнае разуменне тэксту з шырокім кантэкстам, з задумай аўтара і яе вынікам — рэалізацыяй задуманага. Не выклікае сумненняў, што пры такім падыходзе, як пісьменніцы, так і перакладчы­ ка, а таксама цікавасці твораў (як мастацкай, так і гіста­ рычный), новая кніга з’яўляецца адной з самых значных літаратурных навінак.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?