Вы тут

Як з «калякі-малякі» выгадаваць «каліграфіста»


Каб прыгожа пісаць ручкай, трэба правільна есці лыжкай

Незлічоныя пропісі і размалёўкі, якія прадаюцца ледзьве не на кожным рагу і закліканы дапамагчы дашкольніку падрыхтаваць руку да пісьма, справа, безумоўна, добрая. Але ж адных толькі дапаможнікаў недастаткова, каб дзіця навучылася прыгожа пісаць. Малыя цудоўна абводзяць элементы літар па пункціры, аднак уласныя «палачкі» і «кручочкі» атрымліваюцца надзіва няроўныя, з няправільным нахілам, рознай вышыні і шырыні. Чаму так адбываецца, і што рабіць, раіць Таццяна КУЛАШЧЫК, настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.


Няправільная пастаноўка рукі, або «курыная лапа»

Перш за ўсё, трэба звярнуць увагу на тое, як малы трымае ручку. Часта дзеці захопліваюць яе чатырма пальцамі — гэткай «курынай лапай». Калі малыя загінаюць кісць рукі ўнутр, гэта не толькі абцяжарвае сам працэс напісання, але і робіць літары або роўнымі, або з нахілам у адваротны бок. Нагадаю, што правільна напісаныя літары злёгку нахіляюцца да правага верхняга куточка радка. Рука, якая «вісіць у паветры» замест таго, каб ляжаць на стале, таксама хутка стамляецца і піша непрыгожыя літары. Калі вы бачыце ў свайго малога ўсе гэтыя памылкі, то колькі б ён ні выводзіў пропісі, каліграфічныя ўменні ў яго значна не палепшацца.

Пачынаць рыхтаваць руку да пісьма трэба не з пропісяў у чатыры-пяць гадоў, а значна раней, і з... лыжкі. Так, карані праблемы пачынаюць прарастаць з моманту, калі дзіця толькі вучыцца трымаць сталовыя прыборы, яшчэ да года. І першы важны крок: навучыць дзіця ўтрымліваць лыжку правільна. Калі малы да трох гадоў утрымлівае лыжку ў кулаку, — гэта першы крок да прапедэўтычных мерапрыемстваў. Прапедэўтыка ў адукацыі — уводны курс, які дазваляе коратка азнаёміцца з асноўнымі паняццямі, прынцыпамі і падыходамі, якія ў далейшым будуць засвойвацца больш глыбока і сістэматычна. Так і тут. Неабходна прывучаць дзіця захопліваць, набіраць кашу, суп і, не разліўшы іх, даносіць да рота. Далей па праграме дзіцячага садка малых вучаць карыстацца відэльцам і нават нажом. Гэта садзейнічае ўсведамленню розных відаў захопу, развівае зрокавую маторыку і зрокава-маторную каардынацыю.

Правільная пастаноўка кісці

Другі крок: умець правільна размалёўваць прадметы. Падчас выканання заданняў па мастацкай дзейнасці важна, каб рука малога правільна ўтрымлівала фламастар, аловак, крэйду і ляжала на лісце паперы, а не «вісела ў паветры». Самым маленькім можна прапанаваць маляваць «клубочкі» і «траўку», праводзіць прамыя і косыя лініі, якія аб'ядноўваюць прадметы на розных адлегласцях.

Важна вучыць дзіця ўтрымліваць кісць рукі прама і выконваць ім гэткія «косыя махі». Падчас замалёўвання дзіця наносіць кароткія і доўгія лініі. Кароткімі яно запаўняе прастору па контуры выявы, доўгімі — астатняе поле ў яе сярэдзіне. Нахіл гэтых ліній (і доўгіх, і кароткіх) павінен быць аднолькавы, крыху наўскасяк, адрозніваецца толькі іх даўжыня. Менавіта такія лініі і стануць правобразамі вялікіх і маленькіх літар.

Навучыце свайго дашкольніка правільна трымаць ручку і размалёўваць прадметы, а таксама сачыце, каб рука ляжала на стале і не загіналася ўнутр. І тады ў школе ў вас будзе вучыцца не «каляка-маляка», а маленькі «каліграфіст», почыркам якога ўсе будуць захапляцца.

Запісала Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.