Вы тут

Гараджанін пераехаў у вёску і стаў фермерам


Сяргей Алавяннікаў нарадзіўся ў Мінску, дзе правёў большую частку свайго жыцця. У вёсцы Вугалец, што на Пухавіччыне, яго бацькі купілі невялікі дамок — маці параіла яе знаёмая. І жанчына прыехала сюды, каб паглядзець, што гэта за вёска. Яе проста зачаравалі тутэйшыя мясціны.


— Мая матуля вырасла ў дзіцячым доме, дзе цяжка было знайсці месца, каб адпачыць, пабыць адной. А тут ускраек лесу, паблізу няма суседзяў, паўсюдна спакой і цішыня. Пазней на ўчастку пабудавалі вялікую, адмысловую жылую пабудову, а старую знеслі, — згадвае Сяргей Алавяннікаў. — Маці вельмі баялася, што пасля яе смерці сядзіба прыйдзе ў заняпад, маўляў, тут кожная дошчачка кранутая маёй рукой.

Сяргей Алавяннікаў мае добрую кватэру ў Мінску, дзе жыве сям'я. Але больш як два дні не можа там знаходзіцца — цягне ў Вугалец. Мой суразмоўнік прывычны да сялянскай працы. У свой час маці і айчым, калі пераехалі ў гэтую вёску, завялі коз, трусоў, свіней, кароў, нутрый ды іншую жыўнасць. Вядома, хлопец дапамагаў ім упраўляцца з хатнімі клопатамі. Больш таго, ён вельмі палюбіў прыроду, гэты ціхі і спакойны куточак, без якога і цяпер не ўяўляе свайго жыцця.

У фермера цяпер гектар зямлі, дзе пабудаваныя памяшканні для шматлікай птушкі і жывёлы. У шэдах утрымліваюцца трусы розных парод, у тым ліку і экзатычных для Беларусі.

— Я пачынаў з дзесяці жывёлін, а цяпер іх цяжка злічыць. Трусагадоўля — вельмі клопатная справа, якая патрабуе асаблівых ведаў. Вушастыя вымагаюць карпатлівага догляду, для іх абавязковая вакцынацыя, паколькі яны схільныя да шматлікіх хвароб. Калі даўней ім можна было даваць траву, агародніну, то цяпер ад той жа капусты ў гэтых жывёл раздувае жываты. Гаспадар купляе для сваіх гадаванцаў спецыяльны камбікорм. Дапамагае Сяргею Міхайлавічу даглядаць за жывёламі Наталля Зялецкая.

— Я дырэктар фірмы, а Сяргей Міхайлавіч мой намеснік, — жартуе яна. — А калі сур'ёзна, то варта ведаць усе нюансы абыходжання з трусамі, усё рабіць з любоўю. Да кожнага трэба індывідуальны падыход, як да дзяцей.

Мяса трусоў фермер здае оптам — гандляваць на рынку не стае часу. Прадукцыю набываюць і пункты грамадскага харчавання. Купляюць мяса трусоў жыхары вёскі, Пухавіцкага раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі.

А яшчэ фермер супрацоўнічае з некалькімі навукова-даследчымі інстытутамі, дзе на яго гадаванцах выпрабоўваюць вакцыны і лекі ад розных хвароб. Хтосьці скажа, што гэта негуманна. Але дзякуючы даследаванням, магчыма, удалося выратаваць жыццё не аднаго чалавека.

— А вось тут у мяне стаіць свінаматка, прывяла дзевяць парасят, аднаго пакінуў сабе, астатніх разабралі людзі.

У другім хлеўчуку рохкаюць два агромністыя белыя кабаны, дзесьці па 400 кілаграмаў кожны. «Гэта мясная парода», — растлумачыў гаспадар.

У абавязкі жанчыны ўваходзіць і даенне кароў.

— Яны айчыннай чорна-стракатай пароды. Добрыя рагулі, даюць шмат малака. Цяпер дзвюх запускаю, бо ў снежні яны будуць цяліцца. А так надойваю па 25 літраў у дзень ад кожнай. З малака робім тварог дзедаўскім спосабам — адтопліваем у печы. Для атрымання масла выкарыстоўваем механічную «круцёлку». А ў двары ў спецыяльных вальерах кудахча незлічоная колькасць нясушак. Яйкі карыстаюцца попытам у шматлікіх спажыўцоў.

Фермерскую прадукцыю ахвотна купляюць жыхары вёскі. Ёсць пастаянныя кліенты, якія робяць папярэднія заказы. Акрамя таго, вяскоўцы ўдзячныя фермеру і за тое, што ён забяспечвае іх гноем па прымальных цэнах, ды яшчэ і дастаўляе ўгнаенне на сваім транспарце.

— А вось гэта лежабокі, — усміхаецца Сяргей Міхайлавіч і паказвае на паўлінаў. — Трымаю для прыгажосці.

Гэтыя велічныя птушкі любяць семачкі, зерне, яблыкі. Апошніх у садзе дастаткова: пладовыя дрэвы прывівае сам гаспадар.

На ўскрайку саду знаходзіцца пчальнік — усяго сямнаццаць вулляў. Мёд фермер збірае летам — з кожнага доміка ў залежнасці ад надвор'я бывае і па дваццаць кілаграмаў: рапсавы, лугавы, грэцкі. Воддаль у невялікай сажалцы плавае рыба. Калісьці Сяргей Алавяннікаў запусціў сюды малькоў карпа.

— А яшчэ Сяргей Міхайлавіч любіць збіраць грыбы, лавіць рыбу — непадалёк працякае чысцюткая рака Волма, дзе водзіцца і шчупак, і сом, і лешч, — кажа старшыня Турынскага сельвыканкама Святлана Харытончык. — Ён таксама і заўзяты паляўнічы.

Сапраўды, пра гэта сведчаць шматлікія атрыбуты і здабытыя трафеі. Падчас палявання яго суправаджаюць верныя памочнікі — эстонскі ганчак Лайм і рускі ганчак Флейта.

— А ці ёсць намер пашырыць сваю гаспадарку? — пацікавілася ў Сяргея Алавяннікава на развітанне.

У адказ ён паказаў будынак, які стаіць асобна, дзе фермер плануе стварыць аграсядзібу і ўжо прыступіў да яе ўладкавання. «Прыязджайце праз два гады, — запрасіў ён. — Тут можна будзе адпачыць і папарыцца». А гэты гаспадарлівы і руплівы чалавек не прывык адступаць ад задуманага і паслядоўна дабіваецца сваёй мэты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Збегчы ў... глыбінку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».