Вы тут

Людзі з'ядналіся і многае робяць для таго, каб іх Валодзькі квітнелі


Вёска Валодзькі Маладзечанскага раёна летась адзначыла 425-годдзе. Сёння тут набярэцца не больш за дзясятак дамоў карэнных жыхароў. Аднак новае пакаленне — гараджане — прыстасавала спадчыну пад лецішчы, а то і зусім вярнулася жыць у родныя мясціны. Людзі з'ядналіся і многае робяць для таго, каб іх вёска квітнела.


Было.

Старажылы з сумам успамінаюць, што раней Валодзькі былі цэнтральнай сядзібай адпаведнага сельсавета. Тут месціліся клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, крама. Жыццё віравала! Па беларускай звычцы людзі ўмелі добра працаваць і гэтак жа адпачываць.

Цяпер тут толькі жылыя дамы. І хоць прыкладна палова з іх выкарыстоўваецца як лецішчы, але ў асноўным мясцовымі — тымі, хто атрымаў іх у спадчыну. Большасць цяперашніх жыхароў памятае традыцыі сваіх продкаў. Не дзіўна, што некалькі гадоў таму Ала Юрынок, у той час стараста, пачала праводзіць свята вёскі, Купалле. Ёй прыйшлося і сцэнарыі пісаць, і ўсялякія арганізацыйныя пытанні вырашаць. Нагрузка вялікая, але жанчына не шкадуе — усе жыхары перазнаёміліся і падтрымліваюць добрыя стасункі. А пра святы нават фільмы здымаюць, а потым на пачатку сезона ладзяць калектыўны прагляд.

— Зусім недалёка ад вёскі знакамітая рэчка Чарняўка, але ёсць у нас і свой вадаём. Я памятаю, як яго талакой капалі нашы бацькі. А падаў такую ідэю наш паважаны Віктар Якаўлевіч Жартун. Свой вадаём вёсцы быў патрэбен найперш па тэхніцы бяспекі. Акрамя таго, тады і ў калгасе, і ў гаспадароў было шмат хатняй жывёлы — трэба ж было яе напаіць. Ну, а для дзяцей зусім раздолле — можна купацца. Вадзілася там калісьці і рыба, — расказвае Ала Вікенцьеўна. — А ў гэтым годзе неяк раптам заўважыла, што вадаём зацягнула цінай. Як так — думаю, і непрыгожа, і купацца нельга. Пайшла па дамах і папыталася ў суседзяў, ці гатовыя яны выйсці на чыстку вадаёма. Ніводная сям'я не адмовілася! Актыўны ўдзел прымалі Людміла і Міхаіл Канановічы, дзеці Івана Якімавіча Несцера, які некалі на трактары выкопваў вадаём, а таксама нашы школьнікі Максім Шэўнік і Дзяніс Янко. Талакой, як калісьці нашы бацькі, і мы справіліся. Стала вельмі прыгожа. Адразу ж з'явілася ідэя: трэба правесці зарыбленне. І зноўку грошы збіралі ўсёй вёскай — хто колькі можа. Мой сын Аляксей з сябрам Анатолем Шэўнікам ужо з'ездзілі ў рыбгас, даведаліся, што, як і калі трэба рабіць. Хутка ў нашым вадаёме будуць жыць белы амур і таўсталобік. Яшчэ ёсць ідэя зрабіць побач добрую дзіцячую пляцоўку. Шмат хто з бацькоў яе падтрымлівае, таму ўпэўнена, што ўсё ў нас атрымаецца.

Стала.

Каб увесь час быць на сувязі, пастаянныя жыхары Валодзькаў і дачнікі стварылі групу ў «Вайберы». Ала Юрынок, як яна сама кажа, проста неабыякавая і актыўная жыхарка. Зрэшты, з новым старастам жанчына ў добрым кантакце — летась усе святы разам ладзілі.

— З розных прычын людзі вяртаюцца ў бацькоўскія хаты, — кажа Ала Вікенцьеўна. — Калі жыла ў Мінску, душа рвалася сюды. Цяпер працую ў Радашковічах, а да таго гадоў дзесяць ездзіла ў сталіцу. Час у дарозе не марнавала, нават сшыткі правярала.

У нас тут дзівосныя краявіды, вельмі прыгожая прырода. У вёсцы ёсць аграсядзіба. Сёлета там адпачывала нямала людзей, якія раней праводзілі вольны час за мяжой. Дык вось яны са здзіўленнем адкрывалі сваю краіну. У паўсядзённым жыцці мы не заўсёды заўважаем прыгожыя пейзажы, якія мільгаюць за акном аўтамабіля, а ў адпачынку зрок абвастраецца. Я і сама часам выйду раніцай на ганак дома і, здаецца, гатовая заплакаць ад замілавання: якое навокал хараство, якое ўсё роднае і якая я шчаслівая, што нарадзілася менавіта тут.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з архіва Алы Юрынок

Загаловак у газеце: Як пачысціць вадаём? Талакой!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».