Вы тут

У Мiнску абмеркавалі работу мясцовага кiравання i самакiравання


Гарачая дыскусiя разгарнулася ў Мiнску на дыялогавай пляцоўцы ў гарадской ратушы падчас абмеркавання работы мясцовага кiравання i самакiравання.


Рэальнасць патрабуе

Мадэратарам дыскусii выступiў старшыня Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў. Ён назваў сiмвалiчным той факт, што эксперты, а гэта былi прадстаўнiкi парламента, грамадскiх арганiзацый i аб'яднанняў, палiтычных партый, навукi i адукацыi, сабралiся за круглым сталом у знакавым для мiнчан месцы — гiстарычным
будынку сталiчнай ратушы, якая з'яўляецца сiмвалам гарадскога самакiравання.

Андрэй Бугроў нагадаў, што згодна з артыкулам 117 Канстытуцыi Беларусi мясцовае кiраванне i самакiраванне ажыццяўляюцца грамадзянамi праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы, iншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных i грамадскiх справах.

На яго думку, сёння рэальнасць патрабуе новых рашэнняў у гэтай сферы.

Таму ён папрасiў экспертаў выказацца аб тым, якiя змены, папраўкi i ўдакладненнi трэба ўнесцi ў Канстытуцыю, у дзеючае заканадаўства, каб мясцовае кiраванне i самакiраванне былi самадастатковыя, моцныя, эфектыўныя i адпавядалi патрабаванням часу.

Змены праз 15 гадоў?

Першай узяла слова кандыдат эканамiчных навук, загадчык аддзела Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Таццяна Вярцiнская. Яна агучыла думкi, iдэi i прапановы сваіх калег, якiя даўно засяроджаны на праблематыцы мясцовага кiравання i самакiравання. Канцэпцыю яго рэфармавання там пачалi распрацоўваць яшчэ ў 2003 годзе. Але яна не была прынята. Прычына — негатоўнасць грамадства да сур'ёзных змен у гэтай сферы, ды i прыярытэты рэгiянальнага развiцця тады былi iншыя. Але зараз час надышоў. Такiм чынам, Таццяна Вярцiнская выказала калектыўны погляд на пытаннi, якія абмяркоўвалiся. Яго сутнасць у тым, што сёння патрэбны радыкальныя змены, бо iснуючая сiстэма мясцовага кiравання i самакiравання — гэта дзяржаўная сiстэма. Яна была апраўдана ў краiне з планавай эканомiкай. У рынкавых умовах такая сiстэма дае збоi. Бо немагчыма «з цэнтра» ўсiм кiраваць, усё бачыць i хутка рэагаваць на новыя праблемы ў рэгiёнах. Акрамя таго, вырас i адукацыйны ўзровень мясцовага насельнiцтва, iх запыты i патрабаваннi да ўлад, асаблiва ў моладзi. Яе патэнцыял застаецца шмат у чым нерэалiзаваны. А каму, як не ўладам, накiроўваць яго ў патрэбнае рэчышча? Таму дзяржаўная сiстэма рэгiянальнага кiравання на постсавецкай прасторы мала дзе захавалася. За мяжой, у той жа Расii, цяпер дзейнiчае грамадская сiстэма мясцовага кiравання i самакiравання.

Аднак, папярэдзiла прамоўца, працэс змен будзе i складаны, i даволi працяглы па часе — прыкладна 15 гадоў. I пачынаць такую рэформу лепш ва ўмовах стабiльнай эканомiкi. Рэформе ў сiстэме мясцовага самакiравання павiнен папярэднiчаць вельмi сур'ёзны падрыхтоўчы этап, якi ўключае ў сябе работу ў заканадаўчай, палiтычнай i iдэалагiчнай сферах. Напрыклад, даўно настаў час лiквiдаваць дублiраванне функцый органаў мясцовага кiравання i самакiравання, узмацнiць iх фiнансавую базу. Таксама варта сiнхранiзаваць з рэформамi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне краiны i рэгiёнаў.

У Канстытуцыi трэба дакладна прапiсаць прававы статус мясцовага самакiравання i выканаўчых органаў, бо гэта створыць акно магчымасцяў для далейшага ўдасканалення iх дзейнасцi. Наогул мясцовае самакiраванне не павiнна ўваходзiць у сiстэму дзяржаўнай улады.

Кадры, фiнансы, кампетэнцыi

Намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii па заканадаўстве i дзяржаўным будаўнiцтве Савета Рэспублiкi Вiктар Чайчыц не згодны чакаць 15 гадоў. Паводле яго слоў, гэта занадта працяглы тэрмiн, можна i трэба хутчэй справiцца з пастаўленай жыццём задачай рэфармавання сiстэмы мясцовага кiравання i самакiравання. Улiчваючы актыўнасць грамадзян, наяўнасць цiкавага замежнага досведу, для гэтага ёсць усе шанцы. Па першым часе неабходна даць больш кампетэнцый органам мясцовага самакiравання, умацаваць iх квалiфiкаванымi кадрамi, дапамагчы з напаўненнем бюджэту.

Сёння, лiчыць сенатар, вельмi важна сабраць i прааналiзаваць усе слушныя прапановы людзей наконт удасканалення мясцовага кiравання i самакiравання. Але не трэба чакаць, што гэта ў большасцi сваёй будуць юрыдычна вывераныя прапановы. Iнакш нас спасцiгне моцнае расчараванне. Нямала людзей хочуць, каб з пераменамi да лепшага было, як у папулярнай тэлеперадачы: на два-тры тыднi з'ехалi з кватэры цi дачы, вярнулiся — а там усё прыгожа i ззяе, усё па-новаму i ўтульна. У жыццi так не бывае.

Разлiчваць на паэтапнае рэфармаванне сiстэмы мясцовага кiравання не зусiм правiльна. Сёння такi iмклiвы час, такiя тэхналогii, што многае можна зрабiць значна хутчэй, мяркуе Вiктар Чайчыц.

Час нестандартных iнiцыятыў

У ходзе размовы былi выказаны розныя iдэi i прапановы. Закранулi эксперты i тэму скасавання сельскiх Саветаў, якая перыядычна ўзнiкае ў экспертнай супольнасцi i сярод прадстаўнiкоў вертыкалi. Як вядома, старшынi сельскiх Саветаў з'яўляюцца адначасова i старшынямi сельскiх выканкамаў. Iх штат — тры чалавекi, бюджэт — мiзэрны. Можна на месцах арганiзаваць сельскiя адмiнiстрацыi замест слабых сельскiх Саветаў i выканкамаў, актыўна павышаць ролю сельскiх старастаў у вёсках.

Гучалi i пакуль незвычайныя для нашага ўспрымання прапановы. Старшыня Беларускай партыi «Зялёныя» Дзмiтрый Кучук выказаў думку пра неабходнасць даць права мясцовым жыхарам ствараць свой тэрытарыяльны самакiравальны калектыў — Грамаду з пэўнымi паўнамоцтвамi. У адпаведнасцi з адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем гэтыя самакiравальныя калектывы могуць выступаць, на думку прамоўцы, у двух вiдах: замест раёна павятовая Грамада (цi павет) i абласная Грамада (вобласць). Яны, заўважце, не ўваходзяць у сiстэму органаў дзяржавы, але самi ствараюць выканаўчыя органы ўлады — управы. Карацей, такiя вось радыкальныя змены.

Моцныя спрэчкi разгарнулiся вакол надання новага iмпульсу калегiяльным органам тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання (КОТГСам), удзелу ў iх рабоце iнiцыятыўнай, неабыякавай моладзi. Гаварылi i аб пашырэннi правоў i паўнамоцтваў гэтых органаў, аб новых падыходах да фiнансавання, аб удзеле ў арганiзацыi розных мерапрыемстваў: ад свята двара цi вулiцы, конкурсу на самы прыгожы кветнiк, найлепшую дзiцячую пляцоўку да супрацоўнiцтва з адмiнiстрацыяй раёна i яе структурамi, напрыклад сацыяльнай службай, жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Зайшла размова i пра магчымае ўкараненне элементаў электроннага самакiравання на ўзор «электроннага ўрада».

I замежны досвед?

Многiя эксперты выступалi за больш смелае i шырокае ўкараненне здабыткаў замежных калег у паўсядзённую практыку работы беларускiх структур мясцовага кiравання i самакiравання. На карысць гэтага выказаўся i Андрэй Бугроў, якi заклiкаў не займацца вынаходнiцтвам ровара, а браць найлепшае ў суседзяў. Напрыклад, у Расii, дзе iстотна прасунулiся наперад у развiццi iнстытута мясцовага самакiравання. Аднак, на погляд старшынi Мiнскага гарсавета, трэба быць абачлiвымi ў гэтай справе. Бо Еўропа да цяперашняй сiстэмы мясцовага самакiравання iшла стагоддзямi, шляхам спроб i памылак. Механiчны перанос на нашу глебу еўрапейскага досведу можна не спрацаваць, не даць чаканы эфект.

Тым не менш, запэўнiў прысутных Андрэй Бугроў, усе прапановы экспертаў будуць вывучаны, прааналiзаваны i ўлiчаны ў рабоце заканадаўцаў.

Леанiд ЛАХМАНЕНКА

Фота «Мінск-Навіны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.