Вы тут

Што будзем насiць, калi выпадзе снег?


Зiма 2020/2021 працягвае настальгiраваць па 70-х гадах мiнулага стагоддзя. Вядучыя дызайнерскiя дамы прапануюць насiць джынсы-клёш, спаднiцы з какеткай, дублёнкi i грубыя чаравiкi. Таксама мадэльераў, вiдавочна, натхняюць стылiстыка фiльма «Матрыца» i творчая перапрацоўка стыляў «готыка» i «панк».


А што канкрэтна?

З улiкам вышэйсказанага цалкам чакана, што гэтай зiмой нам прапануюць апранацца ў чорную скуру. Дакладней, у экаскуру, бо натуральнае скураное адзенне — гэта дорага i не «эка-фрэндлi». Ухваляюцца курткi, спаднiцы, сукенкi, штаны i нават кашулi з экаскуры. Уласна кажучы, колеры скуранога адзення могуць быць любыя, але найбольш актуальны — менавiта чорны. Калi гэта зусiм не спалучаецца з вашым бачаннем прыгажосцi, дадайце ў гардэроб хоць бы адну такую рэч. Прасцей за ўсё — спаднiцу або штаны: з iмi можна скласцi вобразы i для офiса, i для выхаду ў свет.

Экаскуру мадэльеры спалучаюць i з iншымi матэрыяламi: напрыклад, актуальныя будуць джэмперы i спаднiцы са скуранымi ўстаўкамi. Але гэта, як той казаў, на аматара.

Калi вы плануеце правесцi гэтую зiму не вылазячы з-пад коўдры, то вам пашанцавала: вы будзеце самыя стыльныя. У сезоне 2020/2021 на грэбнi моднай хвалi будуць дутыя пухавiкi-аверсайз без лiшняга дэкору, падобныя на коўдры. А таксама сцёганыя рэчы — спаднiцы, сукенкi i камiзэлькi. Падыдуць яны далёка не ўсiм, бо дадаюць аб'ём, так што прымярайце i ацэньвайце сябе ў люстэрку крытычна.

«Бабулiна» мода будзе актуальная як нiколi — мяккiя i ўтульныя махеравыя свiтары стануць трэндам гэтай зiмы. Прычым любыя: з круглым або V-падобным выразам, з высокай гарлавiнай а-ля вадалазка. Такi свiтар у гэтым сезоне будзе актуальна надзяваць на кашулю.

Зiмовую шэрасць мадэльеры не першы сезон спрабуюць «размаляваць» яркiмi фарбамi (у свежых зiмовых калекцыях можна сустрэць ярка-жоўты, фiялетавы, лiловы, ружовы, колер марской хвалi, зялёны, аранжавы i колер перцу чылi). На нашых прасторах, аднак, гэты трэнд не прыжываецца. Ну што ж, тады для вас — «новы чорны» гэтай зiмы: карычневы ва ўсiх адценнях. Яшчэ актуальныя цёмна-бардовы i крэмавы.

Звяры ў гэтым сезоне зноў у бяспецы: штучнае футра па-ранейшаму ў модзе, натуральнае — i ў гэтым сезоне маветон. Гэта могуць быць футэркi або вопратка са штучнага футра, футровыя курткi i нават абутак з футровым аздабленнем. Галоўнае правiла: сучаснае экафутра не павiнна быць «родам» з вашага дзяцiнства цi iмiтаваць дваровага ката пасля дажджу. У iдэале яно наогул не павiнна iмiтаваць нiякага звера, нават пясца або шанхайскага барса. У гэтым сезоне выбiраем яркiя колеры i футэркi з прынтамi — геаметрычным i нават кветкавым. Зрэшты, прынты «зебра» i «леапард», што перавандравалi ў гэтую зiму з мiнулай, таксама зробяць футравую рэч яшчэ актуальнай.

У модзе рэчы з вялiкiмi плячыма, а таксама прасторныя рукавы («лiхтарыкi» i нават «лiхтары»). З гэтым трэндам трэба абыходзiцца асцярожна, бо такiя рукавы дадаюць аб'ём у верхняй частцы цела. Можа быць, каб зрабiць вобраз актуальным, дастаткова будзе акцэнтаваць плечы паланцiнам або шалiкам. З аб'ёмнымi плячыма ў новых калекцыях можна знайсцi джэмперы i пiнжакi ў мужчынскiм стылi. Апошнiя вось ужо некалькi сезонаў не выходзяць з моды. У трэндзе застаюцца мадэлi «аверсайз» i сiлуэты, звужаныя ў талii. Лайфхак: зрабiць прамы пiнжак прыталеным дапаможа ўмерана шырокi рэмень. Рамянi цяпер надзяваюць на пiнжакi, i за гэта нiхто не кiне ў вас камень.

Устойлiвае развiццё

Што датычыцца абутку, у надыходзячым зiмовым сезоне галоўны элемент дэкору абутку, прадэманстраваны на подыумах, — ланцугi. Напрыклад, боты ад Michael Kors, дэкарыраваныя буйным вертыкальна размешчаным ланцугом, афарбаваным у залаты колер. Праўда, трэнд на ланцугi ў якасцi ўпрыгожвання абутку, верагодна, дойдзе да нас пазней — можа быць, у канцы зiмы. Як i нечаканы прынт «зебра» у якасцi ўпрыгожвання чаравiкоў i ботаў. Гэтай зiмой (як i мiнулай) у трэндзе абутак з анiмалiстычнымi прынтамi, але на подыумах «зебра» пацяснiла традыцыйных «змяю» i «кракадзiла». Яшчэ адзiн трэнд — абутак у клетку. Да калготак у клетку мы ўжо прывыклi, многiя моднiцы нават паспрабавалi ўпiсаць iх у свае вобразы. А вось моду на батыльёны, боцiкi i чаравiкi ў клетку нам яшчэ трэба прыняць. Ну або так i не прыняць.

Калi спусцiцца з подыумаў на грэшную зямлю, то найбольш актуальныя будуць боты да калена на абцасе з шырокiм прысабраным галянiшчам. Мабыць, гэта самы жаноцкi варыянт з тых, што прапануе модная зiма. Па-ранейшаму актуальныя батфорты — на плоскiм хаду цi на невялiкай танкетцы. Наогул, у гэтым халодным сезоне, як i ў мiнулым, заканадаўцы свету моды рэкамендуюць адмовiцца ад высокiх абцасаў на карысць практычнасцi i ўстойлiвасцi. I гэта правiльна. Чаравiкi са шнуроўкай у стылi «кэжуал», «боха», «мiлiтары» або «гранж» перавандравалi з мiнулай зiмы ў цяперашнюю. Шнуроўка апрыёры «робiць» практычна любыя чаравiкi актуальнымi. У гэтым сезоне яна можа знаходзiцца як наперадзе, так i збоку, i нават ззаду.

Селi на галаву

Памятаеце, як мама загадвала вам у падлеткавым узросце: «Абавязкова надзень шапку!» Гэтай зiмой да голасу матчынага патрабавання далучаюцца вядучыя дызайнеры свету. Правiльная шапка — не проста «грэлка» для галавы, гэта аксесуар, якi робiць амаль кожны вобраз актуальным.

Асаблiва калi гаворка iдзе аб капелюшы. У гэтым халодным сезоне капелюшы актуальныя як нiколi. Зразумела, што гэты раскошны аксесуар падыходзiць далёка не кожнай. Але калi ў вас атрымаецца падабраць падыходзячы капялюш адпаведна сваім густу i знешнасці, гэтай зiмой вы будзеце лавiць зачараваныя позiркi. Фаварыт дызайнераў — капялюш Fedora. Ну, а адважным моднiцам можна параiць шыракаполы капялюш. Ён можа быць фетравы або з шарсцяной тканiны — такiя галаўныя ўборы прадставiў дом «Шанэль» пры дэманстрацыi калекцыi Ready-To-Wear. Колер выбiраем як класiчны чорны, бэжавы або шэры, так i з яркай палiтры.

Яшчэ адзiн модны галаўны ўбор гэтага зiмовага сезона — панамы з фетру, воўны або скуры. Такiя панамы i капелюшы клош у розных варыянтах можна было ўбачыць на паказе Christian Dior. Насiць iх мадэльеры Dior прапануюць насунуўшы на вочы, у тандэме з доўгiмi палiто. Зрэшты, дэмакратычная панама будзе выдатна спалучацца, напрыклад, i з моднымi сёлетняй зiмой дублёнкамi.

Вязаныя шапкi ў гэтым сезоне жывейшыя за ўсiх жывых. Сярод фаварытаў будучай зiмы — гарэзлiвыя шапкi з пампонамi i мадэлi буйной вязкi. Вязаныя шапкi гэтым разам носiм з адваротам, як у дзяцiнстве.

Антытрэнды зiмы

А цяпер пагаворым аб тым, што насiць НЕ трэба.

  • Перадусiм гэта вопратка з рэменем-гумкай. Напэўна, яна знойдзецца ў шафе ў вельмi многiх дам. Цёпла, зручна i... «эфект вусеня» вам забяспечаны. Не i яшчэ раз не! Выбiраем прамы крой або «аверсайз». А падкрэслiць талiю, калi ўжо вельмi хочацца, можна з дапамогай шырокага рэменя.
  • Футровыя кiшэнi на вопратцы, як i футровая аблямоўка на рукавах, i футравыя «званочкi», што матляюцца на «завязках» ад капюшона, — усё гэта неактуальна. Асаблiва калi вы даўно ўжо выйшлi з узросту малодшай школы.
  • Кароткiя вязаныя сукенкi ў абцяжку. Вязаныя сукенкi якраз актуальныя, але абцягваць формы яны не павiнны, якiя б прыгожыя тыя нi былi. Будзем больш сцiплыя i ўспомнiм, што ў жанчыне павiнна быць загадка. Выбiраем сукенкi «аверсайз». Сiлуэт можа быць прамы або трохi звужаны ў талii, а даўжыня — да калена або нiжэй калена.
  • «Дуцiкi». Дутыя боты — яшчэ адна любiмая нашымi жанчынамi штучка. Зручна, цёпла, але ў такiх ботах ногi здаюцца непрапарцыянальна вялiкiмi. Не хочаце быць падобнай на хобiта — пакiньце гэты абутак для загарадных прагулак i паездак у вёску. Дарэчы, вышэйсказанае можна аднесцi i да угаў.
  • Боты на шпiльцы. Калi абцас, то ўстойлiвы i масiўны. А лепш — плоская падэшва. Зiма ўсё ж такi, слiзка!
  • Шапка i шалiк з аднаго камплекта. Сумна i неактуальна. Паэксперыментуйце з фактурамi i адценнямi. I не падбiрайце сумку да абутку i абутак да сумкi — гэтай бабулiнай парады прытрымлiвацца не варта.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Загаловак у газеце: Снежная каралева

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».