Вы тут

Прычыны аптымiзму для класiка i сучаснiкаў


Памятаю, на падрыхтоўцы да школьных алiмпiяд па беларускай мове адно з заданняў было — прыгадаць цытаты пiсьменнiкаў, ёй самой, мове, прысвечаныя. У тым спiсе былi бадай што ўсе вядомыя лiтаратары: Купала, Танк, Панчанка, Броўка, Караткевiч, Гiлевiч, Барадулiн... Вершы — прыгожыя, прачулыя, светлыя. Але ў большасцi сваёй не вельмi аптымiстычныя. «Родная мова, хоць бедная мова, // Мiлей найбагатшай чужой...», «А задумае вораг з далёкага краю // Адабраць у мяне, знiшчыць мову маю...», «Пакiньце мне мову маю. // Пакiньце жыццё мне...», «Без цябе, не з табой не патрэбен мне рай...», «Мне, як бору, цябе засланяць...», «Iзноў зазвiнiш ты ў кожнай у хаце...», «Не пакiдайце ж...» Карацей, не хачу пакрыўдзiць класiкаў i сучаснiкаў, але ж суцэльныя прызнаннi, клятвы, апраўданнi — нiбы не толькi чытачоў, але i самiх сябе аўтары пераконваюць, што мова, на якой яны думаюць, на якой талент дыктуе iм рыфмаваныя радкi, мае права на iснаванне, што яна не горшая за iншыя. Гэткi своеасаблiвы феномен нашай лiтаратуры, бо складана ўявiць, як Гётэ праслаўляе ў вершы нямецкую, а, напрыклад, Лорка — iспанскую...


I сярод гэтых «песень жальбы» — бы свежы вецер у твар: «Слова — радасць, слова — чары, // Вобраз вечна юных вёсен, // Ёсць ты ўсюды: у сонца, у хмары, // Ты глядзiш праз неба просiнь. // Лашчыш слух мой, слова-ззянне, // Атуляеш сэрца ласкай, // Ноч i вечар, дзень, свiтанне, // Абняло ты, слова-краска». Магу памыляцца, але ў Якуба Коласа, здаецца, больш вершаў пра мову i няма. Чаму ж раптам Канстанцiн Мiхайлавiч аказаўся такiм аптымiстам?

Паездзiўшы ўчора па радзiме паэта, я, здаецца, нарэшце зразумела, чаму. Таму што мова ў гэтым куточку нашай краiны, у самым яе сэрцы — частка iснавання мясцовых жыхароў. Таму што менавiта там яе Дом, яна там жыве, яна i сёння там — паўнавартасная гаспадыня.

У гэтым пашчасцiла пераканацца на кожным кроку. Пачынаючы з тэлефоннай размовы з чыноўнiкам райвыканкама, якi пачынаў па-руску, а праз колькi хвiлiн ужо жартаваў: «Вам патрэбен навiгатар на стаўпецкай мове...» Навiгатар сапраўды спатрэбiўся — на пакручастых стаўбцоўскiх вулiцах крыху заблукалi, давялося пытацца дарогу ў мясцовых дзядзькоў. I яны, перабiваючы адзiн аднаго, на чысцюткай беларускай пачалi тлумачыць, як нам выехаць да цэнтра. А мы нiбы не разумелi i нешта ўдакладнялi, каб яшчэ раз пачуць яе — сакавiтую, мяккую — нiбы па сэрцы хтосьцi пяшчотна пагладзiў.

Яна гучала ў нашым падарожжы паўсюдна i цэлы дзень. Куды б нi ехалi, з кiм бы нi размаўлялi. Нязмушаная, чыстая — так бывае, калi людзi на мове думаюць (а гэта значыць, калi яна сапраўды родная). У Акiнчыцах, дзе нарадзiўся Колас, — не толькi з вуснаў праўнучкi паэта — на ёй гаварыла i мясцовая кабета, якая зграбала каля музейнай сядзiбы лiсце. У Альбуцi — ад музейнага наглядчыка Анатоля Iванавiча, якi сцiпла паўтараў: «Я ж не экскурсавод», а сам сыпаў жартамi, паказваў засушаныя гаючыя травы: «Вось гэта святаяннiк, гэта мацярдушка, гэта палын». Хораша было з iм пагаварыць i пра хатнi рыштунак, паспрачацца пра тое, што музейны кубелец вельмi падобны на цэбар. Маладзейшыя калегi здзiўлена слухалi наш дыялог, але затое даведалiся, што на цэбры — металiчныя абручы, а на кубельцы абавязкова павiнны быць драўляныя, каб на сала, якое ў iм соляць, не трапiла ржа. У Смольнi ад кагосьцi давялося пачуць смачнае слоўца — «равэрак», на якiм Янка Маўр прыехаў да Коласа на нелегальны настаўнiцкi з'езд i якi стаў прычынай раскрыцця гэтага мерапрыемства. (Чаму — абавязкова раскажу ў iншай публiкацыi, якая будзе вельмi хутка.)

Мова гучала i ў вясковых школах, у якiя давялося заехаць, — у Мiкалаеўшчыне, у Дзераўной. Яны беларускамоўныя не толькi на паперы — на мове гавораць i вучнi, i настаўнiкi, i не толькi на ўроках. Хутчэй яны здзiўлялiся, калi чулi, што мы, прыезджыя са сталiцы, гаворым з iмi на адной мове, дзякавалi, шчыра радавалiся. У школах хвалiлiся поспехамi сваiх вучняў, якiя займаюць прызавыя месцы на рэспублiканскiх конкурсах, паступаюць у ВНУ. Нi разу, нi ад кога не давялося пачуць, што мова дзесьцi перашкодзiла, хутчэй — дапамагла...

У Вiшняўцы Ганна Iванаўна, якая жыве насупраць мясцовай царквы i паказвала нам храм па просьбе бацюшкi, бо ён быў у ад'ездзе, нават толкам не ведаючы, хто мы, таксама гаварыла на мове нязмушана i чыста. На маё захапленне адказала проста: «Усё жыццё так гаварылi, навошта ж перавучвацца?» I — у працяг тэмы — тут жа з гонарам расказала пра свайго сына, якi жыве ў Маскве («Цэлы палкоўнiк!»), але, прыязджаючы ў родную вёску, тут жа пераключаецца на родную мову («Хаця ён жа ў мяне, дзiцятка, ведае i нямецкую, i англiйскую, не кажучы ўжо пра рускую»)...

Тут людзi гавораць на мове проста i не задумваючыся — як дыхаюць. Так ёсць цяпер, так было ў часы паэта, якi роднаму слову прысвяцiў сонечны бадзёры верш. Ён натхнiў на гэта наступныя пакаленнi землякоў, цi ў гэтага куточка ў цэнтры краiны ёсць нейкая адмысловая аўра? На гэта пакуль няма адказу. Але ёсць калi не ўпэўненасць, дык спадзяванне, што гэта месца не адзiнае ў Беларусi.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Фота: udf.by

Загаловак у газеце: Дом Мовы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.