Вы тут

Лукашэнка: Нам адступаць няма куды. Мы адступаць не збіраемся


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадставіў калектыву Міністэрства ўнутраных спраў новага міністра Івана Кубракова і начальніка ГУУС Мінска Міхаіла Грыба.


«Тут сабралася кіраўніцтва сілавых структур, ад эфектыўнасці работы якіх сёння, як ніколі, залежыць стабільнасць і дабрабыт краіны, — сказаў ён. — Я рады менавіта ў гэтым складзе прадставіць новых міністра ўнутраных спраў і начальніка ГУУС горада Мінска, а таксама падзякаваць за работу шэрагу кіраўнікоў, якія працягваюць службу на карысць нашай Беларусі і народа на іншых участках».

Як паведамлялася, учора на пасаду міністра МУС быў прызначаны Іван Кубракоў. Пра яго кіраўнік дзяржавы сказаў наступнае:

«Прайшоў шлях ад міліцыянера-кіроўцы аднаго з мінскіх райаддзелаў да начальніка Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Непасрэдна працаваў з людзьмі на пасадзе ўчастковага міліцыянера, узначальваў Заслаўскі РАУС, УУС Віцебскага аблвыканкама. Менавіта дзякуючы арганізацыі аператыўна-службовай дзейнасці, таму, як граматна размеркаваныя сілы і сродкі, была забяспечана бяспека жыхароў і гасцей сталіцы, у тым ліку ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў».

Папярэдняга міністра — Юрыя Караева — кіраўнік дзяржавы назваў «адданым і шчырым у служэнні дзяржаве і народу Беларусі чалавекам».

«Нарадзіўся на Паўночным Каўказе і ніколі не казаў інакш як “наша краіна”, “наша Беларусь”, “мы яе нікому не аддамо” — паверце, гэта дарагога каштуе, для мяне гэта вельмі моцны фактар, які кажа пра тое, што гэта сапраўды наш чалавек, — сказаў Лукашэнка. — Ён унёс каласальны ўклад у рэарганізацыю і ўзмацненне баявой гатоўнасці ўнутраных войскаў і органоў унутраных спраў. У поўным аб’ёме выканаў задачы, якія стаяць па забеспячэнню грамадскай бяспекі і правапарадку ў краіне».

Караева, па словах Прэзідэнта, адрознівае таксама «выразнае ўменне ўсебакова аналізаваць абстаноўку, адказнасць пры выкананні пастаўленых задач, адданасць дзяржаўным інтарэсам, здольнасць прыслухоўвацца да меркавання спецыялістаў».

«Ён ніколі не самаўхіляўся ад рашэння праблем, якія ўзнікалі, не баяўся браць адказнасць на сябе, — працягнуў Прэзідэнт. — Валодае высокай ступенню арганізаванасці і працаздольнасці… Адукаваны, нечакана для мяне цудоўна валодае словам, і, галоўнае, знутры, ад душы. Гэта рэдкая рэч».

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў сувязі з гэтым  разглядаў яго кандыдатуру і на іншыя кірункі, але небяспека, якую ён бачыць на захадзе краіны, дыктуе прызначыць Караева туды.

Пра генерала Барсукова, які ўчора быў прызначаны памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па гораду Мінску, кіраўнік дзяржавы сказаў:

«Усёй сваёй службай, ад простага міліцыянера, следчага, начальніка ГУУС Мінскага гарвыканкама і да намесніка міністра ўнутраных спраў, паказаў наглядны прыклад падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў у Беларусі. У тым ліку і дзякуючы вашай працы органы ўнутраных спраў упэўнена кантралююць абстаноўку, здольныя папярэдзіць яе абвастрэнне, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў».

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што свой вопыт і добрае веданне сітуацыі ў Мінску Іван Кубракоў перадасць новаму начальніку ГУУС сталіцы, на пасаду якога прызначаны сёння Міхаіл Грыб (працаваў начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі ў той жа структуры).

«Я не чуў ніводнай заўвагі ад тых, хто з ім сутыкаўся, што ён нешта рабіў не так, што ён паводзіў сябе непрафесійна», — адзначыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт уручыў генеральскія пагоны міністру Івану Кубракову, Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову генерал-лейтэнанта міліцыі, Міхаілу Грыбу — генерал-маёра міліцыі.

«Толькі той пераможа, хто мае жалезную волю і цярпенне»

Сітуацыя ў Мінску і краіне ў цэлым пад кантролем, запэўніў Прэзідэнт, але ў любы момант усё можа змяніцца.

«Менавіта таму, а яшчэ з-за таго, што мы не ведаем, што нам падкінуць заўтра, хоць сем або восем этапаў яны па метадычцы прайшлі, падышлі да апошніх (колькі іх будзе — два або тры?), але ўсе яны павінны характарызавацца, калі сыходзіць з іх планаў, радыкалізацыяй. Мы і асабліва вы (я вам за гэта вельмі ўдзячны) доўга цярпелі. Вы ведаеце, як некаторыя нашы грамадзяне кажуць: трэба замачыць, застрэліць і іншае. Вы разумееце, што гэта — самае простае», — заявіў Лукашэнка.

На яго думку, трэба зрабіць усё «прыгожа, каб камар носа не падсунуў». «Мы сёння жывём не ў вакууме. Гэта не сярэдзіна мінулага стагоддзя. Часы змяніліся, і вы гэта цудоўна бачыце і ведаеце. І толькі той пераможа, хто мае жалезную волю і цярпенне, — падкрэсліў Прэзідэнт. – Мы цярпелі. Я адразу абазначыў: ёсць чырвоныя рысы, і не дай бог нехта іх перакрочыць».

Цяпер, па меркаванню Прэзідэнта,  пратэстоўцы перакрочылі гэтыя рысы па многіх кірунках.

«Таму тыя, хто сёння выходзіць на чыгунку, тыя, хто вешае фашысцкія сцягі на лініі электраперадач, словам, тыя, хто сёння спрабуе разбурыць, дэстабілізаваць інфраструктуру дзяржавы, павінны ведаць: з сённяшняга дня, асабліва ў кватэрах грамадзян, куды яны хаваюцца, мы ў палон нікога не бяром», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Асабліва жорстка будзе спыняцца агрэсія, накіраваная на ваеннаслужачых, акцэнтаваў ён.

«Калі нехта дакранецца да ваеннаслужачага (я ўжо заўвагу рабіў генералам), ён павінен сысці адтуль самае малае без рук. Кажу гэта публічна, каб усе разумелі нашу далейшую рашучасць. Далей — усё. Нам адступаць няма куды. Мы адступаць не збіраемся. Хто гатовы — будзем дзейнічаць», — папярэдзіў Прэзідэнт.


«Вырасла новае пакаленне сілавога блоку, якое вартае займаць высокія дзяржаўныя пасады»

Сваё рашэнне прызначыць ваенных людзей на пасады памочнікаў Прэзідэнта ў заходніх рэгіёнах і Мінску Аляксандр Лукашэнка растлумачыў неабходнасцю ўмацаваць гэты кірунак, дзе сёння найбольш неспакойна.

«Таму і ўзнікла задума ўзмацніць сплаў вопыту, адданасці, патрыятызму, таленту для прадухілення такіх памкненняў — маю на ўвазе тых, хто перайшоў гэтую чырвоную рысу. Тым больш, што за апошні час вырасла новае пакаленне сілавога блоку, якое вартая займаць высокія дзяржаўныя пасады», — патлумачыў лідар.

Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў выказванні ў інтэрнэце пра тое, кадравыя рашэнні апошніх дзён выкліканыя стратай яго даверу.

«Паверце мне, вы мяне ведаеце не адзін год: не давяраю я толькі здраднікам. З усімі, з кім можна працаваць, я гатовы працаваць, пераконваць, калі хочаце, па-мужчынску пераломваць, ставіць на нармальныя рэйкі. У мяне ніколі не было ніякай фанабэрыстасці. Ведаю, што сам не быў падарункам для многіх у жыцці».

Ваенныя людзі, па словах кіраўніка дзяржавы, будуць таксама падбірацца на адказныя пасады і надалей.


«Любая вайна пачынаецца знутры»

Па словах Прэзідэнта, паўнамоцтвы гэтых людзей у выніку перафарматавання кіраўніцтва дзяржавы будуць пашыраны.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асаблівасці вядзення сучаснай вайны, якая, як правіла, пачынаецца не са знешняй агрэсіі, а з расхіствання дзяржавы знутры. «Я хачу, каб не толькі прысутныя сёння супрацоўнікі ўнутраных спраў, але і армія зразумела, што вайна — гэта не тая вайна, якая была, што яна пачыналася з знешняй агрэсіі. Любая вайна пачнецца знутры. Яе так і рыхтавалі ў нас. Таму ўсе павінны разумець, што мы мабілізуем усе, што ў нас ёсць для таго, каб абараніць сваю краіну, сваю зямлю і свае сем’і, сваіх дзяцей. Я хачу, каб вы гэта разумелі», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым нагадаў пра сітуацыю на заходніх рубяжах, калі давялося прымаць рашэнне аб дадатковай перакідцы туды войскаў. «У нас неспакойна на захадзе. Тое, што мне Майк Пампеа (дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа, які падчас нядаўняй тэлефоннай размовы запэўніў Прэзідэнта Беларусі, што ні ад НАТА, ні ад Польшчы і Літвы не варта баяцца ваеннай пагрозы. — Зв.) сказаў, гэта добра, я прыняў да ведама», — сказаў Прэзідэнт.

Як толькі пачаліся ў Беларусі пратэсты, ён даў загад падняць армію і паказаць магчымасці вайскоўцаў. «Трэба падняць тыя часткі, якія ў нас сёння боегатоўныя і якія сёння разгорнутыя па поўнай праграме. Мы вымушаны былі вывесці палову арміі на заходнім кірунку. І заўважылі: уціхамірыліся. Зразумелі, што мы жартаваць з імі не збіраемся», — упэўнены Прэзідэнт.


«Мы ваюем не супраць сцягоў, а супраць тых чужых ідэй і тых людзей, у галовах якіх гэтыя ідэі»

Прэзідэнт падкрэсліў, што схіляць на свой бок ён нікога не будзе.

«Я нікога не прымушаю — гэта не мой прынцып: ні студэнтаў, якія там бастуюць быццам бы, ні працоўных, ні сялян, ні дзяржапарат, ні ваенных. Нікога не цягну ў свой бок. Хочаце, уставайце побач. Я нават за спіны вам хавацца не буду. Пойду туды, куды трэба, куды вы скажаце, каб вы не баяліся нікога і адстаялі гэту краіну. — сказаў Лукашэнка. — Магу паўтарыць, што казаў напярэдадні выбараў: толькі ніколі не здраджвайце! Здраднікаў не толькі Бог не любіць, але і тыя, якія сёння клічуць вас: «Кідайце, прыходзьце!» Праўда, невядома, куды ісці. Таму глядзіце самі. Гэта прынцыпова. Таму што тое, што адбываецца, гэта дэталі. Галоўнае — суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны, дзе будзем мы, нашы дзеці і ўнукі заўтра».

Прэзідэнт нагадаў, што ўся гісторыя Беларусі была саткана з такіх падзей. «Нас рвалі і дзялілі на шматкі дзякуючы нашым, у асноўным, нацмэнам. А тыя не зарыентаваўшыся, то адных прасілі, каб ім падаравалі суверэнітэт і незалежнасць… Дайшло да таго, што пад бчб-сцягамі ў апошнюю вайну яны сталі на бок крывавага фашызму. Сёння апраўдваюцца, што хацелі такім чынам атрымаць незалежнасць. Атрымалі? Атрымалі кожнага трэцяга загінулага, пакалечанага і памерлага. Краіна ператварылася ў руіны. І яны сёння падымаюць гэты сцяг над галавой», — працягнуў кіраўнік дзяржавы.

«Сцяг ні ў чым не вінаваты, я ўжо пра гэта казаў. А справа ў тым, што ў людзей асацыюецца з гэтым сцягам. Таму мы з вамі не супраць сцягоў ваюем. Мы ваюем супраць тых чужых ідэй і тых людзей, у галовах якіх гэтыя ідэі», — дадаў ён.


Прэзідэнт даручыў удасканаліць нарматыўна-прававую базу па ахове грамадскага парадку

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ўнесены шэраг прапаноў па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы па ахове грамадскага парадку. Ён адзначыў, што неабходна правесці работу, каб у парламенце аператыўна ўнесці змены ў адпаведнае заканадаўства. «А хлопцам у МУС і ў горадзе (Мінску — «Зв».) хутчэй паглядзець, ці ўсё ўлічана, што яны прапанавалі», — сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адзін напрамак, па якім неабходна хутка ўнесці неабходныя змены ў нарматыўна-прававыя дакументы — гэта праца і паўнамоцтвы памочнікаў Прэзідэнта —інспектараў па рэгіёнах і горадзе Мінску. «Для таго, каб гэтым людзям надаць большыя паўнамоцтвы, мы сёння працуем над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы. Я папрашу дзяржаўны сакратарыят, Адміністрацыю Прэзідэнта і вас, Наталля Іванаўна (Качанава — «Зв».) як кіраўніка Верхняй палаты парламента, якая мае дачыненне да прызначэння кадраў, сенатары займаюцца гэтым пытаннем, падключыцца да гэтай працы і ўдасканаліць», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэтыя дзве працы нам трэба выканаць хутка», — дадаў Лукашэнка.


«У нас было цяжэй»

Прэзідэнт падзякаваў праваахоўнікам за іх працу.

«Без вас было б вельмі складана. Таму я і папрасіў запрасіць усіх рабят, каб яны бачылі і разумелі, што Прэзідэнт ніколі не бег і бегчы не збіраецца. Я пражыў дастаткова», — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на некаторыя развагі пра захад яго палітычнай кар’еры. «Ды не дачакаецеся! Гэта не значыць, што я буду пасінелымі пальцамі, як казаў, трымацца за гэтае крэсла. Не. Палітыка — гэта не толькі Прэзідэнт. Мы з вамі рана ці позна сыдзем з гэтых пасад, але мы не сыдзем ад захавання таго, што мы зараз збераглі, — сказаў ён. — Таму калі вы паклічаце мяне да сябе, калі мы нібыта з вамі будзем на пенсіі, мы яшчэ паслужым гэтай дзяржаве і народу. І калі новы прэзідэнт, генералы, прыйшоўшы пасля нас, захочуць парады і дапамогі, падтрымкі, мы ім акажам. Вось і ўся мая палітыка».

«Калі хтосьці думае, што я тут сабраўся і „звінціў“. Слухайце, былі сітуацыі, калі мабыць хтосьці і дрыжаў. Генералы сядзяць, якія пастаянна са мной сутыкаліся, бачылі, што ў мяне нават волас не дрыгануў. Слухайце, у нас было цяжэй, — заўважыў Лукашэнка і нагадаў падзеі напрыканцы мінулага стагоддзя. — У нас палілі на вуліцах аўтамабілі, анархісты і падонкі з Украіны, з усяго свету прыязджалі. У нас гэтыя кадры ёсць з сярэдзіны 90-тых, штурмам хацелі ўзяць Дом урада. Разбівалі палаткі на Кастрычніцкай плошчы. Мы гэта ўсё перажылі».

Па яго словах, розніца сённяшніх падзей з мінулым у наяўнасці цяпер «шалёнай знешняй падтрымкі». «Тады таксама яна была. Але толькі штуршок давалі. А цяпер яны кормяць, кормяць гэтых… і зладзілі нам гэтую каляровую рэвалюцыю, з’явіліся гэтыя Тэлеграм-каналы. Таму яна і расцягнулася. Усё гэта я праходзіў», — дадаў Прэзідэнт.

Магчыма ён дзесьці не дапатрабаваў, дзесьці праваахоўнікі недапрацавалі, разважаў кіраўнік дзяржавы. «Сітуацыя ў нас была няпростая. Парламенцкія выбары, праз ковід перайшлі мы ў прэзідэнцкія выбары. Гэта зусім была шалёная абстаноўка. Я ўвогуле суткамі не спаў. Па-першае, асаблівы курс занялі ў лячэнні ковіду, які сёння ва ўсім свеце падтрымліваецца. Па-другое, мы ж пра гэта не ведалі і нас дзяўблі з усіх бакоў. Усё было сканцэнтравана на лячэнні людзей», — адзначыў Лукашэнка.

«Канечне, мы нешта ўпусцілі, але гэта нас не апраўдвае. Пры гэтым сёння прыходзіцца рабіць высновы і атрымліваць урокі з дапушчаных памылак», — рэзюмаваў ён.


«Мы не дазволім нават коса глядзець у бок Беларусі»

На думку кіраўніка краіны праблемы ў грамадска-палітычным жыцці сталіся, таму што «мы залішне супакоіліся, жывучы ў ціхай, спакойнай, чыстай краіне».

«Мы думалі так будзе і далей. Вы думалі, скажу шчыра — я так ніколі не думаў. І напярэдадні выбараў парламенцкіх  вас папярэджваў — нам спакойна жыць не дадуць», — адзначыў Лукашэнка.

Па яго словах, некаторым не падабаецца наша шматвектарная палітыка.

«Нават зараз мяне там падкрытыкоўваюць. Да, у нас была і будзе шматвектарная знешняя палітыка. Таму што немагчыма, ці то жураўлю, ці вераб’ю, як хочаце называйце, ляцець на адным крыле. Мы геаграфічны цэнтр Еўропы, куды нам дзявацца? Расія выдатна павінна нас разумець. Таму што ў іх арол аж двухгаловы, а нам тады трэба чатырохгаловага спарадзіць», — сказаў Прэзідэнт.

«Мы ніколі не адварочваліся ад Расіі і ніколі не адвернемся ад яе. Гэта я і кажу зараз кіраўніцтву Расіі. Калі ў нас будуць бачыць сапраўднага малодшага брата і будуць да нас адносіцца, як да малодшага брата, абараняючы і падтрымліваючы, як паступіў Пуцін у гэты складаны час, мы ніколі не кінем камень у бок Расіі», — працягнуў ён думку.

Прэзідэнт адзначыў, што Расіі не трэба папракаць Беларусь нашым супрацоўніцтвам з Захадам і НАТА, бо і ўсходняя суседка мае адносіны з гэтымі партнёрамі.

«І мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што заўсёды будзем адзін аднаму надзейнымі  сябрамі і апорай. Мы канстатавалі факт, што сёння ў нас, Беларусі і Расіі, Пуціна і Лукашэнкі, іншых сяброў няма, — акцэнтаваў увагу ён. — Я даўно сказаў, а СМІ хіхікалі ў Расіі, што прыйдзе час, калі мы з Прэзідэнтам Расіі будзем стаяць спіна да спіны і адстрэльвацца. Усё адбылося».

Што тычыцца Захаду, Лукашэнка запэўніў, — мы не дазволім нават коса глядзець у бок Беларусі.

«Тэхналагічны Захад, вось у нас за плотам. Але мы прадэмастравалі, што мы самастойная, самадастатковая нацыя. Мы нікому не дазволім не тое, што нам пальцам указваць, мы не дазволім нават коса глядзець у наш бок», — запэўніў Прэзідэнт.

«Калі нават мы застанемся адны сярод усіх ворагаў і непрыяцеляў, мы будзем змагацца за сваю зямлю да апошняга. Я хачу, каб гэта пачулі тыя, хто сёння спрабуе аналізаваць абстаноўку ў краіне», — канстатаваў Лукашэнка.


«Падтрымка міліцыі будзе яшчэ большай»

Прэзідэнт паабяцаў працягнуць падтрымліваць органы ўнутраных спраў у іх працы. Ён адзначыў, што, забяспечваючы бяспеку ў гарадах на фоне пратэстных акцый, важна памятаць і пра іншыя задачах, якія стаяць перад сілавым блокам. «Нам не трэба забываць, хлопцы, і пра тое, што ў міліцыі шмат функцый і паўнамоцтваў. У нас, акрамя барацьбы з гэтымі правапарушэннямі ў гарадах і Мінску, ёсць злачынцы і па іншых напрамках», — сказаў ён.

У гэтай сувязі ён параўнаў дзейнасць органаў аховы правапарадку з сістэмай аховы здароўя. «Мы не можам захапіцца толькі ковідам і забыцца, што ў нас ёсць анкалогія, астма і гэтак далей. Сапраўды, гэтак і тут», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на праблему з’яўлення ў краіне арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарыстычных і падкрэсліў важнасць барацьбы з імі. «У гэтай сітуацыі праява самазаспакоенасці і інэртнасці недапушчальна. Гэта непазбежна пацягне за сабой зніжэнне эфектыўнасці работы міліцэйскага ведамства і ўзнікненне новых праблем», — сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, ён недаацэньваў тую ролю, якую павінна адыграць міліцыя, асабліва ўчастковы. «Участковы — гэта той чалавек, які ведае ўсё. У мяне шмат было сяброў і знаёмых участковых, калі я працаваў кіраўніком. Я клікаў да сябе ўчастковых, садзіліся ў машыну і на працягу адной ночы мы наводзілі парадак у палове раёна. Таму падтрымка будзе яшчэ больш», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?