Вы тут

​Што адбываецца ў шматпакутным Афганістане?


Сёлета каля шасці тысяч афганцаў пацярпела ў выніку сутыкненняў паміж урадавымі сіламі і талібамі. Звыш дзвюх тысяч з іх загінула. Пра гэта гаворыцца ў квартальнай справаздачы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, перадае Reuters. «Афганістан застаецца адным з самых небяспечных месцаў у свеце для грамадзянскага насельніцтва», — адзначаецца ў дакладзе Місіі ААН па садзейнічанні Афганістану (UNAMA). Урад краіны і рух «Талібан» тэрмінова павінны дамовіцца аб зніжэнні ўзроўню гвалту ў краіне, лічыць спецпрадстаўнік ЗША па гэтай дзяржаве Залмай Халілзад. «Афганцы масава гінуць, а рэгіянальныя спойлеры выкарыстоўваюць іх у якасці гарматнага мяса для сваіх незаконных мэт. Кровапраліцце павінна спыніцца. Афганцам трэба павярнуцца да развіцця замест разбурэння, стабільнасці замест хаосу, прабачэння замест помсты, кампрамісу замест нягібкасці. Акно магчымасцяў для дасягнення палітычнага ўрэгулявання не будзе заставацца адкрытае вечна», — заўважыў амерыканскі дыпламат. Што ж адбываецца ў шматпакутным Афганістане, якія перамены тут магчымыя?


Канфлікт на два трыльёны долараў

Афганская тэма зноў актуалізавалася ў глабальным геапалітычным раскладзе ў пачатку гэтага месяца. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нечакана заявіў, што ўсе амерыканскія ваенныя, якія нясуць службу ў Афганістане, павінны быць выведзены з гэтай краіны да 25 снежня. Пра гэта кіраўнік Белага дома традыцыйна паведаміў у Twіtter.

Адметна, што перад гэтай гучнай заявай саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Роберт О'Браен анансаваў, што Вашынгтон скароціць свой кантынгент у Афганістане да 2500 салдат да пачатку наступнага года. Як адзначыла інфармагенцтва Reuters, пакуль незразумела, ці ішла ў твіце кіраўніка Белага дома гаворка пра намер аддаць Пентагону адпаведны загад альбо гэта толькі адлюстраванне спадзяванняў кіраўніка дзяржавы. Трамп, які дамагаецца перавыбрання на пасадзе прэзідэнта ЗША, раней дэклараваў адмову ад «недарэчных бясконцых войнаў» у якасці аднаго з прыярытэтаў сваёй знешняй палітыкі, нягледзячы на захаванне часткі кантынгентаў у Іраку, Сірыі і Афганістане.

ЗША ўвялі свае сілы ў Афганістан у кастрычніку 2001 года з мэтай выгнання талібаў, якія, на думку амерыканскіх улад, хавалі Усаму бен Ладэна і іншых кіраўнікоў «Аль-Каіды», звязаных з тэрарыстычнымі нападамі на ЗША 11 верасня 2001 года. З 2010-га па 2012-ты, калі ЗША трымалі ў краіне больш за 100 тысяч вайскоўцаў, кошт гэтай вайны складаў, па даных урада, амаль 100 мільярдаў долараў у год. Пасля таго як ЗША скарацілі маштаб прамога ўдзелу ў канфлікце і засяродзілі намаганні на падрыхтоўцы афганскай арміі, выдаткі на вайну значна зменшыліся.    Па даных міністэрства абароны ЗША, асігнаванні на ваеннае ўмяшанне ў Афганістане з кастрычніка 2001-га па верасень 2019-га склалі 778 мільярдаў долараў. Акрамя таго, Дзярждэпартамент ЗША разам з Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці і іншымі афіцыйнымі арганізацыямі выдаткавалі 44 млрд. долараў на праекты па аднаўленні краіны.

Вынікі незалежнага даследавання, праведзенага навукоўцамі Універсітэта Браўна, сведчаць аб тым, што афіцыйныя лічбы кошту працяглай вайны моцна заніжаныя. Даследчыкі адзначаюць, што амерыканскі Кангрэс ухваліў выдзяленне дапамогі ў памеры да аднаго трыльёна долараў Афганістану і Пакістану. Як заўважыла Нэта Кроўфард, дырэктар праекта «Кошт вайны» ў амерыканскім універсітэце Браўна, гэтая лічба не ўключае іншыя спадарожныя выдаткі, напрыклад, на ваенныя пенсіі і медыцынскую дапамогу ветэранам, затраты іншых міністэрстваў на ваенныя патрэбы, і працэнты, што выплачваюцца па адпаведных пазыках. З улікам усяго гэтага, кошт вайны ў Афганістане набліжаецца да астранамічных двух трыльёнаў долараў.

Мак і карупцыя

З 2002-га да верасня мінулага года ЗША накіроўвалі каля 1,5 мільёна долараў у дзень толькі на барацьбу з вытворчасцю опіуму. Пры гэтым, паводле даных Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, агульная плошча пасадак опіумнага маку дасягнула максімуму ў 2017 годзе і склала каля 90 працэнтаў сусветнага «кліну». Праблема дасюль не вырашана — па словах выканаўчага дырэктара Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці Геды Фатхі Валі, Афганістан застаецца адным з найбуйнейшых вытворцаў наркотыкаў. Афганскі наркатрафік, нягледзячы на ўсе намаганні спыніць яго, працягвае імкліва расці.

Цяпер агульная плошча пасадак опіумнага маку, паводле розных ацэнак, перавысіла 260 тысяч гектараў. Як адзначаюць эксперты ААН, 70 % усяго афганскага маку было вырашчана на поўдні. Так, правінцыя Гільменд стала вядучай па ўраджайнасці опіумнага маку ва ўсім Афганістане. Характэрна, што менавіта тут размешчана ваенная база Шорабак — адзін з найбуйнейшых ваенных аб'ектаў амерыканцаў у Афганістане.

Існуюць і іншыя цяжкасці. Як паведаміла амерыканская кантрольная арганізацыя, да 15,5 млрд. долараў былі страчаны з-за махлярства, растраты і злоўжыванняў за апошнія 11 гадоў. Гэтая лічба адлюстроўвае, верагодна, толькі частку агульнай шкоды. У арганізацыі таксама лічаць, што амерыканскія грошы часцяком прыводзілі да абвастрэння супрацьстаяння кланаў, карупцыі і ўзмацнялі падтрымку... баевікоў.

За гады канфлікту страты ўзброеных сіл ЗША ў Афганістане склалі больш за 2300 чалавек, каля 20,6 тысячы салдат атрымалі раненні. Аднак страты сярод афганскіх вайскоўцаў і мірнага насельніцтва былі непараўнальна вышэй. Прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані заявіў у мінулым годзе, што з 2014-га, калі ён стаў прэзідэнтам, загінула больш за 45 тысяч афганскіх вайскоўцаў.

Па інфармацыі мясцовых СМІ, за апошнія гады сілы бяспекі Афганістана неслі вельмі высокія страты, часам за дзень колькасць загінулых складала 30—40 чалавек. Паводле даных прадстаўніцтва ААН у Афганістане, з 2009 года, калі яно пачало сістэматычны ўлік страт сярод грамадзянскага насельніцтва, у краіне загінула або атрымала раненні больш за 100 тысяч чалавек.

Хваля гвалту

Хваля гвалту ў Афганістане нарастае, нягледзячы на запуск у верасні ў Досе мірных перагавораў паміж афіцыйным Кабулам і «Талібанам». Зараз баевікі актыўна наступаюць на поўдні краіны. Яны нападаюць на Лашкаргах, адміністрацыйны цэнтр правінцыі Гільменд. Гэта адзін з афганскіх гарадоў, які найбольш моцна пацярпеў у грамадзянскай вайне. Вынікам кастрычніцкіх баёў сталі новыя дзясяткі тысяч бежанцаў.

Актыўнасць талібаў, ніколькі не аслабленая пасля пачатку перамоваў у Досе, пракаментаваў прадстаўнік Мінабароны Афганістана Рахула Ахмадзай. Паводле яго слоў, баевікі атакавалі ўрадавыя войскі ў большасці афганскіх правінцый. Камандуючы войскамі ЗША і НАТА ў Афганістане Скот Мілер заклікаў «Талібан» неадкладна спыніць наступленне, адзначыўшы, што падобныя дзеянні «падрываюць міжафганскія перамовы аб аднаўленні міру».

«Рэзкае абвастрэнне сітуацыі ў Афганістане стала новым выклікам для амерыканскай адміністрацыі, якая яшчэ ў лютым гэтага года, падпісаўшы ў Досе пагадненне з «Талібанам», разлічвала паставіць кропку ў самай доўгай вайне ў амерыканскай гісторыі», — адзначыў kommersant.ru галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута ЗША і Канады РАН Уладзімір Бацюк. — У руху «Талібан» па-свойму зразумелі сутнасць гэтага пагаднення: атрымаўшы міжнароднае прызнанне, талібы рэзка ўзмацнілі націск на Кабул, менавіта так разумеючы міжафганскі дыялог. У выніку ЗША паўсталі перад непрыемнай дылемай — сыходзіць «па-в'етнамску», прызнаўшы сваё паражэнне, а таксама няўдачу папярэдніх адміністрацый Джорджа Буша-малодшага і Барака Абамы, ці выйсці з Дахійскага пагаднення і пачаць новы раўнд вайны ў Афганістане».

У сваю чаргу, генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг так пракаментаваў сітуацыю ў Афганістане: «Мы адданыя сваёй місіі, таму што ў інтарэсах нашай бяспекі пераканацца, што Афганістан зноў не стане платформай, дзе тэрарысты могуць планаваць, арганізоўваць або праводзіць нападзенні супраць нашых краін. Мы разам вырашылі ўвайсці ў Афганістан, разам прымем рашэнне аб далейшых зменах і, калі прыйдзе падыходзячы час, разам выйдзем».

Праўда, пакуль нявызначанасць наконт тэрмінаў застаецца. І гэта непакоіць афганскія ўлады. «Калі дачасны вывад войскаў адбудзецца да ўстанаўлення міру або прагрэсу ў перагаворах, то, безумоўна, паўстане вакуум, які акажа ўплыў на сітуацыю з бяспекай», — заявіў індыйскаму агенцтву ANІ старшыня Вышэйшага савета па нацыянальным прымірэнні Афганістана Абдула Абдула. Ясна адно: пакуль хваля гвалту нарастае і спыніць гэты небяспечны працэс не ўдаецца.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Вайна і опіум

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».