05 снежня, субота

Вы тут

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў


У 2020-м футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў. У гісторыі клуба — перамога ў Кубку Беларусі ў 1998 годзе. Футбалісты з паўночнай сталіцы — двухразовыя сярэбраныя прызёры чэмпіянату краіны, столькі ж разоў яны заваёўвалі і бронзавыя медалі. Віцебскі футбольны клуб ужо не проста спартыўная ўстанова, а цэлая культура


«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы, і пышных святкаванняў у нас не атрымалася. Хацелася парадаваць сябе і аматараў спартыўнымі вынікамі. Будзем шчырыя, 10-е месца ў чэмпіянаце краіны — не найлепшы паказальнік, мы планавалі быць вышэй. Цяжка вылучыць адну прычыну, чаму так атрымалася. Канешне, паўплывала пандэмія, але ж з ёю ўсе сутыкнуліся. Значыць, дзесьці недапрацавалі, дзесьці не пашанцавала. У футболе дробязяў не бывае. Дало аб сабе знаць фінансавае пытанне. Сітуацыя не крытычная, але горшая, чым хацелася б. Аднак мы не скардзімся, бо футбольны клуб «Віцебск» — больш шырокае паняцце, чым лічбы на табло», — адзначае дырэктар клуба Мікалай Вайцюхоўскі.

Дырэктар клуба Мікалай Вайцюхоўскі.

Віцебскі клуб можа ганарыцца багатай інфраструктурай — у яго склад уваходзіць Віцебскі цэнтральны спартыўны комплекс. Да юбілею быў пабудаваны крыты манеж для трэніровак у халодную пару. Для паўночнай сталіцы гэта сапраўдная знаходка. «Тры гады таму размовы аб будаўніцтве манежа ў Віцебску здаваліся чымсьці фантастычным. Цяпер гэта рэальнасць. Да 2016 года клуб і стадыён з'яўляліся асобнымі структурамі. Пасля іх аб'яднання многае памянялася ў лепшы бок, былі пабудаваны два футбольныя палі, манеж, заменены бегавыя дарожкі, табло і многае адрамантавана. Ствараліся лепшыя ўмовы для футбалістаў і комплекс мяняўся. Летась Віцебску даверылі правядзенне фіналу Кубка Беларусі, гэта вынік працы ўсяго калектыву», — не ўтойвае гонару Мікалай Вайцюхоўскі.

Сваіх дзяцей любіш больш

За шасцідзесяцігадовую гісторыю футбольны клуб «Віцебск» стаў вялікай сям'ёй, дзе розныя пакаленні цесна звязаны паміж сабой. У склад клуба ўваходзіць дзіцячая школа, у ёй футбольныя азы спасцігае каля 600 маладых спартсменаў. Самыя таленавітыя трапляюць у футбольную акадэмію. «Непасрэдна ў Віцебску ёсць умовы для заняткаў футболам, ёсць спецыялісты. У вобласці з гэтым складаней, і раней адораныя дзеці з'язджалі ў іншыя гарады. Здараліся выпадкі, калі на юнацкіх спаборніцтвах мы заўважалі таленавітага спартсмена, а ён аказваўся ўраджэнцам нашай вобласці. І нам заставалася толькі шкадаваць, бо прапанаваць яму не было чаго. Але два гады таму мы стварылі акадэмію з камфортнымі ўмовамі пражывання і вучобы для прыезджых дзяцей. Летась набралі 44 чалавекі, сёлета — 22, сюды трапляюць найлепшыя вучні ўсіх футбольных школ вобласці. Думаю, праз два-тры гады пры сур'ёзнай аддачы павінны вырасці добрыя футбалісты для каманды», — расказвае кіраўнік клуба.

Выхоўваюць маладых спартсменаў былыя гульцы клуба розных гадоў. Трэнеры Аляксандр Іваноў, Аляксандр Старавойтаў — спецыялісты з вялізным вопытам, якія выхавалі не адно пакаленне футбалістаў. Паралельна з імі працуюць Сяргей Вяхцеў, Максім Разумаў, Аляксандр Праслаў, Павел Ясінскі, Яўген Санько, Руслан Зелянкевіч, Аляксей Волкаў, якія самі не так даўно выходзілі на гульню. У клубе ўпэўнены, што спалучэнне вопыту і маладосці карыснае для падрыхтоўкі футбольнага будучага.

Цікавы падыход клуба да выхавання маладых спартсменаў. Перш за ўсё — развіццё асобы. «Згодна са старой сістэмай аплаты працы, заробак дзіцячага трэнера часцей за ўсё залежаў ад выніку каманды. І часам пры падрыхтоўцы каманды ўпускаліся важныя аспекты выхавання спартсменаў. Цяпер мы за кошт клуба стараемся падтрымаць дзіцячых трэнераў фінансава, каб яны не ставілі перад сабой і камандай мэту перамагчы любой цаной. Бывае, што юнацкая каманда пастаянна перамагае, але як не дзіўна, гатовых да дарослага ўзроўню футбалістаў там няма. Вынік дасягаецца толькі дзякуючы каманднай рабоце. Ці, наадварот, каманда не вызначаецца добрымі вынікамі, але ў яе ёсць гульцы з вялікім патэнцыялам. І які варыянт лепшы? Мы схіляемся да другога. У дзіцячым і юнацкім футболе можна рабіць акцэнт на падрыхтоўцы ўсёй каманды, але неабходна развіваць і найлепшыя якасці кожнага футбаліста, часам нават на шкоду агульнаму выніку на гэтым этапе. Футбол — гэта камандная гульня, дзе патрэбны моцныя асобы. У ідэале, канешне, хочацца, каб і асобы былі, і камандныя вынікі. Але так, мабыць, не бывае», — тлумачыць пазіцыю клуба Мікалай Вайцюхоўскі.

Важная асаблівасць клуба — арыенцір на сваіх спартсменаў, а не на легіянераў. Цяпер у асноўным саставе выступае чатыры замежныя футбалісты: бразільцы Жуліа Сезар і Вандэрсан Мела, украінец Максім Калянчук і расіянін Данііл Чалаў. Але, па словах дырэктара клуба, справа не толькі ў патрыятызме: «У пытанні запрашэння легіянераў важна разумець свае мэты. Чым вышэйшы ўзровень гульца, тым лепшы вынік ён паказвае і тым вышэйшы яго заробак. У нас сярэдняе фінансаванне, і, запрашаючы футбалістаў, мы адштурхоўваемся і ад яго. Калі ў нас стаіць выбар паміж беларускім гульцом і легіянерам аднаго ўзроўню, мы аддаём перавагу беларусу. Але і ад магчымасці запрасіць моцнага замежніка не адмаўляемся. Наш клуб стараецца не кідаць сваіх выхаванцаў, асабліва маладых. У нас шмат футбалістаў, якія не адразу сталі паказваць добрую гульню, але мы чакалі, пакуль яны прафесійна вырастуць. Сваім выхаванцам заўсёды даецца дадатковы шанц, мы верым, што ў іх усё атрымаецца. Стараемся вярнуць сваіх гульцоў, якія з'ехалі выступаць у іншыя клубы. Канешне, мы павінны ставіцца да ўсіх футбалістаў аднолькава, але, будзем шчырыя, сваіх дзяцей заўжды любіш болей».

Не галамі адзінымі

Гэтай восенню футбольны клуб «Віцебск» прымусіў гаварыць аб сабе ўсіх аматараў і знатакоў... мастацтва. Клуб прадставіў форму па матывах плаката «Клінам чырвоным белых бі» вядомага авангарднага мастака Эль Лісіцкага. Форма стала падарункам аж на тры юбілеі: 60-годдзе клуба «Віцебск», 130-годдзе Эль Лісіцкага і 100-годдзе мастацкага аб'яднання УНОВІС. Ініцыятар нестандартнага праекта — абаронца каманды Данііл Чалаў: «Я заўжды цікавіўся мастацтвам і ведаў, што ў Віцебска ёсць круты культурны бэкграўнд. Я быў уражаны музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. З яго дырэктарам Андрэем Духоўнікавым мы дамовіліся рэалізаваць цікавыя творчыя ідэі. У мяне было пяць прапаноў, як аб'яднаць футбол і мастацтва. Адна з іх — сустрэча з нашымі аматарамі ў сценах музея, якую мы правялі ў сакавіку, другая — форма. Абмяркоўвалі мы гэта 31 студзеня, а 4 кастрычніка ўжо вышлі на поле ў новай форме. Пра астатнія ідэі пакуль расказаць не магу, бо яны яшчэ рэалізуюцца».

Ініцыятар праекта новай формы Данііл Чалаў.

Ажыццявіць ідэю дапамог Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і кампанія «Нічога звычайнага». Мэта праекта — не проста зрабіць арыгінальную форму, а перш за ўсё паказаць багатую культурную спадчыну Віцебска і сувязь спорту з мастацтвам. Плакат Эль Лісіцкага вядомы з чорным фонам, так у футбольнай інтэрпрэтацыі выглядае форма варатароў. Першы варыянт плаката мастак стварыў у сінім колеры, ён пераклікаецца з фірменным колерам клуба. Таму віцебскія футбалісты гуляюць у форме сіняга колеру. «Мы хацелі зрабіць форму ў супрэматычным стылі. Распрацоўваючы дызайн, выбіралі паміж плакатам Эль Лісіцкага і супрэматычнымі фігурамі Малевіча. У плакаце Лісіцкага ўвесь супрэматызм, ён значна шырэйшы, чым яго прынята разглядаць. Такія работы трэба пастаянна па-новаму трактаваць, як мы гэта зрабілі, ствараючы форму», — адзначае Данііл Чалаў.

У адным з інтэрв'ю Данііл Чалаў параўнаў Малевіча з Раналду, Шагала — з Месі, а Лісіцкага назваў апорным паўабаронцам. Такія футбольныя амплуа мастакі атрымалі нездарма: «Месі і Раналду — нападаючыя, атакуючыя гульцы, вельмі яркія на полі. А апорны паўабаронца не самая прыкметная фігура ў плане яркасці, але ён фундаментальны, і ён робіць вялізную справу. Эль Лісіцкі быў чалавекам, з якога, па сутнасці, пачаліся графічны дызайн і архітэктура, ён фундаментальны».

У кастрычніку форму футбольнага клуба «Віцебск» перадалі ў калекцыі музея сучаснага мастацтва Ван Абэ (Нідэрланды) і музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Данііл Чалаў адзначыў, што праект быў накіраваны і на тое, каб у іншых месцах звярнулі ўвагу на свае каштоўнасці. У кожным горадзе ёсць што паказаць і чым ганарыцца. «Для кагосьці гэта проста прыгожая форма, хтосьці ў ёй бачыць пэўны сэнс. І гэта добра, што кожны бярэ патрэбнае для сябе. У гэтым і сутнасць і футбола, і мастацтва, і супрэматызму у прыватнасці», — адзначае футбаліст.

У клубе ўжо плануюць новыя праекты, якія аб'яднаюць футбол і мастацтва. Выпускам аднаго камплекта формы віцябчане абмяжоўвацца не плануюць. «Футбол — гэта сучаснае мастацтва, пастаянна зменлівы працэс. Гэта маса эмоцый, сабраных у адзін вялікі згустак, гэта агромністы культурны кластар. Мне цікавыя рэчы, якія не маюць абмежаванняў. Мастацтва шматграннае і бязмежнае, яно заснавана на пачуццях, як і футбол. Яны абодва па-за часам і могуць адаптавацца да любых умоў. Дзякуючы нашай форме людзі, якія не надта цікавіліся мастацтвам, праз футбол як культурную з'яву паглядзелі на каштоўнасці краіны. Футбольны клуб — гэта культура. Таму на футболе і футбольных клубах ляжыць большая адказнасць, чым проста забіваць галы на полі, хоць гэта таксама важна», — сцвярджае Данііл Чалаў.

У футбольнага клуба «Віцебск» ёсць адданыя фанаты. Дамашнія матчы нязменна збіраюць аматараў, нават у складанай эпідэміялагічнай сітуацыі на трыбунах было каля 1500 чалавек. Але ў клубе ўпэўнены, што глядач ідзе толькі калі каманда выйграе і паказвае вынік. Можна многа і доўга гаварыць аб тым, што галоўнае — годна правесці гульню, але асноўнай задачай застаецца ўсё ж такі перамога над сапернікам. Як і ў мастацтве, дзе выдатным становіцца твор, які выклікае захапленне.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і ФК «Віцебск»

Загаловак у газеце: Авангард на футбольным полі або Вышэй за час і абставіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Што хвалюе педагогаў?

Што хвалюе педагогаў?

​Якія крытэрыі робяць датэрміновую прафесійную пенсію — недасягальнай...