05 снежня, субота

Вы тут

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны


Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека. Аэракасмічныя здымкі, з дапамогай якіх можна правесці дыягностыку пасадак, у тым ліку лясных. Спецыяльныя прылады-сэнсары для выяўлення «жывых» газаў у паветры... Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, існуючыя праблемы і жыццёва-неабходныя змены на працягу двух дзён абмяркоўвалі на ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі камунальнікі і вучоныя Беларусі і Расіі.


nextstephub.com

Кампазіт з палімераў і прамочванне з адходаў прадпрыемстваў

Укараненне перадавых тэхналогій і развіццё вытворчаці па выпуску навукаёмістай прадукцыі абумовіць пераход галіны ЖКГ на якасна новы ўзровень, упэўнены спецыялісты. У прыватнасці, мяркуецца, што матэрыяльныя і энергетычныя выдаткі будуць зніжаны ў 1,5-2 разы. Гэтае і іншыя дасягненні абумоўлены Стратэгіяй навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця галіны ЖКГ на 2021—2025 гады, распрацаванай Мінжылкамгасам сумесна з зацікаўленымі ведамствамі. Мэта дакумента — забеспячэнне якаснага росту, эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці галіны за кошт адзінай навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі.

— Распрацоўваецца тэматыка даследаванняў, накіраваных на стварэнне новых энергаэфектыўных, экалагічна абгрунтаваных тэхналогій і сістэм, якія забяспечаць інавацыйнае развіццё асноўных кірункаў галіны ЖКГ, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў для забеспячэння камфортнага асяроддзя жыцця. І нам ёсць чым пахваліцца ўжо сёння, — канстатаваў Андрэй КАСОЎСКІ, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

Ужо распрацаваны, напрыклад, комплекс мер па выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) у якасці альтэрнатыўнага паліва. Падабраны і ацэнены адходы, якія падыходзяць па фізіка-хімічных уласцівасцях у адпаведнасці з класіфікатарам адходаў для выкарыстання ў якасці паліва. Прааналізавана іх цеплатворная здольнасць, падрыхтаваны пералік аб'ектаў, дзе можна атрымліваць энергію з ЦКА.

Распрацавана тэхналогія атрымання біяактыватару для сістэм каналізацыі, з мінулага года выраблена і рэалізавана больш за 7000 доз такой прадукцыі. Асвоена вытворчасць кампазітнага матэрыялу на аснове цеплапластычных палімерных адходаў і тэхналогія яго атрымання для вырабаў тэхнічнага і бытавога прызначэння. З 2018-га выраблена 430 тон такога матэрыялу на суму звыш 500 тысяч рублёў. Рэалізавана ўжо больш як 112 тон аднаўпаковачнага сілікатнага прамочвання для дрэва на аснове адходаў прадпрыемстваў краіны, — прывёў ён прыклады.

Беларуская станцыя абезжалезвання і служба «115»

Пляцоўкай для сустрэчы навукоўцаў і камунальнікаў стаў Інстытут жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі, створаны менш як тры гады таму, які каардынуе навукова-тэхнічную дзейнасць па прыярытэтных кірунках ЖКГ і забяспечвае комплекснае навуковае і інавацыйнае суправаджэнне галіны. На думку спецыялістаў, ён павінен стаць своеасаблівым аб'яднальным цэнтрам, які прыцягне і сістэматызуе часам разрозненыя напрацоўкі хімікаў, матэрыялаведаў (даследаванні якіх датычацца водападрыхтоўкі і ачысткі вады, яе абезжалезвання), эканамістаў.

— Менавіта праз галіну жыллёва-камунальнай гаспадаркі кожны грамадзянін краіны сустракаецца з новымі тэхналогіямі і распрацоўкамі, якія могуць прынесці ў яго жыццё якасныя змены, дзякуючы якім ён можа адчуць рух наперад, — заўважыў Сяргей ЧЫЖЫК, першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

Толькі разам камунальнікі і супольнасць навукоўцаў змогуць задаволіць элементарныя патрабаванні, якія спажыўцы сёння прад'яўляюць да камунальнай сферы. Яны датычацца камфортнага пражывання і якасных жыллёва-камунальных паслуг, упэўнены і міністр ЖКГ Беларусі Андрэй ХМЕЛЬ.

У межах канферэнцыі прайшлі тэматычныя секцыі і круглыя сталы, дзе дэталізавана разглядаліся шматлікія кірункі развіцця сферы ЖКГ і існуючыя ў галіне праблемы. Найбольш актуальнымі з іх сталі прымяненне і распрацоўка новых тэхналогій і падыходаў у сістэме водазабеспячэння і каналізацыі, а таксама вырашэнне пытанняў, якія ўзнікаюць падчас рэалізацыі канцэпцыі па абыходжанні з ЦКА.

— Канцэпцыя па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі не прадугледжвае новых сучасных тэхналогій па апрацоўцы большай іх часткі. І адзін з найлепшых кірункаў у гэтай сферы — энергетычнае выкарыстанне адходаў, — акрэсліў міністр ЖКГ. — Выкарыстанне РДФ-паліва на цэментных заводах — толькі частка такой палітыкі. Мы разлічваем, што зможам актыўна выкарыстоўваць адходы на камунальных кацельных. Шмат пытанняў і па капітальным і бягучым рамонце будынкаў. Таму важным кірункам лічацца і новыя падыходы, нарматывы і матэрыялы, якія дазволяць рабіць такі рамонт якасна і пры гэтым змяншаць затраты на работы.

Беларускія спецыялісты спадзяюцца кансалідваць намаганні па вырашэнні праблем ЖКГ з расійскімі калегамі, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі, расказалі пра свой вопыт работы ў гэтай галіне. Андрэй Хмель не выключыў магчымасці адначасовай рэалізацыі сумесных праектаў у абыходжанні з ЦКА і па ачышчальных збудаваннях у дзвюх краінах.

— У Беларусі за пяцігодку неабходна ўзвесці яшчэ 1300 станцый, аднак намі ўжо назапашаны вялікі вопыт, які можа зацікавіць расійскі бок. Наша служба «115» таксама паказала сябе добра, і ў гэтым плане мы, напэўна, на крок апярэджваем суседзяў, — мяркуе міністр ЖКГ. — У іх жа ёсць добрая інфармацыйная агульнакраінавая сістэма па ўліку дамоў, затрат на рамонт, і гэты вопыт нам вельмі цікавы. У нас падобная праграма рэалізуецца ў Мінску, аднак агульнай такой па краіне няма. У цэлым у плане развіцця тэхналогій мы сёння не горшыя за суседзяў. Што ж датычыцца цеплазабеспячэння ў старым жылфондзе з вертыкальнай разводкай труб, то ў кватэрах такіх дамоў няма тэхнічнай магчымасці ўстанавіць прыборы ўліку цяпла. Магчыма, гэта і мэтазгодна было б зрабіць, аднак пакуль узровень пакрыцця тарыфаў за цеплаэнергію насельніцтвам не вышэйшы за 20 %, стымулаў эканоміць у людзей няма. 

Расійскія «60+» і «Разумны горад»

Погляд на жыллёва-камунальную гаспадарку праз навукова-тэхнічны прагрэс — надзвычай перспектыўны. Тыя, хто вучыўся рабоце ў гэтай сферы, разумеюць, што ў аснове ўсяго тут ляжаць болцікі-гаечкі, законы-формулы і рукі, лічыць Дзмітрый ВОЛКАЎ, намеснік міністра будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Расіі, які расказаў пра існуючыя ў суседзяў у галіне ЖКГ праекты, што могуць стаць прыкладам для Беларусі.

Праграма «60+» датычыцца камунальных аб'ектаў са ступенню зносу больш як 60 %. А гэта павялічаныя эксплуатацыйныя затраты, што адбіваецца і на камунальных плацяжах. Літаральна пару тыдняў таму праграму падтрымаў урад Расіі і выдзеліў сродкі на рэалізацыю першых праектаў у пяці гарадах.

— Па сутнасці, гарады, дзе будзе рэалізоўвацца праграма, поўнасцю абновяцца, выканаюцца ўсе неабходныя работы і можна будзе спадзявацца, што тут мы зоймемся і добраўпарадкаваннем, і стварэннем камфортнага гарадскога асяроддзя без клопату, што ізноў нешта трэба капаць і непакоіць людзей, — удакладніў намеснік міністра.

Другая праграма — цэлая серыя праектаў па рэканструкцыі і мадэрнізацыі аб'ектаў ЖКГ у гарадах з колькасцю насельніцтва да ста тысяч чалавек. З 1117 гарадоў Расіі такіх каля 800, і яны лічацца невялікімі. Гэтая праграма рэалізуецца ў межах Усерасійскага конкурсу найлепшых праектаў стварэння камфортнага гарадскога асяроддзя ў малых гарадах і гістарычных пасяленнях.

Сёлета нашы суседзі запусцілі таксама сістэму маніторынгу і ліквідацыі аварый і інцыдэнтаў на аб'ектах ЖКГ.

— Такія інцыдэнты здараюцца,і адпрацоўваць іх аператыўна і тыпізавана, па адзіным сцэнарыі і хутка, што вельмі важна, — лічыць Дзмітрый Волкаў. — Калі ліквідацыя аварыі становіцца подзвігам, гэта кепска, гэта зніжае нашу эфектыўнасць.

У галіне лічбавізацыі рэалізуецца некалькі кірункаў, адзін з якіх звязаны нават не з разумнымі лічыльнікамі, а з разумнымі людзьмі, якія ў анлайн-рэжыме здольныя прымаць рашэнні, што дапамогуць грамадзянам. Такі анлайн-сэрвіс дапамог амаль без страт перажыць збор камунальных плацяжоў падчас першай хвалі каранавіруса, падкрэсліў намеснік міністра.

У межах праекта «Разумны горад» у Ліпецкай вобласці працуе адзіная дыспетчарская служба, якая прымае і кантралюе звароты грамадзян па пытаннях ЖКГ, аварыйных сітуацый і капрамонта дамоў. А ў Жалезнаводску запушчаны комплексны праект па лічбавізацыі гарадской гаспадаркі, дзе ўкаранілі сістэму інтэлектуальнага ўліку камунальных рэсурсаў. Яна дазваляе манціраваць разумнае гарадское асяроддзе: прыпынкі, слупы, сістэму інфармавання гасцей і жыхароў. У Белгарадзе запрацавала праграма, якая забяспечвае ўзаемадзеянне жыхароў з кіруючымі кампаніямі, — прывёў ён некалькі прыкладаў і нагадаў, што кожны з іх можна браць на ўзбраенне і ў іншых краінах.

Інавацыйныя тэхналогіі павінны не толькі павысіць камфорт пражывання, але і вырашыць канкрэтныя праблемы. У прыватнасці, ліквідаваць шматтысячныя тоны адходаў, вырашыць праблему якасці пітной вады, наладзіць сістэму міжведамаснага ўзаемадзеяння для пераходу да лічбавай гаспадаркі і зрабіць шмат іншага на агульную карысць. Засталося толькі дачакацца рэалізацыі гэтых змен.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.