Вы тут

Памылкі пры куплі насення на наступны год


Добрае насенне — залог будучага ўраджаю: гэтую ісціну ведае кожны. Таму так важна не памыліцца з выбарам. Кожны раз, купляючы насенне, да канца нельга быць упэўненымі, што вырасце менавіта паказанае на пачку. Давайце разбірацца, якія падводныя камяні пільнуюць нас пры куплі насення на наступны год.


Пажадана перад паходам па крамах праверыць уласныя запасы насення, распланаваць будучыя пасадкі і скласці спіс неабходнага як па культурах, так і колькасці насення. Варта таксама вызначыцца з бюджэтам на гэтыя мэты, каб залішне не захапіцца.

Купляючы насенне, вядома ж, хочацца сэканоміць. Аднак не варта быць занадта ашчаднымі, аддаючы перавагу выключна таннай прадукцыі, — як бы не давялося потым вясной бегчы па новае насенне і перасяваць градкі або клумбы. Лепш усё ж спыніцца на залатой сярэдзіне, бо занадта дарагі тавар можа не апраўдаць чаканняў, а занадта танны павінен насцярожыць, бо можа быць падробкай або нізкай якасці.

Не вядзіцеся на прыгожыя карцінкі на ўпакоўцы насення, а ў першую чаргу чытайце тое, што напісана на адвароце.

Выбар без уліку кліматычных умоў рэгіёна

Раянаванае насенне прыстасавана да кліматычных умоў канкрэтных рэгіёнаў, таму ў яго і ўсходжасць лепш, расліны затым добра развіваюцца і могуць супрацьстаяць неспрыяльным умовам надвор'я. Такое насенне гарантавана дае высокія ўраджаі.

Але пакупнікі нярэдка ігнаруюць гэтую важную характарыстыку пасяўнога матэрыялу, асабліва наведваючы гандлёвыя пункты буйных сетак з адзінай палітыкай замовы. У такіх крамах, як правіла, пасадачны матэрыял завозіцца без уліку рэгіянальных асаблівасцяў.

Тое ж самае можна сказаць і пра куплю разрэкламаванага па тэлебачанні і ў інтэрнэце насення. Магчыма, яно сапраўды ўраджайнае і якаснае, але толькі не прызначана для вашай мясцовасці і клімату.

Купля ў запас

Насенне — не той тавар, якім можна назапасіцца на шмат гадоў наперад, бо ў яго ёсць свае тэрміны захоўвання. Да таго ж, калі адкрыць упакоўку, губляецца якасць і ўсходжасць. Асабліва гэта датычыцца насення ў фользе.

Набыццё гібрыдаў для атрымання свайго насення

Насенне гібрыдаў, якія маркіруюцца знакам F1, дае багатыя ўраджаі ўстойлівых да хвароб і шкоднікаў культур, але каштуе яно значна даражэй за звычайнае насенне. Некаторыя агароднікі, спадзеючыся сэканоміць, спрабуюць ад гібрыдных раслін атрымаць сваё насенне.

Зразумела, гэты эксперымент ні да чаго добрага не прыводзіць, бо насенне не захоўвае ўласцівасці гібрыдаў. З іх часта вырастаюць расліны, мала чым падобныя на сваіх выдатных «бацькоў». Калі вам так падабаецца насенне гібрыдаў, будзьце гатовыя, што яго давядзецца купляць кожны год.

Няўвага да якасці

Якасць насення — гэта першае, на што неабходна звяртаць увагу пры яго куплі. Зразумела, што пакецік не адкрыеш і не даведаешся, што там унутры. Таму трэба набываць насенне вядомых і правераных вытворцаў, пажадана некалькіх, каб не застацца без ураджаю.

На жаль, нярэдка можна наткнуцца на кантрафактную прадукцыю, і ў пачку пад брэндам вядомага вытворцы апынецца ў лепшым выпадку некандыцыя, а ў горшым — насенне пустазелля.

Таму ўважліва вывучайце знешні выгляд упакоўкі і ўсё, што на ёй напісана. Размыты фотаздымак на ёй — першая прыкмета падробкі. А калі яна яшчэ і пакідае сляды фарбы на пальцах, будзьце ўпэўненыя — перад вамі кантрафакт.

Відавочнай прыкметай падробкі будуць нанесеныя друкарскім шрыфтам даныя па тэрмінах прыдатнасці, нумары партыі і колькасці насення. Гэтыя надпісы друкуюць штампам, і часцей за ўсё яны бываюць колеру чарнілаў. Калі параўнаць два аднолькавыя пачкі, то ўбачыце, што гэтыя надпісы размяшчаюцца па-рознаму.

Акрамя таго, не забудзьцеся пра тэрміны прыдатнасці. Калі яны блізкія да заканчэння, то лепш устрымацца ад пакупкі.

Захапленне навінкаміі экзотыкай

Штогод у продажы з'яўляюцца новыя гатункі і гібрыды, агародніны, ягад і кветак. Але каб не рызыкаваць ураджаем, не варта засяваць імі ўвесь агарод або кветнік. Дастаткова паэксперыментаваць на адной дзялянцы.

Што ж датычыцца экзатычных «цуда-раслін», якія, згодна з рэкламай, валодаюць масай выдатных уласцівасцяў і якасцяў, то на справе яны нярэдка аказваюцца фікцыяй, а карцінкі на іх пакеціках — умелай работай дызайнераў.

Пры падрыхтоўцы да новага сезона не бывае дробязяў, а тым больш у такой важнай справе, як набыццё насення. Мала нарыхтаваць іх самім або набыць належнай якасці і патрэбнай колькасці ў краме. Насенню яшчэ трэба забяспечыць правільнае захоўванне ўдалечыні ад сонечных прамянёў і абагравальных прыбораў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.