Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


«Калібраваны» караняплод

Расійскія селекцыянеры стварылі буракі, якія не гніюць

Пакуль гаворка ідзе пра 13 новых гібрыдаў цукровых буракоў. Яны не гніюць, у адрозненне ад замежных караняплодаў, а таксама ўстойлівыя да хвароб і засухі. Да 2025 года колькасць новых гібрыдаў з такімі характарыстыкамі плануюць давесці да 40, паведамляюць «Известия».

«На цяперашні момант створана 13 гібрыдаў, ужо зарэгістраваных у дзяржаўным рэестры. Да канца 2021 года для рэгістрацыі будзе прадстаўлена яшчэ 18—20, яны зараз праходзяць шэраг выпрабаванняў. Усе гібрыды створаны па прынцыпе слабай адчувальнасці да каранёвай гнілі, засухі і самай распаўсюджанай хваробы цукровых буракоў — цэркаспарозу», — расказаў генеральны дырэктар кампаніі «Шчолкава Аграхім», акадэмік РАН Саліс Каракотаў.

Таксама ўраджай новых гібрыдаў расійскіх цукровых буракоў дасць больш аднастайныя па памеры плады — так іх прасцей збіраць.


Пластмаса для немаўлят

У малацэ з бутэлечак — мільёны мікрачасцінак пластыку

Немаўляты, якіх кормяць з бутэлечкі, спажываюць з малаком мільёны мікрачасцінак пластыку ў дзень, высветлілі навукоўцы з Ірландыі. Пры гэтым аўтары даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Food, не заклікаюць адмовіцца ад выкарыстання нагрэтых пластыкавых кантэйнераў, падкрэсліваючы, што навуцы пакуль невядома нічога канкрэтнага пра шкоду мікрачасцінак пластыку для чалавека.

Навукоўцаў з дублінскага ўніверсітэта Трыніці-каледж моцна здзівіла сама колькасць пластыкавых мікрачасцінак, якія вылучаюцца пры высокатэмпературнай стэрылізацыі папулярных поліпрапіленавых бутэлечак для немаўлят.

«Летась даследаванне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ацэньвала, што чалавек у сярэднім спажывае ад 300 да 600 мікрачасцінак пластыку ў дзень. У нас жа сярэднія лічбы аказаліся мільён або некалькі мільёнаў», — сказаў адзін з аўтараў даследавання, прафесар хіміі Джон Боланд.

Мікрачасцінкамі пластыку звычайна лічацца кавалачкі менш за пяць міліметраў у даўжыню. Большасць з іх меншыя за таўшчыню чалавечага воласа.

Для эксперымента даследчыкі тройчы вымылі дзесяць новых поліпрапіленавых бутэлечак, а затым стэрылізавалі іх у адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ, патрымаўшы пяць хвілін у вадзе з тэмпературай 95 градусаў. Прасушыўшы бутэлечкі на паветры, навукоўцы затым растрэслі ў іх сумесь з кіпячонай вадой, астуджанай да 70 градусаў.

Калі Боланд і яго каманда вывучылі вадкасць з бутэлечак пад мікраскопам, высветлілася, што ў ёй змяшчалася ў сярэднім чатыры мільёны мікрачасцінак пластыку на літр.

Навукоўцы затым супаставілі гэтую лічбу з сярэдняй колькасцю малака, спажыванага немаўлятамі з поліпрапіленавых бутэлечак у 48 краінах. Атрымалася, што на адно немаўляці прыходзіцца прыблізна паўтара мільёна мікрачасцінак пластыку ў дзень.

Каманда Боланда затым пратэсціравала вадкасць з бутэлечак, якія былі нагрэтыя да менш высокіх тэмператур, і прыйшла да высновы, што нагрэў, як і ўзбалтаванне бутэлечкі, спрыялі вылучэнню большай колькасці мікрачасцінак пластыку.

Поліпрапілен — адзін з самых папулярных тыпаў пластыку для вытворчасці посуду і харчовых кантэйнераў у свеце. Па звестках аўтараў даследавання, 82 працэнты ўсіх дзіцячых бутэлечак для малочнай сумесі вырабляюць з яго. Шкляныя нашмат менш папулярныя.

Навукоўцы ўжо не раз знаходзілі мікрапластык у ежы і пітве чалавека: у бутыляванай вадзе, у чаі з пластыкавых пакецікаў, у рыбе. Трывожны момант заключаецца ў тым, што гэтыя часцінкі могуць быць патэнцыяльна таксічныя для чалавека, аднак на сённяшні момант доказаў гэтаму не знойдзена.

Прафесар Боланд адзначае, што калі высновы яго даследавання турбуюць бацькоў, знізіць колькасць мікрачасцінак пластыку ў малацэ рэальна. Гэтага можна дасягнуць, па яго словах, калі стэрылізаваную бутэлечку спаласнуць астуджанай кіпячонай вадой тры разы. Сумесь пры гэтым можна змяшаць у непластыкавай тары і потым пераліць у гатовую бутэлечку.


«Дзіцячы сад» вымерлай акулы

Ён можа стаць сапраўднай сенсацыяй

Навукоўцы знайшлі старажытны гадавальнік мегаладона — вымерлага віду акул — непадалёк ад Паўднёвай Караліны (ЗША), якому 24 мільёны гадоў, піша Scіence alert. Да гэтага часу даследчыкі ведалі толькі пра два гадавальнікі гэтага віду драпежнікаў — у Панаме і Чылі.

Такі гадавальнік — гэта «дзіцячы сад» для маленькіх акул, пакуль тыя не вырастуць і не выправяцца на самастойнае паляванне. А ўзбярэжжа каля амерыканскага штата калісьці магло быць камфортным мелкаводдзем для дзіцянят, якія харчаваліся марской рыбай і чарапахамі.

Зрэшты, трэцяе адкрыццё з'яўляецца яшчэ і першым зарэгістраваным гадавальнікам Carcharocles angustіdens — мегазубай акулы, якая жыла ў эпоху алігацэну (ад 23 да 34 мільёнаў гадоў таму). Навукоўцы вызначылі гэта дзякуючы знойдзеным зубам, якія дазволілі ім вылічыць памер цела старажытнага драпежніка.

Яны пакуль падзяліліся вынікамі аналізу ў сеціве, іх замежныя калегі сцвярджаюць, што, калі даследаванне будзе падмацавана дадатковымі доказамі, сама знаходка гадавальніка старажытных акул стане сапраўднай сенсацыяй сярод навукоўцаў.

«Гэта даказала б, што паводзіны і адаптыўная стратэгія выкарыстання гадавальнікаў ужо сфарміраваліся ў алігацэне каля 24 мільёнаў гадоў назад», — цытуе выданне словы скептыкаў.

Усяго даследчыкі вывучылі 87 зубоў акул (3 працэнты — малыя, 77 працэнтаў — непаўналетнія і 8 працэнтаў — дарослыя), датаваных познім алігацэнам. Аднак у даследчыкаў пастаянна ўзнікаюць цяжкасці адносна сапраўднага размяшчэння такіх гадавальнікаў, бо адсутнасць астанкаў дарослых асобін не заўсёды паказвае на знаходжанне ў тых месцах толькі іх дзіцянят. Часта мясцовыя жыхары проста раскрадаюць усё ў гэтых раёнах і прадаюць знаходкі калекцыянерам.


Рэлакс для рагулі

Каровам падабаюцца жывыя стасункі з людзьмі

Гэтым жывёлам, як і людзям, больш падабаецца жывы чалавечы голас і добрае стаўленне. Пра гэта заявілі заолагі з Венскага ўніверсітэта ветэрынарнай медыцыны ў сваім новым даследаванні, піша CNN.

Згодна з ім, рагулі больш расслабленыя, калі з імі размаўляюць ўжывую, чым калі чуюць запіс чалавечага голасу. Таксама каровам падабаецца, калі іх гладзяць, асабліва па ніжняй частцы шыі. Пра гэта расказала аўтар даследавання Аніка Ланге, дактарант універсітэта.

Яе група даследчыкаў правяла эксперымент са статкам з 28 кароў. Яны пагладжвалі жывёл, прайграваючы пры гэтым запісы чалавечага голасу са спакойнымі інтанацыямі, а таксама размаўляючы з імі ўжывую. Па словах Анікі Ланге, калі каровы атрымліваюць задавальненне ад стасункаў, яны выцягваюць шыі: гэтак жа, як у перыяд заляцанняў.

У ходзе эксперымента жывёлы дэманстравалі пазітыўную рэакцыю як на запісаны, так і на жывы голас. Але частата сардэчных скарачэнняў у другім выпадку была ніжэйшая. Гэта сведчыць пра тое, што ў выніку прамой камунікацыі з чалавекам каровы атрымалі больш задавальнення і расслабіліся

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».