16 студзеня, субота

Вы тут

Біяметрычныя пашпарты — ужо налета. Што зменіцца для кожнага з нас?


Вось ужо каля дзясятка гадоў не траціць актуальнасці ў Беларусі тэма ўвядзення біяметрычных пашпартоў і ідэнтыфікацыйных картак. Праўда, з розных прычын тэрмін, пасля якога меркавалася перастаць выдаваць класічныя пашпарты-«кніжкі», пераносіўся. Яно і недзіўна — трэба было сабраць проста велізарнейшы масіў даных, а таксама адпрацаваць усе юрыдычныя тонкасці ў заканадаўстве.

Што ж ужо ў наступным годзе зменіцца для кожнага з нас? Пра гэта карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Павел ХРЫШЧАНОВІЧ.


— Цяпер большасць развітых краін свету ўжо перайшла на выкарыстанне біяметрычных даных у пасведчаннях асобы. Цікава, што ўсе дзяржавы постсавецкай прасторы таксама далучыліся да гэтага спіса. Выключэннем застаецца толькі Беларусь.

Пры гэтым першы раз пытанне пераходу на «біяметрыю» было ўзнята яшчэ ў 2010 годзе. У той час такія пашпарты актыўна ўкараняліся ў краінах Паўночнай Амерыкі, Еўрасаюза і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. А вось у нас гэтую задуму адклалі — галоўным чынам праз недахоп фінансаў. Час ішоў, на новыя ўзоры дакументаў пераходзіла ўсё больш краін. І вось чатыры гады таму ў Беларусі быў зацверджаны комплекс мер па ўкараненні біяметрычных дакументаў. А таксама планавалася стварыць Беларускую інтэграваную сэрвісна-разліковую сістэму. Да сумеснага праекта падключылася шмат ведамстваў. У іх ліку — міністэрствы сувязі і інфарматызацыі, унутраных спраў і фінансаў.

— Работа спярша раздзялілася на дзве часткі. Міністэрства ўнутраных спраў адказвала за ўвядзенне ў эксплуатацыю біяметрычных дакументаў, а Мінсувязі — за стварэнне Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы. Меркавалася, што кожны грамадзянін атрымаў бы БЭК — «Беларускую электронную картку». Пры яе дапамозе можна было б атрымліваць паслугі пры дапамозе інтэрнэту. Але нарадзілася ідэя: чаму б не аб'яднаць гэтыя два праекты? Тым больш што па задуме яны блізкія. Распрацаваць і надрукаваць бланкі і нарыхтоўкі нескладана. Куды складаней «падключыць» іх да адзінай базы даных.

Цяпер у Беларусі ўжо распрацаваны праект Указа «Аб увядзенні біяметрычных дакументаў». Ён закліканы скарэктаваць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 ліпеня 2008 года № 294 «Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь» і палажэнне, якое было гэтым указам зацверджана. Такім чынам, пасведчанне асобы, якое зараз прадстаўлена ў выглядзе аднаго пашпарта, будзе падзелена на два дакументы. Задача ідэнтыфікацыйнай карткі — пацвярджаць асобу яе трымальніка. А адмысловы біяметрычны пашпарт будзе выдавацца для выезду за мяжу. Ён будзе нагадваць існуючую цяпер «кніжку», якая ёсць у кожнага з нас. Калі ж у іншую краіну неабходна выехаць непаўналетняму, то ўсе дакументы для гэтага можна будзе аформіць па заяве аднаго з яго законных прадстаўнікоў.

Як і цяпер, выдаваць новыя дакументы будуць з 14 гадоў. У ІD-картцы на чыпе будуць запісаны ўсе персанальныя даныя яе трымальніка. Алгарытм будзе наступны. Скажам, у вас хутка скончыцца тэрмін дзеяння пашпарта. Вы прыходзіце ў тэрытарыяльны аддзел па грамадзянстве і міграцыі, прад'яўляеце дакумент, які ёсць пры вас, пазначаеце ўсе неабходныя звесткі. Фотаздымак і адбіткі пальцаў, якія неабходна здаць, правераць па спецыяльным біяметрычным рэгістры на супадзенне. Пакет даных зашыфруюць і адправяць па каналах сувязі ў спецыялізаваны цэнтр персаналізацыі. Ён будзе для краіны адзіны. У ім на спецыяльных машынах і стануць друкавацца дакументы. Для ІD-карткі мяркуецца таксама генераваць адмысловы РІN-код. Пры яго дапамозе можна будзе карыстацца дзяржаўнымі электроннымі рэсурсамі, банкаўскімі паслугамі, фінансавымі сэрвісамі.

Таксама на ІD-картцы змесцяць QR-код. Гэты сродак абароны будзе ўтрымліваць не так шмат інфармацыі — прозвішча, імя, імя па бацьку, нумар, тэрмін дзеяння, а таксама звесткі пра орган, які яе выдаў. А вось месца рэгістрацыі з новых дакументаў знікне.

Калі цяпер дастаткова паставіць штамп аб новай рэгістрацыі і заплаціць за гэта пошліну ў палову базавай велічыні, то, калі б мы захавалі звесткі аб рэгістрацыі на картцы, яе давялося б мяняць. А гэта ўсё-такі дарагавата. Напрыклад, за выдачу новай ІD-карткі даросламу давядзецца заплаціць 1,5 базавай велічыні. Біяметрычны пашпарт будзе каштаваць ужо дзве базавыя. Для пенсіянераў і інвалідаў зніжка складзе палову базавай велічыні. Дзецям жа, маладзейшым за 14 гадоў, ІD-картку выдадуць бясплатна, а за біяметрычны пашпарт трэба будзе заплаціць паўтары базавай.

Таму схема таго, як жа даведацца месца вашай рэгістрацыі, цяпер будзе працаваць наступным чынам. Скажам, вы прыйшлі ў паліклініку. Пасля таго як вы прыклалі картку, сістэма заходзіць у электронную базу даных Міністэрства ўнутраных спраў. На маніторы высвечваюцца ўсе неабходныя звесткі. Паклапаціліся мы і пра бяспеку — як толькі вы картку прыбераце, уся інфармацыя знікне. Такім чынам, калі вы згубіце ІD-картку, то старонні чалавек, які яе знойдзе, не зможа даведацца ваша месцажыхарства.

Класічныя папяровыя пашпарты будуць выдавацца яшчэ два месяцы. Аднак часам здараецца, што новы дакумент трэба атрымаць датэрмінова. Прычына можа быць самая трывіяльная — напрыклад, пашпарт дзесьці згубіўся.

У такім выпадку вы атрымаеце толькі ІD-картку. Справа ў тым, што цяпер персаналізацыя звычайных пашпартоў адбываецца ў Бюро пашпартызацыі МУС — як у Мінску, так і ва ўсіх абласных цэнтрах. І як толькі запрацуюць біяметрычныя тэхналогіі, усе гэтыя цэнтры будуць зачынены, і фізічна аддрукаваць цяперашні пашпарт проста не будзе дзе. Але трэба мець на ўвазе тое, што цалкам з ужытку цяперашняя «кніжачка» не выйдзе яшчэ вельмі доўга. Справа ў тым, што дзеючыя пашпарты захоўваюць тэрмін свайго дзеяння. А тым людзям, якім больш за 64 гады, выкарыстоўваць існуючыя дакументы можна будзе ажно да ста гадоў. Пры гэтым мы мяркуем, што налета будзе выдадзена прыкладна 800 тысяч ІD-картак і каля 300 тысяч біяметрычных пашпартоў. Апошняя лічба зменшылася ў параўнанні з папярэднім прагнозам прыкладна ў два разы — цяпер праз сітуацыю з каранавірусам вандроўкі па свеце моцна ўскладнены. Рабіць прагнозы на далейшыя гады пакуль заўчасна.

Што да біяметрычнага пашпарта, то ён прыкметна зменіцца ў параўнанні з цяперашнім пасведчаннем асобы. Старонка з персанальнымі данымі будзе ўжо полікарбанатнай, а чып уманціруюць проста ў яе. Папера, дзе будуць прастаўляцца візы, таксама стала больш абароненай. А новая сістэма прашыўкі не дазволіць ускрыць пашпарт без бачных пашкоджанняў. Тут за ўзор былі ўзяты пашпарты, якія выкарыстоўваюцца ў краінах Еўрасаюза.

Мяркуецца, што новыя дакументы можна будзе атрымаць за пятнаццаць дзён. Але МУС прадугледзела і больш хуткія варыянты. Напрыклад, у паскораным фармаце ІD-картку і біяметрычны пашпарт выдадуць за 5 дзён, а ў тэрміновым — за 10. Праўда, за больш сціслыя тэрміны давядзецца крыху даплаціць.

Старонка персанальных даных будзе змяшчаць мінімум інфармацыі: напісаныя лацінкай прозвішча і імя, дату нараджэння, орган, які выдаў дакумент, тэрмін дзейнасці і ідэнтыфікацыйны нумар. Усе гэтыя звесткі былі ўзгоднены з Дзяржаўным пагранічным камітэтам. Плюс на чып «зашыюць» адбіткі пальцаў і фотаздымак трымальніка ў высокай якасці. І больш за тое, біяметрычны пашпарт будзе развівацца і надалей. Наступным крокам стануць біяметрычныя візы. Праўда, гэта справа пакуль што няблізкай будучыні.

— А калі чалавек па нейкіх сваіх перакананнях не захоча атрымліваць ІD-картку?

— У краіне каля 800 чалавек, якія не атрымалі дзеючыя цяпер пашпарты. Але ёсць закон, і ён для ўсіх адзіны. Мы кансультаваліся з прадстаўнікамі ўсіх рэлігійных канфесій у Беларусі. Ніводны з іх не выказаў наконт ідэнтыфікацыйнага нумара ці біяметрыі чагосьці супраць.

Павел Хрышчановіч прыгадвае і прапановы, якія паступалі падчас абмеркавання таго, якой павінна быць беларуская ІD-картка. Агучваліся самыя неверагодныя варыянты — сумясціць яе з правамі кіроўцы, пасведчаннем паляўнічага і нават з банкаўскай карткай.

— Зручнасць тут насамрэч уяўная. Можа ж стацца так, што банкамат «праглыне» картку. І вы застаняцеся без пасведчання асобы, — адзначае суразмоўнік. — А калі гэта здарылася за мяжой, што тады рабіць? Правы кіроўцы таксама могуць быць адабраныя, напрыклад, за ваджэнне ў нецвярозым стане. Усё гэта дадало б столькі непатрэбнай валтузні, што і было прынятае рашэнне не сумяшчаць ІD-картку з іншымі дакументамі. Пашпарт мусіць застацца пашпартам, хай сабе і ў «пластыкавай» форме.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Сучасны пашпарт. Ужо налета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.