Вы тут

​Як засцерагчыся ў сезон пад'ёму захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі?


У цяперашні час назіраецца павышэнне захваральнасці на ВРВІ. Ва ўсім свеце працягвае цыркуляваць COVІD-19, рост колькасці новых выпадкаў ёсць і ў нашай краіне. Разам з тым захваральнасць на ВРВІ пакуль знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні. Спецыялісты расказалі, як вядзецца вакцынацыя ад грыпу і чаму ў гэтым сезоне вялікі попыт на прышчэпкі, як абараніць сябе ад ВРВІ і каранавіруса, якія прадукты ўмацоўваюць імунітэт і чым рацыён здаровага чалавека адрозніваецца ад рацыёна таго, хто хварэе, ці ёсць розніца, якую маску насіць, і ці трэба прымаць супрацьвірусныя прэпараты


— Цяпер мы адзначаем рост вострых рэспіраторных інфекцый, як і звычайна ў гэты час. Асноўную долю сярод захварэлых складаюць дзеці — 54 %, — адзначае начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. — Ад грыпу вакцыянавана 35,3 % насельніцтва. Сёлета мы назіраем дастаткова інтэнсіўныя тэмпы вакцынацыі — многія імкнуцца прышчапіцца як мага хутчэй. Вялікі попыт на платныя вакцыны, яны хутка скончыліся, нягледзячы на тое што былі завезеныя ў павялічаных аб'ёмах.

Спецыяліст расказала, што найперш вакцынуюцца пацыенты з груп рызыкі. Гэта дзеці з шасці месяцаў да трох гадоў, дзеці з трох гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы старэйшыя за 65 гадоў, медыцынскія работнікі, дзеці і дарослыя ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем, работнікі арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць дзяржавы. Прышчэпка неабходная для работнікаў адукацыі, гандлю, транспарту, грамадскага харчавання, камунальнай сферы.

Усяго запланавана прышчапіць ад грыпу каля 40 % насельніцтва, прычым не менш за 75 % тых, хто знаходзіцца ў групах рызыкі. І апошняга паказчыка ўжо ўдалося дасягнуць.

— З груп рызыкі мы прышчапілі 75 %. Адзначу актыўнасць саміх медработнікаў — вакцыянавана 86 %, а таксама больш за 80 % дзяцей у дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах. Асноўны этап вакцынацыі ў групах рызыкі завяршаецца ў пачатку лістапада. Магчымасць прышчапіцца за ўласныя сродкі яшчэ захоўваецца, — дадала загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая.

Што дапаможа пазбегнуць ВРВІ і COVІD-19

ВРВІ — гэта вялікая група захворванняў, для якіх характэрны агульны шлях перадачы — паветрана-кропельны. Аб'ядноўвае іх і падабенства клінічных праяў. Узбуджальнікаў гэтых хвароб мноства — вядома больш за 200 вірусаў. Гэта як класічныя вірусы грыпу, парагрыпу, адэнавірусы, рынавірусы, так і нядаўна адкрытыя пнеўмавірусы і каранавірус.

— Каб развілося захворванне, патрэбны тры складнікі — узбуджальнік, успрымальны арганізм і шлях перадачы. Мы можам уздзейнічаць толькі на два апошнія, — адзначае загадчык лабараторыі грыпу і грыпападобных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмялёва.

Найперш неабходна захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў 1-1,5 метра. Прытрымлівацца прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыявання, гэта значыць скараціць свае кантакты і змяніць мадэль паводзінаў — на 75 % зменшыць кантактаванне па-за межамі дома і на 25 % — на рабоце. Усё гэта будзе садзейнічаць зніжэнню захваральнасці на ВРВІ, грып і каранавірусную інфекцыю.

— Асобы з бессімптомным цячэннем і ў інкубацыйным перыядзе хваробы могуць знаходзіцца побач з намі, бо лічаць сябе здаровымі. Таму вельмі важнае выкарыстанне масак. Мы яшчэ непрацяглы час жывём з COVІD-19, але папярэдні вопыт інфекцыйных хвароб сведчыць пра тое, што наяўнасць масак скарачае імавернасць інфікавання да 1,5 %, — падкрэсліла Вераніка Высоцкая.

Спецыяліст нагадала і пра гігіену — не варта забываць пра мыццё рук з мылам, калі ж гэта немагчыма, апрацоўваць іх антысептыкам. Дзецям і дарослым, якія пакутуюць на хранічныя хваробы, патрэбны больш жорсткі варыянт сацыяльнага дыстанцыявання і максімальнае абмежаванне кантактаў.

— Мы ў сваю чаргу прапрацоўваем кожны ачаг каранавіруснай інфекцыі, і наша работа накіравана на тое, каб перарваць яе распаўсюджванне, — запэўніла Вераніка Высоцкая.

Каб рацыён не шкодзіў, а дапамагаў імунітэту

— Мы павінны памятаць, што нельга ўвесці адзін кампанент у рацыён і спадзявацца, што гэта нейкім чынам дазволіць нам не заразіцца. Наша харчаванне павінна быць комплекснае і рацыянальнае, — нагадала загадчык аддзела грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Настасся Косава.

Наш рацыён павінен утрымліваць дастатковую колькасць асноўных нутрыентаў — бялкі, тлушчы, вугляводы, мікра- і макраэлементы, вітаміны. Штодзень мы мусім ужываць шэсць відаў прадуктаў. Гэта зерневыя (крупы і макарона), гародніна, малочнакіслыя прадукты, мяса (а таксама птушка і рыба), тлушчы і вада.

У перыяд пад'ёму захваральнасці ні ў якім разе нельга недаацэньваць гародніну і садавіну, якія з'яўляюцца крыніцай вітамінаў, мікра- і макраэлементаў, складаных вугляводаў — клятчаткі. Асабліва карысныя жоўты перац, спаржа, вішня, каперсы, якія багатыя на гліцын. А ён даказаў сваю актыўнасць у дачыненні да вірусаў. Не трэба забываць пра цыбулю і часнок, а таксама імбір — аналаг нашага часнаку, гэта прыродныя імунамадулятары. Яшчэ адзін прыродны стымулятар імуннай сістэмы — куркума, дакладней, куркумін, які там утрымліваецца. Лімон, чорныя парэчкі, шыпшына, журавіны, квашаная капуста, балгарскі перац у вялікай колькасці ўтрымліваюць вітамін С.

Малочнакіслыя прадукты важныя для падтрымання і аднаўлення біяфлоры нашага кішэчніка. Мяса, птушка і рыба з'яўляюцца крыніцай бялку, які ўдзельнічае ў сінтэзе імунных бялкоў. Неабходныя і тлушчы, хоць многія цяпер імкнуцца скараціць іх ужыванне. У рацыёне павінны быць і вада, а таксама морсы і іншыя напоі, якія ўтрымліваюць вітаміны. А вось прадукты, не ўласцівыя для нашага рацыёну, у перыяд павышэння захваральнасці лепш не ўжываць, каб дадаткова не напружваць арганізм.

Калі вы пачынаеце хварэць, рацыён павінен быць максімальна паўнацэнны. Бялкі, тлушчы і вугляводы ў дастатковай колькасці, максімум гародніны і садавіны, кісламалочныя прадукты, а таксама варта дадаць вітамінныя комплексы.

Калі вы хварэеце, рацыён павінен быць максімальна беражлівы, бо ўсе сілы арганізм аддае на работу імуннай сістэмы. Ежа павінна быць прыгатаваная адпаведным чынам, у прыватнасці, на пары, а яе прыёмы павінны быць частыя. Важна выключыць алкаголь, каўбасныя вырабы і ўсё тое, што ўтрымлівае вялікую колькасць спецый. А вось ужыванне вадкасці трэба павялічыць, гэта не толькі вада, але і свежыя сокі, морсы, гарбата з ліпай, мёдам, шалфеем, шыпшынай, багатымі на вітамін С.

Калі вы ідзяце на папраўку, неабходна падтрымаць кішэчнік пасля ўжывання супрацьвірусных і антыбактэрыяльных прэпаратаў. І тут на дапамогу прыйдуць кісламалочныя прадукты. Можна дадаваць гародніну і садавіну, тлустыя віды рыбы, яйкі.

— У перыяд пад'ёму захваральнасці важна адмовіцца ад дыет і пастарацца зрабіць свой рацыён разнастайным і збалансаваным, — рэзюмавала Настасся Косава.

Ці прымаць супрацьвірусныя прэпараты?

— Супрацьвірусных прэпаратаў не так і шмат, бо іх складана вырабіць. У прыватнасці, два выкарыстоўваюцца пры грыпе. Эфектыўнасць астатніх пакуль не даказана. Таму лепш не прымаць гэтыя прэпараты без прызначэння ўрача, — кажа Іна Карабан.

Які тып масак больш надзейны?

— Любая маска — тканевая, марлевая, медыцынская — абараняе ад пранікнення віруса. Важна, ці правільна мы яе надзяваем, носім і знімаем. Калі мы пастаянна яе тузаем, не мыючы рукі, дакранаемся да твару, які сэнс насіць маску? — кажа Іна Карабан. — Падчас першай хвалі маскі насілі больш людзей. Цяпер раніцай у цалкам запоўненай маршрутцы добра калі два-тры чалавекі ў масцы. Гэта выклікае здзіўленне. Я разумею, што ўсе мы стаміліся, але гэта наша здароўе. Калі мы пра сябе не паклапоцімся, дык хто тады зробіць гэта за нас? Многія думаюць: ну захварэю — і вылечуся. А калі не вылечыцеся і загінеце? Такое пагарджанне мне незразумелае. Калі мы будзем усе разам выконваць тыя меры, якія прапаноўваюць спецыялісты, значнага распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі не будзе.

У асенні перыяд наш стол багаты на агародніну і садавіну, таму лепш аддаваць перавагу натуральным утрымальнікам вітамінаў. Вітамінныя комплексы будуць дарэчы вясной, калі прыродны рэсурс вычарпаны. Пры гэтым перад ужываннем такіх комплексаў лепш параіцца з урачом.

Іна Карабан адзначыла, што аналіз паказаў: большасць захварэлых кантактавала з людзьмі без масак.

— Пытаеш, ці былі ў масках тыя, з кім вы кантактавалі. І 90 % людзей кажа, што не. Калі мы не будзем карыстацца мерамі прафілактыкі — простымі і недарагімі, то нельга разлічваць не заразіцца, — падкрэсліла спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: COVІD-19, грып і іншыя ВРВІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?