Вы тут

17-гадовы фігурыст, які пасля траўмы пачаў займацца маляваннем і SMM: Не баюся марыць i ставiць глабальныя мэты


Таленавiты чалавек таленавiты ва ўсiм, сцвярджае народная мудрасць. Да яе ёсць аналаг, прадыктаваны часам, — працавiты чалавек працавiты ва ўсiм. Фiгурнае катанне, маляванне, лiтаратуру, SMM i мары аб вялiкiх перамогах здолеў аб'яднаць 17-гадовы юнак. I не, у яго сутках таксама 24 гадзiны. Як усё паспяваць i не баяцца ставiць грандыёзныя мэты, Яўген Пузанаў расказаў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Пуцяводная зорка

Лёс фiгурыста бацькi вызначылi яму яшчэ да нараджэння. На сямейным савеце вырашылi: калi будзе хлопчык, яго назавуць у гонар алiмпiйскага чэмпiёна Яўгена Плюшчанкi. Асаблiвага выбару, у якую спартыўную секцыю аддаць сына, зразумела, не было. Як толькi ў Пружанах адкрыўся Лядовы палац, чатырохгадовы Жэня Пузанаў стаў на канькi. Шчаслiвая зорка фiгурнага катання пачала весцi яго за сабой i змянiла жыццё ўсёй сям'i. Трэнер прапанавала бацькам спартсмена адпусцiць таго ў Мiнск для далейшага развiцця. У сталiцы ўжо жыў старэйшы брат, а потым i для бацькi знайшлася работа. Так Яўген «перавёз» сям'ю з Пружан у Мiнск.

Галоўная спартыўная мэта суразмоўнiка — «золата» Алiмпiйскiх гульняў, якога яшчэ няма ў беларускiх фiгурыстаў. I адступаць ад яе ён не збiраецца: «Я не ведаю, калi дакладна выйграю Алiмпiяду, але ўпэўнены, што гэта будзе. Часам, калi нешта не атрымлiваецца, пачынаю сумнявацца ў сваiх сiлах. Гэта нармальна, i важна, каб такiя моманты не перашкаджалi iсцi да сваёй мэты».

Вiзiтная картка фiгурыста — яго праграмы. Самая знакамiтая ў Жэнi — кароткая пад песню Майкла Джэксана «Smooth», з якой ён выступаў некалькi гадоў. У новым сезоне спартсмен будзе дэманстраваць мiнулую адвольную праграму пад песню Джаванi Какама Oltre L'Estasi. А кароткая — новая пад Scorpions. «Кампазiцыю для яе выбрала мама, яна ў гэтым не памыляецца. Я люблю ўсе свае праграмы, i самае галоўнае, што яны мне падыходзяць». Цiкава, што свае праграмы фiгурыст стварае самастойна, а потым пад кiраўнiцтвам трэнера дадаюцца тэхнiчныя элементы. Жэня прызнаецца, што часта, калi чуе новую песню, уяўляе, як пад яе можна выступiць.

У 2019 годзе хлопец стаў чэмпiёнам Беларусi i нават устанавiў рэкорд, набраўшы ў суме 198 балаў. Дагэтуль ён заваяваў бронзу Еўрапейскага юнацкага алiмпiйскага фестывалю. Для беларускага фiгурнага катання гэта вялiкi крок. Але сам Жэня ўпэўнены, што гэтага недастаткова: «Тое, чаго я дасягнуў, для многiх фiгурыстаў старт. Так, я перамог на чэмпiянаце Беларусi, але ж гэта не мiжнародны старт. Iспанец Хаўер Фернандэс сем разоў выйграваў чэмпiянат Еўропы. А ў мяне так павiнна быць на чэмпiянаце Беларусi як мiнiмум. Арыентавацца трэба не на тое, што ўжо зрабiў, а на тое, што яшчэ трэба будзе зрабiць».

Новая старонка бiяграфii

У гэтым годзе Яўген скончыў школу i стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта фiзiчнай культуры. На зайздрасць многiм абiтурыентам у ВНУ ён паступiў без экзаменаў дзякуючы званню майстра спорту. Новай старонцы ў сваiм жыццi Яўген рады. «Мне вельмi падабаецца ўнiверсiтэцкая атмасфера. Нездарма кажуць, што студэнцтва — класны перыяд у жыццi».

Яўген развiваецца не толькi фiзiчна, але i духоўна. Галоўнае хобi спартсмена — кнiгi. Да лiтаратуры ён ставiцца гэтак жа сур'ёзна, як i да трэнiровак. У фаварытах — творы на спартыўную i бiзнес-тэматыку. «У мiнулым годзе паставiў сабе мэту прачытаць 20-30 кнiг i ў iдэале выходзiць на адну кнiгу ў тыдзень. Нядаўна закончыў «Манiфест вялiкага трэнера» Цiма Гровера, трэнера Майкла Джордана, Кобi Брайнта i iншых легендарных спартсменаў. Мяне зачапiла, як у кнiзе раскрываецца характар пераможцы. Асаблiва спадабаўся прыклад Майкла Джордана. Уся каманда святкавала перамогу, а ён думаў, што трэба зрабiць для наступных».

Няма лiха без дабра

Нядаўна Яўген зламаў палец на назе. Траўма не самая страшная, але катацца на каньках з ёй нельга. За час вымушанага адпачынку хлопец адкрыў для сябе новае хобi — маляванне. «Паглядзеў вiдэа на YouTube i вырашыў паспрабаваць. Авалодаў навыкам i ў вынiку для душы магу штосьцi намаляваць».

Жаданне пазнаваць новае i цiкавае прывяло Жэню ў SMM. Работай у сацыяльных сетках ён пранiкся дзякуючы таму ж зламанаму пальцу. Выпадкова знайшоў курс i зацiкавiўся. «Настройка груп, напiсанне постаў мне здалiся цiкавымі заняткамі. Цяпер я вяду групу «УКантакце» толькi для сябе. Клiентаў пакуль не шукаю, бо не хапае часу. Была прапанова займацца сацыяльнымi сеткамi ва ўнiверсiтэце, можна было б зрабiць нешта цiкавае для старонак Беларускага саюза канькабежцаў. Але шэсць гадзiн я праводжу ва ўнiверсiтэце, сем — на трэнiроўках. Каб прыдумаць iдэю для поста, напiсаць яго, адрэдагаваць, зрабiць вокладку, патрэбна шмат часу. I мне фiзiчна яго не хапае. Калi б я не займаўся фiгурным катаннем, поўнасцю прысвяцiў бы сябе SMM. Пакуль гэта маё хобi, ад якога нiчога не залежыць, а асноўны занятак — спорт, дзе ёсць мэты».

Такi iнтарэс да сацыяльных сетак абумоўлены i асабiстымi матывамi. Спартсмен мусiць развiвацца як медыйная, публiчная асоба, упэўнены хлопец. I сацыяльныя сеткi сёння — найлепшы iнструмент для гэтага. Тым больш што ў марах суразмоўнiка ў будучым стварыць сваю лiнейку адзення.

Век жывi — век вучыся

Спыняцца ў самаразвiццi Яўген не плануе. Паводле яго слоў, ён заўсёды шукае штосьцi новае i цiкавае. «Насамрэч пры жаданнi час можна знайсцi на ўсё. У мяне ёсць спiс задач на дзень. Я iмкнуся да такога распарадку, каб нiводная хвiлiна не прайшла дарма. Калi б мне не было важна дасягнуць высокiх мэт, я ўсяго гэтага не рабiў бы», — дзелiцца сакрэтамi тайм-менеджменту Яўген.

Такую самадысцыплiну спартсмен лiчыць прыроджанай рысай характару. Бацькi прывiлi любоў да спорту, трэнеры навучылi шмат працаваць. Астатняе — справа звычкi. Асаблiва калi сёння ёсць усе ўмовы, каб развiвацца i вучыцца ў любым месцы i ў любы час. Галоўны памочнiк — YouTube, дзе безлiч карысных каналаў, трэба толькi ўмела iх падабраць. Хлопец вылучае канал INSTARDING, дзе асвятляюцца тэмы матывацыi, заробку, камунiкацыi памiж людзьмi. Сочыць ён i за каналам Эвана Кармайкла з iнтэрв'ю знакамiтых асоб. Увогуле, па словах суразмоўнiка, такiя iнтэрв'ю — выдатная крынiца матывацыi i ведаў. «Нядаўна я паглядзеў iнтэрв'ю з акцёрам Мэцью Макконахi. Мяне зачапiлi яго словы аб тым, што чалавек павiнен зрабiць як мага больш памылак. Толькi дзякуючы iм можна чамусьцi навучыцца i атрымаць вопыт. У мяне пакуль не было вельмi значных памылак, але зусiм без iх не абыходзiцца. Пасля перамогi на чэмпiянаце Беларусi я расслабiўся. Прыходзiў на трэнiроўкi з пачуццём, што ўсё ведаю, усё магу i ўвогуле ўсяго дасягнуў. Працаваў вельмi слаба. Праз два тыднi ў мяне быў мiжнародны старт. Да яго я нi разу не пракатаў праграмы. Для параўнання напярэдаднi чэмпiянату Беларусi адпрацаваў іх разоў 50. Зразумела, згубiў фiзiчную форму. I на мiжнародным старце нават не мог дакатаць да канца. У вынiку — 14-е месца, а пераможца выконваў усё на такiм жа ўзроўнi, як я звычайна. А ўсё з-за чаго? Толькi з з-за таго, што расслабiўся. Памылка, якую засвоiў вялiкай цаной».

У Яўгена ёсць i неспартыўная мара, дзеля якой ён гатовы прыкладаць усе магчымыя намаганнi: «Хачу аб'ездзiць увесь свет. Нават маме сказаў, што лепей я зараз адмоўлюся ад тусовак, забавак. З 20 да 30 гадоў добра папрацую, зараблю грошай, куплю дом i машыну i паеду ў кругасветнае падарожжа».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ i з архiва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».