Вы тут

Чым «шуфляды» ты запоўнiш? «Засушыць» мозг немагчыма, навучаннем яго можна толькi развiць


Як вы думаеце, цi можа творчы чалавек дазволiць сабе быць недысцыплiнаваным? Можна здагадацца, што на гэта адкажа большасць з iх, а як насамрэч? На якiх работнiкаў робяць стаўку наймальнiкi найперш: на крэатыўных цi ўсё ж такi на адказных? I што наша сiстэма адукацыi магла б пераняць у IТ-галiны? Пра ўсё гэта, разбураючы шматлiкiя мiфы наконт пабудовы сваёй кар'еры, разважаюць эксперты — намеснiк дырэктара ТАА «Лазерскам» Андрэй АНДРЫЕЎСКI i дырэктар кампанii IBBY Генадзь КОЛТУН.


Выканаўцы i кiраўнiкi

— У мяне багаты жыццёвы досвед: я працаваў настаўнiкам фiзiкi, вёў спецкурсы ў Лiцэi БДУ, потым сем гадоў займаўся навукай, а апошнiя пяць гадоў працую ў навукаё-
мiстай прамысловасцi — мы выпускаем лазерныя i фотадыёдныя модулi з аптычным валакном. З прычыны спецыфiкi работы мне часта даводзiцца запрашаць на гутарку маладых спецыялiстаў, таму я хацеў бы з пункту погляду бiзнесу расказаць аб тым, якiх работнiкаў мы чакаем, i якiя якасцi трэба развiваць у школьнiкаў. Апошнiм часам даводзiцца пастаянна чуць пра крызiс у сiстэме адукацыi, пра тое, што школа вучыць не таму, што трэба, але зусiм незразумела, а чаму ж неабходна вучыць. Тым больш што ў гэтым пытаннi няма згоды памiж педагогамi, школьнiкамi, iх бацькамi, дзяржавай i работадаўцамi, — падкрэслiвае Андрэй АНДРЫЕЎСКI. — Гарызонты планавання ва ўсiх розныя: для настаўнiкаў важна, каб вучань атрымаў атэстат i больш-менш добра здаў ЦТ, для бацькоў — каб iх дзiця ўладкавалася ў жыццi. Але ў прафарыентолагаў ёсць тэрмiн «шчылiнная прафарыентацыя» — так яны характарызуюць сiтуацыю, калi бацькi не бачаць разнастайнасцi прафесiйных магчымасцяў i падштурхоўваюць сваё дзiця толькi ў адным кiрунку, кшталту «я быў стаматолагам — i ты iм будзеш».

Андрэй Андрыеўскi: «Iдэi — гэта камбiнацыя таго, што вы ведаеце i ўмееце».

А ў школьнiкаў гарызонт планавання ўвогуле самы недалёкi. Мы з Генадзем два гады таму вялi спецкурс у Лiцэi БДУ, падчас якога размаўлялi з імі пра работу ў навуцы i бiзнесе. Пераканалiся, што для iх нейкая там работа праз чатыры-пяць гадоў пасля заканчэння ўнiверсiтэта — гэта штосьцi вельмi i вельмi далёкае i абстрактнае, амаль перадпенсiйны ўзрост (усмiхаецца. — Аўт.). Разам з тым наймальнiкi хацелi б, каб да iх прыходзiў ужо падрыхтаваны спецыялiст, якi ўмее ўсё i якога не трэба давучваць. А дзяржава ўвогуле слаба ўяўляе, каго i як трэба рыхтаваць для рынку працы.

Мы лiчым, што да 30 гадоў малады чалавек павiнен рэалiзавацца ў прафесiйным плане, каб мог забяспечваць сябе i сваю сям'ю. У прынцыпе, ёсць тры асноўныя шляхi. Можна развiвацца i ўдасканальвацца ўсё жыццё як спецыялiст або асноўны выканавец. Можна пайсцi працаваць наёмным кiраўнiком цi менеджарам i кiраваць iншымi людзьмi або стаць прадпрымальнiкам i адкрыць уласную справу.

Калi прыгледзецца да сваiх вучняў, можна зразумець, якi шлях будзе больш блiзкi таму цi iншаму выхаванцу. Цудоўнымi спецыялiстамi становяцца, як правiла, выдатнiкi-перфекцыянiсты: яны пастаянна самаўдасканальваюцца i дасягаюць высокiх вынiкаў. Але для таго, каб працаваць кiруючым менеджарам, зусiм неабавязкова мець выбiтныя акадэмiчныя здольнасцi — больш важна, каб чалавек быў камунiкабельны. Здольнасць манiпуляваць iншымi людзьмi таксама можа спатрэбiцца. А для адкрыцця сваёй справы трэба быць iнiцыятыўным i смелым. Увогуле iнiцыятыўнасць, прадпрымальнiцкая жылка i здольнасць зарабляць грошы зусiм не карэлююць з акадэмiчнай адоранасцю. Пра ўсё гэта трэба пачынаць думаць яшчэ ў школе: менавiта там трэба развiваць, акрамя акадэмiчных навыкаў, яшчэ i так званыя мяккiя навыкi (soft skills), а таксама ключавыя кампетэнцыi ХХI стагоддзя: крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунiкацыю i кааперацыю.

Мiж iншым, сапраўдныя лiдары валодаюць высокiм узроўнем эмацыянальнага iнтэлекту. Гэтыя людзi могуць дрэнна спраўляцца з работай выканаўцы, але ўмеюць дэлегаваць, браць адказнасць за вынiк i прымаць рашэннi.

Што такое soft skills?

Гэта сацыяльныя навыкi, таму што размова iдзе пераважна пра ўзаемадзеянне памiж людзьмi. Маюцца на ўвазе такiя якасцi, як крытычнае мысленне, крэатыўнасць, гiбкасць, уменне працаваць у камандзе, стрэсаўстойлiвасць, уменне папярэджваць i «гасiць» канфлiкты, гатоўнасць браць на сябе адказнасць, аргументавана дыскутаваць, весцi перагаворы, фармуляваць мэты i ставiць задачы, самаарганiзацыя, гатоўнасць прыстасоўвацца да iнавацый, вучыцца ўсё жыццё, таму што прафесiйныя навыкi давядзецца абнаўляць пастаянна. Ёсць меркаванне, што паспяховасць чалавека ў прафесiйнай сферы на 85 працэнтаў залежыць ад soft skills.

Творчасць i свабода

Дык што рабiць педагогам: патрабаваць ад вучняў захавання строгай дысцыплiны або ствараць атмасферу свабоды для творчасцi? У многiх еўрапейскiх краiнах навучальны працэс фармалiзаваны значна менш, чым у нас, i настаўнiк там можа праводзiць свае заняткi, нават седзячы з дзецьмi на дыванах на падлозе ў вучэбным пакоi...

— Як прадстаўнiк прамысловасцi хачу сказаць, што на вытворчасцi, асаблiва там, дзе задзейнiчана каштоўнае абсталяванне, запатрабаваны дысцыплiнаваныя работнiкi. Дысцыплiнаванасць патрабуецца i пры выкананнi навуковых праектаў, хоць там, магчыма, i няма дакладнага графiка, але нейкiя часавыя рамкi ўсё ж такi ўстаноўлены. Увогуле кiраўнiкi цэняць прадказальнасць i дысцыплiнаванасць падначаленых, — канстатуе Андрэй Андрыеўскi. — Ёсць стэрэатып, маўляў, у будучынi ўсю працу будуць выконваць робаты, а людзi будуць толькi генерыраваць iдэi. А якi ён — творчы чалавек? Часцей за ўсё творца асацыюецца ў нас з беспарадкам i хаосам, але ва ўсiм гэтым смеццi ён умудраецца нараджаць шэдэўры. Але калi ў чалавека беспарадак на рабочым месцы, гэта i для яго калег, i для кiраўнiка — галаўны боль. Калi такi работнiк не можа знайсцi патрэбныя дакументы ў сваiх папках на камп'ютары, ён крадзе чужы час i знiжае эфектыўнасць усяго калектыву, а гэта нiкога не ўсцешыць.

Дык што ж такое творчасць? Паводле сучасных уяўленняў гэта зусiм не акно ў галаве, якое раптам адчыняецца i штосьцi там адбываецца. Iдэi — камбiнацыя таго, што вы ведаеце i ўмееце. Тое, што вы вывучылi раней, захоўваецца ў вашым мозгу, як у шуфлядках. У працэсе творчасцi гэтыя шуфлядкi адчыняюцца выпадковым чынам, i мозг спрабуе скамбiнаваць часткi iдэй, каб скласцi з iх пазл. Канешне, большасць гэтых камбiнацый будзе нежыццяздольная, зусiм бескарысная i будзе адкiнута, але штосьцi насамрэч прывядзе да прарыўной iдэi. Адпаведна, чым больш чалавек ведае, тым больш новага ён здольны прыдумаць. Калi вы ведаеце матэматыку i бiялогiю, то зможаце стварыць i прыдумаць больш, чым калi вы ведаеце толькi матэматыку або толькi бiялогiю. I калi вучнi кажуць «Матэматыка цi фiзiка — гэта не маё, i я не збiраюся «сушыць свой мозг», можаце смела iм казаць, што мозг засушыць немагчыма. Яго можна толькi развiць навучаннем, i ў прынцыпе гэта вельмi добрая матывацыя, каб вучыць усе прадметы, а не адзiн-два, што патрабуюцца для здачы ЦТ. Трэба старацца ва ўсiм разабрацца, бо для творчасцi спатрэбiцца ўсё! А калi ты дрэнна вучыўся, то i Google табе не дапаможа...

Андрэй Андрыеўскi звяртае ўвагу яшчэ на адзiн важны момант. Для творчасцi патрабуецца спакойная i добразычлiвая абстаноўка («немагчыма ствараць ва ўмовах несвабоды»), таму большасць IТ-кампанiй, даследчыя арганiзацыi над гэтым працуюць: расстаўляюць у офiсах кветкi, раскiдваюць па падлозе падушкi, ствараюць нязмушаную атмасферу i ўмовы, каб «шуфлядкi» ў мозгу пачалi адчыняцца i камбiнаваць iдэi.

Яшчэ адзiн распаўсюджаны мiф: у будучынi творчы чалавек будзе толькi генерыраваць iдэi, а рэалiзоўваць iх будуць робаты.

— Гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаiснасцi, — дзелiцца сваiмi думкамi Андрэй Андрыеўскi. — У якой бы творчай прафесii чалавек не рэалiзоўваў сябе, але пасля дзясятага-пяцiдзясятага праекта ўсё робiцца падобнае, i галоўную ролю пачынае адыгрываць тое, наколькi граматна i своечасова вы выканаеце пастаўленую задачу. Любы поспех — гэта толькi дзесяць працэнтаў крэатыўнасцi плюс 90 працэнтаў упартай працы. I зараз, i ў будучынi будзе шмат прафесiй, якiя патрабуюць добрай выканальнiцкай дысцыплiны. А запатрабаваныя будуць спецыялiсты, якiя не проста кiдаюць iдэю i кажуць «Вы самi яе рэалiзуйце», а тыя, што возьмуць на сябе адказнасць за яе ўвасабленне i канчатковы вынiк.

Апошнiм часам часта кажуць, што да канца жыцця чалавек павiнен будзе не адзiн раз змянiць сваю прафесiю i сферу дзейнасцi. Некаторыя нават раяць рабiць гэта кожныя пяць гадоў. Але давайце з вамi падлiчым. У сярэднiм людзi жывуць 80 гадоў або 700 тысяч гадзiн. Актыўны рабочы ўзрост — гэта 25—65 гадоў. Пры стандартным рабочым тыднi атрымлiваецца каля 80 тысяч гадзiн.

Як вядома, псiхолагi i спецыялiсты па прафарыентацыi лiчаць, што, для таго каб стаць добрым спецыялiстам, трэба выдаткаваць 10 тысяч гадзiн. Гэта пяць гадоў работы на поўную стаўку або дзесяць гадоў на палову стаўкi. А цяпер уявiце, што вы працуеце, вам трэба кармiць сям'ю. Дык колькi часу вы зможаце выдаткаваць на сваё перанавучанне, каб змянiць спецыяльнасць? Ну максiмум дзесяць гадзiн на выхадных, таму спатрэбiцца 20 (!) гадоў. I колькi разоў на працягу жыцця чалавеку рэальна змянiць прафесiю? Таму трэба настройвацца на тое, што давучвацца прыйдзецца ўсё жыццё, але рэзкая змена сферы дзейнасцi, калi, умоўна кажучы, сёння ты быў фiзiкам, а заўтра станеш ветэрынарам, малаверагодная.

Нават у сваёй сферы праблематычна адразу вызначыцца з кiрункам, у якiм дакладна дасягнеш поспеху. Трэба пастаянна спрабаваць: штосьцi не атрымаецца, штосьцi заглохне, але ў нейкiм месцы дакладна прыйдзе поспех. А маладыя часта думаюць: калi не атрымлiваецца, значыць, трэба кiдаць. Не кiдаць трэба, а здзяйсняць адну спробу за iншай. Эмацыянальны спад на рабоце — гэта нармальна, а калi малады чалавек становiцца спецыялiстам, то i работа, якой ён займаецца, пачынае яму падабацца.

Ну а цяпер некалькi слоў пра вышэйшую адукацыю. Хапае людзей, якiя сцвярджаюць, што для дасягнення поспеху яна не патрабуецца.

— Так, з аднаго боку, вышэйшая адукацыя — гэта раскоша, бо яна не патрабуецца нам для выжывання, — пагаджаецца Андрэй Андрыеўскi. — А з iншага боку, трэба разумець, што сапраўдная вышэйшая адукацыя мае на ўвазе асаблiвы склад розуму: гэта здольнасць чалавека працаваць з вялiкiмi аб'ёмамi iнфармацыi, структураваць яе, што вельмi каштоўна, уменне самастойна эфектыўна вучыцца, гэта кола ўзаемаадносiн i дзелавыя сувязi, якiя застаюцца з вамi на ўсё жыццё.

Важнасць каманднай работы

— Я таксама восем гадоў працаваў настаўнiкам фiзiкi, рыхтаваў дзяцей да мiжнародных i лакальных турнiраў па гэтай дысцыплiне, таму ведаю аб праблемах школы не з чужых слоў. Зараз кiрую IТ-кампанiяй i хацеў бы падзялiцца вопытам, якi магла б пераняць наша сiстэма адукацыi, каб стаць больш канкурэнтаздольнай у ХХI стагоддзi, — кажа Генадзь КОЛТУН. — Па-першае, гэта арыентацыя на вынiк. У IТ-сферы значэнне мае не працэс, а менавiта вынiк. Таму выніковаму супрацоўнiку можна дараваць пэўныя дзiвацтвы i даць яму больш асабiстай свабоды. Дысцыплiна ў IТ таксама ёсць, але свабоды нашмат больш, чым у сучаснай школе, дзе вельмi шмат увагi надаецца менавiта працэсу навучання. У IТ-кампанii нiхто не «расстраляе» цябе, калi ты на дзесяць хвiлiн спознiшся на працу. Значыць, табе было так больш зручна арганiзаваць свой дзень. Кампанiя адаптуецца пад iнтарэсы сваiх работнiкаў, але i тыя адказваюць наймальнiку тым жа. Калi трэба, яны працуюць i ўночы, i ў выхадныя днi, таму што нiхто не адмяняў тэрмiны выканання праекта.

Генадзь Колтун: «Дысцыплiна ў IТ таксама ёсць, але свабоды нашмат больш, чым у сучаснай школе...»

Другi важны бок — заахвочванне iнiцыятывы. Свет развiваецца настолькi iмклiва, што заўтра ўжо нiхто не будзе ведаць, як правiльна. А магчымасць штосьцi змянiць дае матывацыю дзейнiчаць. У нас прынцыпова адсутнiчаюць жорстка фiксаваныя планы ў рэалiзацыi складаных нявызначаных праектаў. А з заказчыкам практыкуецца «экалагiчнае супрацоўнiцтва» — гэта, хутчэй, партнёрскi кансалтынг, чым форма «Я заказчык, а ты дурань». Над усiмi праектамi працуе не адзiн чалавек, а цэлая каманда, таму валоданне калабаратыўнымi iнструментамi i веданне англiйскай мовы — абавязковыя рэчы.

Для IТ-галiны даволi востра стаiць праблема дэфiцыту кадраў, таму актуальным становiцца ментарства i настаўнiцтва ў калектыве. Фактычна запускаецца механiзм «самападрыхтоўкi» кадраў: ты не можаш стаць старшым спецыялiстам, калi не дапамагаеш удзельнiкам праекта. Калi ён расце, ты расцеш разам з iм, а праект расце, толькi калi каманда «цягне» яго ўзровень.

Па словах Генадзя Колтуна, ёсць у IТ i такое паняцце, як Performanсe review — рэгулярная працэдура перагляду ўмоў супрацоўнiцтва i аналiз прагрэсу ў дынамiцы, яно ўключае збор водгукаў ад клiента, менеджара, калег i падначаленых. «Давайце ўявiм сабе школу, дзе «адзнакi» настаўнiку выстаўляюць выпускнiкi папярэднiх гадоў, выкладчыкi ВНУ, працадаўцы, бацькi школьнiкаў i самi вучнii, а не толькi дырэктар i адмiнiстрацыя, — прапанаваў ён i паставiў перад кiраўнiкамi сiтэмы адукацыi шэраг нязручных пытанняў. — Калi для паспяховай кар'еры i бiзнесу так важная камандная праца, то чаму заданнi ў школе даюцца пераважна iндывiдуальныя? Калi шараговы настаўнiк у апошнi раз праводзiў педагагiчны эксперымент цi ўдзельнiчаў у мiжнародным адукацыйным праекце? Як пры дыстанцыйным навучаннi будзе кантралявацца ўцягнутасць вучня ў навучальны працэс? Куды падзелася ўсё, што распрацоўвалася для анлайн-навучання i чаму па факце настаўнiкi былi вымушаны кантактаваць з вучнямi праз «Вайбер»?

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».