Вы тут

Палескі кут Васіля Малышчыца


Сваёй Бацькаўшчыне прысвяціў персанальную выставу з нагоды 60-х угодкаў вядомы беларускі мастак з Рыгі


Васіль Малышчыц на юбілейнай выставе

Восеньская прыгажосць прыроды ў кожным з нас, бадай што, здольная выклікаць замілаванне. Залатое лісце, прыцішаныя кветкі, лёгкая вуаль туманоў… Часам гатовыя карціны — хоць ты малюй! Але ж такі талент не ўсім дадзены. І добра, што ёсць мастакі, якія могуць спыніць цудоўнае імгненне, перанесці недаўгавечную прыгажосць на свае палотны й падоўжыць яе жыццё. І адзін з такіх мастакоў-чараўнікоў у Рызе — наш зямляк Васіль Малышчыц, які сёлета адзначае 60‑гадовы юбілей. З гэтае нагоды ён і падрыхтаваў персанальную выставу “Мой родны кут”. Мабыць, такая тэма бачыцца юбіляру найбольш важнай у сённяшнім часе, і тое заслугоўвае вялікай павагі. Зрэшты, даводзілася неяк чуць, што паказчык грамадскага прызнання мастака, яго таленту ды важкасці ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Што ж, можам ганарыцца земляком: Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку й разам з сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”. А юбілейная выстава — гэта падзея асаблівая, знакавая. Прадумваючы яе напаўненне, аглядваючы зробленае, мастак пераасэнсоўвае творчыя набыткі, вылучае тое найбольш для яго істотнае, пра што хочацца сказаць людзям.

І вось ягоны творчы пасыл набыў канкрэтыку. “Мой родны кут” — пад такой назвай праходзіць у Рызе юбілейная выстава беларуса Васіля Малышчыца. У трох словах і згадка пра беларускае Палессе, вёску Спорава Бярозаўскага раёна Брэстчыны, адкуль майстар родам. Гэта й выпаўненая шматзначнымі сэнсамі цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балоцістых мясцін, і цеплыня бацькоўскае хаты… Можна меркаваць, што менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае адметнае адчуванне зладжанасці, гармоніі ў навакольным свеце падштурхнулі 15‑гадовага падлетка рухацца далей па жыцці — шляхам тварэння прыгажосці. Вось ён і паехаў вучыцца ў знакамітае за савецкім часам прафесійна-тэхнічнае вучылішча №15 у Бабруйск. Закончыў яго ў 1978‑м, атрымаў прафесію столяра. Такі “радок у біяграфіі” даў вяскоўцу магчымасць моцна ўстаць на ногі. Спадар Васіль і сёння плённа працуе з дрэвам, у тым ліку займаецца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, стварае скульптуры.

Ягонае майстэрства працы з дрэвам захапляе

Ды ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю для яго застаецца жывапіс. У карцінах ён аддае даніну павагі продкам, выяўляе прызнанне ў любові да роднага краю, сваё бачанне гармоніі, ладу, прыгажосці, свае спадзяванні ды надзеі. Карціны Васіля Малышчыца, можа, і не надта мудрагелістыя, але ж ягоная мастацкая мова чыстая, адкрытая, у яго шчырая інтанацыя, і таму душэўныя вібрацыі майстра знаходзяць водгук у сэрцах гледачоў. А вучыўся такому свайму мастэрству Васіль ужо ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пашанцавала, што талент ад Бога быў “асвечаны” яшчэ й вышэйшай адукацыяй. Так што й да лепшых мастацкіх беларускіх традыцый наш зямляк далучаны, і свой багаты творчы патэнцыял мае магчымасць на такім урадлівым грунце развіваць.

З 1996 года Васіль Малышчыц жыве й працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. Цяпер гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Таму вось і яна, Рыга — таямнічая, велічная, блізкая і далёкая — пазірае ў экспазіцыйным шэрагу на тых, хто наведвае выставу.

Туманная раніца ў Вязынцы каля музея Янкі Купалы. Фота Віктара Малышчыца

Сярод святочнага тлуму выставы, можа, крыху складана падрабязней агледзець творы філасофскага кірунку юбіляра, паглыбіцца ў іх прыхаваны змест. Як вядома, найлепш атрымліваць асалоду ад раскрыцця аўтарскае таямніцы сам-насам з творам. Таму я ўпэўнена, што ў залу АНКОЛ, дзе святкуе 60‑я ўгодкі спадар Малышчыц, паказваючы свой родны кут, не раз прыйдуць прыхільнікі ягонага таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя й шчасця табе і ўсім тваім родным. Ды яшчэ жадаем чысціні й выразнасці ліній, адухоўленага й гарманічнага светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

анна Іване, г Рыга.

Фота: Лявон Маствілішскі.

 

Ад рэдакцыі. Газета пісала ўжо, што сёлета 8 красавіка (якраз у дзень нараджэння юбіляра!) у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) выстаўлены былі карціны й скульптуры рыжскага мастака з беларускімі родавымі каранямі Васіля Малышчыца (“Спораўская сіла” — ГР, 15.06.2020). Пра юбілейную выставу мастака, прысвечаную яго родным мясцінам, нам паведамляла Марыя Памецька. Праўда, пэўны час з‑за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі выстава была даступная толькі віртуальна.

І яшчэ. Мяркуем, да месца тут будзе згадаць, што надзвычай крэатыўна праяўляе сябе ў творчасці й сын юбіляра — Віктар Васілевіч Малышчыц, які жыве ў Мінску. Ягоныя навуковыя інтарэсы — астраномія ды астрафізіка, да таго ж Віктар прафесійна займаецца астрафатаграфіяй, здымае tіmelapse-відэа. Некаторыя дзівосныя ўзоры ягонай незвычайнай творчасці можна знайсці ў інтэрнэце. Яны дапамагаюць нам пад новым, можна сказаць, касмічным ракурсам пабачыць родныя беларускія краявіды.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».