Вы тут

Сербская перакладчыца яднае краіны і народы


Даяну Лазаравіч, маладую паэтэсу і перакладчыцу з Сербіі, добра ведаюць на постсавецкай прасторы. Яна пераўвасобіла на сваю родную мову вершы многіх класікаў і сучаснікаў, чыя творчасць знаёмая ў Беларусі, Расіі і краінах Цэнтральнай Азіі.


— Галоўнае маё творчае захапленне  — беларуская паэзія, — расказвае Даяна. — Пры падтрымцы сяброў, можна сказаць, настаўнікаў з Беларусі адкрыла для сябе Максіма Багдановіча. І яго «Вянок» стаў маёй першай перакладной кнігай, выдадзенай у Бялградзе. Пачынаючы шлях у літаратуру, і сама стварыла шмат арыгінальных твораў. Але цяпер усё болей часу, сардэчных, душэўных перажыванняў сыходзіць на перакладчыцкую працу.

У творчым партфелі маладой пісьменніцы — 30(!) кніг мастацкага перакладу. З беларускіх аўтараў Даяна выбрала ўжо дзясяткі паэтаў, чые творы ёй па душы. На сербскай мове пабачылі свет кнігі Віктара Кажуры, Алеся Бадака, Марыі Кобец, Святланы Быкавай. З пісьменнікаў Расіі — Валерыя Казакова, Генадзя Грыгор’ева. Таксама ў Бялградзе выйшаў у перакладзе на сербскую паэтычны зборнік народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая.

— Нядаўна завяршыла працу над дзвюма кнігамі перакладаў паэзіі казахскага майстра вершаскладання Бахытжана Канап’янава, — дзеліцца навіной Даяна. — Выйшла ў маім перакладзе і кніга народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «Спадчына». У арганізацыі ўсіх праектаў мне дапамагае прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар філалагічных навук Іван Чарота. А пазнаёміцца з літаратарамі постсавецкіх краін змагла, пабываўшы ў Беларусі, удзельнічаючы ў мінскіх сустрэчах беларускіх і замежных пісьменнікаў, аб’яднаных агульнай ідэяй: «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго».

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?